Пётар Сталыпін
Пётар Сталыпін | |
рас. Пётр Аркадьевич Столыпин | |
3-і старшыня Савету міністраў Расейскай імпэрыі | |
---|---|
21 ліпеня 1906 — 18 верасьня 1911 | |
Папярэднік: | Іван Гарамыкін |
Наступнік: | Уладзімер Какоўцаў |
27-ы міністар унутраных справаў Расейскай імпэрыі | |
9 траўня 1906 — 18 верасьня 1911 | |
Прэм’ер-міністар: | Іван Гарамыкін |
Папярэднік: | Пётар Дурнаво |
Наступнік: | Аляксандар Макараў |
24-ы саратаўскі губэрнатар | |
28 лютага 1903 — 9 траўня 1906 | |
Прэм’ер-міністар: | Іван Дурнаво, Сяргей Вітэ, Іван Гарамыкін |
Папярэднік: | Аляксандар Энгельгарт |
Наступнік: | Сяргей Тацішчаў |
27-ы гарадзенскі губэрнатар | |
12 чэрвеня 1902 — 28 лютага 1903 | |
Прэм’ер-міністар: | Іван Дурнаво |
Папярэднік: | Мікалай Урусаў |
Наступнік: | Міхаіл Асаргін |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
14 красавіка 1862 |
Памёр: |
5 верасьня 1911[1] (49 гадоў) |
Сужэнец: | жонка Вольга Барысаўна Нэйдгарт (з 1884) |
Дзеці: | сын Аркадзь (1903—1990), дочкі Марыя, Натальля, Алена, Вольга, Аляксандра |
Бацька: | Аркадзь Дзьмітрыевіч Сталыпін (1822—1899) |
Маці: | Натальля Міхайлаўна Гарчакова (1827—1889) |
Род: | Сталыпіны |
Адукацыя: | |
Узнагароды: | |
Пётар Аркадзевіч Сталыпін (14 красавіка [ст. ст. 2 красавіка] 1862, Дрэздэн, цяпер зямля Саксонія, Нямеччына — 18 верасьня [ст. ст. 5 верасьня] 1911, Кіеў, цяпер Украіна) — дзяржаўны дзяяч Расейскай імпэрыі. Маршалак шляхты Ковенскага павету (1889—1902), 27-ы гарадзенскі губэрнатар (1902—1903), 24-ы саратаўскі губэрнатар (1903—1906), 27-ы міністар унутраных справаў Расейскай імпэрыі (1906—1911), 3-і старшыня Савету міністраў Расейскай імпэрыі (1906—1911).
Вядомы значнасьцю ў здушэньні Першай расейскай рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, у ходзе якой расейскі імпэратар Мікалай II прызначыў яго міністрам унутраных справаў 26 красавіка (9 траўня) 1906 году. 8 (21) ліпеня 1906 году, адначасна з роспускам Дзяржаўнай думы 1-га скліканьня, заняў пасаду старшыні Савету міністраў Расейскай імпэрыі. На пасадзе прэм’ер-міністра правёў закон аб увядзеньні прыватнай сялянскай зямельнай уласнасьці, які атрымаў назоў Сталыпінская аграрная рэформа. Таксама правёў Закон аб вайскова-палявых судах, якія пашырылі і паскорылі прымяненьне сьмяротнага пакараньня за цяжкія злачынствы. Іншыя мерапрыемствы ўлучалі закон аб увядзеньні земстваў у заходніх губэрнях, абмежаваньне аўтаноміі Вялікага княства Фінляндзкага, абмежаваньне выбарчага права і роспуск 2-й Дзяржаўнай думы, што паклала канец рэвалюцыі 1905—1907 гадоў. Перажыў 10 замахаў, зь іх 4 на пасадзе саратаўскага губэрнатара і 6 на пасадзе старшыні Савету міністраў. 11-ы замах стаў сьмяротным.
Паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Род Сталыпіных паходзіць ад двараніна Рыгора Сталыпіна, які жыў пры канцы 16-га стагодзьдзя ў Маскоўскім царстве. Яго сын Апанас і ўнук Сільвестар былі мескімі дваранамі Мураму. Сільвестар Апанасавіч удзельнічаў у 13-гадовай вайне (Крывавым патопе) 1654—1667 гадоў супраць Рэчы Паспалітай, за што атрымаў маёнтак у Мурамскім павеце. У яго ўнука Емяльяна Сямёнавіча было 2 сыны — Дзьмітры і Аляксей. У Аляксея, прадзеда Пятра Сталыпіна, ад шлюбу з Марыяй Апанасаўнай Мешчарынавай нарадзіліся 6 сыноў і 5 дачок. Адзін з сыноў, Аляксандар, служыў ад’ютантам у расейскага вайскавода Аляксандра Суворава, іншы — Аркадзь — стаў сэнатарам Расейскай імпэрыі, двое, Мікалай і Дзьмітры, даслужыліся ў Расеі да генэралаў. Адна з 5 сясьцёр дзеда Пятра Сталыпіна выйшла замуж за Міхаіла Арсеньева. Іх дачка Марыя стала маці расейскага пісьменьніка Міхаіла Лермантава. Такім чынам, Пётар Сталыпін даводзіўся Лермантаву траюрадным братам[3].
Бацька — генэрал ад артылерыі Аркадзь Дзьмітрыевіч Сталыпін, удзельнічаў у расейска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў, па сканчэньні якой атрымаў прызначэньне губэрнатарам Усходняй Румэліі і Адрыянопальскага санджака Асманскай імпэрыі[4]. Ад яго шлюбу з Натальляй Міхайлаўнай Гарчаковай, дачкі князя і генэрала, нарадзіўся ў 1862 годзе сын Пётар Сталыпін[3].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пётар Сталыпін нарадзіўся 14 красавіка [ст. ст. 2 красавіка] 1862 году ў сталіцы Саксоніі Дрэздэне, куды езьдзіла да родзічаў яго маці. Праз паўтары месяцы — 24 траўня — атрымаў хрышчэньне ў дрэздэнскай праваслаўнай царкве Сімяона Дзівоснагорца. Дзяцінства да 1869 году правёў спачатку ў сядзібе Сярэднікова Маскоўскай губэрні (цяпер Сонечнагорскі раён, Маскоўская вобласьць), затым у маёнтку Кальнабержэ Ковенскай губэрні (цяпер Кейданскі раён, Ковенскі павет, Летува). Сям’я выяжджала таксама ў Швэйцарыю. Калі прыйшоў час аддаць дзяцей у гімназію, бацька Аркадзь Дзьмітрыевіч купіў дом у суседняй Вільні (цяпер Летува). У 1874 году 12-гадовы Пётар быў залічаны ў другую клясу Віленскай гімназіі, дзе правучыўся да шостай клясы.
У верасьні 1879 году 9-ы вайсковы корпус пад камандаваньнем бацькі вярнуўся з Баўгарыі ў расейскае места Арол пасьля Расейска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў. Пятра і яго брата Аляксандра перавялі ў Арлоўскую мужчынскую гімназію[5]. Пятра залічылі ў сёмую клясу. 3 чэрвеня 1881 году 19-гадовы Пётар скончыў Арлоўскую гімназію (цяпер Расея) і атрымаў атэстат сталасьці. Ён зьехаў у Санкт-Пецярбург, дзе 31 жніўня паступіў на прыродазнаўчае аддзяленьне фізыка-матэматычнага факультэту Санкт-Пецярбурскага Імпэратарскага ўнівэрсытэту. Падчас навучаньня расейскі хімік-навуковец Дзьмітры Мендзялееў, які выкладаў ва ўнівэрсытэце, паставіў яму адзнаку «выдатна» за экзамэн па хіміі.
У 1884 годзе Сталыпін 22-гадовым студэнтам ажаніўся з фрэйлінай жонкі расейскага імпэратара Аляксандра III Вольгай Барысаўнай Нейдгарт, якая зьяўлялася прапраўнучкай расейскага вайскавода Аляксандра Суворава. Да шлюбу Вольга была заручанай зь яго старэйшым братам Міхаілам, якога князь Шахаўсќі застрэліў на дуэлі. Цесьць быў чыноўнікам у званьні правадзейнага тайнага дарадцы і чыне 2-й клясы. За нявестай быў значны пасаг: радавы маёнтак сям’і Нейдгарт — 4845 дзесяцінаў зямлі ў Чыстопальскім павеце Казанскай губэрні (сам Пётар Сталыпін на 1907 год меў радавыя маёнткі на 835 дзесяцінаў у Ковенскай і 950 — у Пензенскай губэрнях, а таксама набыты маёнтак у 320 дзесяцінаў у Ніжагародзкай губэрні). У шлюбе нарадзіліся сын Аркадзь і 5 дачок.
