Сялец (вадасховішча)
Вадасховішча
Сялец
| ||||||||||||||||||||
Месцазнаходжаньне Сяльцу
Сялец |
Сялец — вадасховішча, разьмешчанае на поўначы Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Утворана ў абалоні ракі Ясельды. Знаходзіцца за 7 км ад г. Бяроза, каля в. Сялец.
Даўжыня возера складае 11,8 км, найбольшая шырыня — 4,1 км. Даўжыня берагавой лініі — 33,5 км. Аб’ём вады — 56,3 млн м³, сярэдні штогадовы сьцёк — 101 млн м³.
Створана ў 1985 годзе для водазабесьпячэньня сажалак рыбгасу «Сялец», увільгатненьня глеб, добраўпарадкаваньня прылеглых населеных пунктаў. Галоўнае гідратэхнічнае збудаваньне — земляная намыўная плаціна даўжынёй 4,3 км з хвалеўстойлівым верхавым адхонам. Агараджальная дамба цягнецца на 13,9 км. Ваганьні ўзроўню вады на працягу году складаюць 2,5 м.
Пабудовай вадасховішча былі зьнішчаны рачулкі Радахоч і Тураса. На вадасховішчы засталося некалькі вялікіх адкрытых выспаў, вусьцевая зона моцна зарасла трысьнягом. Па берагах растуць хвойныя і яловыя лясы, забалочаныя алешнікі.
Вадасховішча часткова ўваходзіць у склад рэспубліканскага біялягічнага заказьніка «Буслаўка»[1]. У пасьлягнездавы пэрыяд на берагах і выспах вадасховішча і прылеглых да яго тэрыторыях канцэнтруецца больш за 20 тыс. водна-балотных птушак. Найбольш шматлікімі ў гэты час зьяўляюцца лыска Fulica atra, качка-крыжанка Anas plathyrynchos, вялікі баклан Phalacrocorax carbo, шэрая Ardea cinerea і вялікая белая чапля Egretta alba.
Нестабільнасьць узроўню вады на вадасховішчы ў пэрыяд гнездаваньня прыводзіць да масавага зьнішчэньня птушыных гнёздаў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1
- Сайт ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»