Змаганьне (арганізацыя)
«Змага́ньне» ― беларуская дэпутацкая фракцыя польскага сойму ў 1928—1930 роках.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Створаная з ініцыятывы ЦК Кампартыі Заходняй Беларусі ў сьнежні 1927 року як рабоча-сялянскі камітэт «Змаганьне» для падрыхтоўкі да выбараў у сойм. 4 сакавіка 1928 у выніку выбараў у сойм увайшлі 5 дэпутатаў: Ігнат Дварчанін, Язэп Гаўрылік, Флягонт Валынец, Іван Грэцкі, Аляксандар Стагановіч (у лютым 1929 яго замяніў Павал Крынчык)[1]. Яны ўтварылі ў сойме беларускі пасольскі клюб «Змаганьне», які стаў фактычна фракцыяй КПЗБ. Работай клюбу кіраваў упаўнаважаны ЦК КПЗБ Георгі Муха-Мухноўскі.
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Стварыўшы ўвесну 1929 року амаль ва ўсіх паветах мясцовыя сакратарыаты, «Змаганьне» стала ўплывовай палітычнай арганізацыяй у Заходняй Беларусі, высоўваючы тыя ж патрабаваньні, што й ейная папярэдніца ― Беларуская сялянска-работніцкая грамада, забароненая ў 1927 року.
Дэпутаты «Змаганьня», выступаючы ў сойме, крытыкавалі ўнутраную і зьнешнюю палітыку польскага ўраду, патрабавалі вызваленьня палітычных вязьняў, самавызначэньня Заходняй Беларусі. Дэпутаты патрабавалі перадачы сялянам зямлі бяз выкупу, для працоўных 8-гадзіннага працоўнага дня, навучаньня на беларускай мове.
«Змаганьне» ладзіла мітынгі і дэманстрацыі працоўных, выпускала газэты нацыянальна-вызвольнага характару ― «Змаганьне», «Сьвітаньне», «На варце», «Голас працы» й іншыя. У газэтах друкавалі інфармацыю пра жыцьцё ў БССР, публіцыстычныя і навукова-папулярныя нарысы[2].
Пасьля роспуску Ю. Пілсудзкім сойму, 30 жніўня 1930 року польскія ўлады арыштавалі дэпутатаў фракцыі і кіраўнікоў «Змаганьня», ліквідавалі ўсе 50 сакратарыятаў. Па прысудзе (Вільня, 1931) кіраўнікам «Змаганьня» Валынцу, Гаўрыліку, Грэцкаму, Дварчаніну і Крынчыку прысуджана 8 гадоў турмы кожны[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Пашкевіч А. КПЗБ і Беларускі сялянска-работніцкі пасольскі клуб «Змаганне» ў 1928—1930 гг.: некаторыя аспекты супрацоўніцтва // Заходні рэгіён Беларусі вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў: зборнік навуковых артыкулаў. — Гродна: ГрДУ. — С. 168—174.
- ^ Даніловіч В. В. Друк арганізацыі «Змаганне» // Пытанні гісторыі Беларусі. Зб. навук. арт. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя Максіма Танка; Пад агульн. рэд. А. М. Лютага. ― Мн., 1998. — С. 80—85.
- ^ Даніловіч В. В. Абвастрэнне палітычнага становішча ў Польшчы. Ліквідацыя арганізацыі «Змаганне» // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ун-та. ― 1998. — № 4. — С. 86—90.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Анісаў С. Р. У змаганні гартаваліся. ― Мн., 1975.
- Данилович В. В. Дзейнасць арганізацыі «Змаганне» ў Заходняй Беларусі (1927—1930 гг.): Автореф. дис. на соиск. учен. степ. к. ист. н. Беларускі дзярж. пед. ун-т ім. Максіма Танка. — Мн.: 2000. — 21 с.
- Мацко А. Н. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнёта буржуазии и помещиков 1918—1939 гг. ― Мн., 1972.
- Паміж Усходам і Захадам : станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.) / П. І. Брыгадзін, У. Ф. Ладысеў. — Мінск, БДУ, 2003.
- Полуян В. А., Полуян И. В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии (1920 −1939). ― Минск: Госиздат БССР, 1962.
- Полуян И. В. Западная Белоруссия в период экономического кризиса 1929—1933 гг. ― Мн.: Навука і тэхніка, 1991.
- Rzepeccy Т., Rzepeccy К. Sejm i Senat Rzeczypospolitej Polskiej 1928—1933. ― Poznan: Wielkopolska Ksiggamia Naktadowa K. Rzepecckiego, 1928.
- Cimek H. Sojusz robotniczo-chlopski w Polsce 1918—1939. — Warszawa: Ksiijz-ka i Wiedza, 1989.
- Barszczewski A., Bergman A., Tomaszewski J. Ignacy Dworczanin ― bialoruski poíityk i uczony. ― Warszawa: Wyd-wo Uniw. Warszawskiego, 1990.
- Maecki H. Dziaktlnosc Biatoniskiego Klubu Poselskiego «Zmahannie» na Bialostocczyznie w latach 1929—1930 // Powstanie i dzialaînosc Biatoniskiej Wkis’ciarfsko ― Robotniczej Hromády na Bialostocczyznie; Pod red. M. Nasowicza. ― Bialystok: Wydzial propagandy KW PZPR w Biafymstoku, 1973.
- Zaporowski Z. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej 1919—1939. ― Lublin: Wyd-wo Uniw. Marii Curie-Sklodowskiej, 1992.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Данилович В. В. Продвижение коммунистического влияния в Западной Беларуси // Историческое пространство. — 2007.