27 кастрычніка 1884 году атрымаў залічэньне на службу ў Міністэрства ўнутраных справаў Расейскай імпэрыі, хоць быў яшчэ студэнтам. 7 кастрычніка 1885 году Савет Імпэратарскага Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту надаў яму навуковую ступеню «кандыдата фізыка-матэматычнага факультэту» па сканчэньні адукацыі. На апошнім курсе навучаньня падрыхтаваў выпускную працу эканоміка-статыстычнай тэматыкі «Тытунь (тытунёвыя культуры ў Паўднёвай Расеі)». У дзень сканчэньня ўнівэрсытэту атрымаў чын калескага сакратара (што адпавядала 10-й клясе табэлю аб рангах, хоць выпускнікі ВНУ звычайна вызначаліся на службу з чынам 14-й і рэдка 12-й клясы). 5 лютага 1886 году «паводле прашэньня пераведзены на службу ў лік урадоўцаў, прылічаных да Дэпартамэнту земляробства і сельскай прамысловасьці» Міністэрства дзяржаўных маёмасьцяў Расейскай імпэрыі. 26 студзеня 1887 году стаў памочнікам столаначальніка Дэпартамэнту земляробства і сельскай прамысловасьці. 1 студзеня 1888 году быў «узьведзены ў званьне камэр-юнкеру Двара Яго Імпэратарскай Вялікасьці», то бок менш як праз год з адступленьнем ад правілаў. 7 кастрычніка 1888 году атрымаў чын тытулярнагая дарадцы (9-я кляса). Праз 5 месяцаў вярнуўся на службу ў Міністэрства ўнутраных справаў[6].
Служба ў Коўне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]18 сакавіка 1889 году атрымаў прызначэньне маршалкам шляхты Ковенскага павету і старшынём Ковенскага суда міравых пасярэднікаў (на пасаду 5-й клясы дзяржаўнай службы, што на 4 рангі вышэй толькі што прысвоенага яму чыну тытулярнага дарадцы). У войску гэта параўнальна з прызначэньнем капітана на пасаду вышэй за палкоўніка. Правёў на службе ў Коўне каля 13 гадоў — з 1889 па 1902 год. Адначасна зьяўляўся сябрам Ковенскага сельскагаспадарчага таварыства, якое ўкараняла новыя гатункі зерневых расьлінаў у гаспадаркі сялянаў для павышэньня іх прадукцыйнасьці. У 1890 годзе атрымаў прызначэньнем ганаровым міравым судзьдзёй. У 1891 узьведзены ў калескія асэсары. У 1893 годзе атрымаў першы ордэн Сьвятой Ганны. У 1895 годзе ўзьведзены ў надворныя дарадцы. У 1896 атрымаў прыдворнае званьне камэргеру. У 1899 годзе ўзьведзены ў калескія дарадцы. У 1901 годзе стаў стацкім дарадцам. У Ковенскім павеце меў маёнтак Кальнабержэ. У Коўне нарадзіліся 4 дачкі — Натальля, Алена, Вольга і Аляксандра[6].
Гарадзенскі губэрнатар
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сярэдзіне траўня 1902 г. выехаў на адпачынак зь сям’ёй у нямецкі курорт Бад-Эльстэр, што ў Саксоніі. Празь 10 дзён атрымаў тэлеграму ад расейскага міністра ўнутраных справаў Вячаслава Плевэ, якога прызначалі замест забітага 2 (15) красавіка Дзьмітрыя Сіпягіна. Праз 3 дні на патрабаваньне ў тэлеграме прыбыў у Пецярбург, дзе на прапанову Плевэ ў той дзень (30 траўня паводле старога стылю) атрымаў прызначэньне гарадзенскім губэрнатарам. 21 чэрвеня Сталыпін прыбыў у Горадню і прыступіў да выкананьня абавязкаў губэрнатару, які падпарадкоўваўся віленскаму генэрал-губэрнатару Пятру Сьвятаполк-Мірскаму. Пагатоў губэрнскі цэнтар меў менш насельніцтва, чым два павятовыя месты — Беласток і Берасьце. У вялікіх местах пераважалі жыды. Дваранства было пераважна апалячаным, а сялянства — беларускім. Па ініцыятыве Сталыпіна ў Горадні былі адкрытыя габрэйскія двухклясная народная вучэльня, рамесная вучэльня, а таксама жаночая прыходзкая вучэльня адмысловага тыпу, у якой, акрамя агульных прадметаў, выкладаліся маляваньне, красьленьне і рукадзельле. На другі дзень зачыніў Польскі клюб за «паўстанцкія настроі»[7].
Пазьней Сталыпін пачаў праводзіць расьсяленьне сялянаў на хутары, ліквідацыю цераспалосіцы, ўкараненьне штучных угнаеньняў, палепшаных сельскагаспадарчых прыладаў, мэліярацыю, разьвіцьцё каапэрацыі, сельскагаспадарчую адукацыю сялянства.
Саратаўскі губэрнатар
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У лютым 1903 г. на прапанову міністра Плевэ атрымаў прызначэньне саратаўскім губэрнатарам. У губэрні знаходзіліся радавыя землі Сталыпіных. Стрыечны дзед Апанас Аляксеевіч[8], быў саратаўскім правадыром дваранства, а яго дачка Мар’я была замужам за князем Уладзімерам Шчарбатавым, які быў 16-м саратаўскім губэрнатарам у 1863—1869 гадах. На рацэ Алаі знаходзіцца сяло Сталыпіна, пры якім быў «досьледны хутар» бацькі з разьвітай культурнай гаспадаркай[9]. Апроч гэтага, у склад Саратаўскай губэрні ўваходзілі буйныя гарады Царыцын і Камышын, некалькі лініяў Разанска-Ўральскай чыгункі.
Пасьля пачатку 9 (22 студзеня) 1905 году Першай расейскай рэвалюцыі (1905—1907 гадоў) Сталыпін перанёс на пасадзе саратаўскага губэрнатара 4 замахі на сваё жыцьцё. 18 чэрвеня адбыўся першы замах, калі ў яго беспасьпяхова тройчы стрэлілі. Рабаваньні, падпалы і разьня адбываліся ў кожным з 10 паветаў губэрні. 29 кастрычніка ў сяле Малінаўка (Балашоўскі павет; цяпер Аркадацкі раён) пры адбіцьці нападу пагромнікаў земляўласьнікі забілі 42 селяніны. 22 лістапада 1905 г. у яго доме сацыялістка-рэвалюцыянэрка Анастасія Біцэнка застрэліла генэрал-ад’ютанта Віктара Сахарава, якога расейскі імпэратар Мікалай II накіраваў у Саратаўскую губэрню для здушэньня сялянскіх бунтаў. Пры канцы 1905 году на Тэатральнай плошчы Саратава пад ногі Сталыпіну з вакна 3-га паверху найбліжэйшага будынку кінулі бомбу, якой забіла некалькі чалавек побач. Разам з тым, пад эскортам казакоў вывеў з Балашоўскага павету лекараў-земцаў, якіх аблажылі чарнасоценцы. З пашырэньнем бунтаў загадаў увесьці ў губэрню войскі, за што двойчы атрымаў удзячнасьць ад імпэратара Мікалая ІІ[9].
Міністар унутраных справаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У другой палове красавіка 1906 г. Сталыпіна выклікалі ў Царскае Сяло тэлеграмай за подпісам расейскага імпэратара. Сустрэўшы яго, Мікалай II сказаў, што пільна сачыў за дзеяньнямі ў Саратаве і прызначае яго міністрам унутраных справаў. Міністар унутраных справаў зьяўляўся першым сярод іншых міністраў Расейскай імпэрыі па сваёй ролі і маштабе дзейнасьці. У яго распараджэньні былі: кіраваньне справамі пошты і тэлеграфу; дзяржаўная паліцыя; турмы, высылка; губэрнскія і павятовыя адміністрацыі; узаемадзеяньне зь земствамі; харчовая справа (забесьпячэньне насельніцтва прадуктамі харчаваньня пры неўраджаі); пажарная частка; страхаваньне; мэдыцына; вэтэрынарыя; мясцовыя суды[10]. Пасьля атрыманьня пасады прэм’ер-міністру ў ліпені 1906 году Сталыпін сумяшчаў абодва пасты, застаючыся міністрам унутраных справаў да канца свайго жыцьця.
