Перайсьці да зьместу

Беларуска-летувіскія дачыненьні

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларуска-летувіскія дачыненьні
Беларусь і Летува

Беларусь

Летува
Дыпляматычныя місіі
Амбасада Беларусі ў Летуве Амбасада Летувы ў Беларусі
Амбасадары
Амбасадар Аляксандар Кароль Амбасадар Андрус Пулокас

Белару́ска-летуві́скія дачыне́ньні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Беларусі і Летувы.

Глыбокая повязь Беларусі і Летувы грунтуецца на больш як паўтысячы гадоў суіснаваньня ў адзінай дзяржаве — Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім — з XIII па XVIII стагодзьдзе. Супольная мяжа працягласьцю 679 км ёсьць найбольш працяглым адрэзкам дзяржаўнай мяжы Летувы. Адлегласьць між Вільняй і Менскам складае 172 км, што менш за адлегласьць ад сталіцы Беларусі да ўсялякага абласнога цэнтру краіны. Гэтыя акалічнасьці аказваюць пастаянны ўплыў на дачыненьні беларускага і летувіскага народаў[1].

На 2019 год Амбасада Беларусі ў Летуве месьцілася ў Вільні па вуліцы Міндоўга, д. 13 і працавала з панядзелка па пятніцу а 8:30—17:30 зь перапынкам на абед (12:00—13:00). Консульскі аддзел Амбасады Беларусі знаходзіўся па вуліцы Муйцінэс, д. 41 і прымаў наведнікаў з панядзелка па пятніцу з 8:30 да 12:30[2]. Звычайная аднакратная віза да 90 дзён для грамадзянаў Летувы каштавала 25 эўра і афармлялася за 5 дзён[3].

Амбасада Летувы ў Беларусі месьцілася ў Партызанскі раёне Менску па вуліцы Захарава, д. 68[4] і працавала з панядзелка па чацьвер з 9:00 да 18:00 і ў пятніцу за 9:00 да 17:00 зь перапынкам на абед (13:00—13:45). Консульскі аддзел Амбасады прымаў дакумэнты на атрыманьне візы з панядзелка па чацьвер з 9:00 да 13:00[5]. Генэральнае консульства Летувы месьцілася ў Горадні па вуліцы Горкага, д. 104[6] і працавала з панядзелка па чацьвер з 8:30 да 17:30 і ў пятніцу за 8:30 да 16:15 зь перапынкам на абед (12:45—13:30). Дакумэнты на візы прымалі з панядзелка па пятніцу з 9:30 да 12:00[7]. Віза ў Летуву для беларускіх грамадзянаў каштавала 60 эўра і магла афармляцца празь візавыя цэнтры ТАА «Сусьветнае візавае садзейнічаньне» (Дубай, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) ў 8 гарадах Беларусі: Берасьці, Гомелі, Горадні, Магілёве і Менску, а таксама ў Баранавічах, Лідзе і Пінску[8]. Візавыя цэнтры бралі дадаткова 18 эўра за афармленьне[9].

У 2012 годзе беларускі транзыт празь Летуву склаў звыш 22 млн тонаў і заняў каля 25% грузаабароту Клайпедзкага порта[10].

Летува ўваходзіць у 10-ку найбольшых гандлёвых партнэраў Беларусі. У 2017 годзе яна заняла 8-е месца паводле абсягу таваразвароту і 7-е — паводле абсягу экспарту зь Беларусі. Таваразварот вырас на 13 % да $1,168 млрд. Пагатоў станоўчае сальда Беларусі павялічылася да $532 млн. Беларускі экспарт пераважна складалі нафтапрадукты, палімэры этылену, угнаеньні, сталёвы дрот і пруткі, драўніна, алей і абсталяваньне. Зь Летувы завозілі катлы і мэханічнае абсталяваньне, плястмасу, электрычныя машыны, паперу і кардон. У 2017 годзе гандаль паслугамі вырас на 20 % да $695 млн, што склала 6,4 % гандлю паслугамі Беларусі. Пагатоў беларускі экспарт паслугаў павялічыўся на 20 % да $269 млн, зь якіх перавозкі склалі $210 млн (+28%)[11].

