Перайсьці да зьместу

Ежы Чапскі

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Ежы Гутэн-Чапскі»)
Ежы Чапскі
1900 г.
1900 г.

«Ляліва»
Менскі губэрнскі маршалак шляхты
29 верасьня 1918 — ліпень 1920
ПапярэднікСьцяпан Сорнеў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 14 лістапада 1861
маёнтак Станькаў, Менскі павет, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Памёр 25 ліпеня 1930
маёнт. Морды, Сядлецкі павет(en), Люблінскае ваяводзтва, Польская рэспубліка
Род Чапскія
Бацькі Эмэрык Чапскі
Эльжбэта Мэендорф
Жонка 1) Юзэфа Тун-Гогенштайн, 2) Паліна Ахматава
Дзеці
  • Леапальдына
  • Эльжбэта
  • Караліна
  • Марыя
  • Юзэф
  • Станіслаў
  • Роза
Рэлігія хрысьціянства
Дзейнасьць бізнэсмэн, земляўласьнік

Е́жы Ча́пскі ці Ю́ры[a] Ча́пскі (Гутэн-Чапскі) (па-польску: Jerzy Czapski (Hutten-Czapski), па-расейску: Ежи Чапский / Георгий (Юрий) Чапский (Гуттен-Чапский)1861; цяпер вёска Станькаў, Койданаўскі раён, Менская вобласьць, Беларусь —1930; цяп. горад Морды, Мазавецкае ваяводзтва, Польшча) — грамадзкі дзеяч Расейскай імпэрыі, беларускі абшарнік, арганізатар сельскагаспадарчай дзейнасьці ў Беларусі, старшыня Менскага таварыства дабрачыннасьці[1] і апошні менскі губэрнскі маршалак (1918—1920), Адзін зь лідэраў Менскага таварыства сельскай гаспадаркі. Уваходзіў у палітычную групоўку «краёўцаў», а пазьней «віленскіх кансэрватараў».

Належаў да каталіцкага графскага роду Чапскіх (Гутэн-Чапскіх) гербу «Ляліва» зьменены (герб «Гутэн-Чапскі»). Называў сябе беларусам[2].

Паходжаньне і сям’я

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў родавым маёнтку ў каталіцкай дваранскай сям’і графа Эмэрыка Каралевіча Чапскага (1828—1896) ад яго жонкі баранэсы Эльжбэты-Караліны фон Мэендорф (1833—1916). 24 студзеня 1862 году ахрышчаны ў каталіцкім абрадзе[3].

7 жніўня 1886 г. ажаніўся зь нямецкай графіняй Юзэфай-Марыяй-Каралінай-Сыдоніяй фон Тун-Гогенштайн (1867—1903) з Багеміі, што парадніла Чапскіх з арыстакратычнымі сем’ямі Аўстра-Вугоршчыны (Шварцэнбэргі і Клям-Мартыніцы). Бацька жонкі — граф Фрыдрых фон Тун-Гогенштайн (1810—1881) быў камэрарам імпэратара Аўстра-Вугоршчыны, сапраўдным тайным дарадцам і амбасадарам (1859—1863) Аўстрыйскай імпэрыі ў Расеі. Маці жонкі — графіня Леапальдына Лямбэрг, дачка графа Эдварда Лямбэрга і яго жонкі Караліны Штэрнбэрг, была фрэйлінай аўстрыйскай імпэратрыцы і кавалерствавай дамай ордэна Сузор’я Крыжа. Братамі жонкі былі гісторык і генэоляг Яраслаў фон Тун-Гогенштайн (1864—1929) і Франц фон Тун-Гогенштайн (1847—1916), які пазьней займаў пасады міністра-прэзыдэнта Цысьлейтаніі (1898—1899) і штатгальтара Багеміі (1889—1896, 1911—1915). Род Тун-Гогенштайн меў значныя зямельныя ўладаньні і палацы ў Багеміі — у Празе побач з Градчанамі валодалі палацам Тунаў, дзе заразь месьціцца амбасада Італіі ў Чэхіі. У гэтым палацы нарадзіліся трое зь сямі дзяцей ад першай жонкі (Марыя, Юзэф і Станіслаў), якая памерла ў 36-гадовым узросьце (1903) пры нараджэньні свайго восьмага дзіцяці. У 1925 г. узяў шлюб з расейскай дваранкай Палінай Ахматавай (народжанай Аненкавай; 1873—1955), якая насіла прозьвішча першага мужа[4].

Ад першай жонкі меў 7 дзяцей: Леапальдыну (1887—1969) — пайшла ў 1905 за Леана Лубеньскага (1861—1944), у 1945 пайшла за Аляксандра Гофмана (1890—1964); Эльжбэту (1888—1972); Караліна (1891—1967) — пайшла ў 1919 за Гэнрыка Пшаўлоцкага (1884—1981); Марыю (1894—1981); Юзэфа-Эмэрыка-Ігната-Антона-Франца-дэ Паўла-Марыя (1896—1993); Станіслава-Франца-дэ Паўла-Марыя-Герсана (1898—1959) — ажаніўся ў 1929 зь Верэн Наркевіч-Ёдка (1909—1992); Роза (1901—1986) — пайшла ў 1920 за графа Ігната Зібэрг-Плятара (1893—1973)[4].

Скончыў нямецкую гімназію імя Сьвятой Ганны ў Санкт-Пецярбургу. Пасьля паступіў у Імпэратарскі Дэрпцкі ўнівэрсытэт (Ліфляндзкая губэрня) на юрыдычны факультэт. Атрымаў навуковую ступень доктара права.

Грамадзкая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Арыстакратычнае жыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1888 г. як арыстакратычны абшарнік разам з бацькам Эмэрыкам і братам Каралем удзельнічаў у афіцыйным прыёме ў Менску вялікага князя Ўладзімера Аляксандравіча(en), які ладзіўся кіраўніцтвам Менскай губэрні і мясцовым заможным дваранствам. У 1894 г. пісьмова адмовіўся ад прапановы губэрнатара паехаць у Маскву на каранацыю Мікалая II праз хваробу жонкі[5].

Дабрачыннасьць і судзейства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Быў шматгадовым чальцом і старшынём (з канца XIX ст.) 1-га Менскага таварыства дабрачыннасьці, якое тады налічвала 170 правадзейных чальцоў і знаходзілася ва ўласным доме Ежы Чапскага ў Менску на вуліцы Багадзельнай. Таварыства ўтрымлівала за свой кошт прытулак для старых людзей, шпіталь на 245 ложкаў і штогод раздавала жабракам звыш 30 тысячаў абедаў. Быў намесьнікам старшыні менскага Таварыства правільнага паляваньня, якое знаходзілася на Юр’еўскай вуліцы ў доме Зьдзяхоўскага (дом № 24)[6].

Прызначаўся ганаровым міравым судзьдзём (1899—1902) Менскай акругі (у рамках Менскага павету) на трохгодзьдзе[3].

Увайшоў у склад створанага 19 сакавіка 1905 г. у Менску грамадзкага камітэту па будаўніцтве касьцёлу Сьвятых Сымона і Алены.

Зьбіраньне старажытнасьцяў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як і бацька, быў знаным зьбіральнікам рэдкіх кніг, якія набываў у Генрыха Татура (1846—1907). У 1895 г. напісаў яму падчас гандляваньня з-за выданьняў XVII ст.: «Дарагі Пане! Ёсьць ты ўпартым і цьвёрдым як скала». І ўрэшце прыняў прапанаваны кошт пакупкі[7].

Менскае таварыства сельскай гаспадаркі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы 1890-х гг. разам з братам Каралем уступіў у Менскае таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) у якасьці чальца. Брата абралі чальцом Рады МТСГ за прыкметны ўдзел ва ўсіх пасяджэньнях. Пасьля яго сьмерці таксама абраўся ў Раду МТСГ[8].

Генрык Вайсэнгоф. Эмблема выставы МТСГ — эскіз дыплёму прызэраў, 1901 г.

Караль у Станькаве, а Ежы — у Прылуках наладзілі штучнае лесаразьвядзеньне[9]. Пасьля вырубкі старога лесу на вываз у Амэрыку, Брытанію і Францыю запрошаныя з польскіх губэрняў лесаводы высадзілі ў 1910 г. у Прылуках эўрапейскую лістоўніцу. У выніку МТСГ вылучыла Прылуцкую лясную гаспадарку на атрыманьне залатога мэдаля і ладзіла ў ёй практычныя заняткі аб’езьнікаў прыватнаўласьніцкіх лясоў[9]. 20 студзеня 1977 году на паўночны захад ад Прылукаў абвесьцілі Прылуцкі заказьнік рэспубліканскай значнасьці.

Набыў для МТСГ маёнт. Туганавічы (Наваградзкі павет)для досьледнага засеву поля яравымі культурамі[9]. На палетках у Прылуках увёў васьміпольны севазварот, а ў сваіх суседніх зямельных уладаньнях Сеніца і Самахвалавічы адчыніў школы з выкладаньнем земляробства і садаводзтва.

На даручэньне намесьніка старшыні МТСГ Эдварда Вайніловіча быў галоўным арганізатарам сельгасвыставы ў Менску да 25-годзьдзя таварыства, што праходзіла з 26 жніўня па 4 верасьня 1901 году. Выстаўка налічвала 12 аддзелаў пры ўдзеле гаспадароў з 10 губэрняў: Валынскай, Віленскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Кіеўскай, Ковенскай, Магілёўскай, Менскай, Смаленскай і Чарнігаўскай. Мерапрыемства прынесла 3300 рублёў прыбытку[10].

Падчас рэвалюцыі 1905 году ўзначаліў камісію МТСГ па аграрным пытаньні, якая прапанавала пераадолець безьзямельле і малазямельле сялянаў з захаваньнем прыватнай уласнасьці праз пашырэньне крэдыту і выкараненьне неадукаванасьці сялянства[5].

У 1912 г. маёнт. Прылукі заняў першае месца ў сьпісе, сярод 11 прапанаваных на запыт Цэнтральнаму таварыству сельскай гаспадаркі ў польскіх губэрнях для перайманьня дасягненьняў.

Вылучэньне ў Дзяржаўны савет

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

12 красавіка 1906 г. вылучыўся на пасаду дэпутата ад Менскай губэрні ў Дзяржаўны савет Расейскай імпэрыі, але зь вялікай перавагай (196 галасоў) выбралі Эдварда Вайніловіча (1847—1928)[11]. 10 верасьня 1909 г. зноў вылучаўся, але быў выбраны князь Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919), былы дэпутат I Дзяржаўнай думы[12].

Першая сусьветная вайна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1915 г. абраўся старшынём Камісіі па распрацоўцы пытаньняў кампэнсацыі сельскім гаспадаркам Менскай губэрні, што пацярпелі ў ходзе баявых дзеяньняў. За тры месяцы камісія зарабіла 4,5 тыс. рублёў. Адначасова ў маёнтку Прылукі расейскае войска рэквізавала ўвесь лес (каля 1200 дзесяцінаў)[10]. У жніўні таксама ўзначаліў Менскі губэрнскі камітэт апекі над эвакуяваным насельніцтвам (бежанцамі). У кастрычніку чальцы-маянткоўцы Менскага аддзелу Таварыства дапамогі ахвярам вайны, якія складалі аснову камітэту, вылучылі пацярпелым гаспадаркам на пакрыцьцё стратаў па 22 рублі з кожнай дзесяціны сваіх земляў[5]. У кастрычніку таксама ўзначаліў пасольства МТСГ з трох асобаў у Петраград для сустрэчы з сэнатарам Зубчанінавым дзеля паскарэньня выплатаў пацярпелым ад вайны. Сэнатар абяцаў дапамагчы. 20 кастрычніка менскі губэрнатар атрымаў тэлеграму ад сэнатара: «Граф Чапскі просіць паскарэньня выдачы кампэнсацыі. Спадзяюся, што сто тысячаў ужо атрыманы. <…> Пажадана пачаць выдачу»[10].

У 1916 г. накіраваў пісьмовую просьбу міністрам унутраных справаў і фінансаў аб адтэрміноўцы нядоімак з маёнткаў Віленскаму зямельнаму банку (каля 40 млн рублёў) да сканчэньня вайны і аб зьняцьці з таргоў 220 маёнткаў, пастаўленых банкам да 9 сьнежня 1915 году на аўкцыён[5].

У канцы траўня 1917 г., за Часовым урадам, на Сходзе павятовых маршалкаў і дэпутатаў дваранства Менскай губэрні абраўся ў часовы камітэт з 12 асобаў, які ўтварылі для апекі над рухомай і нерухомай маёмасьцю дваранства. Адразу пасьля гэтага абраўся кіраўніком «Хаўрусу маянткоўцаў Менскай губэрні», утворанага на агульным сходзе МТСГ[13]. Мэтай хаўрусу былі зьніжэньне ваенных падаткаў на прыватныя маёнткі з боку ўраду Керанскага і абарона маёнткаў ад падзелу сялянамі, якія апанавалі валасное самакіраваньне[14].

У 1918, у час нямецкай акупацыі Менскай губэрні, быў упаўнаважаным Галоўнай управы Чырвонага Крыжа. У той час пражываў у Менску на вуліцы Захар’еўскай (дом 58).

Апошні менскі губэрнскі маршалак

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ежы Чапскі

5 верасьня 1917 г. Міністэрства ўнутраных справаў Часовага ўраду Расейскай дэмакратычнай рэспублікі выдала цыркуляр, у якім паведамляла пра хуткае скасаваньне дваранскага саслоўя і ліквідаваньне дваранскіх установаў, хоць Часовы ўрад не пасьпеў гэта зрабіць. У кастрычніку Ежы Чапскі ўзначаліў створаны «Хаўрус асобаў, запісаных у радаводныя кнігі Менскай губэрні», які замяніў «Хаўрус маянткоўцаў Менскай губэрні». 16 кастрычніка Сход павятовых маршалкаў і павятовых дэпутатаў дваранства губэрні перадаў новаму «Хаўрусу» усю маёмасьць, капіталы, архіў і радаводныя кнігі, а таксама будынак Менскага губэрнскага дваранскага сходу і дваранскі клюб. Прыбыткі ад маёмасьці і капіталаў мелі ісьці на асьвету і дабрачыннасьць для асобаў, запісаных у радаводныя кнігі Менскай губэрні[15].

Будынак (не захаваўся) Менскага дваранскага сходу, 1917 г.

29 верасьня 1918 г. перамог на дваранскіх выбарах Менскай губэрні без удзелу прадстаўнікоў Мазырскага, Пінскага і Рэчыцкага паветаў, атрымаўшы 86 абіральных і 22 неабіральныя балы[16]. У лістападзе ўзначаліў дваранскае пасольства, якое ўручыла камандзіру 10-й нямецкай арміі генэралу Эрыху фон Фалькенхайну (1861—1922) зварот да нямецкага імпэратара з прапановай утварыць пад нямецкім пратэктаратам Вялікае Княства Літоўска-Беларускае з губэрняў Паўночна-Заходняга краю[17].

Польская акупацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь ліпеня 1919 г. па красавік 1920-га ўдзельнічаў Менскім аддзеле Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва ў Беларусі. 19 верасьня ў складзе прадстаўніцтва МТСГ сустракаў Юзэфа Пілсудскага, які выступіў з прамовай па-беларуску аб неабходнасьці дзяржаўнасьці для беларусаў. Улетку 1920, перад наступленьнем Чырвонай арміі і замацаваньнем савецкай улады, назаўжды пакінуў свой маёнтак Прылукі і пераехаў ў Польшчу[15]. У ліпені адбылося скасаваньне пасады губэрнскага маршалка.

Жыцьцё ў міжваеннай Польшчы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Прамова Ежы Чапскага на банкеце ў гонар Пілсудзкага ў час зьезду віленскіх кансэрватараў у Нясьвіжы 25 кастрычніка 1926 г., надрукаваная ў газеце «Słowo» (№251, 1926 г.)

Першым часам пасьля страты маёнткаў у выніку Рыскага міру ў 1921 г. знаходзіўся ў Стоўбцах[18]. У 1922 г. стаў сузаснавальнікам Віленскага кола дабрачыннасьці. Узначаліў Хаўрус закардонных палякаў, які аб’ядноўваў дваранаў-католікаў Беларусі, чые маёнткі апынуліся на савецкай тэрыторыі Беларусі. Увайшоў у склад «віленскіх кансэрватараў». Быў запрошаны князямі Радзівіламі ў Нясьвіж на зьезд віленскіх кансэрватараў 25 кастрычніка 1926 г. для сустрэчы з маршалам Юзэфам Пілсудзкім і падтрымаў пляны «санацыі».

Памёр 25 ліпеня 1930 у маёнтку Морды (Польшча), які належаў сям’і яго дачкі Караліны з Чапскіх Пшаўлоцкай (1891—1967), што была жонкай Генрыка Пшаўлоцкага (1884—1981)[19].

Паводле перадсьмяротнага тэстамэнту бацькі, апынуўся галоўным спадкаемцам, бо старэйшы брат Караль меў слабае здароўе. Падпісаў афіцыйны акт перадачы вядомых калекцыяў свайго бацькі гораду Кракаву. Прывядзеньнем у парадак гэтых збораў перад перадачай (пасьля сьмерці бацькі) займалася маці.