26 красавіка (9 траўня) заступіў на пасаду міністру напярэдадні пачатку працы 1-й Дзяржаўнай думы 27 красавіка (10 траўня). Тройчы выступіў перад дэпутатамі 1-й Дзярждумы. Штораз яго прамовы суправаджаліся воклічамі зь месцаў «Даволі», «Далоў» і «Адстаўка» з боку дэпутатаў ад левых партыяў, якія складалі большасьць з прыхільнікамі аўтаноміі. Калі ў выступленьні згадаў, што на 90 пакараных сьмерцю за апошнія месяцы (рэвалюцыі) даводзіцца 288 забітых і 388 параненых прадстаўнікоў улады, большай часткай гарадавых, дэпутаты ад левых партыяў (ПСР і РСДРП) у адказ крычалі: «Мала»[11]. У чэрвені 1906 г. беспасьпяхова абмяркоўваў стварэньне супольнага ўраду зь лідэрам Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі (Паўлам Мілюковым), якая была найбольшай у Дзярждуме (176 з 478 дэпутатаў; 37%) і прадстаўляла лібэральную апазыцыю.
Старшыня ўраду
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]8 (21) ліпеня 1906 г. заняў пасаду старшыні Савету міністраў адначасна з роспускам 1-й Дзяржаўнай думы Расейскай імпэрыі і захаваў беспартыйны чынавенскі ўрад з асабістых прызначэнцаў імпэратара Мікалая ІІ[12]. Захаваў склад папярэдняга ўраду Івана Гарамыкіна за вылікам адстаўкі кіраўніка землеўпарадкаваньнем і земляробствам Аляксандра Сьцішынскага і обэр-пракурора Сыноду Расейскай праваслаўнай царквы Аляксея Шырынскага-Шыхматава. У 1906—1907 гадах, падчас Першай расейскай рэвалюцыі, на яго падрыхтавалі 6 замахаў, якія паліцыя раскрыла. У студзені 1910 г. выдаў цыркуляр аб забароне ўліку таварыстваў і выдавецтваў прадстаўнікоў усіх іншых народнасьцяў, акрамя расейскай (ксэнафобія). У асобнай інструкцыі губэрнатарам патлумачыў, што той цыркуляр тычыцца ўсялякіх «іншародніцкіх» таварыстваў, «у тым ліку ўкраінскіх і габрэйскіх, незалежна ад мэты». У 1911 г. загінуў у выніку замаху.
Вайскова-палявыя суды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]12 (25) жніўня 1906 г. Сталыпін перажыў замах на сваёй дачы ў Пецярбурзе на Аптэкарскай высьпе[13] з боку сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. У выніку выбуху падкінутага партфэлю з бомбай загінулі 30 чалавек. Сярод 70 параненых апынуліся 12-гадовая дачка Натальля і 3-гадовы сын Аркадзь. Таксама загінулі ўсе 3 падрыўнікі[14], сярод якіх быў ураджэнец Менску Ільля Забяльшанскі. 19 жніўня (1 верасьня) 1906 г., падчас міждумскага перапынку, Мікалай ІІ падпісаў прапанаванае Саветам міністраў «Палажэньне аб заснаваньні вайскова-палявых судоў». Паводле «Палажэньня», такія суды ўводзіліся «ў мясцовасьцях, абвешчаных на ваенным становішчы або ў становішчы надзвычайнай аховы». У сувязі з працягам Першай расейскай рэвалюцыі, да 20 красавіка 1907 году вайскова-палявыя суды ўвялі ў 82 з 87 губэрняў на ваенным становішчы і становішчы надзвычайнай аховы. «Палажэньне» прадугледжвала, што: «1) Вайскова-палявы суд засноўваецца на патрабаваньне генэрал-губэрнатараў, галоўнаначальнікаў або асобаў, надзеленых іх уладай, у месцы на іх указаньне начальнікамі гарнізонаў або атрадаў і галоўнымі камандзірамі і камандзірамі партоў, паводле прыналежнасьці, у складзе старшыні і 4 чальцоў з афіцэраў ад войска або флёту. … 3) Суд неадкладна прыступае да разбору справы і заканчвае яе разгляд не пазьней, як цягам 2 содняў. 4) Разбор справаў ажыцьцяўляецца пры зачыненых дзьвярах… 5) Вырак, паводле аб’явы суда, неадкладна ўступае ў законную сілу і неадкладна, і ва ўсялякім разе не пазьней за содні, прыводзіцца ў выкананьне паводле распараджэньня вайсковых начальнікаў»[15].
Да канца існаваньня 20 красавіка 1907 году вайскова-палявыя суды вынесьлі 1102 сьмяротныя выракі, зь якіх выканалі 683 (62%). 13 сакавіка 1907 г. Сталыпін выступіў у Думе датычна вайскова-палявых судоў са словамі: «Бываюць, спадарства, фатальныя моманты ў жыцьці дзяржавы, калі дзяржаўная патрэба стаіць вышэй за права»[16]. 20 красавіка 1907 г., праз 8 месяцаў, «Палажэньне аб заснаваньні вайскова-палявых судоў» страціла сілу ў сувязі з адмовай ураду вынесьці яго на зацьвярджэньне Дзяржаўнай думы.
17 лістапада 1907 г. дэпутат Фёдар Родзічаў ад Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі назваў пятлю шыбеніцы «сталыпінскім гальштукам» у прамове аб вайскова-палявых судах перад 3-й Дзяржаўнай думай. Прысутны Сталыпін выклікаў Родзічава на дуэль. Тады Родзічаў папрасіў выбачэньня ў Сталыпіна, які выбачыў дэпутата[17]. Тым часам, вайскова-акруговыя суды ўжо працавалі замест вайскова-палявых з выкананьнем працэсуальных правілаў. Агулам за 1906—1910 гады вайсковыя суды вынесьлі 5735 сьмяротных выракаў за «палітычныя злачынствы», зь якіх выканалі 3741[18]. Яшчэ 66 тыс. чалавек выраклі на катаржныя працы[14]. На 1 студзеня 1908 г. у турмах знаходзілася звыш 200 тысячаў палітычных вязьняў, каля 200 тысячаў знаходзіліся ў высылцы.
Аграрная рэформа
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]9 лістапада 1906 г., падчас міждумскага перапынку, расейскі імпэратар Мікалай ІІ падпісаў Указ «Аб дапаўненьні некаторых пастановаў дзейнага закону, датычных сялянскага землеўладаньня і землекарыстаньня». Першы пункт Указу абвяшчаў: «Кожны гаспадар, які валодае зямлёй на супольным праве, можа ў кожны час патрабаваць умацаваньня за сабой у асабістую ўласнасьць належнай яму часткі з азначанай зямлі». Рэформа ўлучала:[19][20][21][22]
- адміністрацыйна-праўную замену супольнай і абмежаванай уласнасьці на зямлю грамады паўнавартаснай прыватнай уласнасьцю асобных сялянаў;
- скасаваньне саслоўных грамадзянска-праўных абмежаваньняў сялянскай гаспадаркі;
- землеўпарадкавальнае разьвярстаньне церазпалосных супольных земляў для вылучэньня сялянам хутароў (водрубаў) «да аднаго месца»;
- ільготнае крэдытаваньне празь Сялянскі пазямельны банк куплі памешчыцкіх земляў сялянамі;
- субсыдыі на ўтрыманьне досьледных і ўзорных гаспадарак, гандаль угнаеньнямі і сельскагаспадарчым абсталяваньнем, агранамічную асьвету;
- падтрымку сялянскіх каапэратываў і гаспадарчых таварыстваў.
На 1 студзеня 1916 г. чальцы 6,174 млн (45,7%) з 13,5 млн хатніх гаспадарак падалі заступніцтвы аб замацаваньні зямлі ў прыватную ўласнасьць. Каля 1,5 млн зь іх (10,6% агульнага ліку) вылучыліся з грамады і сумарна атрымалі ў прыватную ўласнасьць 25,2 млн дзесяцінаў зямлі (21,2% агульнай плошчы надзельных земляў). За гэты час Сялянскі пазямельны банк выдаў пазыкаў на суму ў 1,04 млрд расейскіх рублёў. 82% (2,46 млн) з 3 млн сялянаў, якія перасяліліся на вылучаныя ім урадам у прыватную ўласнасьць землі ў Сыбіры, засталіся на новых месцах. У 1916 г. сяляне валодалі 94% сельскагаспадарчых жывёлаў і засеялі 89,3% земляў (на ўласнай і арандаванай зямлі), што прывяло да страты значнасьці памешчыцкіх гаспадарак[23]. На 1913 г. у Правабярэжнай Украіне 2/3 сялянскіх земляў знаходзіліся ў прыватнай уласнасьці.