Таксама Летува ўваходзіць у 10-ку краінаў асноўных капіталаўкладнікаў у гаспадарку Беларусі. У 2017 годзе яна заняла 6-е месца па ўкладаньнях у Беларусі. Укладаньні зь Летувы скараціліся да $198,2 млн, зь іх $180,6 млн склалі наўпроставыя, у тым ліку на чыстай аснове — $21,8 млн. Найбольшымі ўкладальнікамі былі: прадпрыемства «Арві» — у перапрацоўку жывёльных адкідаў і сельскую гаспадарку, група «Вакару Мэдзенас» — у дрэваапрацоўку, група «Модус» — у энэргетыку, а таксама прадпрыемствы «ВП», «Кеска», «Ома» і «Сенукай» — у гандлёвыя цэнтры. У Беларусі працавала 600 прадпрыемстваў зь летувіскім капіталам. У Летуве дзейнічала 250 прадпрыемстваў зь беларускімі ўкладаньнямі. Найбольшымі беларускім ўкладаньнямі былі: зборачная вытворчасьць тэхнікі ЗАТ «Амкадар-Балтык», гандлёвая дамы «БМЗ-Балтыя», «Белтаер» (ААТ «Белшына»), «Трансхема» (канцэрн «Белнафтахім»), «Р Балтык» (ААТ «Даламіт») і «Аградэталь» (ААТ «МТЗ»).

14 сакавіка 2024 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастановы № 181 і 182, якія ад 1 красавіка 2024 году абмяжоўвалі ўвоз тавараў зь Летувы ў адказ на закрыцьцё ўрадам Летувы 2-х памежных пераходаў на беларуска-летувіскай мяжы. Пастанова № 181 «Аб зьмяненьні пастановы ад 6 сьнежня 2021 г. № 700» тычылася прымяненьня адмысловых захадаў датычна асобных відаў тавараў, сярод якіх былі вырабленыя ў Летуве харчаваньне (згушчанае малако, кансэрваваныя фрукты, піва і воцат), будаўнічыя вырабы (цэгла) і побытавыя прылады (лядоўні), а таксама шкарпэткі і панчохі. Пастанова № 182 «Аб прымяненьні адмысловага абмежавальнага захаду» забараняла да 1 кастрычніка 2024 году ўвоз у Беларусь праз аўтамабільныя пункты пропуску на беларуска-летувіскай мяжы ўжываных адзеньня і запасных частак да транспартных сродкаў, а таксама шынаў і алькагольных вырабаў (віна, піва, сыдру і сьпіртовых настоек), незалежна ад краіны іх паходжаньня[12]. 18 ліпеня 2024 году ўрад Летувы забараніў уезд легкавікоў з аўтамабільнымі рэгістрацыйнымі знакамі Беларусі[13].

Асноўны артыкул: Беларуска-летувіская граніца

6 лютага 1995 году прэзыдэнты Беларусі і Летувы Аляксандар Лукашэнка і Альгірдас Бразаўскас падпісалі ў Вільні Дамову «Аб дзяржаўнай мяжы». 12 чэрвеня 1997 году летувіскі амбасадар Віктарас Баўбліс згадаў на сустрэчы з А. Лукашэнкам, што ў той дзень на супольнай мяжы паставілі першы памежны знак, што паклала пачатак абазначэньню беларуска-летувіскай мяжы на мясцовасьці. 25 сакавіка 1998 году міністры замежных справаў Беларусі, Латвіі і Летувы Іван Антановіч, Валдыс Біркаўс і Альгірдас Саўдаргас падпісалі Дамову «Аб парадку абазначэньня кропкі стыку дзяржаўных межаў», што набыла моц 17 сакавіка 1999 году[1].

