Гамэр
| Гамэр | |
| Ὅμηρος | |
Бюст Гамэра ў Брытанскім музэі | |
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Нарадзіўся | каля IX стагодзьдзе да н. э.[1]
|
| Памёр | каля VIII стагодзьдзе да н. э. |
| Бацькі | Kretheis[d] |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці | паэт, аўтар, пісьменьнік |
| Жанр | эпас |
| Мова | старажытнагрэцкая мова |
Гамэ́р (па-грэцку: Ὅμηρος, Hómēros) — легендарны першы грэцкі паэт і рапсод, якому прыпісваецца аўтарства эпічных паэм «Іліяда» і «Адысэя». Ягоныя эпасы ляжаць у аснове заходніх канонаў літаратуры, аказаўшы велізарны ўплыў на гісторыю літаратуры. Час жыцьця Гамэра зьяўляецца спрэчным пытаньнем. Герадот лічыў, што Гамэр жыў за 400 гадоў да часоў самога Герадота, адносячы такі чынам гады ягонага жыцьця да 850 году да н. э., у той жа час іншыя старажытныя крыніцы сьцьвярджаюць, што ён жыў значна бліжэй да часоў Траянскай вайны, у пачатку XII стагодзьдзя да н. э.[2].
Уплыў гамэраўскага эпасу аказаў значны ўнёсак у фармаваньне грэцкай культуры было шырока прызнана, і Гамэр быў ахарактарызаваны як настаўнік Грэцыі[3]. Фрагмэнтамі гамэраўскіх твораў лічыцца амаль палова ўсіх ідэнтыфікаваных старажытнагрэцкіх літаратурных папірусаў[4]. Ягонае імя было прынята інтэрпрэтаваць як «закладнік» альбо «сьляпак». За права звацца радзімай Гамэра змагаліся сем гарадоў: Сьмірна, Хіёс, Каляфон, Салямін, Родас, Аргас, Атэны.
Жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Пра Гамэра і ягонае жыцьцё няма ніякіх пэўных сьведчаньняў ці доказаў, што аўтарства паэмаў належыць аднаму чалавеку, а ня групе людзей. У антычныя часы былі вядомыя дзевяць больш-менш падрабязных жыцьцяпісаў Гамэра, якія, аднак, не ўяўляюць істотнай цікавасьці, паколькі ўсе яны выдуманыя падчас панаваньня рымскага імпэратара Актавіяна Аўгуста. Гэтак жа мала значэньня маюць шматлікія малюнкі Гамэра, якія захаваліся да нашых дзён. Бюст Гамэра часьцяком малююць ва ўмоўнай ідэалізаванай форме, у выглядзе сьляпога старца.
Ані месца, ані час нараджэньня Гамэра антычная традыцыя гэтак жа ня ведала. Нават у стагодзьдзі, у якім жыў паэт, старажытныя аўтары часьцяком вельмі разыходзяцца. Частка грэцкіх пісьменьнікаў адносілі яго да эпохі Траянскай вайны, якая нібыта мела месца ў пэрыяд 1194—1184 гадоў да н. э., датавалі рознымі іншымі міталягічнымі падзеямі ад 1130 да 910 гадоў да н. э. Кратэт Пэргамскі сьцьвярджаў, што Гамэр жыў да перасяленьня Гэраклідаў; гісторык Эфар Кімскі адносіў яго да эпохі спартанскага легендарнага заканадаўцы Лікурга; Тэопамп — да часоў уварваньня кімэрыйцаў, а Эўфарыён сьведчыць, што ён жыў на 500 гадоў пазьней за Траянскую вайну. Такім чынам, паміж найбольш раньнім часам, да якога адносяць жыцьцё Гамэра, і позьнім утвараецца прамежак ня менш чым у 460 гадоў. Верагодным лічыцца разьлік Герадота, які пісаў, што Гамер нарадзіўся за 400 гадоў да ягонага часу, такім чынам, каля 850 году да н. э.
Гістарычнасьць працаў
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Навукоўцы працягваюць абмяркоўваць такія пытаньні, як тое, ці адбылася Траянская вайна. Калі ж яна адбылася насамрэч, тады ж паўстаюць пытаньні дзе і калі, а аксама наколькі грамадзтва, апісанае Гамэрам, адпавядае рэчаіснасьці ці заснаванае на ягоным уласным досьведзе. Гамэравы эпасы перадусім адбываюцца на ўсходзе і ў цэнтры Міжземнамор’я, зь некаторымі ўрыўкавымі згадкамі пра Эгіпет, Этыёпію і іншыя далёкія землі, у ваяўнічым грамадзтве, якое нагадвае грамадзтва грэцкага сьвету крыху раней за гіпатэтычную дату напісаньня паэмаў[5][6][7].

