Перайсьці да зьместу

Трубяцкая разьня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фрэскі кармэліцкага касьцёла: узяцьце маскавітамі замка (налева) і разьня мірнага насельніцтва (направа)

Трубяцка́я разьня́[1][2][3][4][5] — масавае забойства мірнага насельніцтва Амсьціслава, учыненае 22 ліпеня 1654 году маскоўскімі войскамі ў пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667). У разьні загінулі практычна ўсе жыхары места[6] (ад 10 да 15[1][3][7][8][9][10] тыс. чал.), сам Амсьціслаў амаль цалкам зьнішчылі[11].

Апроч Трубяцкой разьні, таксама зазначаецца разьня[12] ў Берасьці, учыненая маскоўскім войскам пад камандаю Івана Хаванскага 13 студзеня 1660 году. У выніку яе захопнікі забілі каля 1,7 тыс. чал.[13], а само места цалкам зьнішчылі[2][14]. Яшчэ адну разьню 8 жніўня 1655 году маскоўскія захопнікі ўчынілі ў Вільні, дзе забілі палову жыхароў места[15].

Па захопе Рослава, у ліпені 1654 году маскоўскія войскі на чале з Аляксеем Трубяцкім узялі ў аблогу Амсьціслаў, сталіцу аднаго зь дзевяці ваяводзтваў Вялікага Княства Літоўскага. Пад ахову ваяводзкага места з магутным горадам (замкам) зьбегся паспаліты люд з далёкіх ваколіцаў, захапіўшы з сабой дакумэнты і ўсю магчымую рухомую маёмасьць: «…все панове обывателе воеводства Мстиславского… до города Мстиславского з жонами, з детьми, з справами и зо всеми маетностями заехавшы спровадили»[a]. Неўзабаве на дапамогу амсьціслаўцам падышло войска рослаўскага ўрадніка М. Похалаўскага. Аднак у баі маскоўскія захопнікі разьбілі гэтае войска, у выніку чаго больш за 500 чалавек трапіла ў палон[16][17][18].

Амсьціслаў абараняла ваколічная шляхта і мяшчане пад камандаю Яна Станкевіча. Маскоўскія ваяводы даволі хутка захапілі і спалілі астрог, але здабыць замак ня здолелі. Тады яны паабяцалі амсьціслаўцам «великие дары и волности», агітавалі здацца, аднак абаронцы места, «сурова отповедаючы» адбіваліся і спадзяваліся на дапамогу.

У выніку прыступу 22 ліпеня «великою потугою и усилством през штурм»[b] захопнікі авалодалі местам. Паводле шматлікіх сьведчаньняў відавочцаў тых падзеяў, пераможцы «места агнём выпалілі і людзей пасеклі»[19]; «народ усялякі шляхецкі, мяшчанаў і жыдоў, а таксама простых людзей у пень высеклі, потым адтрубіўшы, сярод трупаў жывых знаходзілі і ў палон на Маскву забіралі, а скарбы ўсялякія забраўшы, замак і паркан увесь агнём спалілі і дазваньня спустошылі»[c][2][9]. У часе ўзяцьця места, як сьцьвярджаюць гістарычныя крыніцы, захопнікі зьнішчылі шмат помнікаў пісьменства.

У дакумэнтах Маскоўскай дзяржавы адзначалася, што пры захопе Амсьціслава агулам забілі больш за 10 тысячаў чалавек, у некаторых маскоўскіх актах[d] сустракаюцца паведамленьні пра 15 тысячаў ахвяраў. У жывых пакінулі толькі 700 чалавек, пераважна рамесьнікаў, якіх прывялі да прысягі маскоўскаму гаспадару. Неўзабаве многіх зь іх гвалтоўна вывезьлі ў глыб Масковіі[2]. Невялікую частку жыхароў Амсьціслава, што выжылі, доўгі час называлі «недасекамі»[20].

Маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч у сваёй грамаце Б. Хмяльніцкаму пісаў[16][17][18], што Амсьціслаў

узяты прыступам і шляхты, палякаў і літвы і іншых служылых людзей і ксяндзоў і езуітаў і іншага іх чыну забіта больш за дзесяць тысячаў чалавек.

Арыгінальны тэкст  (рас.)
взяты взятьем и шляхты, поляков и литвы и иных служылых людей и ксендзов и езвуитов и иного их чину побито больши десяти тысяч человек.

Паводле гісторыка Генадзя Сагановіча, з 33 тысячаў жыхароў Амсьціслава па разьні засталося жыць ня больш за тры тысячы[21]. Неўзабаве ў ваколіцах места разгарнуўся найбольш актыўны ў Вялікім Княства Літоўскім народны партызанскі рух. Напрыклад, у ліпені 1654 году трохтысячны аддзел сялянаў з Калесьнікаўскай воласьці заатакаваў пад Амсьціславам войска ваяводы Трубяцкога, у якім налічвалася да 15 тысячаў ратнікаў[21].

Археоляг Леанід Аляксееў у сваёй лічбе аб раскопках на Замчышчы адзначаў, што культурны пласт падзяляецца на тры часткі: ніжні — рэшткі жыцьцядзейнасьці места да 1654 году, сярэдні — папялішча, якое датуецца 22 ліпеня 1654 году, верхні — агароды[22]. Спалены Амсьціслаў назаўжды страціў былое значэньне, а замак спыніў сваё існаваньне[23].

У касьцёле Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі захавалася фрэска XVII ст., прысьвечаная Трубяцкой разьні. На ёй адлюстроўваецца аблога места і забіцьце манахаў. Прозьвішчы палеглых законьнікаў: Ігумен (прыёр) а. Мэльхіёр Таргоўскі, прапаведнік а. Аляксей Борх, а таксама а. Арсень Гладышэвіч.

Паводле гісторыка і этнографа Міхала Без-Карніловіча, памяць пра падзеі 1654 году пад назвай «Рэзь Трубяцкога» захоўвалася ў народных паданьнях яшчэ ў сярэдзіне XIX ст.[24]

У 1985 годзе выйшла апошняя кніга Ўладзімера Караткевіча (памёр у 1984 годзе) «Мсціслаў: эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі», у якой савецкая цэнзура без аніякіх тлумачэньняў цалкам выразала фрагмэнт пра Трубяцкую разьню[25].

Савецкі гісторык Лаўрэнці Абэцэдарскі, якога вінавацяць у сьвядомай аднабаковасьці[26][27][28] і фальсыфікацыях[29][30][31] дзеля адмаўленьня нацыянальнага пачатку ў гісторыі Беларусі, якую ён лічыў часткай гісторыі Расеі[32][33], спрабаваў аспрэчыць факт разьні[34], грунтуючыся на пазьнейшых маскоўскіх дакумэнтах[35]. Апроч таго, Абэцэдарскі ставіў пад сумнеў праўдзівасьць актаў, апублікаваных уладамі Расейскай імпэрыі ў 34 томе «Актов, издаваемых Виленскою комиссиею для разбора древних актов», сьцьвярджаючы, што такім чынам шляхта хацела ўтоіць уцёкі і здаваньне замку[35]. Пры гэтым ён ніяк не камэнтаваў і, увогуле, ігнараваў наяўнасьць дакумэнтаў Маскоўскай дзяржавы, у якіх паведамляецца пра разьню і вялікую колькасьць забітых жыхароў Амсьціслава.

  1. ^ №143 — 1660 г. Июля 20. Заявление зем. Александра Плескачевского об участии в обороне Мстиславского замка от московских войск, при чем были утрачены им все документы и имущество и он сам попал в плен // Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. — Вильна, 1909. Т. 34. С. 157.
  2. ^ №10 — 1654 г. Июля 24. Заявление земянки Екатерины Кисель о пропаже документов во время взятия русскими города Мстиславля // Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. — Вильна, 1909. Т. 34. С. 9.
  3. ^ №310 — 1664 г. Июля 18. Заявление земянина Яна Котла о злоключениях при осаде Мстиславского замка Московскими войсками // Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. — Вильна, 1909. Т. 34. С. 349.
  4. ^ Записка о военных действиях во время Польского похода 1655 года, с росписью покоренных Русскими войсками городов // Акты, собранные в библиотеках и архивах России. Т. 4. — СПб., 1836. С. 128.
  1. ^ а б Голубеў В., Кітурка І. Гісторыя Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст. — Санкт-Пецярбург: «Неўскі прастор», 2014. С. 90.
  2. ^ а б в г Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
  3. ^ а б Кітурка І. Гісторыя Беларусі: дапам. ― Горадня: ГрДУ, 2006. С. 70.
  4. ^ Канапацкая З. Войны і сацыяльна-палітычныя канфлікты: гістарычны аспект. Вучэбна-метадычны комплекс па вучэбнай дысцыпліне, Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка
  5. ^ Сакалоў М., Шкуцько Л., Пракаповіч Л., Вялікі А., Канапацкая З. Вучэбна-метадычны комплекс па вучэбнай дысцыпліне «Гісторыя Беларусі», Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка
  6. ^ Пушкін І. Гістарычная спадчына горада Магілёва: курс лекцый. — Магілёў: УА МДУХ, 2006. С. 63. [1]
  7. ^ Мяцельскі А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХІІ-ХVІІІ стст. — Менск: Беларуская навука, 2010, 2014. С. 241.
  8. ^ Грыцкевіч А. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 373.
  9. ^ а б Ткачоў М., Трусаў А. Старажытны Мсціслаў. — Менск: Полымя, 1992. С. 22.
  10. ^ Мяцельскі А. Старадаўні Крычаў. — Менск: «Беларуская навука», 2003. С. 114.
  11. ^ Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый. / І. Крэнь, І. Коўкель, С. Марозава, С. Сяльверстава, І. Фёдараў. — Менск: РІВШ БДУ, 2000. С. 512. [2]
  12. ^ Касажэцкі К. Бітва пад Палонкай 28 чэрвеня 1660 г. [3] // Беларускі Гістарычны Агляд. — 2004. — Т. 11. — Сш. 1—2.
  13. ^ Курукин И. В., Булычев А. А. Повседневная жизнь опричников Ивана Грозного. — Москва: Молодая гвардия, 2010. С. 336.
  14. ^ Гладыщук А. А. Никитчик А. Д. Инвентари Берестейского замка и города после 1660 года // Вестник Брестского государственного технического университета. №6, 2013. С. 42. [4]
  15. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 243.
  16. ^ а б Мялешка В. Мсціслава абарона // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 320.
  17. ^ а б Мялешка В. Мсціслава абарона // БЭ. — Мн.: 2000 Т. 10. С. 536.
  18. ^ а б Мялешка В. Мсціслава абарона // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 224.
  19. ^ Ткачев М. Замки Беларуси. — Мн., 2002. С. 92.
  20. ^ Іванова В. Лісты з асабістага архіва Івана Грыгаровіча // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 8 / Рэдкалегія: Э. Савіцкі (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелНДІДАС, 2007. С. 224.
  21. ^ а б Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
  22. ^ Абрамчук Р. Апакаліпсіс мясцовага значэння: жыццё і смерць Мсціслаўскага замка (1135—1660) // Архитектура и строительство. № 1 (231), 2013 г.
  23. ^ Алексеев Л. В. Мстиславльский детинец XII—XIV вв. // Российская археология. № 3, 1995. С. 75.
  24. ^ Без-Корнилович М. О. Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии присовокуплением и других сведений к ней же относящихся. — СПб, 1855. С. 190.
  25. ^ Жаўняровіч П. Публіцыстычны дыскурс Уладзіміра Караткевіча / П. Жаўняровіч; навук. рэд. В. Іўчанкаў. — Менск: РІВШ, 2011. С. 147.[5]
  26. ^ Чаропка В. …І робіцца трывожна // З гісторыяй на «ВЫ». Выпуск 1. — Менск, 1991.
  27. ^ Грыцкевіч В. Гісторыя і міфы. — Менск: «БелФранс», 1998. [6]
  28. ^ Урбан П. У сьвятле гістарычных фактаў. — Мюнхэн, Нью-Ёрк: БІНІМ, 1972. [7]
  29. ^ Смалянчук А. Феномен беларускай савецкай гістарыяграфіі // Гістарычны Альманах. Том 10, 2004. [8]
  30. ^ Арлоў У. Еўфрасіння Полацкая. — Менск: «Мастацкая літаратура», 1992. С. 6.
  31. ^ Весялкоўскі Ю. Беларуска-польская канфэрэнцыя гісторыкаў // Голас Часу. № 14 (5), 15 (6). — Лёндан 1991.
  32. ^ Грыцкевіч В. Абэцэдарскі Лаўрэнцій Сямёнавіч // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 24.
  33. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 484
  34. ^ Абецедарский Л. С. Белоруссия и Россия. Очерки русско-белорусских связей второй половины XVI—XVII вв. Минск, 1978. С. 150—153.
  35. ^ а б Кроль П. Беларуская кампанія 1654 г. (да бітвы пад Шапялевічамі) // Беларускі Гістарычны Агля. — 1999. — Т. 6. — Сш. 1—2.