Валер Раеўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Валер Раеўскі
Род дзейнасьці тэатральны рэжысэр і пэдагог
Дата нараджэньня 20 чэрвеня 1939
Месца нараджэньня Менск, Беларуская ССР, СССР
Дата сьмерці 19 лістапада 2011 (72 гады)
Месца сьмерці Менск, Беларусь
Месца пахаваньня
Грамадзянства Беларусь
Месца вучобы
Занятак тэатральны рэжысэр, прафэсар унівэрсытэту
Месца працы
Узнагароды
Ордэн Францішка Скарыны
Ордэн Францішка Скарыны
Народны артыст Беларусі
Народны артыст Беларусі

Вале́р Мікала́евіч Рае́ўскі (1939, Менск, цяпер Беларусь — 2011, Менск, Беларусь) — беларускі тэатральны рэжысэр, пэдагог. Народны артыст Беларусі. На працягу трох з паловай дзесяцігодзьдзяў — галоўны рэжысэр і мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы. Прафэсар Беларускае акадэміі мастацтваў.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў у 1967 годзе Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (клас Ул. Маланкіна). З 1968 году выкладаў у інстытуце. Адразу пасьля заканчэньня інстытуту пачаў працаваць у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. У 1973 годзе стаў галоўным рэжысэрам (з 1991 году[1] — мастацкім кіраўніком) тэатру[2] і заставаўся на гэтай пасадзе да 2009 году.[3]

Пахаваны на Ўсходніх могілках Менску[4].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На сцэне тэатру паставіў больш за 35 спэктакляў паводле драматычных твораў беларускіх і замежных аўтараў.[1] Сапраўднай падзеяй ня толькі ў тэатральным, але і ў грамадзкім жыцьці краіны стаў спэктакль «Што той салдат, што гэты», пастаўлены В. Раеўскім па п’есе Б. Брэхта (1969).[3]

Вучань Ю. Любімава і Ул. Маланкіна, В. Раеўскі прапанаваў тэатру новы стыль, заснаваны на філязофіі свабоды — свабоды перакананьняў і свабоды выяўленьня. Яркая і паэтычная тэатральная мова, разьняволеная форма, вострая праблематыка пастаноўкаў В. Раеўскага спалучаліся з высокім клясычным стылем тэатру. На стыку акадэмізму і экспэрымэнту нарадзілася непаўторнасьць Купалаўскага тэатру, яго своеасаблівасьць і адметнасьць.[3]

Мэтафарычнасьць спэктакляў В. Раеўскага вызначалася яго творчым супрацоўніцтвам з мастаком Б. Герлаванам.[3]

Выбраныя пастаноўкі ў Купалаўскім тэатры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Радавыя» (А. Дудараў)
  • «Рэвізор» (М. Гогаль)
  • «Рычард ІІІ» (У. Шэксьпір)
  • «Страсьці па Аўдзею» (Ул. Бутрамееў)
  • «Сьвятая прастата» (А. Макаёнак, 1976)
  • «Сьвятая сьвятых» (І. Друцэ, 1977)
  • «Тры сястры» (А. Чэхаў)
  • «Трыбунал» (А. Макаёнак, 1971)
  • «Характары» (В. Шукшын, 1975, разам з А. Андросікам)
  • «Чалавек з легенды» (Я. Шабан)
  • «Што той салдат, што гэты» (Б. Брэхт, 1969)
  • «Эшалон» (М. Рошчын, 1976, разам з А. Андросікам)

Пастаноўкі па-за межамі Купалаўскай сцэны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спэктаклі, пастаўленыя В. Раеўскім, былі ўдзельнікам і прызэрамі шматлікіх тэатральных фэстываляў. Шэраг пастаноўкаў па п’есах беларускіх і расейскіх аўтараў зроблены ім за мяжой:[2]

На творчым рахунку рэжысэра — пастаноўкі, зробленыя на сцэнах іншых тэатраў Беларусі: у Гомелі, Віцебску, Горадні, Маладзечне, іншых абласных драматычных тэатрах.На Беларускім тэлебачаньні паставіў спэктакль «Па шчасце, па сонца» паводле твораў Я. Купалы (1971), фільм-спэктакль «Апошні шанец» па аднайменнай аповесьці В.Быкава (1981).[2]

Асоба[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

« Самае галоўнае, што ўсе знакавыя творы беларускае драматургіі празь яго руку, празь яго душу і сэрца праходзілі. Працаваць зь ім было ня так проста, чалавек ён быў складаны і адзінокі. Але гэта ўжо лёс кожнага глыбокага творцы, якім ён і быў. Скончылася эпоха важная і таленавітая, эпоха акадэмічнага і клясычнага тэатру. І ён аддаў гэтаму тэатру сваё жыцьцё і свой талент. »

