Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак (Менск)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак
| |
Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Менск |
Каардынаты | 53°54′5.57″ пн. ш. 27°33′16.14″ у. д. / 53.9015472° пн. ш. 27.5544833° у. д.Каардынаты: 53°54′5.57″ пн. ш. 27°33′16.14″ у. д. / 53.9015472° пн. ш. 27.5544833° у. д. |
Архітэктурны стыль | барокавая архітэктура[d] |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Дата скасаваньня | 1964 |
Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак | |
Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак на Вікісховішчы |
Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Менску. Знаходзіўся на паўднёва-заходнім баку Высокага Рынку, на Зборавай вуліцы[a]. У другой палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры віленскага барока.
Комплекс Менскага жаночага бэнэдыктынскага кляштару складаўся з касьцёла, кляштарнага корпусу з прыбудоваю, капліцы, капэляніі, двух флігеляў, бровару, сьвірану, стайні і інш. пабудоваў, а таксама саду. Тэрыторыю кляштару атачаў высокі мур, які меў некалькі брамаў. У другой палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі часткова зруйнавалі касьцёл у выніку маскоўскай перабудовы, у 1960-я рокі савецкія ўлады дашчэнту зьнішчылі помнік. Да нашага часу захаваліся падмуркі касьцёла[1][2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кляштар бэнэдыктынак у Менску заснаваў віленскі канонік Войцех Сялява, які купіў у месьце два дамы зь іншымі пабудовамі ў С. Друцкага-Горскага і А. Сакалінскага і перадаў іх ордэну. Адпаведны фундуш ад 4 траўня 1633 року 14 ліпеня таго ж року пацьвердзілі кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза і віленскі біскуп С. Война[3]. Першыя сёстры-бэнэдыктынкі перасяліліся сюды зь нясьвіскага бэнэдыктынскага кляштару.
Ад пачатку комплекс быў драўляным, але ўжо ў 1647—1649 роках намаганьнямі ваяводы віленскага Крыштапа Хадкевіча і ягонай жонкі Соф’і, уроджанай Горскай-Друцкай, архітэктар А. Кромер узьвёў мураваны касьцёл пад тытулам Сьвятога Войцеха, біскупа і мучаніка. Мураваны кляштарны корпус збудавалі на сродкі К. К. Сьвірскай[3]. Мэцэнатамі кляштару былі Марцыбэла Зянкевіч, Сусанна і Алена Станкевіч, Сусанна Навадворская і інш.
У вайну з Маскоўскай дзяржавай 1654—1667 рокаў захопнікі спалілі ўсе драўляныя кляштарныя пабудовы, значна пашкодзілі і разрабавалі мураваную сьвятыню. Кляштар адбудавалі ў 1670-я рокі, касьцёл асьвяціў біскуп Мікалай Слупскі.
У 1682 року ўвесь комплекс рэканструявалі, апроч таго ўзьвялі новы мураваны кляштарны корпус. У 1780-я рокі комплекс кляштару зноў рэканструявалі паводле праекту архітэктара Т. Раманоўскага ў стылі сталага барока, але будаваньне вежаў-званіцаў завяршылася толькі ў 1803 року.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 рок), калі Менск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. На канец XVIII — пачатак XIX стагодзьдзяў у валоданьні кляштару знаходзіліся 3 фальваркі, 8 вёсак, 3 карчмы, млын і каля 93 валок зямлі. У 1799 року ў ім жылі 22 бэнэдыктынкі. Пры кляштары дзеяла школа, у якой паводле Яна Ходзькі, навучалася 18 дзяўчат (толькі 6 зь іх плацілі на навучаньне[3]).
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1871 року расейскія ўлады зачынілі кляштар бэнэдыктынак, гвалтоўна адабралі будынкі ў каталікоў і перадалі іх Урадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскаму патрыярхату) пад жаночы манастыр. У 1872 року мастацкае аблічча комплексу пацярпела ад маскоўскай перабудовы.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пачатку 1920-х рокаў савецкія ўлады ліквідавалі манастыр. Некаторы час царква ў будынку былога касьцёла працягвала дзеяць, але ў 1930-я рокі яе прыстасавалі пад клюб.
У сярэдзіне 1960-х рокаў помнік архітэктуры ўзарвалі. Пазьней зь левага боку ад падмуркаў касьцёла збудавалі будынак мескай пракуратуры з чырвонай цэглы.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл — прастакутны ў пляне 1-нэфавы аб’ём з 5-граннай апсыдай, памерамі 70 на 20 локцяў (каля 46×13 м). Будынак меў 2-схільны чарапічны дах, больш нізкі над прэзьбітэрыюмам. Галоўны фасад, зьвернуты да вуліцы, завяршаўся франтонам крывалінейнага абрысу. Над ім узвышаліся 2 высокія 3-ярусныя вежы з купальнымі завяршэньнямі. Фасад меў вытанчаную архітэктурную плястыку: тонкапрафіляваны карнізны пас падзяляў яго на два ярусы, а пілястры — на тры часткі, аконныя праёмы мелі мяккую лучковую абмалёўку[4].
