РБ Ляйпцыг (футбольны клюб)
РБ Ляйпцыг | ||||||
Поўная назва | RasenBallsport Leipzig GmbH | |||||
---|---|---|---|---|---|---|
Заснаваны | 19 траўня 2009 | |||||
Горад | Ляйпцыг, Нямеччына | |||||
Стадыён |
Рэд Бул Арэна Умяшчальнасьць: 42 959 | |||||
Прэзыдэнт | Олівэр Мінцляф[d] | |||||
Кіраўнік | Red Bull GmbH | |||||
Галоўны трэнэр | ||||||
Чэмпіянат | Бундэсьліга | |||||
· 2023—2024 | 4 месца | |||||
| ||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы Афіцыйны сайт |
«РБ Ляйпцыг» (па-нямецку: RB Leipzig) — нямецкі футбольны клюб з гораду Ляйпцыгу. Клюб быў заснаваны ў 2009 годзе з ініцыятывы кампаніі Red Bull GmbH, якая набыла правы клюбу пятага дывізіёну «Маркранштэт» з мэтай прасоўваньня новага клюбу да Бундэсьлігі на працягу васьмі гадоў. Мужчынскім прафэсійным футбольным клюбам кіруе арганізацыя RasenBallsport Leipzig GmbH[2]. «Ляйпцыг» праводзіць хатнія матчы на Рэд Бул Арэна. 12 траўня 2016 году «Ляйпцыг» забясьпечыў падвышэньне ў Бундэсьлігу на сэзон 2016—2017 гадоў пасьля перамогі над «Карльсруэ» зь лікам 2:0[3]. Годам пазьней «Ляйпцыг» атрымаў месца ў Лізе чэмпіёнаў УЭФА 2017—2018 гадоў, заняўшы другое месца ў Бундэсьлізе[4]. 18 жніўня 2020 году ўвайшоў у гісторыю клюбу як дата, калі дружына ўзяла ўдзел у першым паўфінале Лігі чэмпіёнаў, трываўшы паразу ад францускага «Пары Сэн-Жэрмэну». Мянушкай клюбу ёсьць «Чырвоныя бугаі» (ням. Die Roten Bullen), таму што кампанія, якая займаецца энэргітычнымі напоямі Red Bull, зьяўляецца адзіным інвэстарам клюбу[5].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Перш чым інвэставаць у ляйпцыскі клюб, кампанія Red Bull GmbH, якую ўзначальвае суўладальнік Дытрых Матэшыц, тры з паловай гады шукаў падыходнае месца дзеля інвэстыцыяў у нямецкі футбол[6]. Акрамя Ляйпцыгу, кампанія таксама разглядала места ў Заходняй Нямеччыне і дасьледавала такія гарады, як то Гамбург, Мюнхэн і Дусэльдорф[7].
Першая спроба выйсьці на нямецкую футбольную сцэну была зробленая ў 2006 годзе. Паводле парады Франца Бэкенбаўэра, асабістага сябра Дытрыха Матэшыца, кампанія вырашыла інвэставаць у Ляйпцыг[8][9]. Мясцовы футбольны клюб «Заксэн», пераемнік былога чэмпіёна Ўсходняй Нямеччыны «Хэмі», на працягу многіх гадоў адчуваў фінансавыя цяжкасьці[10][11]. Red Bull GmbH распрацавала пляны інвэставаньня ў клюб да 50 мільёнаў эўра. Кампанія плянавала паглынаньне са зьменай колеру каманды і назвы клюбу. У дамоўленасьцях удзельнічаў кінапрадпрымальнік Міхаэль Кёльмэль, фундатар клюбу «Заксэн» і ўладальнік Цэнтральнага стадыёну[10][12]. Да 2006 году «Заксэн» выступаў у Обэрлізе, на той момант ужо чацьвёртай лігі паводле ўзроўню ў сыстэме футбольнай лігі Нямеччыны. Гуляючы ў чацьвёртым узроўні, клюб павінен быў прайсьці працэдуру ліцэнзаваньня Нямецкай футбольнай асацыяцыі. Red Bull GmbH і клюб былі блізкія да складаньня ўгоды, але на гэтыя пляны нямецкая асацыяцыя наклала вета, адхіліўшы прапанаваную новую назву клюбу «Рэд Бул Заксэн» і засьцерагаўся занадта вялікага ўплыву кампаніі[10][13][14]. Пасьля некалькіх месяцаў пратэстаў заўзятараў супраць удзелу кампаніі, якія перарасьлі ў гвалт, кампанія афіцыйна адмовілася ад далейшых плянаў[15].
