Луіс Фэліпэ Скалары
Гэты артыкул ня мае шаблёну-карткі. Неабходны шаблён — {{Футбаліст}}. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, дадаўшы яго. |
Луі́с Фэлі́пэ Скала́ры (па-партугальску: Luíz Felipe Scolari; нарадзіўся 9 лістапада 1948) — бразыльскі футбольны трэнэр.
Асабістае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скалары паходзіць з італьянскай сям’і, якая імігравала ў Бразылію. Яго бацька, які нарадзіўся ў Вэнэцыі, у 1940-х гадах лічыўся адным з найлепшых абаронцаў у штаце Рыю-Грандзі-ду-Сул. Скалары ўспадкаваў ад яго італьянскае грамадзянства.
Трэнэрская кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клюбныя каманды й Кувэйт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скалары пачаў трэнэрскую кар’еру ў 1980-х у правінцыйным клюбе «Сэнтра Спартыва Алагоана». За ім рушылі ўслед некалькі клюбаў у Бразыліі й саудаўскі клюб «Аль-Шабаб», які стаў першым замежным клюбам Скалары. У 1987 годзе Скалары трэніраваў адзін з найболей вядомых бразыльскіх клюбаў — «Грэміё». Аднак і тамака ён затрымаўся ненадоўга і неўзабаве перайшоў у «Гоіяс». Пасьля гэтага Скалары на два гады зьехаў у Кувэйт, дзе трэніраваў клюб «Аль-Кадысія» і зборную Кувэйту. Па вяртаньні ў Бразылію ў 1991 годзе Скалары стаў настаўнікам клюбу «Крысыюма» і выйграў разам зь ім Кубак Бразыліі і свой першы буйны тытул. У тым жа годзе ён ізноў пакінуў Бразылію і зьехаў у Саудаўскую Арабію ў клюб «Аль-Ахлі» Джэда. Яму рушыла ўсьлед гадавое знаходжаньне ў старым клюбе Скалары «Аль-Кадысія».
У 1993 годзе Скалары вярнуўся ў Бразылію і ізноў узначаліў «Грэміё». З гэтым клюбам ён у 1994 годзе выйграў Кубак Бразыліі, у 1995 годзе — Кубак Лібэртадорэс, а ў 1996 годзе — першынства Бразыліі. Пасьля гэтага Скалары зьехаў у Японію ў клюб «Жубіла Івата», але неўзабаве ізноў вярнуўся ў Бразылію. На чале «Палмэйрас» ён у 1998 годзе зноў выйграў Кубак Бразыліі, а таксама заваяваў Кубак Мэркасур і Кубак Лібэртадорэс. У 2000 годзе Скалары перайшоў у «Крузэйра».
Трэнэр зборнай Бразыліі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пад кіраўніцтвам Эмэрсана Леаў бразыльцы не апраўдвалі грамадзкіх чаканьняў і ў Кубку Канфэдэрацыяў 2001 году занялі ўсяго толькі чацьвертае месца. У чэрвені 2001 году трэнэрам Бразыліі стаў Скалары. Хоць у першы час негатыўныя вынікі падоўжыліся, яму атрымалася пасьпяхова мінуць адборачны тур да ЧС-2002, на якім Бразылія ў пяты раз стала чэмпіёнам сьвету, выйграўшы ў фінале ў зборнай Нямеччыны. Пасьля гэтага посьпеху ён быў абраны трэнэрам году ФІФА 2002. Тым ня менш, Бразыльская футбольная канфэдэрацыя (CBF) і заўзятары былі незадаволеныя яго працай і празь некаторы час ён быў змушаны сыйсьці ў адстаўку.
Трэнэр зборнай Партугаліі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 2003 году Скалары зьяўляецца трэнэрам зборнай Партугаліі. На ЧЭ-2004 ён вывеў каманду ў фінал, саступіўшы ў ім зборнай Грэцыі 0:1. Разам зь немцам Ота Рэхагелем ён быў першым замежным трэнэрам, які дасягнуў фіналу гэтага першынства. У красавіку 2006 году брытанская прэса абмяркоўвала яго кандыдатуру на месца трэнэра зборнай Ангельшчыны Свэна-Ёрана Эрыксана, аднак Скалары адмовіўся. Замест гэтага ён падоўжыў дамову з партугальскай футбольнай фэдэрацыяй да ЧЭ-2008. На ЧС-2006 яго падапечныя прайгралі ў паўфінале зборнай Францыі, пасьля чаго Скалары выказаў меркаваньне, што судзьдзя падыгрываў французам. Па выніках чэмпіянату зборная Партугаліі заняла чацьвертае месца.
12 верасьня 2007 году ў матчы адборачнага тура на ЧЭ-2008 супраць Сэрбіі паміж Скалары і сэрбскім гульцом Івіцай Драгуцінавічам дайшло да рукапрыкладзтва. У прыватнасьці, Скалары спрабаваў стукнуць Драгуцінавіча кулаком у твар. Пазьней ён сьцьвярджаў, што дакрануўся толькі да валасоў сэрба, але відэааналіз паказаў, што ўдар Скалары не патрапіў у цэль толькі з-за таго, што Драгуцінавіч пасьпеў увярцецца. Таму Скалары быў дыскваліфікаваны УЭФА на чатыры гульні.
11 чэрвеня 2008 году, падчас групавога турніру чэмпіянату Эўропы, было афіцыйна абвешчана аб тым, што па канчатку турніру, а менавіта з 1 ліпеня 2008 году Скалары зойме пост галоўнага трэнэра ангельскага футбольнага клюбу «Чэлсі».[1]
Трэнэрскія дасягненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Клюбы
- Чэмпіён штату Алагоас: 1982 («ССА»)
- Чэмпіён штату Рыю-Грандзі-ду-Сул (3): 1987, 1995, 1996 («Грэміё»)
- Чэмпіён Бразыліі: 1996 («Грэміё»)
- Уладальнік Кубка Бразыліі (3): 1991 («Крысыюма»), 1994 («Грэміё»), 1998 («Палмэйрас»),
- Уладальнік Кубка Лібэртадорэс (2): 1995 («Грэміё»), 1999 («Палмэйрас»)
- Уладальнік Рэкопы Паўднёвай Амэрыкі: 1996 («Грэміё»)
- Уладальнік Кубка Мэркасур: 1998 («Палмэйрас»)
- Зборныя
- Чэмпіён сьвету: 2002 (Бразылія)
- Фіналіст чэмпіянату Эўропы: 2004 (Партугалія)
- Асабістыя
- Трэнэр году ў Паўднёвай Амэрыцы (2): 1999, 2002
- Трэнэр году ФІФА: 2002
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Луіс Фэліпэ Скалары — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў