Перайсьці да зьместу

Прыназоўнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Прыназо́ўнік — службовая часьціна мовы, якая выражае адносіны паміж назоўнікам (або займеньнікам) ва ўскосным склоне і іншымі словамі ў словазлучэньні ці сказе. У сказе Весела квеціцца ў небе вясёлка (Янка Купала) пры дапамозе прыназоўніка у выражаюцца адносіны паміж назоўнікам неба ў месным склоне і дзеясловам квеціцца.

Значэньне прыназоўніка выразна выяўляецца толькі ў значэньні, дзе яны могуць выражаць розныя адносіны:

  • прасторавыя (абазначаюць месца): Пайсьці ў лес
  • ча́савыя: закончыць да заходу
  • спосабу дзеяньня: слухаць зь цікавасьцю
  • прадметныя[a]: быць з народам
  • і іншыя

Паводле паходжаньня прыназоўнікі падзяляюцца на:

  • вытворныя
  • невытворныя

Да невытворных належаць прыназоўнікі а, аб, ад, без (бяз, бязь), да, для, дзеля, з (зь), за, к, ля, на, над, па, пад, пра, праз (празь), пры, у, цераз (церазь). Гэтыя прыназоўнікі існуюць у беларускай мове даўно.

Вытворныя прыназоўнікі больш позьняга паходжаньня. Яны ўтварыліся ад самастойных часьцін мовы:

  • ад прыслоўяў (вакол, навокал, напярэдадні, супроць, уздоўж, пасярод, паабапал і інш.)
  • ад назоўнікаў ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі і бязь іх (за выключэньнем, пры дапамозе, на працягу, на чале, з прычыны, з выпадку, з мэтай, у галіне, у выніку, у ролі, перад, шляхам і інш.)
  • ад дзеепрыслоўяў (нягледзячы на, дзякуючы і інш.)

Паводле будовы прыназоўнікі падзяляюцца на:

  • простыя
  • складаныя
  • састаўныя

Простыя прыназоўнікі складаюцца з аднаго слова: ад, аб, без (бяз, бязь), да, у (ў), на, па, пра і інш.

Складаныя прыназоўнікі ўтварыліся з двух простых: з-за, з-пад, па-над, па-за.

Састаўныя прыназоўнікі з двух або некалькіх словаў: з выпадку, на чале, у адпаведнасьці з (у адпаведнасьці зь) і інш.

Правапіс прыназоўнікаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Складаныя прыназоўнікі з-за, з-пад, па-за, па-над пішуцца праз злучок: з-за ракі, з-пад Сьвіслачы, па-за школы, па-над лесам.

Перад словамі, што пачынаюцца са спалучэньня зычных, у якіх першы з, с, ж, ш, замест прыназоўніка з (зь) ужываецца яго від са: са змроку, са склепа, са жменю, са штаба.

Некаторыя прыназоўнікі, якія канчаюцца на зычны, перад займеньнікам мнемною пішуцца з дадатковым а: са мною, нада мною, пада мною, перада мною.

Замест прыназоўніка у (ў) ужываецца яго від ва перад словамі, якія пачынаюцца з у (ў): ва ўсіх, ва ўзросьце, ва ўзводзе, ва ўнівэрсітэце.

Прыназоўнікі, ўтвораныя ад назоўніка з прыназоўнікам, дзеепрыслоўя з прыназоўнікам, пішуцца як два слова: на працягу навучальнага году, у галіне сельскай гаспадаркі, нягледзячы на непагадзь.

Ужываньне некаторых прыназоўнікаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Утварэньне некаторых прыназоўнікаў у беларускай мове мае шэраг асаблівасьцяў. Многія зь іх ствараюць адметнасьць беларускай мове ад іншых моваў.

Прыназоўнік па ўжываецца:

  • зь вінавальным склонам назоўніка (займеньніка) пры абазначэньні апісаньня[b] дзеяньня: ісьці па ваду, зьезьдзіць па дровы, зьбегаць па бацьку[c]

Прыназоўнік па ўжываецца зь вінавальным склонам лічэбнікаў (за выключэньнем адзін): узяць па сем кніжак, сабраць па 25 цэнтнэраў жыта з гектара

  • зь месным склонам: блукаць па лесе, па палях, хадзіць па лёдзе, гуляць па садзе, размаўляць па тэлефоне, ступаць па пяску, сумаваць па родных.

Прыназоўнік праз (празь), цераз (церазь)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыназоўнік праз (празь), цераз (церазь) ужываюцца зь вінавальным склонам: праехаць праз горад, праехаць празь места, прайсьці праз выпрабаваньні, паведаміць праз газэту, пераскочыць цераз роў.

Прыназоўнік праз (празь) ужываецца ва ўстойлівых выразах: гаворыць празь сьмех, сказаць празь сьлёзы, гаварыць праз сон.

Прыназоўнік праз (празь) ужываецца і для выражэньня прычыны: Студэнтка прыязджала а выхадны дзень і затрымалася праз завіруху. (Іван Шамякін)

Ужываньне іншых прыназоўнікаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Часам ужываньне прыназоўнікаў вызначаецца дзеясловам, да якога адносіцца прыназоўнік з назоўнікам. Напрыклад, пры дзеясловах са значэньнем пачуцьцяў, перажываньняў (сьмяяца, насьміхацца, жартаваць, зьдзекавацца, кпіць, дзівіцца і падобн.) ужываецца прыназоўнік з (зь) з родным склонам назоўніка ці займеньніка: сьмяяцца зь яго, жартаваць зь Мікалая, дзівіцца з усяго.

Некаторыя вытворныя прыназоўнікі і адпаведныя паўназначныя словы, ад якіх гэтыя прыназоўнікі ўтвораныя, гучаць і пішуцца аднолькава. Іх можна вызначыць толькі ў кожным сказе па сваім значэньні. Неабходна ведаць, што прыназоўнікі не зьяўляюцца членамі сказа, а назоўнікі, прыслоўі і дзеепрыслоўі зьяўляюцца членамі сказа. Параўнайце:

  • Апабал — рэкі і азёры. (Янка Купала) Тут абапал — прыслоўе, выступае акалічнасьцю.
  • Абапал гасьцінца стаяць старыя бярозы. (Янка Брыль) Тут абапал — прыназоўнік, членам сказа не зьяўляецца.
  1. ^ Або аб'ектны прыназоўнік
  2. ^ Або мэты дзеяньня
  3. ^ У спалучэньні з назвамі ягад, грыбоў ужываецца прыназоўнік у: схадзіць у грыбы, у ягады; пайсьці ў суніцы, у чарніцы, у журавіны