Тады Red Bull GmbH зьвярнулася да клюбаў Заходняй Нямеччыны. Кампанія ўступіла ў кантакт з культавым гамбурскім клюбам «Санкт-Паўлі», вядомым прыхільнікамі зь левымі поглядамі. Неўзабаве высьветлілася, што заўзятары «Санкт-Паўлі» прынялі ўдзел у акцыях пратэсту супраць паглынаньня Рэд Булам зальцбурскай «Аўстрыі». Як толькі гамбурскаму боку стала вядома, што кампанія мае пляны, якія выходзяць далёка па-за рамкі звычайнага інвэставаньня, яны неадкладна спынілі кантакт[7]. Затым рушыла цікавасьць кампаніі да «Мюнхэн-1860», але выявілася, што клюб ня быў зацікаўлены ў інвэстыцыях і спыніў кантакты[16]. У 2007 годзе кампанія мела пляны інвэставаньня у дусэльдорфаўскую «Фартуну», клюб з больш чым 100-гадовай гісторыяй[17]. Калі пляны сталі былі агульнадаступнымі, зьявіліся чуткі аб магчымых перайменаваньні каманды ў «Рэд Бул». Пляны былі неадкладна сустрэтыя зь дзікімі пратэстамі прыхільнікаў клюбу[7], і клюб быў вымушаны зноўку вярнуцца да плянаў на Ўсходнюю Нямеччыну[7].
Ляйпцыг лічыўся найбольш спрыяльным месцам дзеля інвэстыцыяў. Патэнцыял дзеля стварэньня новага клюбу ў Ляйпцыгу здаваўся велізарным. Горад меў багатую гісторыю ў футболе, зьяўляючыся месцам заснаваньня Нямецкай футбольнай асацыяцыі і домам першых нацыянальных чэмпіёнаў Нямеччыны[6]. У часы НДР мясцовыя каманды, як то «Лякаматыў» і іхны супернік «Хэмі», гулялі на самым высокім узроўні ўсходненямецкай футбольнай лігі, нават на міжнародным узроўні. Цяперашні стан футболу быў, аднак, дрэнным. Ніводная дружына гораду не гуляла ў Бундэсьлізе з 1994 году[18], а таксама аніводная дружына нават не выступала ў прафэсійнай лізе з 1998 году[7]. Зважаючы на колькасьць насельніцтва Ляйпцыгу, горад меў значную эканамічную сілу і фанацкі патэнцыял. У той жа час на тэрыторыі вакол гораду не было клюбаў Бундэсьлігі, што яшчэ больш узмацніла магчымасьць прыцягненьня фундатараў і заўзятараў. Поруч з гэтым у Ляйпцыгу таксама мелася ўзорная інфраструктура. У горадзе быў вялікі аэрапорт, аўтамабільныя злучэньні і нават меўся вялікі сучасны футбольны стадыён[19]. Цэнтральны стадыён быў месцам правядзеньня чэмпіянату сьвету па футболе 2006 году і другім паводле велічыні футбольным стадыёнам на ўсходзе Нямеччыны пасьля Алімпіяды ў Бэрліне[20] .
Дасягненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Уладальнік Кубка Нямеччыны (2):
- 2022, 2023
- Уладальнік Супэркубка Нямеччыны:
- 2023
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Актуальны на 12 верасьня 2024 году
|
|
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://www.transfermarkt.com/-/mitarbeiterhistorie/verein/23826
- ^ «Impressum». Die Roten Bullen.
- ^ «RB Leipzig seal promotion to first division». Deutsche Welle.
- ^ «Leipzig secure Champions League place with win at Hertha Berlin». Bundesliga.
- ^ «Here's where the Bundesliga clubs' nicknames come from». Bulinews.
- ^ а б «Red Bull reißt Leipzig aus dem Fußballschlaf». Die Welt.
- ^ а б в г д «Red Bull wollte den FC St. Pauli kaufen». Die Welt.
- ^ «Leipzig: Red-Bull-Einstieg naht». Sport1.
- ^ «Beckenbauer adelt die Bullen aus Leipzig». Handelsblatt.
- ^ а б в «Uwe Seemann über die Auflösung des FC Sachsen Leipzig». 11 Freunde.
- ^ «Heimat aus der Dose». Die Zeit.
- ^ «Sachsen Leipzig soll Flügel bekommen». Frankfurter Allgemeine.
- ^ «Rasen Ball Leipzig: Red Bull plant Liga-Einstieg». Der Spiegel.
- ^ «Geld-Revolution auf dem Leipziger Rasen». Stern.
- ^ «Red Bull in Leipzig: „Wir würden selbst den Teufel mit offenen Armen empfangen“». Der Spiegel.
- ^ «Red Bull wollte den TSV 1860 übernehmen». Abendzeitung.
- ^ «„Fortuna Red Bull“ — die Zukunft?». RP Online.
- ^ «RB Leipzig: Die Attacke auf den FC Bayern». Abendzeitung.
- ^ «Die Gründung von RB Leipzig». Focus Online.
- ^ «Flügel für die Sachsen?». Die Zeit.