Мазырскі павет
Мазырскі павет лац. Mazyrski paviet | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | адміністрацыйная адзінка[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Мазыр |
Дата ўтварэньня | 1566 |
Дата скасаваньня | 1793 |
Старосты | Старосты мазырскія |
Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
Час існаваньня | 1565/66—1793 |
Месцазнаходжаньне Мазырскага павету | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Мазы́рскі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Кіеўскага, пазьней Менскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Знаходзіўся на ўсходзе Палесься. Сталіца — места Мазыр.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Утварыўся згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў, уваходзіў у склад Кіеўскага ваяводзтва.
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі, згодна з указам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году, Кіеўскае ваяводзтва стала часткаю Кароны Польскай[1]. Мазырскі павет, пад уплывам віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ і мазырскага старосты Мікалая Радзівіла Рудога ды падтрымаўшай яго павятовай шляхты, быў выведзены з Кіеўскага і далучаны да Менскага ваяводзтва ВКЛ.
У лістападзе 1793 году на Мазыршчыне зьявіўся пісьмовы ўнівэрсал Тадэвуша Касьцюшкі з заклікам, каб «зьбіраліся грамадзяне да аднаўленьня Айчыны»[2].
20 сьнежня 1793 году ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай тэрыторыя павету апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі.
Сымболіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мескі герб атрымаў толькі Мазыр.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На поўначы межаваў з Слуцкім княствам і Наваградзкім паветам Наваградзкага ваяводзтва, на захадзе — зь Пінскім паветам Берасьцейскага ваяводзтва, на поўдні — з Кіеўскім ваяводзтвам, на ўсходзе — з Рэчыцкім паветам Менскага ваяводзтва.
У склад Мазырскага павету ўваходзіла тэрыторыя Мазырскага гродавага, Бчыцкага (Пціцкага) і Убарцкага[3] старостваў (дзяржаўных воласьцяў) і прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі.
Найбольш значныя мястэчкі: Капаткевічы, Каралін, Загальле, Лельчыцы, Ленін, Нароўля, Петрыкаў, Скрыгалаў[4] (паводле Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх — Азарычы і Кімбараўка). Таксама на тэрыторыі павету знаходзіліся мястэчкі Барбароў, Белая Сарока і Юравічы. Магдэбурскае права меў толькі Мазыр (28.01.1577).
Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сярэдзіне XVII ст. Мазырскі павет налічваў 5276 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 37 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 15 тыс. чал.[5]
Паводле люстрацыі 1775 году ў павеце было 5350 дымоў[6].
Ураднікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Павятовы соймік праходзіў у Мазыры, тамака ж месьціліся падкаморскі, земскі і гродзкі суды. Мазырская шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
На Гарадзенскім сойме 12 студзеня 1793 году дзеля павелічэньня колькасьці сэнатараў ад Вялікага Княства Літоўскага намінавалі кашталяна мазырскага шляхам павышэньня да кашталянскай годнасьці мясцовага павятовага маршалка, якім на той момант быў Мацей Казімер Аскерка. Ён атрымаў прывілей 26 кастрычніка 1793 году, але ўжо ў сьнежні таго ж году новая адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа Рэчы Паспалітай скасавала мазырскую кашталянію. У выніку, кашталян мазырскі захаваў свой тытул, але ўжо ня меў сэнатарскіх паўнамоцтваў.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Драўляная
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На тэрыторыі Мазыршчыны склалася самабытная ўсходнепалеская архітэктурная школа.
-
Пятніцкая царква, Аўцюкі
-
Царква, Барыскавічы
-
Мікольская царква, Лучыцы
-
Міхайлаўская царква, Людзяневічы
-
Міхайлаўская царква, Ляскавічы
-
Пятніцкая царква, Мазыр
-
Фарны касьцёл, Мазыр
-
Касьцёл Зьвеставаньня, Петрыкаў
-
Пакроўская царква, Сотнічы (Петрыкаў)
-
Царква, Прудок
-
Зьмітраўская царква, Скароднае
-
Міхайлаўская царква, Даманавічы
Мураваная
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У XVII ст. у мураваную архітэктуру Мазыршчыны прыйшла стылістыка барока.
-
Касьцёл і кляштар цыстэрыянак, Кімбараўка
-
Касьцёл і кляштар цыстэрыянаў, Кімбараўка
-
Касьцёл і калегіюм езуітаў, Юравічы
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009).
- ^ Юхо Я., Емяльянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам…» — Менск: Навука і тэхніка, 1994.
- ^ Насевіч В. Мазыр // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 41.
- ^ Насевіч В. Мазырскі павет // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 261.
- ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
- ^ Jelski A. Powiat mozyrski // Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S. 339.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
|