Сымон Марцін Касакоўскі
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Касакоўскі.
Сымон Марцін Касакоўскі. Ян Дамель, каля 1812 | |
Герб «Сьлепаўрон» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1741 Шылы Ковенскага павету |
Памёр | 25 красавіка 1794 Вільня |
Род | Касакоўскія |
Бацькі | Дамінік Касакоўскі Марыяна з Забелаў |
Жонка | Тэрэза з Патоцкіх |
Дзеці | Наталя |
Дзейнасьць | дыплямат |
Сымо́н Ма́рцін Касако́ўскі[a] (1741, вёска Шылы Ковенскага павету — 25 красавіка 1794, Вільня) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, генэрал-маёр расейскай арміі. Гетман польны (1792—1793) і апошні вялікі літоўскі (з 1793).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадстаўнік шляхецкага роду Касакоўскіх гербу «Сьлепаўрон», сын Дамініка і Мар’яны з Забелаў. Меў братоў: біскупа Юзэфа Казімера, кашталяна Антонія й ваяводу Міхала.
Навучаўся ў езуітаў у Коўні, працягваў адукацыю ўва ўнівэрсытэце ў Караляўцы. Атрымаў пасаду падчашага ковенскага (1763), абіраўся паслом на соймы 1764 і 1766.
Далучыўся да Радамскай канфэдэрацыі, у 1767 быў сакратаром ейнай дыпляматычнай місіі ў Маскву. У 1768 далучыўся да Барскай канфэдэрацыі, выступаў супраць рэформаў, што прапаноўваў кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, і ачоліў антырасейскія выступленьні ў Вялікім Княстве Літоўскім з тытулам генэральнага маршалка Вялікага Княства.
У лістападзе 1768 пацярпеў паразу каля вёсцы Высокая Руда непадалёк ад Кальварыі і адыйшоў з рэшткамі свайго войска ў Прусію, потым пераехаў у Дрэздэн. Шукаў падтрымкі ў Турэччыне. Прэтэндуючы на вяршэнства ў апазыцыйным руху, вёў барацьбу супраць Генэральнасьці Барскай канфэдэрацыі, якая выдала загад аб ягоным арышце.
У 1771 прыбыў у Жамойць агітаваць за новы ўздым паўстаньня. 3 сабраным войскам атрымаў некалькі перамогаў над урадавым І расейскім войскамі, празь Менск рушыў у Падняпроўе. Разьвіваючы посьпех, празь дзяржаўную граніцу ўварваўся ў Смаленскую губэрню Расеі. 14 верасьня 1771 атрымаў перамогу пад Старым Быхавам, потым рушыў у Амсьціслаўскае, Віцебскае і Полацкае ваяводзтвы, Жамойць, Мазовію.
У 1772 ваяваў у Польшчы, потым ў эміграцыі ў Аўстрыі, Францыі, Турэччыне. Вярнуўся ў канцы 1775 і зьмяніў палітычную арыентацыю на карысьць Расеі. Абіраўся паслом на сойм 1782, сябра Пастаяннай Рады ў 1786—1788. У 1790 уступіў у расейскую армію з чынам генэрал-маёра (пазьней генэрал-паручнік), ваяваў з туркамі на Балканах.
Варожа сустрэў Канстытуцыю 3 траўня (1791) і ў Пецярбургу арганізаваў інтэрвэнцыю супраць Рэчы Паспалітай. У вайну 1792 камандаваў калёнай, якая наступала з Полацку на Вільню. Удзельнічаў у стварэньні Генэральнай канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага ў падтрымку Таргавіцкай канфэдэрацыі, якая супрацьзаконна прызначыла яго гетманам польным літоўскім. Выступаў за адасабленьне Вялікага Княства ад Кароны, што мусіла ўмацаваць становішча кляну Касакоўскіх. Пад пагрозай новага падзелу Рэчы Паспалітай вылучыў плян далучэньня Вялікага Княства Літоўскага як удзельнага княства да Расейскай імпэрыі[2].
У часе паўстаньня Т. Касьцюшкі (1794) паўстанцкі суд прысудзіў С. М. Касакоўскага як здрадніка да сьмяротнай кары. Яго павесілі 25 красавіка 1794 у Вільні на вулічным слупе[3]. Пахавалі гетмана ў крыпце касьцёла Сьвятога Апостала Якуба ў Янаве.
У шлюбе з Тэрэзай Патоцкай меў дачку Наталю.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
У маладым веку. Невядомы мастак, 2-я пал. XVIII стагодзьдзя
-
Невядомы мастак, кан. XVIII стагодзьдзя
-
Невядомы мастак, XVIII стагодзьдзя
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Дзярновіч А. Плач па Вялікім Княстве // METRICIANA: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Том ІІ. — Менск: Athenaeum — Аддзел спецыяльных гістарычных навук ІГ НАНБ, 2003. — 260 с. (Athenæum VIIІ)
- ^ Пазднякоў В. Касакоўскія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 69.
- ^ Дубавец С. У гэты дзень быў павешаны Сымон Касакоўскі, які перайшоў на бок Расеі // «Радыё Свабода», 25 красавіка 2005.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0