Лаўрэнці Абэцэдарскі
Лаўрэнці Сямёнавіч Абэцэдарскі | |
| Дата нараджэньня | 12 ліпеня 1916 |
|---|---|
| Месца нараджэньня | |
| Дата сьмерці | 6 ліпеня 1975[1] (58 гадоў) |
| Месца сьмерці | |
| Месца вучобы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт |
| Занятак | гісторык, прафэсар унівэрсытэту |
| Навуковая сфэра | гісторыя |
| Месца працы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт |
| Вядомы як | дасьледнік беларускага ўплыву на разьвіцьцё расейскай культуры другой паловы XVII ст. |
| Навуковая ступень | доктар гістарычных навук[d] |
| Вучні | Якаў Трашчанок, Міхась Ткачоў, Аляксандра Гесь |
| Узнагароды | |
Лаўрэнці Сямёнавіч Абэцэдарскі (Абецадарскі; 13 ліпеня 1916, Горкі — 6 ліпеня 1975) — савецкі гісторык. Сябар КПСС (з 1944)[2]. Сябар-карэспандэнт Акадэміі Пэдагагічных навук СССР (1968). Доктар гістарычных навук, прафэсар (1966). Прадстаўнік вульгарна-сацыялістычнага кірунку ў гістарычнай навуцы Беларусі савецкага пэрыяду[2], вядомага пад назвай «абэцэдаршчына»[3][4].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1946 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, дзе потым працаваў выкладнікам, загаднікам катэдры гісторыі СССР (1950—1958), потым гісторыі БССР (з 1958).
У 1950 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Барацьба ўкраінскага і беларускага народаў за ўз’еднанне з Расіяй у сярэдзіне XVII века». У 1966 годзе — доктарскую дысэртацыю на тэму «Борьба белорусского народа за соединение с Россией (Вторая половина XVI—XVII в.)».
Быў навуковым кіраўніком беларускай архівісткі і гісторыка Аляксандры Гесь, іншыя вядомыя вучні — Якаў Трашчанок і Міхась Ткачоў.
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Абэцэдарскі Л. С. Барацьба ўкраінскага і беларускага народаў за ўз’еднанне з Расіяй у сярэдзіне XVII века. — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1954. — 67 с.
- Абецедарский Л. С. Белорусы в Москве XVII в. Из истории русско-белорусских связей. — Минск: Издательство БГУ, 1957. — 62 с.
- Русско-белорусские связи : сборник документов : (1570—1667 гг.) / отв. ред. Л. С. Абецедарский, М. Я. Волков. — Минск: Высшая школа, 1963. — 534 с.
- Абэцэдарскі Л. С. У святле неабвержных фактаў. — Мінск: Звязда, 1969. — 111 с.
- Абецедарский Л. С. Белоруссия и Россия : Очерки русско-белорусских связей второй половины XVI—XVII вв. — Минск: Вышэйшая школа, 1978. — 255 с.
Адзін з аўтараў 2-томнай гісторыі БССР, школьнага падручніка гісторыі БССР (Мн., пособие : 1960—1974; учебник : 1975—1987); двухтомнай (1954—1961) і пяцітомнай (1972—1975) «Гісторыі Беларускай ССР», «Гісторыі Мінска» (1957), «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі» (1969―1975. Пад рэдакцыяй Абецэдарскага выйшлі дапаможнікі для школ «Старонкі нашай гісторыі : кніга для чытання па гісторыі БССР у пачатковай школе» (Вольски, В. Ф.; 1969) і «Тэрміны, імёны, даты : школьны гістарычны слоўнік» (Сувораў, Ю. М.; 1971).
Погляды і дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Быў прыхільнікам унітарнай канцэпцыі аб’яднаньня ўсходнеславянскіх народаў вакол Масквы і Маскоўскай дзяржавы[2]. Разглядаў Маскоўскую дзяржаву як простую папярэдніцу СССР[2].
Разглядаў гісторыю Беларусі як частку гісторыі Расеі[2]. Праводзіў думку, што Расейская імпэрыя мела гістарычныя правы на беларускія землі[2]. Разглядаў Вялікае Княства Літоўскае выняткова як дзяржаву летувіскіх фэўдалаў[5]. Адмаўляў прагрэсіўную ролю Магдэбурскага права і станоўчы для свайго часу характар Статутаў ВКЛ[2]. Пачаткам беларускай дзяржаўнасьці лічыў кастрычніцкі пераварот, не ўпамінаў пра Беларускую Народную Рэспубліку[5].
У некаторых пытаньнях фактычна салідараваўся з нацыяналістычнымі гісторыкамі Польшчы і Летувы[6].
Вывучаў канфлікты сялянаў з фэўдаламі, прычынай якіх называў імкненьне сялянаў перайсьці пад уладу маскоўскіх гаспадароў[7]. Перасяленьне беларусаў у Маскву называў добраахвотным, не зьвяртаючы ўвагі на шматлікія крыніцы, якія сьведчылі пра гвалтоўны характар гэтага працэсу[2]. У сваіх працах адмаўляў нацыянальны пачатак у разьвіцьці гісторыі Беларусі[2]. Перавышаў значэньне гандлю беларускіх местаў з расейскімі[7], прыніжаў узровень культуры Беларусі ў XVI ст.[7] Улучэньне Беларусі ў склад Расейскай імпэрыі называў «узьяднаньнем»[7]. Дэмакратычныя газэты «Наша Доля» і «Наша Ніва», паводле сьцьвярджэньня Абэцадарскага, — нацыяналістычныя выданьні[7].
Сваіх апанэнтаў называў «наймітамі амэрыканскіх і заходненямецкіх імпэрыялістаў»[8], «гітлераўскімі паслугачамі»[5], «буржуазнымі фальсыфікатарамі» і «ворагамі міру і прагрэсу»[9], а іхныя працы — «вымысламі беларускіх буржуазных нацыяналістаў»[8]. Паводле ўспамінаў Анатоля Грыцкевіча, любіў паўтараць, што «гісторык павінен умець знаходзіць факты для сваёй канцэпцыі»[10].
Крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Абэцэдарскага крытыкуюць за сьвядомую аднабаковасьць[2], неабмежаванае маніпуляваньне гістарычнай сьвядомасьцю грамадзтва, падмену гістарычных ведаў ідэалёгіяй расейскага імпэрыялізму[11][12]. Свае вэрсіі ён найчасьцей падмацоўваў крыніцамі, што зыходзілі ад зацікаўленых менавіта ў такіх поглядах маскоўскіх афіцыйных установаў, не праводзячы крыніцазнаўчага аналізу[2]. Спасылаўся амаль выняткова на працы савецкіх гісторыкаў і асобных прадстаўнікоў расейскай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі[13]. Дзеля пацьверджаньня ўласных думак выкарыстоўваў цытаты іншых навукоўцаў, якія аднак супярэчылі кантэксту працаў, акуль яны паходзілі[13]. Ігнараваў усе працы, якія ставілі пад сумнеў ягоныя высновы[13].
Паводле гісторыка Алеся Смалянчука, мэтай Абэцэдарскага пры рэдагаваньні школьных падручнікаў была фальсыфікацыя гістарычных ведаў і дэфармацыя сьвядомасьці беларусаў[14], а сваёй антыбеларускай пазыцыяй ён супярэчыў многім тэзам нават савецкай гістарыяграфіі[6]. Паводле гісторыка Валянціна Грыцкевіча, брашура «У святле неабвержных фактаў» мусіла быць зброяй у змаганьні супраць руху за незалежнасьць і чалавечую годнасьць[11], паводле гісторыка Алега Дзярновіча[15] яна выконвала партыйны заказ[6]. Гісторык Павал Урбан[8] пераканаўча давёў сумнеўнасьць сьцьвярджэньняў Абэцэдарскага[6] і здолеў паказаць, што брашура мае вымоўны шавіністычна-расейскі характар і ўяўляе сьвядомае абкраданьне гісторыі беларускага народу[6].
У наш час дзейнасьць Абэцэдаскага атрымала адмоўную ацэнку з прычыны сьвядомай аднабаковасьці[16] і фальсыфікацыяў[14][17][18].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ^ Identifiants et Référentiels (фр.) — ABES, 2011.
- ^ а б в г д е ё ж з і к Грыцкевіч В. Абэцэдарскі Лаўрэнцій Сямёнавіч // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 24.
- ^ Падокшын С. Абэцэдаршчына // Літаратура і мастацтва. 8 чэрвеня 1990 г.
- ^ Грыцкевіч В. «Абэцэдаршчына» і Абэцэдарскі // Літаратура і мастацтва. 5 ліпеня 1991 г.
- ^ а б в Смалянчук А. Феномен беларускай савецкай гістарыяграфіі // «Гістарычны Альманах». Том 10, 2004. С. 12. [1]
- ^ а б в г д Смалянчук А. Феномен беларускай савецкай гістарыяграфіі // «Гістарычны Альманах». Том 10, 2004. С. 14. [2]
- ^ а б в г д Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 484
- ^ а б в Урбан П. У сьвятле гістарычных фактаў. — Мюнхэн, Нью-Ёрк: БІНІМ, 1972. [3]
- ^ Смалянчук А. Феномен беларускай савецкай гістарыяграфіі // «Гістарычны Альманах». Том 10, 2004. С. 17. [4]
- ^ Арлоў У. Адзін у трох іпастасях // Літаратура і мастацтва. 16 лістапада 1990 г.
- ^ а б Грыцкевіч В. Гісторыя і міфы. — Менск: «БелФранс», 1998. [5]
- ^ Шарэцкі С. Яшчэ раз аб нацыянальнай ідэі беларускага народа. — Вільня: ULA, 2000.
- ^ а б в Смалянчук А. Феномен беларускай савецкай гістарыяграфіі // «Гістарычны Альманах». Том 10, 2004. С. 18. [6]
- ^ а б Смалянчук А. Феномен беларускай савецкай гістарыяграфіі // «Гістарычны Альманах». Том 10, 2004. С. 16. [7]
- ^ Дзярновіч А. Акадэмічная дыскусія сярэдзіны 1960-х гадоў у Беларусі: паміж свабодай творчасці і палітычным даносам // Бунт у імя свабоды: забыты ген беларусаў? / Рэдактары: Пётр Рудкоўскі, Кацярына Колб. Варшава: Універсітэт Лазарскага, 2013. [8]
- ^ Чаропка В. …І робіцца трывожна // З гісторыяй на «ВЫ». Выпуск 1. — Менск, 1991.
- ^ Арлоў У. Еўфрасіння Полацкая. — Менск: «Мастацкая літаратура», 1992. С. 6.
- ^ Весялкоўскі Ю. Беларуска-польская канфэрэнцыя гісторыкаў // «Голас Часу» № 14 (5), 15 (6). — Лёндан 1991.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2