Інтэр’ер пад цыліндрычнымі скляпеньнямі ўпрыгожвалі пяць 2-ярусных алтароў: галоўны алтар Сьвятога Войцеха, алтары Тадэвуша Апостала, Сьвятой Сям’і, сьвятых патрыярхаў Бэнэдыкта і Схалястыкі, Беззаганага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. У галоўным драўляным алтары захоўваўся абраз Маці Божай зь Дзіцяткам, напісаны на палатне, у срэбнай з пазалотай і рубінамі шаце. У другім ярусе быў абраз Сьвятога Войцеха, увенчвала кампазыцыю разьбянае Ўкрыжаваньне. Падлогу ў прэзьбітэрыюме касьцёла пакрывалі пліткі чорнага мармуру, у санктуарыюме яна была цаглянаю. Закрысьція была адна, на хорах стаялі арганы на 10 галасоў. Побач з хорамі каля бакавой сьцяны існавала адмысловая галерэя, дзе ў час сьвятаў выступалі музыкі[5].
Пры перабудове касьцёла на царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі верхнія ярусы вежаў і франтон зруйнавалі, замест іх паставілі 5 глухіх купалоў-цыбулінаў над асноўным аб’ёмам і драўляную абшытую жалезам 3-ярусную шатровую званіцу ў цэнтры галоўнага фасаду[3].
Кляштар
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кляштарны корпус — 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак, які далучаўся да заходняга фасаду касьцёла. Дах вальмавы. Насуперак архітэктуры касьцёла ён меў сьціплы плястычны разьвязак, фасады рытмічна падзяляліся прастакутнымі аконнымі праёмамі[4].
Цікавай была сыстэма ацяпленьня будынка — ад печак у тоўшчы сьценаў і пад падлогаю праходзілі своеасаблівыя керамічныя калярыфэры, якія давалі дадатковае цяпло. Корпус бэнэдыктынак разьлічваўся на 15 кельляў, тым ня менш у кляштары часам знаходзілася да 28 законьніцаў, а разам з навіцыяткамі, вучаніцамі і службоўцамі насельніцтва асяродку дасягала 90 чалавек.
У комплекс кляштару таксама ўваходзіў сад, які паводле інвэнтару 1804 року налічваў 150 фруктовых дрэваў і агарод.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Да маскоўскай перабудовы (направа), 1868 р.
-
1882 р. (паводле 1868 р.)
-
каля 1870 р.
-
Па маскоўскай перабудове, 1870-я рр.
Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Да маскоўскай перабудовы, каля 1870 р.
-
Па маскоўскай перабудове, каля 1900 р.
-
1901 р.
-
1903 р.
-
Зь вежы Чырвонага касьцёла. С. Трэпка, 1909 р.
-
1910 р.
-
1912 р.
-
1925 р.
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кляштар бэнэдыктынак быў апошнім, які ўлады Расейскай імпэрыі ліквідавалі ў Менску. Па здушэньні паўстаньня 1863—1864 рокаў ён яшчэ некаторы час функцыянаваў, але цярпеў перасьлед. У пачатку 1871 року з кляштару выслалі бэнэдыктынак, якія знайшлі тут прытулак па ліквідацыі іншых каталіцкіх кляштараў. Іх скіравалі ў Кімбараўскі кляштар, што знаходзіўся каля Мазыра[6].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ касьцёл стаяў побач з кінатэатрам «Перамога», кляштар — на месцы кінатэатру (вуліца Інтэрнацыянальная, 20)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Шыбека З., Гілеп У., Дзянісаў У. Што аднаўляць найперш? // Наша Ніва. № 46, 2004. С. 7 [1]
- ^ Аквапарк на кляштарных могілках // Наша Ніва. 27 верасьня 2006 г.
- ^ а б в г Дзянісаў У. Менскі кляштар бенедыкцінак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 292
- ^ а б Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 188.
- ^ Дзянісаў У. Кляштар бенедыкцінак // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 313.
- ^ Харэўскі С. Колькі шчыгулаў да разуменьня сучаснага Менску, «Беларускі калегіюм», лекцыі
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: «Ураджай», 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Дзянісаў У.. Мінскія бенедыктынкі: Гісторыя зруйнавага кляштара // Наша Вера. №2(24), 2003.
- Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; маст. І. Бокі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
- Пазняк З. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Менск: Нар. асвета, 1985. — 111 с.: іл.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|