Пётар Дурнаво
Пётар Мікалаевіч Дурнаво (па-расейску: Петр Николаевич Дурново́) (1845—1915) — дзяржаўны дзяяч Расейскай імпэрыі, міністар унутраных справаў (22 кастрычніка 1905 — 16 красавіка 1906).
Біяграфія і дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля адстаўкі 22 кастрычніка 1905 г. А. Булыгіна стаў міністрам унутраных справаў у кабінэце С. Ю. Вітэ. 30 кастрычніка 1905 г. быў прызначаны чальцом Дзяржаўнага савету, а 1 студзеня 1906 г. — у сапраўдныя таемныя дарадцы.
У кастрычніку 1905 — красавіку 1906 Дурнаво жыў у Пецярбургу па адрасе набярэжная ракі Фантанкі, 16 (будынак дэпартамэнту паліцыі).
У барацьбе супраць рэвалюцыі 1905—1907 гадоў ўжываў жорсткія меры, падтрымліваў дзейнасьць чарнасоценных арганізацыяў. Праз гэта ў 1906 годзе эсэрамі было вырашана забіць Дурнаво, але гэты плян ім ажыцьцявіць не ўдалося. У Швайцарыі эсэрка Лявонцьева ва ўпор застрэліла пажылога францускага гандляра, які, на сваю бяду, быў вельмі падобны да адстаўнога міністра.
Працяглы канфлікт Дурнаво з прэм’ерам (якога ён абвінавачваў у патураньні рэвалюцыйнай дзейнасьці) стаў адной з прычын адстаўкі і Вітэ 22 красавіка 1906, а ўсьлед за ім і ўсяго кабінэта, уключаючы і самога міністра ўнутраных справаў, які саступiў свой пост П. А. Сталыпіну. Пры адстаўцы Дурнаво атрымаў званьне статс-сакратара я.і.в., а 25 красавіка 1906 г. быў закліканы да прысутнасьці ў рэфармаваным Дзяржаўным савеце. У верхняй палаце ў 1906—1915 гг. быў лідэрам групы правых.
У 1911 годзе дзеяньні Дурнаво і В. Ф. Трэпава, накіраваныя на адхіленьне Дзяржаўным Саветам урадавага законапраекту аб земствах ў заходніх губэрнях, выклікалі востры палітычны крызіс. Вынікам быў часовы роспуск Думы і Дзяржсавету 12—15 сакавіка 1911 году і прыняцьце закону па арт. 87 Асноўных дзяржаўных законаў. Дурнаво атрымаў загад імпэратара абвясьціць сябе хворым і ўстрымацца ад удзелу ў пасяджэньнях Савету да 1912 году.
Памёр 11 верасьня 1915 году ў Петраградзе.