Аляксей Дудараў[1]


« Я бачыў усе ягоныя спэктаклі на сцэне тэатру імя Янкі Купалы і з поўнай адказнасьцю магу сьцьвярджаць, што гэта найбуйнейшы рэжысэр другой паловы дваццатага стагодзьдзя ў Беларусі. Нават калі б ён паставіў толькі адзін спэктакль «Трыбунал», ён навечна застаўся б у гісторыі беларускага тэатру. А яшчэ былі такія шэдэўры, як «Што той салдат, што гэты» паводле Брэхта, «Пагарэльцы» Макаёнка, «Радавыя» Дударава. ... Ніхто ў гісторыі беларускага тэатру так шмат ня ставіў беларускай драматургіі, як Валеры Раеўскі. Гэта і Дудараў, і Матукоўскі, і Макаёнак, і Васіль Быкаў. Адзін зь першых спэктакляў Валерыя Раеўскага — «Апошні шанец» Васіля Быкава — таксама вялікі факт гісторыі беларускага тэатру. Увогуле Раеўскі мог паставіць нашмат, нашмат болей унікальнай драматургіі, але яму не давалі. Валеры Раеўскі быў, так бы мовіць, мяккім дысыдэнтам у тэатральным мастацтве. Ён заўсёды лічыў, што тэатар і творца заўсёды павінны быць у апазыцыі да ўлады. І ён рабіў гэта ў сваіх спэктаклях — кожны ягоны спэктакль нёс у сабе крытычнае стаўленьне да ўлады. Тады гэта называлі, так бы мовіць, «кукішам у кішэні». Але ўва ўсіх спэктаклях была крытыка ўлады і камуністычнай рэальнасьці ў большай ці меншай ступені. І гэта вельмі важна і істотна. Я, да прыкладу, узгадваю нашыя зь ім гутаркі пра «Рычарда ІІІ» Шэксьпіра, што ён хацеў паставіць. Божухна, як жа сёньня, ва ўмовах лукашэнкаўскай Беларусі «Рычард ІІІ» прагучаў бы! Бо ў ім паказаная ўнікальная прэпарацыя любога таталітарызму і аўтарытарнага кіраўніка-дыктатара. Усё жыцьцё яго тапталі за дысыдэнцтва — ён быў мяккім дысыдэнтам у мастацтве. »

Вячаслаў Ракіцкі[1]


« Ён быў апазыцыянер. Ён змагаўся. Змагаўся за гонар, за праўду, за справядлівасьць ва ўсіх сваіх спэктаклях. Гэта я маю права сказаць, бо быў заняты амаль ва ўсіх яго спэктаклях. Найлепшыя мае ролі — у яго спэктаклях. Ён быў шчырым, заставаўся шчырым у працы і будзе такім назаўсёды ў маёй душы і маім сэрцы. »

—Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук[5]

Прафэсійныя адзнакі і ўзнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Заслужаны дзяяч мастацтваў БССР (1976)
  • Дзяржаўная прэмія СССР (1985) (за спэктакль «Радавыя»)
  • Дзяржаўная прэмія Беларускай ССР (1988 г., за спэктакль «Мудрамер»)[4]
  • Народны артыст Беларусі (1998)
  • Ордэн Францішка Скарыны (2004) (за асабісты ўклад у разьвіцьцё беларускага тэатральнага мастацтва і заслугі ў выхаваньні творчай моладзі)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г «Раеўскі быў мяккім дысыдэнтам у мастацтве» «Радыё Свабода» Праверана 4 лістапада 2012 г.
  2. ^ а б в І. Чаркас Раеўскі, Валерый Мікалаевіч (беларуская) // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5-і т.. — Менск: БелСЭ, 1986. — Т. 4. — С. 461.
  3. ^ а б в г Гісторыя Купалаўскага тэатру сайт Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы Праверана 4 лістапада 2012 г.
  4. ^ а б Павал Латушка, Генадзь Аўсяньнікаў, Валер Анісенка, Генадзь Гарбук, Аляксей Дудараў, ... . Тэатар асобы // Зьвязда : газэта. — 23 лістапада 2011. — № 223 (27087). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Васіль Сямашка (22 лістапада 2011) Генадзь Гарбук: У сваіх спэктаклях Валер Раеўскі змагаўся за гонар, за праўду, за справядлівасьць Грамадзтва. БелаПАНПраверана 5 лістапада 2012 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. Т.4 / Рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 742 с. — Артыкул «Раеўскі Валерый Мікалаевіч». — С. 461.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]