10 сакавіка 2006 году ўсталявалі апошні 1955-ы памежны знак на возеры Гілута ў Браслаўскім раёне (Віцебская вобласьць, Беларусь). Агульная працягласьць мяжы склала 678,819 км, зь іх — 380 км па сушы і 299 км (44 %) па вадзе. Дэмаркацыя мяжы зь беларускага боку большасьцю фінансавалася Эўразьвязам. 2 лютага 2007 году падпісалі заключныя дакумэнты аб дэмаркацыі беларуска-летувіскай мяжы. 19 чэрвеня 2008 году заканчэньне дэмаркацыі адзначылі абменам нотамі. 16 верасьня 2009 году бакі падпісалі Дамову «Аб прававым рэжыме беларуска-летувіскай дзяржаўнай мяжы», якая набыла моц 7 ліпеня 2010 году. Адначасна ўрады Беларусі, Летувы і Польшчы падпісалі Дамову «Аб стыку дзяржаўных межаў», што набыла моц 26 кастрычніка 2010 году. На 2014 год на беларуска-летувіскай мяжы дзейнічала 6 міжнародных памежных пунктаў пропуску, зь іх 4 аўтадарожных і 2 чыгуначных. Яшчэ 11 аўтадарожных пунктаў кантролю працавала для мясцовага руху[14].

29 жніўня 2022 году летувіскі дзяржаўны холдынг «Апэратар сыстэмы перадачы электрычнасьці» («АСПЭ») паведаміў пра заканчэньне будаўніцтва агароджы даўжынёй 502 км на беларуска-летувіскай мяжы. Улетку 2021 году ўрад Летувы заказаў яе будаўніцтва коштам 152 млн эўра за пазыковыя сродкі, каб зьменшыць пранікненьне ірацкіх перасяленцаў у ходзе міграцыйнага крызісу[15].

21 лютага 2024 году ўрад Летувы падтрымаў прапанову Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызіснымі сытуацыямі аб закрыцьці ад 1 сакавіка 2024 году 2-х памежных пунктаў пропуску Лаварышкі і Райгарад. Міністарка ўнутраных справаў Летувы Агне Білатайтэ патлумачыла закрыцьцё нястачай сродкаў для выкрыцьця кантрабанды: «У суседніх дзяржавах дзейнічае па адным пункце пропуску, у Летуве — 4. У выніку на 50 % павялічылася плынь грузаў, транспарту і людзей». Сярод іншага, яна зрабіла ўдакладненьне ў сувязі з арыштам некалькіх грамадзянаў Летувы ў Беларусі: «Гэтая пастанова таксама была абумоўленая рызыкамі, зьвязанымі з узмацненьнем дзейнасьці беларускіх спэцслужбаў супраць Летувы і нашых грамадзян»[16].

20 сьнежня 1991 году Вярхоўны Савет Летувы(en) прызнаў незалежнасьць Рэспублікі Беларусь. 27 сьнежня 1991 году Беларусь прызнала незалежнасьць Летувіскай Рэспублікі. 30 сьнежня 1992 году ў Менску падпісалі Пагадненьне «Аб дыпляматычных дачыненьнях». У 1993 годзе адчынілі Амбасаду Летувы ў Беларусі і Амбасаду Беларусі ў Летуве. Першымі кіраўнікамі Амбасадаў да 1994 году былі часовыя павераныя ў справах Уладзімер Шчасны ад Беларусі і Алфонсас Аўгуліс ад Летувы. 6 лютага 1995 году прэзыдэнты Беларусі і Летувы Аляксандар Лукашэнка і Альгірдас Бразаўскас падпісалі ў Вільні Дамовы «Аб добрасуседзкіх і сяброўскіх дачыненьнях» і «Аб дзяржаўнай мяжы». У 1996 годзе Амбасада Беларусі ў Летуве набыла ў Вільні будынак па вул. Міндоўга, д. 13. Зямельную дзялянку, дзе месьціўся будынак, плошчай 4874 кв.м. Амбасада атрымала ў бясплатную арэнду на 50 гадоў. Пасьля некалькіх гадоў аднаўленьня ў стылі нэабарока Амбасада пераехала ў набыты будынак[17].