За 1907—1914 гадох зь 5 беларускіх губэрняў (Віленская, Віцебская, Гарадзенская, Магілёўская і Менская) у Сыбір перасялілі 335 366 чалавек. Пятая частка перасяленцаў вярнулася ў Беларусь. Адначасна сялянам давалі пазыкі пад ліхву на выкуп зямлі ў памешчыкаў для стварэньня хутароў. У 1908 г. у 5 беларускіх губэрнях банк адабраў у сялянаў 13 344 дзесяціны зямлі за пратэрміноўку вяртаньня пазыкі[13].
Абмежаваньне выбарчага права
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]20 лютага 1907 г. пачала працу Дзяржаўная дума 2-га скліканьня. Сярод 518 дэпутатаў 102 (19,7%) адкрыта выступалі за зрынаньне манархіі: Расейская сацыял-дэмакратычная работніцкая партыя (65 дэпутатаў), Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (37 дэпутатаў). За 1901—1907 гады сябры іх партыяў учынілі забойствы звыш 9 тысячаў чалавек і замахі на вышэйшых чыноўнікаў Расейскай імпэрыі[24]. 7 траўня 1907 году Сталыпін абнародаваў у Думе «Ўрадавае паведамленьне аб змове» ў сувязі з арыштам 31 сакавіка 28 сацыялістаў-рэвалюцыянэраў[25]:
У лютым бягучага году Аддзяленьне аховы грамадзкага парадку і бясьпекі ў Пецярбургу атрымала зьвестку аб тым, што ў сталіцы ўтварылася злачынная супольнасьць, што паставіла за найбліжэйшую мэту сваёй дзейнасьці ўчыненьне шэрага тэрарыстычных актаў. […] Зараз папярэднім сьледствам устаноўлена, што зь ліку затрыманых асобаў значны лік выкрываецца ў тым, што яны ўступілі ва ўтвораную ў складзе Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў супольнасьць, што паставіла за мэту сваёй дзейнасьці замах на сьвятую асобу гаспадара імпэратара і ўчыненьне тэрарыстычных актаў, накіраваных супраць вялікага князя Мікалая Мікалаевіча і старшыні Савету міністраў […] У кватэры апынуліся, сапраўды, чальцы Дзяржаўнай думы.
1 (14) чэрвеня 1907 году Сталыпін запатрабаваў ад Думы безадкладна адхіліць 55 дэпутатаў з РСДРП ад удзелу ў паседжаньнях і зьняць парлямэнцкую недатыкальнасьць (непадсуднасьць) з 16 дэпутатаў ад РСДРП у сувязі з абвінавачаньнем у падрыхтоўцы мецяжу ў вайсковых частках. 5 (18) траўня паліцыя арыштавала ў казармах жаўнераў, якія ў той дзень наведалі штаб-кватэру фракцыі РСДРП. У аднаго зь іх знайшлі «Наказ вайсковых частак пецярбурскага гарнізону ў сацыял-дэмакратычную фракцыю Дзяржаўнай думы» ад 29 красавіка, складзены сябрам РСДРП Уладзімерам Вайцінскім. У «Наказе» зьмяшчаўся заклік: «Загаварыце ж у Думе аб тым, як замыкае начальства салдатаў у каменныя клеткі-казармы, як катуе іх непасільнай і непатрэбнай працай, як мучыць іх бессэнсоўнымі вучэньнямі, як не дае ім ні хвіліны вольнага часу, як шпіёніць за імі і стараецца непраходнай сьцяной адгарадзіць ад агульнага жыцця». Дзяржаўная дума перайшла да абмеркаваньня вымогаў ураду замест іх безадкладнага задаволеньня ў сувязі зь перавагай апазыцыі. У адказ 3 (16) чэрвеня 1907 году імпэратар Мікалай ІІ падпісаў «Маніфэст аб роспуску ІІ Дзяржаўнай думы», бо: «Судовай уладай была раскрытая змова цэлай часткі Дзяржаўнай думы супраць дзяржавы і царскай улады. Калі ж урад наш запатрабаваў часовага, да заканчэньня суда, адхіленьня абвінавачаных у злачынстве гэтым 55 чальцоў Думы і заключэньня найбольш выкрытых зь іх пад варту, то Дзяржаўная дума ня выканала неадкладнага законнага патрабаваньня ўладаў»[26]. Адначасна Мікалай ІІ падпісаў Указ Урадаўнічаму сэнату, якім зацьвердзіў новыя «Палажэньні аб выбарах у Дзяржаўную думу». Дадзены ўказ парушаў 87-ы артыкул Зводу асноўных дзяржаўных законаў Расейскай імпэрыі ад 23 красавіка 1906 году, паводле якога: «Падчас спыненьня заняткаў Дзяржаўнай думы, калі надзвычайныя абставіны выклічуць неабходнасьць у такім захадзе, які патрабуе абмеркаваньня ў парадку заканадаўчым, Савет міністраў прадстаўляе аб ім гаспадару імпэратару непасрэдна. Захад гэты ня можа, аднак, уносіць зьменаў ні ў Асноўныя дзяржаўныя законы, ні ва ўстанаўленьні Дзяржаўнага савету або Дзяржаўнай думы, ні ў пастановы аб выбарах у Савет або ў Думу»[27]. Адсюль зьмена заканадаўства аб выбарах у Думу атрымала назоў «Трэцячэрвенскі пераварот»[28].
Новыя «Палажэньні аб выбарах у Дзяржаўную думу» прывялі да таго, што 1% выбарцаў ад буйных земляўласьнікаў (дваранства) і 1-га гарадзкога сьпісу (купецтва) сумесна склалі 2/3 ва ўсіх выбарчых сходах эўрапейскіх губэрняў Расейскай імпэрыі, за выключэньнем адной. Дзель расейцаў у 3-й Дзяржаўнай думе вырасла да 77% коштам іншых народнасьцяў, бо ў краях зь перавагай іншых народнасьцяў расейцы выбіралі ў сваёй асобнай этнічнай курыі. 10 азіяцкіх вобласьцяў і губэрняў Расейскай імпэрыі страцілі прадстаўніцтва ў Думе. Дэпутаты ад Каўказу атрымалі 10 месцаў замест 29. «Саюз 17 кастрычніка», які супрацоўнічаў з урадам, атрымаў 154 (31,6%) з 487 месцаў у 3-й Думе і ўтварыў найбольшую фракцыю. 1 лістапада 1907 г. 3-я Дзяржаўная дума пачала працу і ўжо мела праўрадавую большасьць. У выніку ўрадавыя прапановы дзяржаўнага каштарысу штораз знаходзілі падтрымку Думы[29]. Разам з тым, Дзяржаўная дума зацягнула на некалькі гадоў і зьмяніла настолькі законапраект Сталыпіна аб рэформе мясцовага кіраваньня, што Дзяржаўны савет яго адхіліў. У 1908—1910 гг. распрацоўка законапраектаў урадам Сталыпіна ажыцьцяўлялася пры папярэднім абмеркаваньні з Саветам у справах мясцовай гаспадаркі («Пераддум’ем»), створаным у 1904 г. міністрам унутраных справаў Плевэ. У ходзе 4 сэсіяў у гэтым Савеце ўдзельнічалі прадстаўнікі земстваў і местаў.
Засяленьне Сыбіры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]31 сакавіка 1908 году Сталыпін выступіў у Дзяржаўнай думе з прамовай аб вартасьці пабудовы Амурскай чыгункі[30]. Улетку 1910 г. разам з галоўкіраўніком земляробствам і землеўпарадкаваньнем Аляксандрам Крывашэіным (1908—1915) ажыцьцявіў інспэкцыйнае падарожжа ў Заходнюю Сыбір і Паволжа. Адначасна для перасяленцаў з эўрапейскай часткі Расейскай імпэрыі стварылі адмысловыя чыгуначныя вагоны, у якіх частка ва ўсю шырыню вагону прызначалася для быдла і сельскагаспадарчага інвэнтару. Да 1 студзеня 1916 г. у рамках аграрнай рэформы ў Сыбір перасялілі 3 млн чалавек. У Алтайскі край пераехалі звыш 600 тыс. сялянаў (20% перасяленцаў у Сыбір) з эўрапейскай часткі імпэрыі, якія склалі 22% жыхароў і заснавалі 3415 паселішчаў. Яны ўвялі ў сельскагаспадарчы абарот звыш 3,4 млн дзесяцінаў пуставалых земляў[31].
Жыдоўская аселасьць і адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На пачатку сьнежня 1906 г. Сталыпін накіраваў расейскаму імпэратару Мікалаю ІІ журнал Савету міністраў з законапраектам аб скасаваньні мяжы пастаяннай жыдоўскай аселасьці, якую 23 верасьня 1791 г. (3 студзеня 1792 г.) імпэратрыца Кацярына II увяла сваім Указам на захадзе Расейскай імпэрыі (Беларусь, Украіна). 10 сьнежня 1906 г. Мікалай ІІ адхіліў законапраект у сваім лісьце з тлумачэньнем: «Унутраны голас усё настойлівей паўтарае мне, каб я ня браў гэтага рашэньня на сябе». Тады Сталыпін параіў імпэратару адправіць законапраект у Дзяржаўную думу на далейшае абмеркаваньне, што той і зрабіў. У сваю чаргу Дзяржаўная дума Расейскай імпэрыі адмовілася разглядаць законапраект[14].
16 верасьня 1908 г. расейскі імпэратар Мікалай ІІ падпісаў прапанаванае 19 жніўня 1908 г. Саветам міністраў Палажэньне «Аб устанаўленьні адсоткавых нормаў для прыёму ў навучальныя ўстановы асобаў юдэйскага веравызнаньня». Палажэньнем аднаўлялася адсоткавае абмежаваньне паступленьня жыдоў у ВНУ на ўзроўні 1887 году: 3% у Маскве і Пецярбургу, 10% у межах жыдоўскай аселасьці і 5% па-за мяжой аселасьці і сталіцамі. 22 жніўня 1909 г. Мікалай ІІ падпісаў рашэньне Савета міністраў ад 23 чэрвеня 1909 г. «Аб умовах прыёму габрэяў у сярэднія навучальныя ўстановы». Рашэньнем павышалася дапушчальная дзель жыдоў у гімназіях: з 3% да 5% у Маскве і Пецярбургу, з 10% да 15% у межах жыдоўскай аселасьці і з 5% да 10% па-за межамі аселасьці і сталіцамі[32].
Абмежаваньне самакіраваньня Фінляндыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У якасьці старшыні ўраду Сталыпін зрабіў 4 прамовы аб Вялікім княстве Фінляндзкім у Дзяржаўнай думе[25]. 5 (18) траўня 1908 году выступіў з прамовай ад непадуладнасьці ўстановаў Фінляндыі ўраду Расейскай імпэрыі: «З прычыны гэтага рэвалюцыянэры, якія перайшлі мяжу, знаходзілі сабе ў Фінляндыі, на тэрыторыі Расейскай імпэрыі, надзейны прытулак, значна больш надзейны, чым у суседніх дзяржавах, якія зь вялікім жаданьнем прыходзяць у межах канвэнцыяў і закону на дапамогу нашай расейскай паліцыі»[33]. Цягам 1908 г. ён дамогся разгляду фінскіх справаў, датычных расейскіх інтарэсаў у Савеце міністраў Расейскай імпэрыі. 17 (30) чэрвеня 1910 году Мікалай ІІ падпісаў распрацаваны ўрадам Сталыпіна Закон «Аб парадку выданьня датычных Фінляндыі законаў і пастановаў агульнадзяржаўнага значэньня», які абмежаваў самакіраваньне Фінляндыі ў 19 галінах заканадаўства на карысьць ўраду Расейскай імпэрыі[34].
З боку Расейскай імпэрыі «Законы і пастановы, дзеяньне якіх распаўсюджваецца на Вялікае княства Фінляндзкае» сталі ўлучаць такія галіны, як: «1. удзел Фінляндыі ў дзяржаўных выдатках і ўсталяваньне для гэтага ўзносаў, збораў і падаткаў; 2. адбываньне насельніцтвам Фінляндыі вайсковай павіннасьці, а таксама іншых павіннасьцяў, якія служаць для ваенных патрэбаў; 3. правы ў Фінляндыі расейскіх падданых, якія не зьяўялюцца фінскімі грамадзянамі; 4. ужываньне ў Фінляндыі дзяржаўнай мовы» Расеі; «5. асноўныя пачаткі кіраваньня Фінляндыі адмысловымі ўсталяванымі на падставе адмысловага заканадаўства; 6. правы, абавязкі і парадак дзеяньняў у Фінляндыі імпэрскіх установаў і ўладаў; 7. выкананьне ў Фінляндыі прысудаў, рашэньняў і пастановаў судовых месцаў і патрабаваньняў уладаў іншых частак імпэрыі, а таксама ўчыненых у іх дамоваў і актаў; 8. устанаўленьне ў дзяржаўных зацікаўленасьцях выключэньняў зь фінскіх крымінальных і судавытворчых законаў; 9. забесьпячэньне дзяржаўных зацікаўленасьцяў у справе ўстанаўленьня праграмаў выкладаньня і нагляду за ім; 10. правілы аб публічных сходах, таварыствах і саюзах; 11. правы і ўмовы дзейнасьці ў Фінляндыі таварыстваў і кампаніяў, заснаваных ў іншых мясцовасьцях імпэрыі і за мяжой; 12. заканадаўства аб друку ў Фінляндыі і прывоз у яе твораў друку з-за мяжы; 13. мытная частка і мытныя тарыфы ў Фінляндыі; 14. ахова ў Фінляндыі гандлёвых і прамысловых знакаў і прывілеяў, а таксама правоў літаратурнай і мастацкай уласнасьці; 15. грашовая сыстэма ў Фінляндыі; 16. пошта, тэлефоны, паветраплаваньне і да таго падобныя спосабы зносінаў у Фінляндыі; 17. чыгункі і іншыя шляхі зносінаў ў Фінляндыі ў іх адносінах да абароны дзяржавы, а таксама да зносінаў між Фінляндыяй і іншымі часткамі імпырыі і да зносінаў міжнародных; чыгуначны тэлеграф; 18. мараплаўства і лоцманская і маячная часткі ў Фінляндыі; 19. правы ў Фінляндыі іншаземцаў». Другі разьдзел Закону прадугледжваў: «У склад Дзяржаўнага савету і Дзяржаўнай думы ўключыць чальцоў ад насельніцтва Вялікага княства Фінляндзкага». Тамсама ўдакладнялася, што «Фінскі Сойм абірае, тэрмінам на 3 гады, 2 чальцоў Дзяржаўнага савету», а «Ў склад Дзяржаўнай думы ўваходзяць 4 чальцы ад насельніцтва Вялікага княства Фінляндзкага»[35].
Зьнешняя палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]8 кастрычніка 1908 г. Аўстра-Вугоршчына абвясьціла аб анэксіі Босьніі і Герцагавіны, што выклікала абурэньне сумежных Італіі і Сэрбіі. Сталыпін прапанаваў пазьбегнуць вайны супраць Аўстра-Вугоршчыны з нагоды Басьнійскага крызісу, бо ў Расейскай імпэрыі адсутнічала вайсковая падрыхтаванасьць. У выніку ў красавіку 1909 г. Аўстра-Вугоршчына дамаглася папраўкі ў Бэрлінскі трактат 1878 году, якая ўлічвала аўстра-вугорскую анэксію. 27 верасьні 1910 г. па настаяньні Сталыпіна міністар замежных справаў Аляксандар Ізвольскі сышоў у адстаўку. 4 чэрвеня 1909 г. нямецкі імпэратар Вільгельм II (1888—1918) і расейскі імпэратар Мікалай ІІ сустрэліся на царскай яхце «Штандар» каля скалістых астравоў Фінляндыі. Падчас сьняданку на яхце Сталыпін папярэдзіў Вільгельма ІІ аб пагрозе зрынаньня манархіі шляхам рэвалюцыі ў абедзьвюх імпэрыях у выпадку нямецка-расейскай вайны[36].
