Перайсьці да зьместу

Нікіфараўскі летапіс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нікіфараўскі летапіс
Год напісаньня: XV стагодзьдзе
Публікацыя: 1898 год
Колькасьць старонак: 351

Нікі́фараўскі ле́тапіс — сьпіс другое рэдакцыі беларуска-літоўскага летапісу 1446 году, які захаваўся ў складзе зборніка апошняй чвэрці XV стагодзьдзя[1]. Рукапіс раней належыў Мікалаю Нікіфараву, адчаго і атрымаў сваю назву. Цяпер зборнік захоўваецца ў рукапісным аддзеле бібліятэкі Расейскай Акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу[2].

Зборнік ўяўляе сабой рукапіс у 1/4 з вокладкай з дошак, абцягнутых скурай. Рукапіс складаецца з 351 аркуша шчыльнай жаўтлявай паперы, напісаны карычневым атрамантам поўуставам XV стагодзьдзя, нелетапісныя тэксты зборніка — почыркамі XVI, XVII і XVIII стагодзьдзяў. Па філігранях (гронка вінаграду, бычыная галава з крыжом пад падбародкам, бычыная галава са стрыжнем з трыма лістамі авальнае формы паміж рогамі) рукапіс датуецца 1464-1491 гадамі[2]. Нумарацыя ў правым верхнім куце алоўкам, ўнізе аркуша літарамі стараславянскай альфабэту пранумараваныя сшыткі. Ёсьць надпісы на палях — часьцей за ўсё беларускім хуткапісам XVI ст., Але надоле першага аркуша ёсьць запіс почыркам XVII або пачатку XVIII стагодзьдзя: «Monasterii Minensis s. Spriti», які паказвае прыналежнасьць рукапісу Менскаму манастыру Сьвятога духу. Верхні кут 245-га аркуша й ніжнія краі 241-243 аркушаў спарахнелі або абарваныя. Тэкст часам ідзе каля самога краю аркуша, аркушы ў рукапісе пераблытаныя. Тытлы ў летапісе адсутнічаюць[2].

Склад рукапісу: да 66 аркушу ў зборніку ідуць рэлігійныя тэксты, на аркушах 66-165 — «Сборник о бозе починаем, благослови отче, слово святого Василия от апостол», з 166 па 203 — апокрыф пра Багародзіцу, 204-211 аркушы занятыя «Временником великих царств, отколе кое царство пошло, и руское княжение святаго отца нашего Никифора, патриарха Коньстянтинаграда, летописець въскоре», на 211-225 аркушах — «Летописець руских цареи», аркушы зь 226-га па 267-ы абаротны займае ўласна Нікіфораўскі летапіс, зь 269-га па 290-ы аркушы ідуць «Главы наказателны царствии Василия, царя греческого, к сыну его», зь 290-га па 329-ы — урывак павучаньня йіншы твор, з 331 па 338 — павучаньне, аркушы з 334-га па 338-ы займае тлумачэньне сьвятых тэкстаў, 339-348 — урывак з апісаньня Ерусаліма, 349-350 — урывак зь Вялікага Катэхізісу[2].

Рукапісы, якія захаваліся на аркушах зь 226-га па 267-ы абаротны летапіс, які ня мае пачатку й канца, пачынаецца як старажытнарускі летапіс, а сканчаецца апісаньнем падзеяў у Вялікім Княстве Літоўскім пасьля сьмерці Вітаўта. Сьпіс ня ўтрымлівае «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», «Пахвалы Вітаўту» й «Аповесьці пра Падольле». Запісы ў летапісе кароткія, пагадавыя[1].

Упершыню летапіс быў выдадзены ў 1898 годзе Сяргеем Белакуравым, ім таксама было выкананае апісаньне рукапісу[3]. Пры публікацыі ён аднаўляў адсутныя месцы паводле Супрасьлеўскага летапісу ў выданьні Ігната Даніловіча[2]. У 1903 годзе летапіс апісаў Вячаслаў Сразьнеўскі[4], у 1963 року летапіс быў больш падрабязна апісаны аўтарамі «Апісаньня Рукапіснага аддзелу бібліятэкі Акадэміі навук»[5][2].

У 1980 годзе Нікіфараўскі летапіс быў выдадзены Мікалаем Улашчыкам ў 35 томе Поўнага збору рускіх летапісаў[1].

  1. ^ а б в Чамярыцкі В. Нікіфараўскі летапіс // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0 — С. 357.
  2. ^ а б в г д е Улащик Н. Н. Предисловие // Полное собрание русских летописей. — Т. 35. — М., 1980. — С. 11.
  3. ^ Русские летописи. С предисловием С. Белокурова // Чтения в Обществе истории и древностей российских. — 1898. — Кн. 4. — С. III-LII.
  4. ^ Срезневский В. И. Сведения о рукописях, печатных изданиях и других предметах, поступивших в Рукописное отделение Библиотеки имп. Академии наук в 1902 г. // Известия имп. Академии наук. — СПб., 1903. — Т. XIХю — № 1ю — С. 7-16.
  5. ^ Описание Рукописного отдела Библиотеки Академии наук СССР. — Т. 3. — Вып. II. Исторические оборники XV—XVII вв. / Составили А. И. Копанев, М. В. Кукушкина, В. Ф. Покровская. — М.—Л., 1963. — С. 107—110.