Перайсьці да зьместу

Юравічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Юравічы (Гомельская вобласьць)»)
Юравічы
лац. Juravičy
Касьцёл і калегіюм езуітаў
Касьцёл і калегіюм езуітаў
Першыя згадкі: 1552
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Каленкавіцкі
Сельсавет: Юравіцкі
Вышыня: 161 м н. у. м.
Насельніцтва: 708 чал. (2010)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2345
Паштовы індэкс: 247722
СААТА: 3223882026
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°56′40″ пн. ш. 29°31′37″ у. д. / 51.94444° пн. ш. 29.52694° у. д. / 51.94444; 29.52694Каардынаты: 51°56′40″ пн. ш. 29°31′37″ у. д. / 51.94444° пн. ш. 29.52694° у. д. / 51.94444; 29.52694
Юравічы на мапе Беларусі ±
Юравічы
Юравічы
Юравічы
Юравічы
Юравічы
Юравічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ю́равічы — вёска ў Беларусі, на левым беразе Прыпяці. Цэнтар сельсавету Каленкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2004 год — 743 чалавекі. Знаходзяцца за 31 км на паўднёвы ўсход ад Каленкавічаў, за 34 км ад чыгуначнай станцыі Каленкавічы (лінія Гомель — Лунінец); на аўтамабільнай дарозе Хвойнікі — Каленкавічы. Рачная прыстань.

Юравічы — старажытнае сяло, пазьней мястэчка гістарычнай Мазыршчыны, адзін з рэлігійных цэнтраў Палесься. Да нашага часу тут захаваўся комплекс калегіюму езуітаў з касьцёлам Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя. У касьцёле колісь захоўваўся цудоўны абраз Маці Божай, які карыстаўся вялікаю пашанаю ў навакольнага насельніцтва.

Тапонім Ю́равічы[2] мае патранамічнае паходжаньне і ўтварыўся ад патроніму Юровіч, вытворнага ад асабістага імя Юры[3].

Выяўленыя археолягамі гарадзішча Х—XI стст. (складаецца зь дзядзінца і вакольнага гораду) і курганны могільнік — складаўся з 14 насыпаў (на поўдзень ад гарадзішча), стаянка позьняга палеаліту (у цэнтры вёскі), эпохі мэзаліту (за 1—1,5 км на паўднёвы захад ад цэнтру вёскі) і паселішча эпохі нэаліту (1 км на захад ад вёскі) сьведчаць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў глыбокай старажытнасьці.

Паводле легенды тут (прыкладна ў 1170 годзе) існаваў горад Міжмосьце, але войны і набегі татараў яго ўшчэнт зруйнавалі. Згодна зь іншымі зьвесткамі, тут існаваў замак Відолічы, які ў 1240 годзе спалілі татары. На думку археоляга Алега Ёва, на тэрыторыі Юравічаў знаходзіўся летапісны Тураў (X—XI стагодзьдзі), які пазьней перанесьлі на яго сучаснае месца[4].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Абраз Маці Божай Юравіцкай

Першы пісьмовы ўпамін пра Юравічы датуецца 1430—1432 гадамі. У 1510 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў «на вечнасьць» сяло Багдану Сербіну. Пад 1552 годам Юравічы ўпамінаюцца ў інвэнтары Мазырскага замка як уладаньне зямяніна Касьцюшковіча, пазьней яны перайшлі ў валоданьне С. Аскеркі. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Мазырскага павету.

У 2-й палове XVII ст. у Юравічах зьявіліся прадстаўнікі каталіцкага ордэна езуітаў, зь дзейнасьцю якіх зьвязваюць зьяўленьне цудоўнага абраза Маці Божай і ўзьвядзеньне тут сакральнага комплексу. 8 верасьня 1673 году адбылося асьвячэньне капліцы, у якую ўрачыста ўнесьлі цудоўны абраз. У 1683 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі выдаў прывілей, паводле якога паселішча атрымала статус мястэчка.