Земствы ў Заходніх губэрнях
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]20 студзеня 1910 году ўрад Сталыпіна ўнёс на разгляд Дзяржаўнай думы законапраект аб увядзеньні земскіх установаў у Заходнім краі (Беларусь, Украіна). Параўнальна з уласнарасейскімі губэрнямі, законапраект прадугледжваў толькі 2 выбарчыя курыі — цэнзавую (паводле маёмасьці) і сельскіх грамадаў — без асобнага прадстаўніцтва для буйной шляхты, сярод якой пераважалі палякі. Пагатоў палякі складалі ад 1% да 3,4% насельніцтва ў Заходніх губэрнях[37]. Дробная шляхта, сярод якой пераважалі беларусы, расейцы і ўкраінцы, мела атрымаць параўнальна большае прадстаўніцтва. У адказ лідэр «правага» праманархічнага дваранства ў Дзяржаўным савеце Расейскай імпэрыі Пётар Дурнаво напісаў Мікалаю ІІ ліст са скаргай на тое, што: «праект парушае імпэрскі прынцып роўнасьці, абмяжоўвае ў правах польскае кансэрватыўнае дваранства на карысьць расейскай „паўінтэлігенцыі“, стварае зьніжэньнем маёмаснага цэнзу прэцэдэнт для іншых губэрняў». Тады Мікалай ІІ на просьбу Сталыпіна зьвярнуўся праз старшыню Дзяржаўнага савету Міхаіла Акімава (1907—1914) да «правых» з парадай падтрымаць законапраект. Урэшце чалец Дзяржаўнага савету Ўладзімер Трэпаў (1908—1911) запытаў імпэратара: «Як разумець царскае пажаданьне, як загад, ці можна галасаваць паводле сумленьня?» Мікалай II адказаў, што трэба галасаваць «паводле сумленьня»[38], што зразумелі ў якасьці падтрымкі Пятра Дурнаво. У выніку, 4 (17) сакавіка 1911 г. Дзяржаўны савет зацьвердзіў 92 галасамі супраць 68 папраўку ў законапраект, паводле якой скасоўвалася аддзяленьне курыяў для польскай народнасьці[39]. У выніку павялічвалася прадстаўніцтва буйной польскай шляхты, што пярэчыла задуме Сталыпіна.
Ранкам 5 (18) сакавіка 1911 г. Сталыпін выправіўся ў Царскае Сяло, дзе падаў Мікалаю ІІ прашэньне аб адстаўцы з тлумачэньнем, што ня можа працаваць ва ўмовах недаверу з боку імпэратара. Мікалай ІІ прапанаваў Сталыпіну застацца на пасадзе. Тады Сталыпін выставіў умовай адпраўку Дурнаво і Трэпава ў працяглы замежны адпачынак. Закон жа аб увядзеньні земскіх установаў у Заходнім краі запатрабаваў правесьці паводле 87-га артыкулу Зводу асноўных дзяржаўных законаў Расейскай імпэрыі, у якім адзначалася: «Падчас спыненьня заняткаў Дзяржаўнай думы, калі надзвычайныя абставіны выклічуць неабходнасьць у такім захадзе, які патрабуе абмеркаваньня ў парадку заканадаўчым, Савет міністраў прадстаўляе аб ім гаспадару імпэратару непасрэдна». Маці імпэратара Марыя Фёдараўна пераканала свайго сына Мікалая ІІ падтрымаць прэм’ера Сталыпіна. 10 (23) сакавіка 1911 г. Мікалай ІІ пагадзіўся з умовамі Сталыпіна і 11 сакавіка 1911 г. выдаў Указ аб перапынку ў дзейнасьці заканадаўчых установаў з 12 па 15 сакавіка. 14 сакавіка 1911 г. Мікалай ІІ зацьвердзіў законапраект сваім Указам паводле 87-га артыкулу Зводу асноўных дзяржаўных законаў і загадаў Дурнаво і Трэпаву ўстрымацца ад наведваньня Дзяржаўнага савету да канца году.
Выгнаньне Распуціна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пры канцы 1910 г. Сталыпін загадаў паліцыі ўстанавіць на некалькі дзён назіраньне за прыдворным знахарам імпэратрыцы Рыгорам Распуціным. Знахар набыў уплыў на царскую сям’ю праз дапамогу з 1905 г. сыну-спадкаемцу імпэратара Аляксею пры крывацёках, якія ўзьнікалі ў выніку захворваньня гемафіліяй. Сталыпін заявіў імпэратару Мікалаю ІІ аб недапушчальнасьці знаходжаньня селяніна Распуціна пры двары ў сувязі зь яго малапісьменнасьцю. Мікалай ІІ адказаў: «Я з вамі згодны, Пётар Аркадзевіч, але хай будзе лепш 10 Распуціных, чым адна гістэрыка імпэратрыцы» Аляксандры Фёдараўны (жонкі)[40]. У студзені 1911 г. Сталыпін падаў расейскаму імпэратару Мікалаю ІІ справаздачу аб Распуціне на падставе сьледчых матэрыялаў Сыноду Расейскай праваслаўнай царквы. Тады Мікалай ІІ прапанаваў прэм’еру Сталыпіну сустрэцца з Распуціным, каб разьвеяць адмоўнае ўражаньне. Пры размове Распуцін паспрабаваў ужыць гіпноз да Сталыпіна. У адказ Сталыпін загадаў Распуціну пакінуць Пецярбург пад пагрозай суду «па ўсёй строгасьці закону аб сэктантах»[41]. У выніку Распуціну давялося зьехаць у Ерусалім (Асманская імпэрыя; цяпер Ізраіль) у якасьці паломніка.
Забойства ў Кіеве
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прыканцы жніўня 1911 г. Сталыпін прыехаў у Кіеў (Паўднёва-Заходні край, цяпер Украіна) з імпэратарскай сям’ёй з нагоды адкрыцьця помніка імпэратару Аляксандру ІІ (1855—1881), якога забіў беларускі народаволец Ігнат Грынявіцкі. Тамсама Сталыпін заявіў, што пры яго жыцьці ў Кіеве ня будзе помніка ўкраінскаму пісьменьніку Тарасу Шаўчэнку.
Замах на Сталыпіна задумаў агент Ахоўнага аддзяленьня МУС Дзьмітры Багроў (мянушка Аленскі), які папярэдзіў пра падрыхтоўку замаху з боку аднапартыйцаў сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. 1 (14 верасьня) 1911 г. Сталыпін быў на опэры «Казка пра цара Салтана» ў кіеўскім гарадзкім тэатры, дзе прысутнічаў расейскі імпэратар Мікалай ІІ з 2 старэйшымі дочкамі Вольгай і Тацянай. Па пропуску, выдадзенаму начальнікам Кіеўскага ахоўнага аддзяленьня, Багроў прайшоў ў гарадзкі опэрны тэатар. Падчас другога антракту Багроў падышоў да Сталыпіна і двойчы стрэліў: першая куля трапіла ў руку, другая — у жывот, закрануўшы печань. Пасьля раненьня Сталыпін перахрысьціў цара, цяжка апусьціўся ў крэсла і сказаў: «Шчасьлівы памерці за цара». Сталыпін сканаў увечары 5 (18) верасьня. У першых радках завяшчаньня Сталыпіна было напісана: «Я хачу быць пахаваным там, дзе мяне заб’юць». Указаньне Сталыпіна было выкананае: 9 верасьня Сталыпін быў пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Расейская імпэрыя:
- Ордэн Сьвятой Ганны 3-й ступені (30 жніўня 1893 году)
- Ордэн Сьвятой Ганны 2-й ступені (14 траўня 1896 году)
- Высокая падзяка (11 сакавіка 1905 году)
- Ордэн Сьвятога Ўладзімера 3-й ступені (6 сьнежня 1905 году)
- Шчырая падзяка Яго Вялікасьці (4 студзеня 1906 году)
- Ордэн Сьвятой Ганны 1-й ступені (6 сьнежня 1906 году)
- Высокі рэскрыпт (29 сакавіка 1909 году)
- Ордэн Белага арла (29 сакавіка 1909 году)
- Высокі рэскрыпт (19 лютага 1911 году)
- Ордэн Сьвятога Аляксандра Неўскага (10 красавіка 1911 году)
Мэдалі і знакі адрозьненьня:
- Мэдаль «За працы па Першым усеагульным перапісе насельніцтва 1897 году»
- Знак адрозьненьня «За пазямельнае ўладкаваньне дзяржаўных сялянаў»
- Знак адрозьненьня Расейскага таварыства Чырвонага Крыжа
- Знак адрозьненьня Холмскага праваслаўнага Сьвята-Багародзіцкага брацтва
- Ганаровы грамадзянін Саратава (1909) і Екацярынбургу (1911)[42]
Замежныя:
- бухарскі ордэн Іскандэр-Саліс (7 сьнежня 1906 году)
- японскі ордэн Узыходзячага сонца з кветкамі паўлоўніі 1-й ступені
- чарнагорскі ордэн князя Данілы I 1-й ступені
- швэдзкі ордэн Сэрафімаў (12 траўня 1908 году)
- нарвэскі ордэн Сьвятога Уляфа, вялікі крыж (6 чэрвеня 1908 году)
- італьянскі ордэн Сьвятых Маўрыкія і Лазара, вялікі крыж (6 чэрвеня 1908 году)
- каралеўскі Віктарыянскі ордэн, вялікі крыж (16 чэрвеня 1908 году)
- сэрбскі Ордэн Белага арла 1-й ступені
- прускі ордэн Кароны
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Помнік на месцы выбуху ў доме Сталыпіна на Аптэкарскай высьпе ў Санкт-Пецярбургу (Расея).
