Беларуска-літоўскі летапіс 1446 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Старонка беларуска-літоўскага летапісу 1446 году

Беларуска-літоўскі летапіс 1446 году (таксама «Руска-літоўскі летапіс») — агульнадзяржаўны летапісны звод ВКЛ, помнік літоўскага (беларускага) летапісаньня ХV ст. Апісвае гістарычныя падзеі з ІХ ст. да 1446 року[a]. Заснаваны на летапісе, складзеным на мяжы 20—30-х рокаў ХІV ст. у Смаленску, магчыма, пры двары мітрапаліта Герасіма, які зьяўляўся прыхільнікам палітыкі князя Вітаўта. Зьвесткі запазычаныя са старажытнарускіх летапісаў і твораў, напісаных у Кіеве, Смаленску, Маскве, Вільні. Неад’емнай часткай зводу зьяўляецца «Летапісец Вялікіх князёў літоўскіх» і «Пахвала Вітаўту».

У зводзе абгрунтоўваецца заканамернасьць палітычнага аб’яднаньня літоўскіх, рускіх і жамойцкіх земляў у складзе Вялікалітвы і цэнтралізатарская палітыка літоўскіх князёў, выяўляецца імкненьне перадавых колаў тагачаснага грамадзтва асэнсаваць гістарычную ролю ВКЛ ва Ўсходняй Эўропе. Адчуваецца ўплыў канцэпцыі правідэнцыялізму, аўтар адбіраў для пераказу толькі тыя факты і падзеі, якія адлюстроўвалі дзейнасьць князёў, вайскаводаў, найвышэйшага духавенства.

Аўтарам зводу кіравала ідэя незалежнасьці радзімы ад іншаземцаў[b]. Гэтая пазыцыя прасочваецца ў запісах пра бітву на Вожы (1378), пра Кулікоўскую бітву (1380), пра прыняцьце Смаленскам князя Юрыя Сьвятаславіча (1401).

Зьмест[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле сваёй структуры летапісны звод ня мае цэласнага характару. У ім прасочаныя тры асноўныя сюжэты: татарскае нашэсьце, дзейнасьць вялікіх князёў маскоўскіх і гістарычныя падзеі ў ВКЛ, якія падаюцца ў цеснай сувязі з гісторыяй Масковіі і ў пераемнасьці з гісторыяй Старажытнай Русі. У параўнаньні са старажытнарускім летапісаньнем характар апісаньня падзеяў больш сьвецкі.

У пачатку зводу адсутнічаюць зьвесткі пра расьсяленьне славянаў, пра паход Аскольда і Дзіра на Царград, выключаная інфармацыя пра паходы кіеўскіх князёў на яцьвягаў, радзімічаў, баўгараў, харватаў, палякаў. Аўтар не праявіў цікаўнасьці да асуджэньня княжацкіх міжусобіцаў, што было характэрна для «Аповесьці мінулых часоў». Таксама ў летапісе няма згадак пра дзяржаўную самастойнасьць Полацкай зямлі ў Х — ХІІІ стст, што тлумачылася грамадзянскай вайной 30-х рокаў ХV ст. і расколам ВКЛ. Дадзеная выбарковасьць стала падставай для меркаваньняў пра тэндэнцыйнасьць зводу[c].

У асноўнай частцы летапісу раскрываецца палітычная гісторыя ВКЛ амаль за стагодзьдзе: ад сьмерці Гедзіміна (1341) па сьмерць Вітаўта (1430). У форме суцэльнага апавяданьня прадстаўлены змова Альгерда і Кейстута супраць Яўнуція, дынастычная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам, грамадзянская вайна паміж Сьвідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам.

У заключнай частцы твору падзеі пераносяцца на Падолію (ад бітвы на рацэ Сінія Воды па паход Вітаўта ў гэты рэгіён).[1]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Што пазначана ў назьве летапіснага зводу
  2. ^ Адметнасьць «Аповесьці мінулых часоў»
  3. ^ На думку беларускага дасьледніка Юрыя Зайца

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 54

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.