Міхаіл Пятуховіч
Міхаіл Пятуховіч | |
Дата нараджэньня | 23 лютага 1891 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 20 сьнежня 1937 (46 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | літаратуразнаўца, крытык, пэдагог |
Месца працы | |
Сябра ў | Полымя |
Навуковая ступень | праф. |
Міхаі́л Мікала́евіч Пятухо́віч[1][2]/Петуховіч, пасьля русыфікацыі Піотуховіч/Піятуховіч (23 лютага 1891, вёска Алексінічы Сеньненскага павету Магілёўскай губэрні, Расейская імпэрыя — 20 сьнежня 1937, НКУС, Менск, БССР) — беларускі літаратуразнаўца, крытык, пэдагог.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 23 лютага 1891 року ў вёсцы Алексінічы Сеньненскага павету Магілёўскай губэрні (цяпер Сеньненскі раён Віцебскай вобласьці Беларусі) ў сям’і вясковага праваслаўнага сьвятара. Навучаўся ў Магілёўскай духоўнай сэмінарыі. У 1917 скончыў Нежынскі гісторыка-філялягічны інстытут. Быў накіраваны ў Петраградзкі ўнівэрсытэт для падрыхтоўкі да прафэсарскага званьня па катэдры маскальскай мовы і славеснасьці.
Празь недахоп матэрыяльных сродкаў на пачатку 1920 вымушаны быў пераехаць у Адэсу. Удзельнічаў у аб’яднаньні інтэлігенцыі „Беларускі гай“[3].
З 1921 у БССР. У 1921—1926 выкладаў беларускую літаратуру ў Менскім беларускім пэдагагічным тэхнікуме. Зь верасьня 1921 зьяўляўся сябрам навукова-тэрміналягічнай камісіі, зь лютага 1922 — навуковым супрацоўнікам, а з 1925 — правадзейным сябрам Інбелкульту. Зь лютага 1922 працаваў у БДУ: дацэнт, з кастрычніка 1926 — прафэсар катэдры гісторыі. У траўні 1926 року стаў дэканам пэдагагічнага факультэту.
Правадзейны сябра Беларускай акадэміі навук (1929). Да 1936 року працаваў у Інстытуце літаратуры БелАН[4].
У пачатку 1930-х над Міхаілам Пятуховічам навісла пагроза рэпрэсій празь «непралетарскае паходжаньне». Літаратурна-крытычныя выступленьні Міхаіла Пятуховіча заўсёды мелі апанэнтаў, аднак у сярэдзіне 1930-х палеміка выйшла за межы літаратурнай дыскусіі і прыняла характар грубых палітычных абвінавачваньняў. Міхаіл Пятуховіч вырашыў выехаць зь сям’ёй за межы Беларусі (у 1934 ці 1936 року). Жыў у Арджанікідзэ; працаваў выкладчыкам-славістам у Паўночна-Каўкаскім і Паўночна-Асэтынскім пэдагагічным інстытутах. У гэты час у БССР ягоныя кнігі ўжо былі забароненыя[5][6].
9 студзеня 1937 року арыштаваны і перавезены ў Менск. 19 сьнежня 1937 Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да расстрэлу. Прысуд прыведзены ў выкананьне на наступны дзень. Рэабілітаваны 27 сьнежня 1957.
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яшчэ да пачатку сваёй дзейнасьці на ніве беларускай навукі Міхаіл Піятуховіч спэцыялізаваўся на заходнеэўрапейскіх літаратурах, у прыватнасьці францускіх рамантыках. Шэраг працаў прысьвяціў творчасьці паэта Альфрэда дэ Віньі («Дэ Віньі як мысьліцель»). Як крытык і дасьледчык беларускай літаратуры выступіў у друку ў 1921 року з артыкуламі, прысьвечанымі творчасьці Якуба Коласа.
Унівэрсытэцкі курс Міхаіла Пятуховіча лёг у аснову ягоных «Нарысаў гісторыі беларускае літаратуры. Ч. 1 (Агляд літаратурна-ідэалягічных плыняў XIX і пачатку XX в.» (1928), якія мелі станоўчае значэньне ў тагачасных мэтадалягічных пошуках, хоць ён і не пазьбег сацыялягічнага схематызму. Аўтар артыкулаў пра фальклёр, Францішка Скарыну, Францішка Багушэвіча, Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цішку Гартнага, Ядвігіна Ш., Міхася Чарота, Кузьму Чорнага й інш. Рэдактар-укладальнік першай гісторыка-літаратурнай хрэстаматыі «Выпісы зь беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі» (1923). Рэдактар, аўтар уступнага артыкула да твораў Паўлюка Труса (1934, 1935). Праца Міхаіла Пятуховіча «Рукапісы А. Рыпінскага» апублікаваная ў 1990 Віталём Скалабанам.
