Масонства

Масо́нства — маральна-этычны рух, які паўстаў на пачатку XVIII стагодзьдзя ў Вялікабрытаніі. Масонства — вучэньне й практыка міжнароднага таемнага таварыства элітарнага тыпу, якое аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў пад эгідай пошуку «праўдзівых шляхоў духоўнага абнаўленьня грамадзтва». Яно распаўсюдзілася ў шматлікіх краінах, у тым ліку й ў Расейскай імпэрыі. Масоны ймкнуліся стварыць таемную сусьветную арґанізацыю з утапічнай мэтай мірнага аб’яднаньня чалавецтва ў рэлігійным братэрскім саюзе. Асноўны мэтад дзейнасьці масонаў — пранікненьне ва ўладныя структуры грамадзтва ўсіх узроўняў для аказаньня дзейснага ўплыву на ход гістарычных падзеяў. З масонствам зьвязаныя як рэакцыйныя, так і праґрэсіўныя грамадзкія рухі.
| Масонства (Вольнае Мулярства) | |
| Freemasonry | |
| | |
| Дата заснаваньня | 1717[1] |
|---|---|
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асноўны мэтад дзейнасьці таварыства — спроба ўплываць на гістарычныя падзеі праз намаганьні сваіх адэптаў у розных сферах грамадскай дзейнасьці й вядучых дэяржаўных установах. Клясічнае масонства ўяўляла сабой рэлігійна-этычны рух, удзельнікі якога ймкнуліся стварыць тайную сусьветную арґанізацыю з мэтай аб’яднання чалавецтва ў братэрскім зьвязе, незалежна ад іхных нацыянальных, палітычных, сацыяльных, рэлігійных і йншых адрозьненьняў.
Гісторыя зьяўленьня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычны карані масонства — у брацтвах «вольных муляраў» (будаўнічых саюзах), што ўзніклі ў Нямеччыне ХІІ—ХІІІ ст. Вызначэньне «вольны» азначала апрацоўшчыка «вольных» парод каменю (мармур, вапняк). Таварыствы «вольных муляраў» (цэхі, ложы) пашырыліся ў Анґельшчыне, Італіі, Францыі. 3 канца XVI ст. анґельскія ложы пачалі прымаць у свае рады т.зв. «пабочных муляраў» — заможных адукаваных людзей, якія садзейнічалі адукацыі й маральнаму ўдасканаленьню астатніх членаў лож.

Далейшае разьвіцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Уласна будаўнічыя таварыствы зьніклі ў пачатку XVIII ст., але брытанскія «пабочныя муляры», захоўваючы энешнюю атрыбутыку дзейнасьці апошніх, пачалі выкарыстоўваць ложы для абмеркаваньня праблем маральнага выхаваньня асобы й грамадства ў цэлым.
Напісаньне "Кнігі канстытуцый"
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1717 брытанскія ложы ўтварылі Вялікую брытанскую ложу. Па яе даручэньні масон Дж. Андэрсан распрацаваў у 1721 «Кнігу канстытуцый» — першы сыстэматызаваны зборнік прынцыпаў масонаў, якія забаранялі масонам быць атэістамі й вальнадумцамі, падтрымліваць афіцыйныя ўлады і прымаць удзел у палітычных рухах, замацоўвалі асноўныя йерархічныя ступені лож — вучань, падмайстар, майстар, уводзілі асобнае званьне — наглядчык (сачыў за правільным выкананьнем рытуалаў). Кожнага члена ложы звалі «братам», прымаліся асобы не маладзей за 25 гадоў і толькі пры згодзе ўсіх «братоў». Так званая Вялікая ложа аб’ядноўвала майстроў і наглядчыкаў усіх лож краіны й ўзначальвалася Вялікім майстрам. Рытуал выконваўся ў кожнай ложы з выкарыстаньнем традыцыйных мулярскіх інструмэнтаў (малаток, напакутнік, цыркуль, грунтвага) і адзеньня (пальчаткі, капялюш, фартух).

У далейшым арґанізацыйная йерархія масонства ўскладнілася. Меліся ложы з 33 ступенямі (градусамі) і нават з 99. 3 XVIII ст. масонства пашырылася ў Францыі, Нямеччыне, Швецыі, Расеі, ЗША й іншых краінах. Яго йдэйныя арыенціры (пошук эфэктыўных мэтадаў матэрыяльнага й маральнага праґрэсу грамадства, знакаміты дэвіз масонаў: «Свабода, Роўнасьць, Братэрства», імкненьне ўзвысіцца над клясавымі, партыйнымі супярэчнасьцямі) былі прыцягальнымі для многіх дзяржаўных дзеячаў, пісьменьнікаў, філёсафаў розных краін.
Дзейнасьць масонаў у XVIII-XIX стагодзьдзях
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У XVIII—XIX ст. масоны падтрымлівалі рэвалюцыйныя й антыклерыкальныя рухі. Масонам быў правадыр нацыянальна-вызвольнага руху Італіі Джузэпэ Гарыбальдзі.
Гісторыя масонаў на тэрыторыі Літвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пэрыяд (XVIII — пачатак XIX ст.)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Літве й Летуве масонскія ложы пачалі дзейнічаць у другой палове XVIII ст. як залежныя ад польскага й расейскага масонства.
У канцы XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў масонскі рух ахапіў буйныя гарады: Вільню, Менск, Горадню, Нясьвіж, Пінск і йнш. У йм удзельнічалі прадстаўнікі мясцовай магнатэрыі (напрыклад, Радзівілы), шляхты й асьвечанай інтэлігенцыі.

Ложы на літоўскіх і летувіскіх землях былі часта аб’яднаныя ў Літоўскую правінцыю й падпарадкоўваліся, напрыклад, Вялікай Нацыянальнай Ложы Польшчы або (пазьней) расейскім Вялікім Ложам (Ялагінскай сыстэме)
Дзейнасьць гэтых ложаў была скіраваная на этычнае самаўдасканаленьне, разьвіцьцё навукі й адукацыі, а таксама на йдэі Асьветніцтва. Некаторыя масоны-патрыёты падтрымлівалі йдэі незалежнасьці Рэчы Паспалітай або захаваньня Вялікага Княства Літоўскага.
У 1822 годзе імпэратар Аляксандар I выдаў указ аб забароне ўсіх тайных таварыстваў, уключна з масонскімі ложамі, на тэрыторыі Расейскай імпэрыі, што прывяло да прыпыненьня іх дзейнасьці.
Другі пэрыяд (Пачатак XX ст.)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Масонства аднавіла дзейнасьць пасьля рэвалюцыі 1905 года і частковага паслабленьня палітычнага рэжыму ў Расеі.
Ложы ўзьніклі ў Вільні й Менску, але ўжо ў іншай форме — у складзе Вялікага Ўсходу Народаў Расеі.
У гэты пэрыяд да масонства далучалася нацыянальна скіраваная йнтэлігенцыя. Сярод масонаў былі актыўныя дзеячы беларускага нацыянальнага руху, такія як браты Антон і Йван Луцкевічы, якія бачылі ў масонстве інструмэнт для барацьбы за адраджэньне й самавызначэньне беларускага народу.

Сучасны пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля распаду СССР масонскі рух пачаў паступова адраджацца ў незалежнай Беларусі.
Напачатку ложы ў Беларусі зьяўляліся як даччыныя структуры пад юрысдыкцыяй Вялікіх Ложаў іншых краінаў, галоўным чынам Расеі, Польшчы, Летувы й Ўкраіны.
У 2019 годзе адбылося афіцыйнае заснаваньне Вялікай Ложы Беларусі, што стала важнай падзеяй, якая пацьвердзіла намер масонаў на тэрыторыі краіны разьвівацца як незалежная, сувэрэнная масонская структура.
Назвы масонскіх ложаў на тэрыторыі Літвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На тэрыторыі Літвы мелася дужа масонскіх ложаў, вось назвы некаторых зь іх:
«Двух Арлоў» (у Магілёве) – заснавана ў 1770 г.
«Геркулес у Калысцы» (у Магілёве) – заснавана каля 1776–1777 гг.
«Дасканалая Еднасьць» (у Нясьвіжы, а затым у Вільні) – была Вялікай правінцыяльнай ложай Літоўскай правінцыі, у якую ўваходзілі ложы зь беларускіх земляў.

«Паўночная паходня» (у Менску)
«Шчаснае вызваленьне» (у Горадні)

«Сыны Айчыны» (у Менску)
«Рыцары Шчырасьці» (у Нясьвіжы)

«Добры Пастыр» (у Горадні)
«Сябры Людзкасьці» (у Горадні)
«Ляскоўская» (існавала на Гарадзеншчыне/Берасьцейшчыне)
Ложа ў Слоніме (магла быць філіяй, але згадваецца)
Ложа ў Пінску (магла быць філіяй, але згадваецца)
Стаўленьне йншых рэлігій да масонаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У йсламскіх краінах масонства забараняюць, лічачы, што яно зьвязанае зь сіянізмам. Цэрквы — як каталіцкая, так і пратэстанцкія, і праваслаўныя — ставяцца да масонства рэзка нэгатыўна[2]. Пэўны антыклерыкалізм масонства абумовіў варожасьць Ватыкана да таварыства, многія папскія булы (у т.л. Льва XIII у 1884) абвяшчалі масонству анафэму.
Сымбалі масонаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Масонства шырока выкарыстоўвае будаўнічыя прылады як маральныя і філязофскія алегорыі.
Асноўныя тры сымбалі масонаў:
-Кутнік. Увасабляе мараль, правільнае паводзінам. Сымбалізуе абавязак Масона «выраўнаваць» свае дзеяньні й падпарадкаваць волю Закону Божаму.
-Цыркуль. Сымбалізуе межы, у якіх павінен трымаць сябе Масон. Увасабляе ўменне абмяжоўваць свае жаданьні й страсьці.
-Літра «G», альбо зорка. Разьмяшчаецца паміж накутнікам і цыркулем. Сымбалізуе Геамэтрыю (як навуку, што дазваляе спазнаць Сусьвет, або Бога.

Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вольныя муляры ў беларускай гісторыі. Канец XVIII — пачатак XX ст. — Вільня: Gudas, 2005. — 280 с.: іл., табл., бібл. ISBN 9986-951-54-2
- Domenico V. Ripa Montesano, Vademecum di Loggia, Edizione Gran Loggia Phoenix — Roma Italia 2009 ISBN 978-88-905059-0-4
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Канстытуцыі Андэрсана альбо Старажытныя запаветы вольнага муляра. 1723 г.(недаступная спасылка)
- Ландмаркі. 1889 г.(недаступная спасылка)
- Статут Вялікага ўсходу Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. 1784 г.