5 верасьня 1997 году А. Лукашэнка наведаў Летуву для ўдзелу ў міжнароднай нарадзе «Суіснаваньне народаў і добрасуседзкія дачыненьні». 12 лістапада 1998 году прэзыдэнты Беларусі і Летувы А. Лукашэнка і Валдас Адамкус сустрэліся на памежнай заставе Меднікі. Ад 1 верасьня 2004 году да 31 сьнежня 2010 году Амбасада Летувы ў Беларусі спалучала ў сабе прадстаўніцтва АПАД. 25 траўня 2007 году адбылася сустрэча міністраў замежных справаў на памежнай заставе «Каменны Лог — Меднікі». У кастрычніку 2007 году ў Летуве пабываў старшыня ўраду Беларусі Сяргей Сідорскі для адкрыцьця ў Вільні выставы «Беларусь-Экспа». У лістападзе 2007 году пасюля далучэньня да Шэнгенскага пагадненьня аб паездках грамадзянаў урад Летувы павысіў цану ўязной візы для беларускіх грамадзянаў з 5 да 60 эўра. Па стане на канец 2007 году пабрацімскія дачыненьні падтрымлівалі 24 акругі і гарады Беларусі і Летувы. 16 верасьня 2009 году А. Лукашэнка наведаў Вільню для адкрыцьця Дзён эканомікі, навукі і культуры Беларусі і Беларуска-летувіскага гаспадарчага форуму «Беларусь і дзяржавы Балтыйскага мора» ў выстаўні «Летэкспа». 20 кастрычніка 2010 году прэзыдэнтка Летувы Даля Грыбаўскайце наведала Беларусь[18].

У 2011 годзе ў Летуве акрэдытавалі вайсковага аташэ Беларусі С. Зязюліна. У Беларусі акрэдытавалі вайсковага аташэ Летувы Д. Кідзікаса. 6 сакавіка 2015 году 1-м ганаровым консулам Беларусі ў Клайпедзе стаў Мікалай Логвін[19].

  1. ^ а б Уладзімер Русаковіч. Беларуска-летувіскія дачыненьні (1997—1998 гг.) // Белая вежа : часопіс. — Кастрычнік 2017. — № 7 (46). — С. 125-129. — ISSN 2311-245x.
  2. ^ Адрас і час працы (рас.) // Амбасада Беларусі ў Летуве, 2019 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  3. ^ Расцэнка консульскіх збораў за выдачу візаў Рэспублікі Беларусь (рас.) // Амбасада Беларусі ў Летуве, 2019 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  4. ^ Месцазнаходжаньне // Амбасада Летувы ў Беларусі, 1 ліпеня 2014 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  5. ^ Час працы // Амбасада Летувы ў Беларусі, 16 студзеня 2018 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  6. ^ Разьмяшчэньне ў горадзе (рас.) // Генэральнае консульства Летувы ў Горадні, 26 жніўня 2014 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  7. ^ Час працы (рас.) // Генэральнае консульства Летувы ў Горадні, 26 жніўня 2014 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  8. ^ Візы (рас.) // Амбасада Летувы ў Беларусі, 17 ліпеня 2018 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  9. ^ Кароткая інфармацыя аб візавым зборы // Холдынг «Сусьветнае візавае садзейнічаньне» (Дубай, ААЭ), 2019 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  10. ^ Аляксандар Шпакоўскі. Каму патрэбна «атамная» спрэчка // Зьвязда : газэта. — 20 лістапада 2013. — № 218 (27583). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  11. ^ Гандлёва-гаспадарчыя дачыненьні (рас.) // Амбасада Беларусі ў Летуве, 2019 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  12. ^ Беларусь увяла меры ў адказ на недружалюбныя дзеяньні Летувы па закрыцьці пунктаў пропуску // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 сакавіка 2024 г. Праверана 17 сакавіка 2024 г.
  13. ^ Летува з 18 ліпеня закрывае граніцу для аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі // БелТА, 17 ліпеня 2024 г. Праверана 20 ліпеня 2024 г.
  14. ^ Палітычнае супрацоўніцтва // Амбасада Летувы ў Беларусі, 2 ліпеня 2014 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  15. ^ Летува завяршыла ўзьвядзеньне 502-кілямэтровай агароджы на граніцы зь Беларусьсю // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 29 жніўня 2022 г. Архіўная копія ад 29 жніўня 2022 г. Праверана 29 жніўня 2022 г.
  16. ^ Летува патлумачыла, чаму закрыла два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю // «Хартыя'97», 22 лютага 2024 г. Праверана 17 сакавіка 2024 г.
  17. ^ Палітычныя дачыненьні (рас.) // Амбасада Беларусі ў Летуве, 2019 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  18. ^ Пра будынак Амбасады (рас.) // Амбасада Беларусі ў Летуве, 2019 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  19. ^ Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у г. Клайпедзе (рас.) // Амбасада Беларусі ў Летуве, 2019 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]