Перайсьці да зьместу

Прыродаахоўныя тэрыторыі Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Прыродаахоўныя землі Беларусі»)
Паштовая марка Беларусі. Бярэзінскі біясфэрны запаведнік (1999 год)

Прыродаахо́ўныя тэрыто́рыі Белару́сі — частка земляў Беларусі з каштоўнымі прыроднымі мясьцінамі, у дачыненьні якой усталяваны асаблівы лад аховы і карыстаньня.

Віды: заказьнік, запаведнік, нацыянальны парк і помнік прыроды. Паводле 3-га артыкула Закону Рэспублікі Беларусь ад 15 лістапада 2018 году № 150-З «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях» (ААПТ), у залежнасьці ад узроўню дзяржаўнага кіраваньня яны падзяляюцца на землі мясцовай і рэспубліканскай значнасьці. Запаведнікі і нацыянальныя паркі маюць рэспубліканскую значнасьць. Згодна з 33-м артыкулам прыродаахоўная тэрыторыя набывае міжнародную значнасьць пры ўлучэньні «ў сусьветную сетку біясфэрных запаведнікаў ААНАНК, сьпісы мясьцінаў Сусьветнай спадчыны ААНАНК, водна-балотных угодзьдзяў міжнароднай значнасьці і Смагардавую сетку». Падрыхтоўку і прадстаўленьне ў міжнародныя арганізацыі прапановы аб такім улучэньні ажыцьцяўляе Мінпрыроды Беларусі. Міжнародная значнасьць таксама надаецца памежным землям, калі яны прызнаныя сумежнымі прыродаахоўнымі землямі ў адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі Беларусі[1].

На 1 студзеня 2023 году налічвалася 1335 ААПТ. Сярод іх было 634 мясцовыя і 332 рэспубліканскія помнікі прыроды, 275 мясцовых і 99 рэспубліканскіх заказьнікаў, 4 нацыянальныя паркі і Бярэзінскі запаведнік. Прыродаахоўныя землі займалі 9,1 % плошчы краіны, у тым ліку 15,1 % земляў Берасьцейская вобласьці, па 10 % — Віцебскай і Гарадзенскай, 7,5 % — Гомельскай, 4,6 % — Магілёўскай і 7,7 % — Менскай. Міжнароднае прызнаньне мелі 26 водна-балотных угодзьдзяў, 3 біясфэрныя запаведнікі і Белавеская пушча[2].

Дзяржаўнае кіраваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Луг у Нарачанскі нацыянальным парку (Мядзельскі раён, 2008 год)

Паводле 6-га артыкула Закону Беларусь 2018 году «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях», прэзыдэнт Беларусі «прымае рашэньні пра абвяшчэньне, пераўтварэньне і спыненьне існаваньня запаведнікаў і нацыянальных паркаў». Згодна зь 7-м артыкулам Закону Савет міністраў Рэспублікі Беларусь прымае такія рашэньні датычна заказьнікаў рэспубліканскай значнасьці і «зацьвярджае схему разумнага разьмяшчэньня ААПТ рэспубліканскай значнасьці». Паводле 8-га артыкула, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь:

  • «распрацоўвае сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі ... схемы разумнага разьмяшчэньня ААПТ рэспубліканскай значнасьці»;
  • «прымае рашэньні пра абвяшчэньне, пераўтварэньне і спыненьне існаваньня помнікаў прыроды рэспубліканскай значнасьці;
  • забясьпечвае падрыхтоўку і ўнясеньне прадстаўленьняў аб рэзэрваваньні земляў, якія плянуецца абвясьціць ААПТ рэспубліканскай значнасьці;
  • забясьпечвае падрыхтоўку і ўнясеньне прадстаўленьняў пра абвяшчэньне, пераўтварэньне і спыненьне існаваньня ААПТ рэспубліканскай значнасьці;
  • апавяшчае насельніцтва пра лад аховы і выкарыстаньня ААПТ і іх ахоўных зонаў;
  • забясьпечвае вядзеньне рэестра асабліва ахоўных прыродных земляў Рэспублікі Беларусь»[1].
Лебядзіны заказьнік у Менску (2020 год)

У 9-м артыкуле Закону прадугледжвалася, што мясцовыя Саветы дэпутатаў «зацьвярджаюць па ўзгадненьні зь Мінпрыроды Беларусі абласныя схемы разумнага разьмяшчэньня ААПТ мясцовай значнасьці». Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы:

  • «прымаюць рашэньні аб рэзэрваваньні земляў, якія плянуецца абвясьціць ААПТ;
  • прымаюць рашэньні пра абвяшчэньне, пераўтварэньне і спыненьне існаваньня заказьнікаў і помнікаў мясцовай значнасьці;
  • забясьпечваюць кіраваньне перададзеным ім ААПТ;
  • распрацоўваюць сумесна з НАНБ праекты абласных схемаў разумнага разьмяшчэньня ААПТ мясцовай значнасьці»[1].

Згодна з 23-м артыкулам абвяшчэньне і пераўтварэньне запаведніка ажыцьцяўляецца «з выняцьцём зямельных дзялянак ва ўсіх землекарыстальнікаў», а нацыянальнага парка — у асобных землекарыстальнікаў. Паводле 36-га артыкула Закону, НАНБ праводзіць назіраньні за зьмяненьнем складу земляў і навакольнага асяродзьдзя на прыродаахоўных землях кожныя 10 гадоў, за станам навакольля — прынамсі аднойчы на 5 гадоў і за пагрозамі навакольлю на маршрутах — аднойчы на 2—5 гадоў. У 38-м артыкуле прадугледжвалася, што дзяржаўныя праграмы разьвіцьця прыродаахоўных земляў «распрацоўваюцца Мінпрыроды сумесна з НАНБ і Кіраўніствам справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»[1].

Паштовая марка Беларусі. 600 гадоў запаведнасьці Белавескай пушчы (2009 год)

Паводле 24-га артыкула Закону, на прыродаахоўных землях Беларусі забаранялася:

  1. «выведка і распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў;
  2. скід сьцёкавых водаў у навакольнае асяродзьдзе;
  3. мыйка мэханічных транспартных сродкаў;
  4. выкананьне гідратэхнічнай мэліярацыі» і зьмяненьне воднага ладу;
  5. "выпальваньне сухой расьліннасьці, травы на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў;
  6. «спальваньне пасечаных рэшткаў пры правядзеньні высечак лесу»;
  7. «увядзеньне дзікіх жывёлаў і расьлінаў;
  8. узьвядзеньне прамысловых, камунальных і складзкіх збудаваньняў, аўтамабільных заправачных станцыяў, станцыяў тэхнічнага абслугоўваньня і мыйняў для аўтатранспарту, жывёлагадоўчых стайняў і жылой забудовы, разьмяшчэньне летнікаў для жывёлы, стварэньне новых садаводчых таварыстваў і лецішчавых каапэратываў;
  9. разьмяшчэньне асобных намётаў, намётавых мястэчак, стаянак падарожнікаў, іншых абсталяваных зонаў і месцаў адпачынку, стаянак мэханічных транспартных сродкаў, распальваньне вогнішчаў»;
  10. «правядзеньне суцэльных высечак галоўнага карыстаньня;
  11. складаваньне і прымяненьне лётным чынам хімічных сродкаў аховы расьлінаў, рэгулятараў іх росту і ўгнаеньняў;
  12. выняцьце, выдаленьне, пашкоджаньне і зьнішчэньне драўняна-хмызьняковай расьліннасьці, жывога надглебавага покрыва і ляснога подсьцілу, зьняцьцё ўрадлівага слою глебы, улучна з подсьцілавымі пародамі;
  13. выкарыстаньне юрыдычнымі і фізычнымі асобамі водных транспартных сродкаў з рухавікамі ўнутранага згараньня звыш 15 конскіх сілаў;
  14. рух і стаянка мэханічных транспартных сродкаў і самаходных машынаў па-за дарогамі агульнага карыстаньня і адмыслова абсталяванымі месцамі;
  15. узворваньне земляў у прыбярэжных палосах;
  16. правядзеньне навуковых досьледаў з прыроднымі мясьцінамі, што могуць прывесьці да шкоднага ўзьдзеяньня»[1].
Возера Дрывяты ў нацыянальным парку «Браслаўскія азёры» (2010 год)

У 37-м артыкуле Закону «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях» прадугледжвалася, што прыродаахоўнай тэрыторыі прысвойваецца рэестровы нумар у выглядзе АААА.Б.В.Г, дзе:

  • АААА — парадкавы нумар у летапісным парадку ўліку;
  • Б — лічбавы код віда прыродаахоўнай зямлі (4 — помнік прыроды, 3 — заказьнік, 2 — нацыянальны парк і 1 — запаведнік);
  • В — лічбавы код значнасьці (2 — мясцовая, 1 — рэспубліканская);
  • Г — лічбавы код Менску (7) або вобласьці (1 — Берасьцейская, 2 — Віцебская, 3 — Гомельская, 4 — Гарадзенская, 5 — Менская і 6 — Магілёўская; некалькі вобласьцяў згадваецца праз касую рысу)[1].
Заказьнік «Сярэдняя Прыпяць» у Лунінецкім раёне (2008 год)

У 1923 годзе Савет народных камісараў Беларускай ССР зацьвердзіў Пастанову аб парадку аховы помнікаў прыроды, якія абвясьціў дзяржаўнай уласнасьцю. У 1925 годзе Бярэзінскі запаведнік стаў першым у Беларускай ССР. У 1930-я гады стварылі водаахоўныя лясы. У 1939 годзе заснавалі запаведнік «Белавеская пушча». У 1960 годзе Савет міністраў БССР утварыў Дзяржаўны камітэт аховы прыроды. У 1961 годзе зацьвердзілі Закон аб ахове прыроды. У 1963 годзе Савет міністраў БССР ухваліў Пастанову «Аб ахове помнікаў прыроды на тэрыторыі Беларускай ССР», паводле якой іх сьпіс дапоўнілі. Самі помнікі прыроды падзялілі на батанічныя, водныя і геалягічныя. У 1992 годзе ў незалежнай Беларусі ўхвалілі Закон «Аб ахове навакольнага асяродзьдзя». У 1997—2002 гадах зацьвердзілі Кодэксы аб нетрах, вадзе, зямлі і лесе. На 1 студзеня 2004 году ў Беларусі налічвалася 1476 прыродаахоўных тэрыторыяў агульнай плошчай 16 294 км² (7,6 % тэрыторыі Беларусі). Сярод іх было 439 мелі рэспубліканскую значнасьць пры агульнай плошчы 12 618 км²: 337 помнікаў прыроды і 97 заказьнікаў, зь якіх 52 біялягічныя, 27 краявідных і 18 водных. Таксама дзейнічаў Бярэзінскі запаведнік і 4 нацыянальныя паркі Беларусі: «Белавеская пушча», «Браслаўскія азёры», Нарачанскі і Прыпяцкі. Сярод прыродаахоўных земляў 23 прыпадала на даліны і паплавы рэк агульнай плошчай 3948 км² (31,4 %), у тым ліку Прыпяцкі нацыянальны парк і заказьнікі Сярэдняя Прыпяць, Ліпічанская пушча і Днепра-Сожаўскі. На адкрытыя і лясныя балоты прыпадала 31 прыродаахоўная тэрыторыя агульнай плошчай 2832 км² (22,5 %), у тым ліку Бярэзінскі запаведнік і заказьнікі Ельня, Дзікае і Альманскія балоты. Таксама налічвалася 32 векавыя лясы агульнай плошчай 2734 км² (21,7 %), у тым ліку нацыянальны парк «Белавеская пушча» і 31 заказьнік. На лясныя азёры прыпадала 16 прыродаахоўных тэрыторыяў агульнай плошчай 3067 км² (24,4 %), у тым ліку Нарачанскі нацыянальны парк і «Браслаўскія азёры», а таксама заказьнікі Рычы, Доўгае, Крывое і Сялява. Міжнародную значнасьць мелі: Белавеская пушча як помнік прыроды Сусьветнай спадчыны і сумежны біялягічны запаведнік; Бярэзінскі запаведнік пад эгідай ААНАНК і Рады Эўропы; заказьнікі Альманскія балоты, Сярэдняя Прыпяць, Ельня, Асьвейскі і Званец як водна-балотныя ўгодзьдзі паводле Рамсарскай канвэнцыі 1977 году; Прыпяцкі нацыянальны парк і заказьнікі Сярэдняя Прыпяць, Прастыр, Званец, Дзікае і Выганашчанскае былі важнымі для птушак тэрыторыямі[3].

На 1 студзеня 2004 году агульная плошча помнікаў прыроды складала 166 км². Сярод 572 помнікаў прыроды мясцовай значнасьці было 189 валуноў і валунна-галечных канглямэратаў, 103 каштоўныя насаджэньні, 95 паркаў, 65 камавых узгоркаў, 60 крыніцаў і азёраў, 51 дрэва і 8 геалягічных агаленьняў. Таксама існавала 337 помнікаў прыроды рэспубліканскай значнасьці, зь іх 158 валунаў і іх спалучэньняў, 58 векавых і рэдкіх дрэваў ды іх спалучэньняў, па 31 каштоўным насаджэньні і камавым узгорку, 27 геалягічных агаленьняў, 23 старадаўнія паркі, 5 мінэральных крыніцаў, 3 месцы росту рэдкіх расьлінаў і 1 парк камянёў[4]. На канец лістапада 2017 году прыродаахоўныя землі Беларусі займалі звыш 45 000 км², што складала звыш 20 % плошчы краіны[5].


На 2020 год у Беларусі налічваўся 931 помнік прыроды, у тым ліку 605 мясцовай значнасьці (65 %)[6], і 381 заказьнік, у тым ліку 282 мясцовай значнасьці (74 %)[7]. Таксама дзейнічала 4 нацыянальныя паркі Беларусі і 2 запаведнікі — Бярэзінскі і Палескі.

  1. ^ а б в г д е А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 15 лістапада 2018 году № 150-З «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 13 сьнежня 2018 г. Праверана 2 ліпеня 2020 г.
  2. ^ Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 студзеня 2023 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  3. ^ Натальля Юргенсан. Ахова прыроды (Запаведная справа) // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 2. — С. 84-85. — 760 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
  4. ^ П.І. Лабанок. Ахова прыроды (Помнікі прыроды) // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 2. — С. 88-89. — 760 с.
  5. ^ Андрэй Ястрабаў, тэлеканал «Беларусь 1». Водна-балотны заказьнік пачаў функцыянаваць у Прапойскім раёне // Белтэлерадыёкампанія, 27 лістапада 2017 г. Праверана 8 ліпеня 2021 г.
  6. ^ Помнікі прыроды мясцовай значнасьці (рас.) // Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 2 ліпеня 2020 г.
  7. ^ Заказьнікі рэспубліканскай і мясцовай значнасьці (рас.) // Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 2 ліпеня 2020 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вонкавыя выявы
Мапа асабліва ахоўных прыродных тэрыторыяў Беларусі
(Аўтары: Андрэй Галдзянкоў, Яўген Марозаў, Сяргей Сахараў;
Ахова прыроды // БелЭн. — Менск, 2004. — Т. 18. Кн. 2. — С. 86-87.)
C. 86
C. 87