Увосені 1924 року ўвайшоў у склад Скарынінскай камісіі па сьвяткаваньні 400-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня[a], вынікі працы якой выйшлі ў 1927 року ў зборніку „400-лецьце беларускага друку“[7].
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасьць. Мн., 1926;
- Апавяданьне «У палескай глушы» як новы этап бел. мастацкай прозы. Мн., 1927;
- Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы. Мн., 1927;
- Паэтычнае сьветаадчуваньне ў творчасьці Якуба Коласа. Мн., 1927;
- Звычаі і песьні беларускаго селяніна ў іх гаспадарчай аснове. Мн., 1928;
- Лірыка і проза Ц. Гартнага. Мн., 1928;
- Нарысы гісторыі беларускай літаратуры: Агляд літаратурна-ідэалягічных плыняў XIX і пачатку XX ст. Мн., 1928;
- Рукапісы А. Рыпінскага / Публ. В. Скалабана // Шляхам гадоў: Гісторыка-літаратурны зборнік. Мн., 1990.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ адзначалася ў 1925 року, глядзіце Скарыназнаўства
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Нашы супрацоўнікі // Пад рэдакцыяй З. Жылуновіча, Я. Ліманоўскага і І. Шыпілы Полымя : Беларуская часопісь літаратуры, політыкі, экономікі, гісторыі. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. — № 6. — С. 2.
- ^ А. Бабарэка. М. Багдановіч у крытыцы рэгістрацыйнага пяцёхгодзьдзя // Узвышша. — Менск: 1927. — № 2. — С. 149, 153.
- ^ Щавлинский Николай. Деятельность национальных белорусских организаций в Киеве и Одессе в 1917―1918 годах // Інститут історії України НАН України Український історичний збірник. — Київ: 2009. — В. 12. — С. 179.
- ^ Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий. — Мн., 1992. С. 86—87
- ^ Аляксандр Баршчэўскі. Эміграцыйны дасьледчык Уладзімер Глыбінны як выкрывальнік сталінскіх злачынстваў // Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego Acta Albaruthenica. — 2012. — Т. 12. — С. 13. — ISSN 1898—8091.
- ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць… (загад № 33) // Спадчына. — 1996. — № 3. — С. 76—91.
- ^ Кірыл Сыцько. Інстытут Беларускай культуры і падрыхтоўка да святкавання 400-годдзя беларускага кнігадрукавання (паводле матэрыялаў Цэнтральнага навуковага архіва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі) // Варшаўскі Ўніверсітэт. Студыюм Усходняй Еўропы. Цэнтр Беларускіх Студыяў Гадавік Цэнтра беларускіх Студыяў. — Варшава: 2017. — № 3. — С. 306, 311.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 2001 Т. 12: Палікрат — Праметэй. — С. 398.
- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Піятуховіч Міхайла // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1995. — Т. 5. Пестрак — Сяўрук. — 480с.;іл. с. — ISBN 5-85700-168-4
- Сьцяпан Карабан. Нарысы гісторыі беларускай савецкай крытыкі 20—30 гадоў. — Мн.: 1971.
- Генадзь Кісялёў. Разыскивается классик…. — Мн.: 1989. — С. 356—376.
- Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2015. — Т. 6. — С. 182—183. — 485с.:іл. с. — 1500 ас. — ISBN 978-985-11-0889-9
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Міхась Мушынскі. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.. — Мн.: 1975. — С. 90—101.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Сенненскага р-на. — Мн.: ПК «Паліграфафармленне», 2003. — 616 с.: іл. ISBN 985-6351-18-9
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 4: Накцюрн — Скальскі. — С. 302. — 9500 ас.
- Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий / сост. и авт. предисл. Н. В. Токарев; под ред. А. С. Махнача. — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. — 120 с. — ISBN 5-343-01246-9
- Республика Беларусь: Энциклопедия в 7 т. Т. 6: Пейзаж ― Снегирёв / редкол.: Г. П. Пашков и др. — Минск: БелЭн, 2008. — 748 с ISBN 985-11-0341-1.
- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 23 лютага
- Нарадзіліся ў 1891 годзе
- Памерлі 20 сьнежня
- Памерлі ў 1937 годзе
- Памерлі ў Менску
- Выпускнікі Магілёўскай духоўнай сэмінарыі
- Супрацоўнікі Інстытуту беларускай культуры
- Выкладчыкі БДУ
- Нарадзіліся ў Сеньненскім раёне
- Супрацоўнікі Інстытуту мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАНБ
- Беларускія літаратуразнаўцы
- Беларускія пэдагогі
- Дэканы БДУ
- Беларускія крытыкі
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Расстраляныя ў БССР
- Рэабілітаваныя ў СССР
- Пасьмяротна рэабілітаваныя
- Выпускнікі Ніжынскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту