Перайсьці да зьместу

Бярэзінскі біясфэрны запаведнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Бярэзінскі запаведнік»)

Бярэзінскі запаведнік — беларускі дзяржаўны запаведнік, створаны ў 1925 годзе. Вялікі комплекс хваёвых лясоў, якія перамяжаюцца зь верхавымі і нізіннымі балотамі і поймамі рэк. Прыродныя ўмовы запаведніка характарызуюцца некранутым абліччам лясоў і вялікіх сфагнавых балот. Тут захаваліся ўнікальныя ў Эўропе балотныя масівы, агульная плошча якіх складае 50 700 гектараў. У паўночнай і цэнтральнай, больш узвышаных частках запаведніка, пераважаюць пераходныя і верхавыя балоты, сярод якіх разьмешчаныя пакрытыя хваёвым лесам мінэральныя астравы. У паўднёвай частцы запаведніка знаходзяцца буйныя масівы нізінных балот (у тым ліку і ўся пойма Бярэзіны). Сярод лясоў дамінуюць хвойнікі, якія ўтвараюць буйныя масівы. Больш за палову хваёвых лясоў забалочана альбо прымеркавана да верхавых і пераходных балот.

Бярэзінскі біясфэрны запаведнік

Тэрыторыя запаведніка адносіцца да басэйнаў рэк Бярэзіны і часткова Эсы, якія, у сваю чаргу, адносяцца да Чарнаморскага і Балтыйскага басэйнаў адпаведна. Водападзел між імі праходзіць па паўночна-ўсходняй частцы запаведніка. Увогуле, рачная сетка тэрыторыі прадстаўлена 69 рэкамі, галоўнай сярод якіх зьяўляецца Бярэзіна. Яна бярэ пачатак у 45 кілямэтрах ад паўночнай аканечнасьці запаведніка, даўжыня яе ў межах запаведніка складае 110 км. Рэчышча ракі зьвілістае, у яе даліне знаходзіцца многа старыц і пойменных азёр. Неабходна адзначыць і буйнейшы прыток Бярэзіны — раку Сергуч даўжынёй у 35 км. Веснавая паводка пачынаецца ў другой палове сакавіка — першай палове красавіка і працягваецца 20—40 дзён.

Усе азёры запаведніка адносяцца да эўтрофнага тыпу і знаходзяцца на стадыі інтэнсіўнага зарастаньня. Самае буйное зь іх — возера Палік (712 гектараў) — уяўляе сабой натуральнае пашырэньне рэчышча Бярэзіны на паўднёвай ускраіне запаведніка.

На тэрыторыі запаведніка знаходзіцца паўднёвы адрэзак штучнай бярэзінскай воднай сыстэмы, якая злучае рэкі Бярэзіну і Дзьвіну. Гэта сыстэма адыгрывае пэўную гідралягічную ролю тым, што падтрымлівае ўсталяваны водны рэжым навакольнай тэрыторыі і не аказвае істотнага ўзьдзеяньня на балотныя сыстэмы запаведніка.

У Бярэзінскім запаведніку праведзена дыфэрынцыяцыя тэрыторыі на ўчасткі з розным рэжымам аховы. Усяго створана 6 зон: абсалютна запаведная, буфэрная, экспэрымэнтальна-гаспадарчая, экскурсійная, ахоўная і гідралягічная. Абсалютна запаведная зона складае 47,2% ад агульнай плошчы запаведніка. Гаспадарчая дзейнасьць (сельская гаспадарка) дазволена ў экспэрымэнтальна-гаспадарчай зоне (7000 гектараў). Вакол запаведніка праходзіць ахоўная зона шырынёй 2 кілямэтры, якая належыць лясгасам, калгасам і саўгасам. У гэтай зоне забаронены тыя віды гаспадарчай дзейнасьці, якія могуць аказаць адмоўны ўплыў на прыродныя комплексы запаведніка. У гідралягічнай зоне, якая працягнулася вакол запаведніка кальцом шырынёй 5 км, забаронены пошукавыя і меліярацыйныя работы.

Разнастайнасьць прыродных умоваў тэрыторыі абумовіла багацьце расьліннага і жывёльнага сьвету. Фаўністычны сьпіс Бярэзінскага запаведніка ўключае 230 відаў птушак, зь якіх 179 адзначана на гнездаваньні. Пераважна гэта лясныя і водна-балотныя віды, у меншай ступені — віды адкрытых тэрыторыяў і населеных пунктаў. На тэрыторыі запаведніка адзначана 56 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.

Акрамя іх у запаведніку гняздуецца значная колькасьць чапляў-бугаёў Botaurus stellaris (10—15 самцоў), звычайны на гнездаваньні драч Crex crex — від, які знаходзіцца пад глябальнай пагрозай зьнікненьня.

Сучасная флёра запаведніка ўключае больш за 2000 відаў расьлін, у тым ліку 798 сасудзістых, 37 відаў занесены ў Чырвоную кнігу. Увогуле па Беларусі назіраецца прыкладная раўнавага паміж халадаўстойлівымі і цеплалюбівымі формамі расьлін зь невялікай перавагай апошніх, на тэрыторыі ж Бярэзінскага запаведніка менавіта халадаўстойлівыя віды атрымалі найбольшае разьвіцьцё. У запаведніку выяўлены тры новыя для Беларусі віды расьлін: сухацветка прыземістая Omalotheca supina (знаходзіцца далёка за паўднёвай мяжой арэала), асака заліўная Carex paupercula, пузырнік судэцкі Cystopteris sudetica (рэліктавы від, у запаведніку існуе ізаляваная папуляцыя).

На тэрыторыі запаведніка адзначана 56 відаў млекакормячых, 8 зь якіх — зубар Bison bonasus, буры мядзьведзь Ursus arctos, барсук Meles meles, рысь Felis linx, сажалкавая начніца Myotis dasicneme, малая вячэрніца Nyctalus leisleri, паўночны кажанок Vespertilio nillsoni і садовая соня Eliomus quercinus — занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

З 5 відаў паўзуноў і 11 відаў земнаводных ахове належыць чаратовая рапуха Bufo calamita.

Больш за 50 гадоў у Бярэзінскім біясфэрным запаведніку працуе Музэй прыроды, дзе прадстаўлена каля 300 відаў жывёл.

Да гістарычных славутасьцяў запаведніка адносяцца таксама старажытныя славянскія курганы, Бярэзінская водная сыстэма (адзін са старажытнейшых гандлёвых шляхоў з «вараг у грэкі»), рэшткі каналаў канца XIX стагодзьдзя, месца бітваў вайны 1812 году.

  • Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял разнастайнасці /аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с — Паводле эл. рэсурса ptushki.org

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бярэзінскі біясфэрны запаведніксховішча мультымэдыйных матэрыялаў