Перайсьці да зьместу

Румянцаўскі летапіс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Румянцаўскі летапіс — помнік беларуска-літоўскага летапісаньня; сьпіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», аналягічны тэксту Альшэўскага летапісу.

Асноўны зьмест Румянцаўскага летапісу — гісторыя Вялікага Княства Літоўскага ад легендарных часоў да 1567. Зборнік пачынаецца зь біблейных паведамленьняў пра падзел сьвету між нашчадкаў Ноя, абрываецца гэты разьдзел (з-за недахопу аркушаў) няскончаным апавяданьнем пра Гастамысла. На арк. 12—99 знаходзіцца апублікаваны летапіс. Арк. 100—140 прысьвечаныя гібелі Ерусаліму. На арк. 141—163 зьмешчаныя падзеі, зьвязаныя пераважна з заваёвай Русі Батыем. На арк. 164—176 гаворыцца пра гібель Канстантынопалю; на арк. 177—183 — пра Альбанію; на арк. 184—222 — пра захоп Канстантынопалю туркамі; на арк. 222 адв.—230 — «Сказание Ивана Пересветова о царе турском...»; потым ідзе кароткае паведамленьне (арк. 231—233).

Найбольш разгорнута і падрабязна апісаны кругабег княжаньня Вітаўта, пададзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх».

Зьбярогся ў гістарычным зборніку 2-й палавіны 17 ст. расейскага паходжаньня, які ў 18 ст. бытаваў у Падмаскоўі, пасьля ў бібліятэцы графа М. П. Румянцава (ад гэтага і назва), цяпер у Расейскай дзяржаўнай бібліятэцы.

Апрача беларуска-літоўскай хронікі ў зборніку зьмешчана шмат летапісных урыўкаў і гістарычных твораў, прысьвечаных важным падзеям сусьветнай і расейскай гісторыі: пра падзеньне Ерусаліма, захоп Канстантынопалю туркамі, Кулікоўскую бітву.

Румянцаўскі летапіс упершыню быў апублікаваны щ 1902 годзе Барысам Вахевічам, перавыдадзены М. М. Улашчыкам у 35-ым томе «Поўнага збору рускіх летапісаў».