Перайсьці да зьместу

Ясельда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Ясольда»)
Рака
Ясельда
лац. Jasielda
Агульныя зьвесткі
Выток каля в. Клепачы
Вусьце Прыпяць
Краіны басэйну Беларусь
Вобласьці Берасьцейская вобласьць
Даўжыня 242 км
Сярэднегадавы сьцёк 16 м³/с
Плошча басэйну 5430 км²
Месцазнаходжаньне
Ясельда на мапе

Я́сельда — рака ў Беларусі, левы прыток Прыпяці. Цячэ ў Берасьцейскай вобласьці. Даўжыня 250 км, вадазбор 7790 км². Сярэдні выдатак вады ў вусьці 35,8 м³/с. Агульны спад ракі 37,5 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,15 ‰.

Іншыя назвы — Яцольда, Ясольда, Ацольда.

Асолд (Asold) — імя германскага паходжаньня[1]. Іменная аснова ас- (ос-) (імёны ліцьвінаў Осман, Асьміна, Ашнар; германскія імёны Osman, Osminna, Asinar) паходзіць ад гоцкага *anseis, германскага ans 'паганскае боства, ідал'[2][3], а аснова -валд- (-алд, -олт) (імёны ліцьвінаў Геральт, Левалт, Рамвольт; германскія імёны Gerwald, Lewolt, Romuald) — ад гоцкага і германскага waldan 'валодаць, гаспадарыць' або wulþus 'слава, мажнасьць'[4].

Таксама, магчыма, паходзіць ад агульнаіндаэўрапейскага *альда (рака) або мае заходнебалтыйскае паходжаньне.

Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: за Ясолдою («О плюндрованю руского панства от литвы»)[5].

Агульныя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачынаецца на вышыні 168,6 м над узроўнем мора, за 4 км на поўнач ад вёскі Клепачоў Пружанскага раёну, у вярхоўі цячэ Прыбускай раўнінай, далей нізінай Прыпяцкага Палесься (Бярозаўскім, Дарагічынскім і Пінскім раёнамі) праз Спораўскае возера. Вусьце каля вёскі Качановічаў Пінскага раёну.

Злучаецца праз Агінскі канал з Шчарай (вадазбор Нёмана), а празь Піну Дняпроўска-Бужанскім каналам з ракой Мухаўцом (вадазбор Заходняга Бугу).

Веснавое разводзьдзе ў канцы сакавіка, доўжыцца да 1-й паловы траўня. Сярэдняя вышыня над межанным узроўнем ад 1,4 м у вярхоўі да 2,6 м у ніжняй плыні, найбольшая адпаведна 1,7 і 3,1 м. Замярзае рака ў пачатку сьнежня, крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход працягваецца 2—3 дзён. Выдатак вады каля вёскі Сініна Пінскага раёну (53 км ад вусьця) найбольшы 573 м/с (1958), найменшы 1,36 м³/с (1956).

Даліна невыразная, месцамі трапэцападобная; яе шырыня 2—4 км, найбольшая 6—8 км. Абалона двухбаковая, у сярэдняй плыні шырынёй 0,8—1,2 км, у ніжняй 1,5—6 км. Рэчышча ад вытоку на працягу 39,1 км, а таксама на тэрыторыі Бярозаўскага раёну ад вёскі Сяльцу да вёскі Стрыгіні на працягу 15 км каналізаванае[6].

На неканалізаваных дзялянках рэчышча зьвілістае й моцназьвілістае, яго шырыня 10—40 м, найбольшая 80 м (каля вёскі Купяцічаў Пінскага раёна).

Літаратурныя ўзгадкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 131.
  2. ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 38.
  3. ^ Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 6.
  4. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  5. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 206.
  6. ^ Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. — Мн.: 1994. С. 124.
  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1 С. 124.
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 5: Стаўраструм ― Яшчур / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 581 с.