- Помнік у Саратаве (Расея), пастаўлены ў 2002 годзе.
- Паволскі інстытут кіраваньня ў Саратаве ў лютым 2002 г. атрымаў імя Сталыпіна.
- Прэмія імя Сталыпіна «Аграрная эліта Расеі» ўручаецца з 2003 году.
- Стыпэндыя імя Сталыпіна прысуджаецца з 2005 г. студэнтам 2-курса магістратуры Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве (Расея).
- Мэдаль Сталыпіна 2 ступеняў створаны 23 траўня 2008 г. урадам Расеі за заслугі ў вырашэньні стратэгічных задачаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця.
- Памятная дошка на доме ў Вільні (Летува), якую паставілі 22 сьнежня 2009 году з тэкстам: «У гэтым доме ў 1876—1892 гадах жыў міністар-рэфарматар Пётар Аркадзьевіч Сталыпін»[43].
- Помнік Сталыпіну ў 2010 г. паставілі ў Слаўгарадзе (Алтайскі край, Расея).
- Омскі дзяржаўны аграрны ўнівэрсытэт у 2011 г. атрымаў імя Сталыпіна.
- Помнік у Краснадары (Расея) на плошчы перад галоўным уваходам у Кубанскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, пастаўлены 5 верасьня 2011 году[44].
- Памятная дошка ў Горадні (Беларусь) па вул. Ажэшкі, якую 23 верасьня 2011 г. адчыніў расейскі амбасадар Сурыкаў на месцы працоўнага кабінэту Сталыпіна ў якасьці губэрнатара[45].
- Ульянаўская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (Расея) атрымала імя Сталыпіна 22 лютага 2012 году.
- Памятная срэбная манэта наміналам 2 рублі ў гонар 150-й гадавіны народзінаў Сталыпіна, выпушчаная Банкам Расеі 1 сакавіка 2012 году ў сэрыі «Выдатныя асобы Расеі».
- Помнік Сталыпіну на маскоўскай плошчы Свабоднай Расеі каля Дому ўраду паставілі ў сьнежні 2012 году[46].
У культуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Чырвонае кола» (1914—1917) — эпапэя расейскага пісьменьніка Аляксандра Салжаніцына, у 1-м вузьле «Жнівень 14-га».
- «Нячыстая сіла» (1972—1975) — раман расейскага пісьменьніка Валянціна Пікуля
- «Распуцін: жыцьцё і сьмерць» (2000) — кніга расейскага пісьменьніка Эдварда Радзінскага
- «Імпэрыя пад ударам» (2000) — тэлесэрыял расейскага рэжысэра Сяргея Газарава, 8-я сэрыя «Камікадзэ»
- «Распуцін… нявывучаныя ўрокі» (2004) — драматычны тэлесэрыял расейскага рэжысэра Юрыя Кузіна
- «Грахі бацькоў» (2004) — тэлесэрыял расейскага рэжысэра Рамана Несьцярэнкі, адна сэрыя
- «Пярэдадне Першай сусьветнай вайны. Сталыпін» (2007) — дакумэнтальны фільм расейскага рэжысэра Н. Сьмірнова
- «Гісторыя аднаго злачынства, ці Тры сьмерці» (2012) — п’еса расейскага драматурга Вольгі Міхайлавай
- «Рыгор Р.» (2014) — 8-сэрыйная тэледрама расейскага рэжысэра Андрэя Мілюкова
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Stolypin, Peter Arcadevich (анг.) // The Enciclopædia Britannica — 12 — London, NYC: 1922. — Vol. XXXII Pacific Ocean Islands to Zuloaga. — P. 578.
- ^ а б В. В—в Столыпин, Петр Аркадьевич (рас.) // Энциклопедический словарь — СПб: Брокгауз — Ефрон, 1907. — Т. доп. IIа. — С. 711—712.
- ^ а б Аксаков А. П. Высший подвиг. — С-Пб: Изд-во Всерос. нац. клуба, 1912.
- ^ Столыпин, Аркадий Дмитриевич // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ Сидоровнин Г. П. Глава I. Родословная. Детство. Отрочество. Юность. Годы учёбы 1862—1885 годы // Пётр Аркадьевич Столыпин: Жизнь за Отечество: Жизнеописание (1862—1911). — Москва: 2007. — С. 59. — 720 с. — 3000 ас. — ISBN 978-5-9763-0037-8
- ^ а б Сидоровнин Г. П. Глава II. Начало службы. В Западном крае // Пётр Аркадьевич Столыпин: Жизнь за Отечество: Жизнеописание (1862—1911). — Москва: Поколение, 2007. — С. 33–78. — 720 с. — 3000 ас. — ISBN 978-5-9763-0037-8
- ^ Бородин А. П. Столыпин: реформы во имя России. — Москва: Вече, 2004. — С. 19. — 380 с.
- ^ Сталыпіны (рас.) // Лермантаўская энцыкляпэдыя, 26 студзеня 2011 г. Праверана 2 сьнежня 2016 г.
- ^ а б Сидоровнин Г. П. Глава III // П. А. Столыпин: Жизнь за Отечество: Жизнеописание (1862—1911). — Москва: Поколение, 2007. — С. 79—149. — 720 с. — 3000 ас. — ISBN 978-5-9763-0037-8
- ^ Иванов Р. Н. Кровь Столыпина. — Москва: Руди. — С. 21—22. — 192 с.
- ^ Сидоровнин Г. П. Глава IV. Министр внутренних дел. I Государственная дума. Премьер-министр // Пётр Аркадьевич Столыпин: Жизнь за Отечество: Жизнеописание (1862—1911). — Москва: Поколение, 2007. — С. 150—176. — 720 с. — 3000 ас. — ISBN 978-5-9763-0037-8
- ^ Шипов Д.Н. глава XIV // Воспоминания и думы о пережитом. — Москва: Изд. М. и С.Сабашниковых, 1918. — 592 с.
- ^ а б Барыс Пракопчык. «Як цудоўны сон» // Зьвязда : газэта. — 13 красавіка 2012. — № 72 (27187). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в Сидоровнин Г. П. Глава V // П. А. Столыпин: Жизнь за Отечество: Жизнеописание (1862—1911). — Москва: Поколение, 2007. — С. 177—277. — 720 с. — 3000 ас. — ISBN 978-5-9763-0037-8
- ^ Аб заснаваньні вайскова-палявых судоў (1906 г., 19 жніўня; вынятка) // Невядомая Фэміда. Дакумэнты, падзеі, людзі = Неизвестная Фемида. Документы, события, люди / Аляксандар Зьвягінцаў, Юры Арлоў. — Масква: Олма-Прэс, 2003. — 575 с. — (Архіў). — ISBN 5-224-04224-0
- ^ Столыпин П. А. Прамова аб часовых законах, выдадзеных у пэрыяд між першай і другой Думамі, вымаўленая ў Дзяржаўнай думе 13 сакавіка 1907 году // Нам патрэбная Вялікая Расея...: Поўны збор прамоваў у Дзяржаўнай думе і Дзяржаўным савеце. 1906—1911 = Нам нужна Великая Россия...: Полное собрание речей в Государственной думе и Государственном совете. 1906—1911 / Предисл. К. Ф. Шацилло; Сост., коммент. Ю. Г. Фельштинского. — Москва: Молодая гвардия, 1991. — 416 с. — (Звонница; Антология русской публицистики). — 100 000 ас. — ISBN 5-235-01576-2
- ^ Сидоровнин Г. П. Глава VIII. III Государственная Дума. Портрет Столыпина // Пётр Аркадьевич Столыпин: Жизнь за Отечество: Жизнеописание (1862—1911). — Москва: Поколение, 2007. — С. 284—287. — 720 с. — ISBN 978-5-9763-0037-8
- ^ Куртуа С. и др. Чёрная книга коммунизма. Преступления, террор, репрессии = Le Livre Noir du Communisme. Crimes, terreur et répression. — М.: Три века истории, 2001. — 780 с. — ISBN 5-93453-037-2
- ^ Полное собрание законов Российской империи. Собрание третье. — СПб.: 1913 Т. XXX. Отделение первое. 1910 год., № 33743.