Валодаў спадчыннымі маёнткамі ў Менскім (Каралёва, Прылукі, Сакольшчына, Скарынічы, Станькаў і Юнцэўшчына) — агульнай колькасьцю 7938 дзесяцінаў — і Ігуменскім паветах Менскай губэрні[6].

  1. ^ У беларускай гістарыяграфіі сустракаецца імя Юры, у польскамоўных крыніцах падаецца пад імем Ежы (польск. Jerzy), у мэтрычных дадзеных і прыжыцьцёвых дакумэнтах (у тым ліку афіцыйных) менаваўся Георгі (рас. Георгий).
  1. ^ Анатоль Валахановіч. Чапскія (Юры Эмэрыкавіч) // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 6. Кн.2. — С. 137-138. — 616 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0276-8
  2. ^ Захар Шыбека. Чаму Вільня ня стала сталіцай БНР // Беларускі калегіюм, 30 жніўня 2007 г. Праверана 27 жніўня 2014 г.
  3. ^ а б Гатальскі, І. Юрый Чапскі… С. 70.
  4. ^ а б Гатальскі, І. Юрый Чапскі… С. 71—72.
  5. ^ а б в г Бяспалая, М. Браты Чапскія… С. 150.
  6. ^ а б Гатальскі, І. Юрый Чапскі… С. 71.
  7. ^ Алег Дзярновіч. Менскі антыквар і археоляг Генрых Татур ва ўспамінах і ліставаньні // Знакамітыя менчукі XIX–XX стст. = Знакамітыя мінчане XIX–XX стст. / Зьдзіслаў Віньніцкі. — Менск: Віктар Хурсік, 2011. — Т. 6. — С. 178-183. — 218 с. — 300 ас. — ISBN 978-985-6888-66-6
  8. ^ Бяспалая, М. Браты Чапскія… С. 148.
  9. ^ а б в Бяспалая, М. Браты Чапскія… С. 149.
  10. ^ а б в Бяспалая, М. Браты Чапскія… С. 151.
  11. ^ Jurkowski, R. Sukcesy… С. 339.
  12. ^ Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 169; Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie… С. 94; Jurkowski, R. Sukcesy… С. 388—390.
  13. ^ Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 189; Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem … С. 124.
  14. ^ Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 196—197.
  15. ^ а б Грыцкевіч, А. Беларуская шляхта… С. 15.
  16. ^ Грыцкевіч, А. Беларуская шляхта… С. 16.
  17. ^ Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 208—209.
  18. ^ Бяспалая, М. Браты Чапскія… С. 152.
  19. ^ Гатальскі, І. Юрый Чапскі… С. 72.
  • Грыцкевіч, А. Беларуская шляхта / А. Грыцкевіч // Спадчына. — 1993. № 1. — С. 11—16.
  • Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.
  • Czapska, M. Europa w rodzinie / M. Czapska. — Kraków : Znak, 2004. (альбо Europa w rodzinie, Paris 1970)
  • Бяспалая, М. Браты Чапскія ў эканамічным жыцці Мінскага краю / М. Бяспалая // Жыццё айчыне, гонар нікому : Матэрыялы міжнар. навук. канф., прысв. 180-годдзю з дня нарадж. Эмерыка фон Гутэн-Чапскага: Мінск, 16—18 сакавіка 2009 г. / Народн. гіст.-краязн. аб’ядн. «Прылуцкая спадчына» Прылуцкага ц. нар. творч. Мінскага р-на; Нац. гіст. музей Рэсп. Беларусь; Польскі Ін-т у Мінску. — Мінск : Хурсік, 2010. — С. 148—152.
  • Гатальскі, І. Юрый Чапскі — апошні ўладальнік сядзібы Прылукі / М. Бяспалая // Жыццё айчыне, гонар нікому : Матэрыялы міжнар. навук. канф., прысв. 180-годдзю з дня нарадж. Эмерыка фон Гутэн-Чапскага: Мінск, 16—18 сакавіка 2009 г. / Народн. гіст.-краязн. аб’ядн. «Прылуцкая спадчына» Прылуцкага ц. нар. творч. Мінскага р-на; Нац. гіст. музей Рэсп. Беларусь; Польскі Ін-т у Мінску. — Мінск : Хурсік, 2010. — С. 70—78.
  • Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане : Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2005 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: БДПУ, 2005. — С. 80—108.
  • Jurkowski, R. Sukcesy i porażki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906—1913 / R. Jurkowski. — Olsztyn: WUWM Olsztyn, 2009. — 550 s.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]