Перайсьці да зьместу

Уладзімер Крыловіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Крыловіч
Дата нараджэньня 1 (13) лістапада 1895
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 23 кастрычніка 1937(1937-10-23)[1] (41 год)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Занятак актор
Месца працы
Узнагароды
заслужаны артыст Беларускай ССР

Уладзімер Мікалаевіч Крыловіч (20 кастрычніка (1 лістапада) 1895, в. Крыловічы, Менскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя — 23 кастрычніка 1937, Менск, БССР) — актор, адзін з заснавальнікаў беларускага тэатру. Заслужаны артыст Беларусі (1931).

Закончыў Менскае гарадзкое вучылішча (1914). З 1915 году выступаў на аматарскай сцэне. З 1921 г. у БДТ-1 (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы).

Актор шырокага творчага дыяпазону: выконваў ролі сацыяльных і рамантычных герояў, характарныя і камэдыйныя. Валодаў яркімі сцэнічнымі данымі, высокай культурай мовы, дасканаласьцю грыму, мімікі жэстаў, майстэрствам поўнага пераўвасабленьня, узбуйненай тыпізацыі характараў, імправізацыі пры тонкім адчуваньні акторскага ансамбля. Яго раньняй творчасьці ўласьціва яскравая рамантычная афарбоўка (Машэка, Кастусь Каліноўскі ў аднайменных п’есах Е. Міровіча). Па-майстэрску непераўзыдзена ствараў вобразы нацыянальнай драматургіі: Сьцяпан Крыніцкі (“Паўлінка” Я. Купалы), Кручкоў (“Пінская шляхта” В. Дунін-Марцінкевіча), Ваявода, Граковіч і Вагін (“Каваль-ваявода”, “Перамога” і “Запяюць верацёны” Е. Міровіча), Жрэц, Чужакоў (“Вір” і “Мост” Я. Рамановіча), Шчураў (“Міжбур’е” Дз. Курдзіна), Карнейчык (“Канец дружбы” К. Крапівы) і інш. Сярод іншых роляў: Мароз (“Гута” Р. Кобеца), Шагабудзінаў (“Мяцеж” паводле Дз. Фурманава), Вяршынін (“Браняпоезд 14-69” У. Іванова), Малько (“Далёкае” А. Афінагенава), Бераст (“Платон Крэчат” А. Карнейчука), Чадаў (“Жыцьцё кліча” У. Біль-Белацаркоўскага). У характарных і камэдыйных ролях вынаходзіў трапныя дэталі, непаўторныя нюансы: Тарквіній (“Жрэц Тарквіній” С. Паліванава), Муфці (“Мешчанін у шляхціцах” Мальера), Крэспа (“Вясковы судзьдзя” П. Кальдэрона) і інш. Здымаўся ў кіно: «Двойчы народжаны», «Дняпро ў агні».

Раней Дзяржынскі гарадзкі дом культуры насіў імя Ўладзімера Крыловіча. На магіле Крыловіча на Вайсковых могілках у Менску ўстаноўлены яго бюст.

  1. ^ а б Крылович Владимир Николаевич // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  • Крыловіч Уладзімір Мікалаевіч. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. Мінск. 2004. С. 262.