- ^ Полное собрание законов Российской империи. Собрание третье. — Санкт-Петербург: 1914 Т. XXXI. Отделение первое. 1911 год., № 35370.
- ^ Комитет по землеустроительным делам. Краткий очерк за десятилетие 1906—1916 / По распоряжению министра земледелия. — СПб.: Т-во Р. Голике и А. Вильборг, 1916. — 100 с.
- ^ Батуринский Д. А. Аграрная политика царского правительства и Крестьянский поземельный банк. — Москва: Новая деревня, 1925. — 144 с.
- ^ Челинцев А. Н. Русское сельское хозяйство перед революцией. — Москва: Новый агроном, 1928. — С. 10. — 239 с.
- ^ В. В. Гармиза. Эсеры // Вялікая савецкая энцыкляпэдыя
- ^ а б Столыпин П. А. Нам патрэбная Вялікая Расея…: Поўны збор прамоваў у Дзяржаўнай думе і Дзяржаўным савеце. 1906—1911 = Нам нужна Великая Россия…: Полное собрание речей в Государственной думе и Государственном совете. 1906—1911 / Предисл. К. Ф. Шацилло; Сост., коммент. Ю. Г. Фельштинского. — Москва: Молодая гвардия, 1991. — 416 с. — (Звонница; Антология русской публицистики). — 100 000 ас. — ISBN 5-235-01576-2
- ^ Мікалай II. Маніфэст аб роспуску ІІ Дзяржаўнай думы (рас.) // Андрэй Шынгароў, 2015 г. Праверана 4 сьнежня 2016 г.
- ^ Мікалай II. Звод асноўных дзяржаўных законаў Расейскай імпэрыі ад 23 красавіка 1906 году (рас.) // Вікікрыніцы, 13 лістапада 2016 г. Праверана 4 сьнежня 2016 г.
- ^ Арон Аврех. Глава I. Путь наверх. От цезаризма к бонапартизму. Создание третьеиюньской системы // П.А. Столыпин и судьбы реформ в России. — Москва: 1991. — 286 с.
- ^ Обзор деятельности Государственной Думы третьего созыва. Часть 2. Законодательная деятельность. Составлен Канцелярией Думы. СПб., 1912
- ^ Столыпин П. А. Нам патрэбная Вялікая Расея...: Поўны збор прамоваў у Дзяржаўнай думе і Дзяржаўным савеце. 1906—1911 = Нам нужна Великая Россия…: Полное собрание речей в Государственной думе и Государственном совете. 1906—1911 / Предисл. К. Ф. Шацилло; Сост., коммент. Ю. Г. Фельштинского. — Москва: Молодая гвардия, 1991. — 416 с. — (Звонница; Антология русской публицистики). — 100 000 ас. — ISBN 5-235-01576-2
- ^ Стагодзьдзе інспэкцыйнага візыта Пятра Сталыпіна ў Алтайскі край у рэгіёне адзначаць з фэдэральным размахам (рас.) // Расейскае інфармацыйнае агенцтва "Сыбір", 6 лютага 2010 г. Праверана 5 сьнежня 2016 г.
- ^ Аляксандар Міндлін. Габрэйская палітыка Сталыпіна // Общество «Еврейское Наследие». Серия препринтов. Вып. 19. — Москва, 1996., 10 студзеня 2010 г. Праверана 4 сьнежня 2016 г.
- ^ Столыпин П. А. Прамова аб Фінляндыі, вымаўленая ў вечаровым паседжаньні Дзяржаўнай думы 5 траўня 1908 году // Нам патрэбная Вялікая Расея...: Поўны збор прамоваў у Дзяржаўнай думе і Дзяржаўным савеце. 1906—1911 = Нам нужна Великая Россия…: Полное собрание речей в Государственной думе и Государственном совете. 1906—1911 / Предисл. К. Ф. Шацилло; Сост., коммент. Ю. Г. Фельштинского. — Москва: Молодая гвардия, 1991. — 416 с. — (Звонница; Антология русской публицистики). — 100 000 ас. — ISBN 5-235-01576-2
- ^ Сидоровнин Геннадий Павлович. Глава XI. Новые споры // Пётр Аркадьевич Столыпин: Жизнь за Отечество: Жизнеописание (1862—1911). — Москва: Поколение, 2007. — С. 412—437. — 720 с. — 3000 ас. — ISBN 978-5-9763-0037-8
- ^ Закон аб парадку выданьня датычных Фінляндыі законаў і пастановаў агульнадзяржаўнага значэньня // Соймавыя статут для Вялікага княства Фінляндзкага, найвысока зацьверджаны 20 ліпеня 1906 году. З дадаткам і альфабэтным паказальнікам = Корево Н. Сеймовый устав для Великого Княжества Финляндского высочайше утвержденный 20 июля 1906 года. С приложением и алфавитным указателем / Корево Н.. — Санкт-Пецярбург: 1913. — С. 212-226.
- ^ Сидоровнин Г. П. Глава X. В трудах и борьбе // Пётр Аркадьевич Столыпин: Жизнь за Отечество: Жизнеописание (1862—1911). — Москва: Поколение, 2007. — С. 357—412. — 720 с. — 3000 ас. — ISBN 978-5-9763-0037-8
- ^ Статистический ежегодник России. 1913 г. — Санкт-Петербург: 1914. — С. 60-63.
- ^ Рыбас С. Ю., Тараканова Л. В. Реформатор: жизнь и смерть Петра Столыпина. — М.: Недра, 1991. — С. 185. — 206 с. — ISBN 5247030974
- ^ Арон Аврех. Глава VI. Крушение Столыпина // П.А. Столыпин и судьбы реформ в России. — Москва: Политиздат, 1991. — 286 с.
- ^ Бок М. П. Воспоминания о моем отце П. А. Столыпине. — Нью-Йорк: Изд-во им. Чехова, 1953. — С. 332.
- ^ Рыбас С. Ю., Тараканова Л. В. Реформатор: жизнь и смерть Петра Столыпина. — М.: Недра, 1991. — С. 193. — 206 с. — ISBN 5247030974
- ^ Ганаровыя грамадзяне Екацерынбурга (рас.) // Афіцыйны партал Екацерыбурга, 2004 г. Праверана 6 сьнежня 2016 г.
- ^ Канстанцін Амялюшкін. У Вільні ўстаноўлена памятная дошка Пятру Сталыпіну (рас.) // Дэлфі, 22 сьнежня 2009 г. Праверана 6 сьнежня 2016 г.
- ^ Сяргей Карніенка. Помнік Сталыпіну ўсталявалі каля КубДУ ў Краснадары // Газэта «Камсамольская праўда», 5 верасьня 2011 г. Праверана 6 сьнежня 2016 г.
- ^ У Горадні адкрылі мэмарыяльную шыльду Пятра Сталыпіна // Эўрарадыё, 23 верасьня 2011 г. Праверана 6 сьнежня 2016 г.
- ^ Пуцін і Мядзьведзеў наведалі адкрыцьцё помніка Пятру Сталыпіну (рас.) // Расейская газэта, 27 сьнежня 2012 г. Праверана 6 сьнежня 2016 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 14 красавіка
- Нарадзіліся ў 1862 годзе
- Нарадзіліся ў Дрэздэне
- Памерлі 5 верасьня
- Памерлі ў 1911 годзе
- Памерлі ў Кіеве
- Выпускнікі Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Кавалеры ордэна Сьвятога Аляксандра Неўскага
- Кавалеры ордэна Сьвятой Ганны 1 ступені
- Кавалеры ордэна Сьвятога Ўладзімера 3 ступені
- Кавалеры ордэна Сьвятой Ганны 2 ступені
- Кавалеры ордэна Сьвятой Ганны 3 ступені
- Кавалеры ордэна Белага арла (Сэрбія)
- Кавалеры ордэна князя Данілы I
- Кавалеры ордэна Сэрафімаў
- Кавалеры ордэна сьвятых Маўрыцыя і Лазара
- Палітыкі Расейскай імпэрыі
- Міністры Расеі
- Прэм’ер-міністры Расеі
- Сябры Дзяржаўнага савету Расейскай імпэрыі
- Расейскія манархісты
- Забітыя палітыкі