Паводле адных зьвестак, мураваны касьцёл у Юравічах пачалі ўзводзіць у 1701 годзе і завяршылі да 1715 году, згодна з другімі — яго заклалі ў 1717 годзе і будавалі амаль 40 гадоў. 27 красавіка 1727 году кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў мястэчку прывілей на штотыднёвыя таргі ў панядзелкі, а таксама 4 кірмашы штогод: першы на сьвятога Юр’я рускага ўвесну, другі — на сьвятога Юр’я ўвосень, трэці — на нараджэньне Панны Марыі сьвята рымскае, а чацьверты — на Пакровы рускія. У 1742 годзе ў Познані выйшла кніга «Крыніца ласкаў духоўных Панны Марыі з гораў Юравіцкіх». У 1756 годзе ў Юравічах адкрылася школа, пераўтвораная ў 1778 годзе ў калегіюм. 5 верасьня 1758 году абраз Божай Маці перанесьлі з драўлянага касьцёла ў мураваны. У 1778 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі наноў павысіў статус на той час сяла да мястэчка.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Юравічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Рэчыцкім павеце Менскай губэрні. Па ліквідацыі ордэна езуітаў у 1820 годзе кляштар перайшоў да мазырскіх бэрнардынаў. У 1836 годзе ў мястэчку збудавалі драўляную царкву Сьвятой Багародзіцы.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады зачынілі Юравіцкі кляштар, аднак у 1841 годзе[5] будынкі вярнулі каталікам. На 1834 год існавалі аднайменныя мястэчка (51 двор) і сяло (66 двароў), на 1848 год — 115 двароў, на 1866 год — 134. У 1865 годзе з мэтаю маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі народную вучэльню (у 1885 годзе — 45 навучэнцаў), у 1875 годзе — жаночую (у 1885 годзе — 28 навучэнак). Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1866 годзе яны гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1873—1876 гадох у межах палітыкі русіфікацыі на сьвятыню надбудавалі 12 купалоў-цыбулінаў. У 1890 годзе ў Юравічах адкрылі лякарню. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, існавалі аднайменныя мястэчка (201 двор, царква, капліца, 2 малітоўныя школы, 40 крамаў, 4 майстэрні апрацоўкі скуры, 2 карчмы), сяло (108 двароў; капліца, 2 народныя вучэльні, паштова-тэлеграфная кантора, аптэка, хлебазапасны магазын, 2 вятракі, конны млын, карчма) і фальварак. У пачатку XX ст. працавалі школа і аптэка, на 1901 год зь мясцовай прыстані адправілі 501 тыс. пудоў грузаў (лес, сельскагаспадарчыя прадукты) і разгрузілі 4 тыс. пудоў[6].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Юравічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Юравічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Мазырскі павет («падраён») Гомельскага раёну[7], аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 6 сьнежня 1926 году Юравічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну (з 8 ліпеня 1931 году ў Рэчыцкім раёне). На 1930 год існавалі вёскі Юравічы-1, Юравічы-2 (разам 2300 двароў) і мястэчка (114 двароў). У 1936 годзе ўтварыўся народны хор, які неўзабаве атрымаў шырокую вядомасьць. 27 верасьня 1938 году статус паселішча панізілі да вёскі.

Паводле вынікаў перапісу 1959 году, у Юравічах існавалі цагельня, швацкая і шавецкая майстэрні, лясьніцтва, тэхнікум, сярэдняя школа, школа-інтэрнат, дзіцячы сад, краязнаўчы музэй, клюб, бібліятэка, лякарня, аптэка, вэтэрынарны ўчастак, пошта, 5 крамаў. У 1958 годзе на загад мясцовага старшыні калгасу касьцёл пачалі разьбіраць на цэглу. У наш час вядзецца аднаўленьне сьвятыні як уласнасьці Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату. На 2004 год у вёсцы было 333 гаспадаркі.

  • XVI стагодзьдзе: 1552 год — 23 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1845 год — 528 чал.; 1882 год — 900 чал.[8]; 1897 год — 1320 чал. у мястэчку Юравічах і 600 чал. у сяле Юравічах[9]
  • XX стагодзьдзе: 1930 год — 1537 чал. у вёсках Юравічах-1 і Юравічах-2 і 463 чал. у мястэчку Юравічах[10]; 1939 год — 2546 чал.; 1959 год — 1861 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2003 год — 751 чал.[11]; 2004 год — 743 чал.[12]

У Юравічах працуюць сярэдняя школа і школа-сад, лякарня, амбуляторыя, аптэка, бібліятэка, дом культуры, пошта.

Плян Юравічаў складаецца з доўгай, дугападобнай вуліцы, блізкай да мэрыдыянальнай арыентацыі, якая ў цэнтры перасякаецца амаль прасталінейнай шыротнай вуліцай. Забудова двухбаковая, пераважна драўляная, сядзібнага тыпу.

Існуе транспартнае злучэньне палявой дарогай з шашой Р35 (Гомель — Лунінец), якая праходзіць за 2 км на ўсход ад вёскі.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнікі археалёгіі: горад пэрыяду Сярэднявечча ва ўрочышчы Гарадку, на правабярэжнай тэрасе ракі Прыпяці; стаянкі пэрыяду верхняга палеаліту (менавіта тут 26 тыс. гадоў таму на рацэ Прыпяці месьцілася стаянка першабытнага чалавека). Адкрыў стаянкі ў 1929 годзе археоляг Юльян Попель.

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Капліца

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • На Юравіцкім абразе месьцілася срэбная карона, што ўскосна сьведчыць пра малавядомы, але важны момант — магчыма, мясцовы абраз Маці Божай быў каранаваны (агулам у сьвеце налічваецца менш за тры дзясяткі каранаваных абразоў)[13]
  • Каля Юравічаў знаходзіцца найвышэйшы пункт Каленкавіцкага раёну (167,5 м над узроўнем мора)
  1. ^ http://pop-stat.mashke.org/belarus-census/homielskaja.htm
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  3. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 416.
  4. ^ Старажытны Тураў — гэта вёска Юравічы? Нечаканая версія пра факты са школьнага падручніка, Наша Ніва, 21 чэрвеня 2021 г.
  5. ^ Ярашэвіч А. Пакуты Юравіцкага касцёла // Наша Вера. № 2 (24), 2003.
  6. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  7. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  8. ^ Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 630.
  9. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 582.
  10. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 583.
  11. ^ Ісаенка У. Юравічы // БЭ. — Мн.: 2004 Т. 18. Кн. 1. С. 213.
  12. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 581.
  13. ^ Малікаў Я. Нябесная заступніца беларускага Палесся, Гомельская праўда, 3 красавіка 2008 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]