У старажытнагрэцкай храналёгіі разрабаваньне Троі датуецца 1184 годам да н. э. Да XIX стагодзьдзя сярод навукоўцаў быў шырока распаўсюджаны скептыцызм адносна таго, што Траянская вайна калі-небудзь адбывалася, і што Троя наагул існавала. Аднак, у 1873 годзе Генрых Шліман абвесьціў сьвету, што ён знайшоў руіны Троі Гамэра ў Хісарліку на тэрыторыі сучаснай Турэччыны. Некаторыя сучасныя навукоўцы мяркуюць, што зьнішчэньне Троі блізу 1220 году да н. э. запачаткавала міт пра Траянскую вайну, але іншыя сьцьвярджаюць, што паэма была натхнёная шматлікімі падобнымі аблогамі, якія адбываліся цягам стагодзьдзяў[8].
Большасьць навукоўцаў цяпер згодныя з тым, што гамэраўскія паэмы адлюстроўваюць звычаі і элемэнты матэрыяльнага сьвету, якія паходзяць з розных часоў грэцкай гісторыі[9][10][11]. Напрыклад, героі ў паэмах карыстаюцца бронзавай зброяй, характэрнай для бронзавага веку, у якім разгортваюцца дзеі паэмаў, а не для пазьнейшага жалезнага веку, у які яны былі складзеныя[9][10][11]. Аднак, целі тых жа героі паляць на вогнішчы, што было звычаем жалезнага веку, а не хаваюць у зямлю, як гэта рабілася ў бронзавым веку[9][10][11]. У некаторых частках гамэрскіх паэмаў героі апісваюцца як такія, што абараняюцца вялікімі шчытамі, падобнымі да тых, якімі карысталіся воіны ў мікенскі час[9], але ў іншых месцах аповяду яны, наадварот, апісваюцца з значна меншымі шчытамі, якія былі звычайнымі ўжо ў раньнім жалезным веку, калі паэмы былі складзеныя[9]. У «Іліядзе» Адысэй апісваецца з шаломам на галаве, зробленым з клыкоў дзіка. Такія шаломы не насілі ў часы Гамэра, але імі звычайна карысталіся воіны зь ліку арыстакратыі паміж 1600 і 1150 гадамі да н. э.[12][13][14]
Расшыфраваньне лінэйнага пісьмо Б у 1950-х гадах Майклам Вэнтрысам і працяг археалягічных дасьледаваньняў пашырылі разуменьне сучаснымі навукоўцамі эгейскай цывілізацыі бронзавага веку, якая ў многіх адносінах больш нагадвае старажытны Блізкі Ўсход, чым грамадзтва, апісанае Гамэрам[15]. Некаторыя аспэкты гамэраўскага сьвету проста выдуманыя[9]. Зноў жа ў «Іліядзе» апісваюцца дзьве рачулкі, якія бруіліся недалёка ад Троі, адная зь іх была гарачая, а іншая — ледзяная[9]. Менавіта тут Гэктар прыняў свой канчатковы бой супраць Ахілеса[9]. Аднак археолягі не знайшлі аніякіх доказаў таго, што гэтыя рачулкі калі-кольвек насамрэч існавалі[9].
Беларускія пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць код]На беларускую мову «Іліяду» пераклаў Браніслаў Тарашкевіч (да нас дайшлі фрагмэнты), урывак вядомы ў перакладзе Юльяна Дрэйзіна. Новы пераклад у 2024 г. зрабіў Лявон Баршчэўскі[16]. Над перакладам «Адысэі» працавалі Міхайла Грамыка і Юльян Дрэйзін (пераклад ня знойдзены), урывак са свайго перакладу апублікаваў Анатоль Клышка.
- Пераклад Б. Тарашкевіча. Іліяда Гомэра. Песьня І. // Беларускі звон : тыднёвая часопicь. — 11 сакавіка 1922. — № 7 (32). — С. 2.
- Пераклад Б. Тарашкевіча. Іліяда Гомэра. Песьня І-ая. // Беларускі звон : тыднёвая часопicь. — 25 сакавіка 1922. — № 9 (34). — С. 2, 3.
- Ю. Дрэйзін. Гамэр. Разьвітаньне Гэктара з Андрамахай. Іліада VI, 390—496. // Узвышша : часопіс. — 1928. — № 3. — С. 113—115.
- Юльян Дрэйзін. Гамер. Іліада. 3 песні VI. ([Развітанне Гектара з Андрамахай). / Мастак Арлен Кашкурэвіч // Лявон Баршчэўскі. Літаратура ад старажытнасці да пачатку эпохі рамантызму : Папулярныя нарысы. — Менск: «Сэр-Віт», 2003. — С. 320—323. — ISBN 985-419-153-2.
- Гамер. Адысея. З песні дзявятай. Сустрэча з кіклопам Паліфемам. / Пераклаў са старагрэцкай Анатоль Клышка // Полымя : часопіс. — 2005. — № 4. — С. 136—141. — ISSN 0130—8068.
- Іліяда / пераклад са старагрэцкай Лявона Баршчэўскага; рэдактар — Алесь Жлутка. — Менск: Энцыклапедыкс, 2024. — Т. 1: Песні I―XII. — 257 с. — 99 ас. — ISBN 978-985-7247-83-7
- Іліяда / пераклад са старагрэцкай Лявона Баршчэўскага. — Менск: Энцыклапедыкс, 2024. — Т. 2: Песні XIII―XXIV. — 256 с. — 99 ас. — ISBN 978-985-7247-91-2
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Bibliothèque nationale de France Record #11907688f // BnF catalogue général (фр.) — Paris: BnF.
- ↑ Graziosi, B. The Invention of Homer. — Cambridge, 2002. — P. 98–101.
- ↑ Heubeck, A.; West, S.; Hainsworth, J. B. A Commentary on Homer's Odyssey. — Oxford: Oxford University Press, 1988. — P. 3. — ISBN 0-19-814047-9
- ↑ Finley, M. The World of Odysseus. — New York: New York Review of Books, 2002. — P. 11–2. — ISBN 978-1-59017-017-5
- ↑ Finley, Moses I. The World of Odysseus. — Penguin Books, 1991. — ISBN 978-0-14-013686-9
- ↑ Wees, Hans van War and Violence in Ancient Greece. — ISD LLC, 2009. — ISBN 978-1-910589-29-8
- ↑ Morris, Ian The Use and Abuse of Homer // Classical Antiquity. — 1986. — Т. 5. — № 1. — С. 81—138. — DOI:10.2307/25010840
- ↑ Dowden, Ken; Livingstone, Niall A Companion to Greek Mythology. — John Wiley & Sons, 2011. — ISBN 978-1-4443-9693-5
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Taplin, Oliver The Oxford History of the Classical World. — Oxford, England: Oxford University Press. — С. 50–77. — ISBN 978-0-19-872112-3
- 1 2 3 Sacks, David; Murray, Oswyn; Brody, Lisa R. Encyclopedia of the Ancient Greek World. — Infobase, 2014. — ISBN 978-1-4381-1020-2
- 1 2 3 Morris & Powell 1997. С. 434—435.
- ↑ Wood, Michael In Search of the Trojan War. — Berkeley, California: University of California Press, 1996. — ISBN 978-0-520-21599-3
- ↑ Schofield, Louise The Mycenaeans. — Los Angeles, California: J. Paul Getty Museum, 2007. — ISBN 978-0-89236-867-9
- ↑ Everson, Tim Warfare in Ancient Greece: Arms and Armour from the Heroes of Homer to Alexander the Great. — Brimscombe Port: The History Press, 2004. — С. 9–10. — ISBN 978-0-7524-9506-4
- ↑ Morris & Powell 1997. С. 625.
- ↑ Гамер Іліяда. — Менск: Энцыкляпэдыкс, 2024. — ISBN 978-985-7247-82-0
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- А. І. Барычэўскі. Сучаснае ў старажытным. // Узвышша : часопіс. — 1928. — № 3. — С. 111—112.
- Лявон Баршчэўскі. Літаратура ад старажытнасці да пачатку эпохі рамантызму. Папулярныя нарысы / Мастак Арлен Кашкурэвіч. — Менск: «Сэр-Віт», 2003. — С. 18—23, 320—323. — 512 с. — 3000 ас. — ISBN 985-419-153-2
- Morris, Ian; Powell, Barry B. A New Companion to Homer. — Leiden: Brill Publishers, 1997. — ISBN 978-90-04-09989-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Гамэр. Бібліяграфічны слоўнік
- Гамэр. Лябараторыя фантастыкі
- Грэцкія тэксты паэмаў
| Гэта — накід артыкула пра пісьменьніка альбо пісьменьніцу. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |