Гісторыя Хвойнікаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Хвойнікі — даўняе сяло, пазьней мястэчка на мяжы гістарычнай Кіеўшчыны і Панізоўя, невялікі прыватнаўласьніцкі замак часоў Рэчы Паспалітай. З адметных мясьцінаў вылучаліся драўляны сядзібны дом Прозараў, мураваныя касьцёл у цэнтры мястэчка і капліца-пахавальня на могілках, помнікі архітэктуры адпаведна клясыцызму і нэаготыкі канца XVIII ст. і пачатку 1860-х гг.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Польскамоўная анатацыя «прывілею рускага» 1504 г. караля Аляксандра пану Сямёну Палазовічу на Хвойнікі і Астраглядавічы.
Пячатка оўруцкага намесьніка Сенка Полаза (Палазовіча). 1513 г.

Найранейшая згадка пра Хвойнікі (у арыгінале, мусіць, — Хвоиники) датавана 3 днём месяца чэрвеня 1504 года, калі кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандар сваім прывілеем, вылучыўшы іх і Астраглядавічы з усімі прылегласьцямі з Брагінскай воласьці, падараваў на вечныя часы за вайсковыя заслугі пану Сямёну Хведаравічу Палазовічу («Полазу Русаку, слаўнаму казаку», як назваў яго польскі храніст XVI ст. Марцін Бельскі[1][a]). Вядомая яна, як самы даўні дакумэнт (przywiley ruski) з польскамоўнага вопісу архіва князёў Шуйскіх з збору «Archiwum Prozorów i Jelskich», што захоўваецца ў фондах Галоўнага архіву старых актаў у Варшаве. А абмежаваньне Брагінскай воласьці (альбо «hrabstwa» ў кнізе Мазырскага гродзкага суда 1776 году) ад 7 сакавіка 1512 году, якое выконвалася на загад караля і вялікага князя Жыгімонта Старога дзеля чалабітнай князя Міхаіла Васільевіча Збараскага, было адначасова і размежаваньнем яе з маёнткам Хвойнікі — добрамі пана Сямёна Палазовіча[2]. Мяжа тады прайшла на поўдзень ад Хвойнікаў, а менавіта ад астравоў Дронькі і Кажушкі паўз угодзьдзі брагінскага сяла Лісьцьвін у кірунку сяла, таксама брагінскага, Дамамірка. Астраглядавічы з навакольлямі апынуліся ўнутры яе, што выклікала пярэчаньні з боку пана Хведара (у тэксце: Хвядоса) Палазовіча, бацькі ўладальніка[3][b].

Герб Друцк князёў Друцкіх (Любецкіх альбо Відыніцкіх).

Адміністрацыйна Хвойнікі належалі спачатку да Брагінскай воласьці Кіеўскага павету і аднайменнага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Іх і Астраглядавічаў уладальнікамі ад пачатку XVI ст. і да 1860-х гадоў (маёнтку — да 1887 году) пасьлядоўна былі паны Палазовічы, князі Любецкія, паны Харлінскія, Абрамовіч (Абрагамовіч), Бразоўскія (Бжазоўскія), князі Шуйскія, паны Прозары[4][d].

3 сакавіка 1532 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары адмысловым лістом загадаў ваяводзе Андрэю Няміровічу маёнткі нябожчыка Сямёна Палазовіча (у іх ліку «Хвойники, Остроглядовичи, Новоселки»), якія той пасьпеў прыгарнуць да Кіеўскага замку, вярнуць яго зяцю князю Дзьмітрыю Раманавічу Відыніцкаму[6] (Любецкаму). У сьнежні 1556 году князь Дзьмітры Любецкі, не жадаючы прызнаць віну ўласных падданых «о подране бчол и о збите людей монастырских» (лыскоўскіх сялян кіеўскага Сьвята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра), скардзіўся ў сваю чаргу на іх: «…и я, дей, теж сам и люди мои кузцовские и хвойницкие от подданых церковных так веле кривды нам…»[7]. Дачка князя Дзьмітрыя і Фенны Палазоўны, сястра нябожчыка князя Богуша, таксама Фенна, пасьля сьмерці мужа Мельхіёра Насілоўскага ўзяла шлюб з панам Шчасным Харлінскім гербу Боньча ды ў сьнежні 1568 году запісала на яго «именя свое отчизные, дедизные, материстые у повете Киевскомъ лежачие, тоестъ… Хойники[e], Остроглядовичи, Новоселки…»[8].

Герб Боньча роду Харлінскіх.

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (у тым ліку Хвойнікі) было далучана да Кароны Польскай[9].

Каралеўства Польскае ў Рэчы Паспалітай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

27 сьнежня 1586 году пан Шчасны Харлінскі, падкаморы кіеўскі, падаў судовую позву да ўдавы княгіні Аляксандравай Вішнявецкай за насланьне людзей на добра Астраглядавічы, Хвойнікі, Багушы і Паселічы, гвалтоўны вывад адтуль дзедзічных падданых зь іх жонкамі, дзецьмі і ўсімі хатнімі рэчамі, ды ў вёсках свайго Брагінскага маёнтку пасяленьне[10]. У 1598 году сойм прызначыў Ш. Харлінскага адным з камісараў у справе разьмежаваньня ziemie Kiiowskiey Кароны і Мазырскага павету ВКЛ[11]. У актах трыбунальскіх што да Кіеўскага ваяводзтва, у дакумэнце ад 22 чэрвеня 1600 году засьведчаная нязгода пана Шчаснага Харлінскага з тым, як разьмежаваныя грунты яго Астраглядавічаў, Навасёлак, Хвойнікаў з прыналежнымі князю Адаму, сыну Аляксандра, Вішнявецкаму сёламі Мікулічы, Веляцін, Лісьцьвін, а таксама яго Багушэвічаў (Багушоў), Плоскага, Паселічаў, Хвойнікаў, Навасёлак з прыналежнымі князю Міхаілу, сыну Міхаіла, Вішнявецкаму Глухавічамі, Бабчынам, з тым, як падзеленыя дубровы, урочышчы, з папсаваньнем старых памежных знакаў[12]. 20 чэрвеня 1600 году падкаморы Шчасны Харлінскі выдаў сыну свайму Мікалаю zapis wieczysty, у Люблінскім трыбунале прызнаны, на добра ў ключы Астраглядаўскім (а гэта і Хвойнікі), на двор з 5 пляцамі ў Кіеве[13]. Зь імёнамі суджэнства Мікалая і Гэлены (Гальшкі) Харлінскіх зьвязана заснаваньне яшчэ да 1622 году касьцёла ў Астраглядавічах[14] і стварэньне першай у рэгіёне каталіцкай парафіі. Недзе ў гэты ж час Хвойнікі апынуліся ў складзе Оўруцкага павету.

Разьмежаваньне Кіеўскага ваяводзтва Кароны і Мазырскага павету ВКЛ у сьнежні 1621 — студзені 1622 году засьведчыла, як на сёньняшні дзень, унікальную сытуацыю: тагачасныя мястэчка і вёску Хвойнікі М. Харлінскага паны камісары пацьвердзілі прыналежнымі да Кароны, а сяло і двор Настольле пана Іскарастынскага (вул. Настольская і канец вул. Пралетарскай у Хвойніках) — да ВКЛ[15].

Герб Ястрабец зьменены паноў Абрамовічаў (Абрагамовічаў).

У 1627 годзе пані Гальшка Мікалаевая Харлінская склала тэстамэнт, паводле якога добра Астраглядавічы (разам з Хвойнікамі) пераходзілі да яе зяця-кальвініста Мікалая Абрагамовіча, ваяводзіча смаленскага[16]. У 1628 году пан Мікалай Абрагамовіч z Chwoynik, з 11 дымоў плаціў па 3 злотых, з 2-х агароднікаў па 1 злотаму і 6 грошаў[17]. Пры гэтым будучаму гэнэралу артылерыі ВКЛ яшчэ доўга давялося ўлагоджваць спадчынныя і проста маёмасныя непаразуменьні зь іншымі Харлінскімі — панамі Станіславам, Юрыем і Шчасным, а таксама з панам Мадлішэўскім, зь якім пані Гальшка ўзяла шлюб.

Хвойніцкая царква на тыя часы ўжо была ўніяцкай. У мэтрычныя кнігі Астраглядаўскага касьцёлу трапіў запіс ад 26 лютага 1635 году, паводле якога presbiter choynicensis Лука Чачотка (Чачот) ахрысьціў Леона Яна, сына харунжага пяцігорскага Рэмігіяна і Петранэлі з Бахановічаў Маеўскіх, а кумамі былі пісар земскі[f] мазырскі Самуэль Аскерка, знакаміты ваяр[18], і панна Марыяна Міткевічаўна. Гэты ж сьвятар згаданы ў запісе 1640 году. А ў 1692, 1715, 1722 гадох настаяцелем хвойніцкім названы Анікій Чачотка. Абодва зьдзяйсьнялі абрады ў Хвойніках і Загальлі[19].

Герб Газдава роду Бразоўскіх.

24 сьнежня 1642 году ад імя пана Мікалая Абрамовіча, кашталяна амсьціслаўскага, складзены запіс wieczystej przedarzy пагразлых у даўгах добраў Астраглядавічы і Хвойнікі пану Максыміліяну Бразоўскаму, падстолію кіеўскаму, пра што пан Лукаш Мадлішэўскі выказваў клопат яшчэ ў лісьце ад 29 чэрвеня 1641 году[20]. Найбольш імаверна, што менавіта М. Бразоўскі напярэдадні «хмяльніччыны» збудаваў у паўсталых на краю балота Хвойніках умацаваную сядзібу, званую замкам, дзеля абароны скарбу ад уласных сялянаў, казакоў ды суседзяў — паноў-братоў шляхты. 26 сакавіка 1651 году на загад польнага гетмана літоўскага князя Януша Радзівіла, каб не дайшло да масавага паказачваньня тутэйшых жыхароў, у мястэчку Хвойнікі размясьціўся адзьдзел жаўнераў ротмістра Курпскага. У лісьце да князя пан Курпскі паведамляў, што стаў у мясьціне надта дрыгвяністай, з зусім паганымі пераправамі, і як бы давялося біцца, то не адно коннаму, але і пешаму недзе разьвярнуцца — навокал балоты. Тут, маўляў, не тое аўса, сена не здабыць, надта край заўбогім стаў. Але яны з жаўнерамі так-сяк трываюць у нястачы, абы вяскоўцы не ўцякалі з сваіх гасподаў. Прасіў падмогі, бо тут адно хіба лічыцца што пяць харугваў, а папраўдзе і на тры сотні ці набярэцца. Яшчэ даслаў з Хвойнікаў да гетманскага табару двух палонных казакоў сотні Дарашэнкавай палку Нябабы[21].

У другой палове XVII ст. мястэчка стала цэнтрам воласьці, тут праходзіў шлях Мазыр  - Юравічы  - Брагін  - Любеч.

26 чэрвеня 1664 году дачка нябожчыка Максыміліяна Бразоўскага, берасьцейскага ваяводы, пані Зофія перапісала спадчынныя маёнткі ў Кароне (Астраглядавічы з Хвойнікамі таксама) і Берасьцейшчыне на мужа, князя Канстанціна Яна Шуйскага[22]. Тады Шуйскія ўпершыню набылі добра ў Кіеўскім ваяводзтве ды трымалі іх каля паўтары сотні гадоў. Менавіта яны зрабілі Хвойнікі цэнтрам сваіх уладаньняў у рэгіёне. Паспрыяла гэтаму не ў апошнюю чаргу тое, што Астраглядавічы знаходзіліся ў атачэньні брагінскіх добраў, а Хвойнікі — на поўначы па-за іх межамі. Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году, з 30 дымоў мястэчка Хвойнікі excepto popów (без уліку сьвятароў) князь Шуйскі мусіў плаціць 6 злотых[23]. 30 кастрычніка 1686 году нехта Мацьвей (Matwey Celain) з Хвойнікаў ягамосьці пана харунжага берасьцейскага (князя Канстанціна Шуйскага) пад прысягай паведаміў у Оўруцкім гродзкім судзе, што з маёнтку адыйшлі 77 дымоў[24] (×6 — прыкладна 462 жыхары). У іншых выпадках прычына адыходу «за Днепр» называлася: з прычыны гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войскаў.

У лістападзе 1693 году харугва ваяводзіча інаўроцлаўскага пана Шчавіньскага стала на зіму ў Хвойніках, але напярэдадні стрэчанскага кірмашу вырушыла пад Хвастаў супраць казакоў палкоўніка Сямёна Палія. 12 лютага 1694 году жаўнер згаданай харугвы Сэбасьціян Яроцкі зь іншаю чэлядзьзю, закупіўшы на кірмашы правіянт, «ні перад кім ня быўшы вінаватым», спыніўся на ноч у хаце ўдавы Казачыхі ў вёсцы Валокі (раён вул. Катоўскага ў Хвойніках). Але адміністратар маёнтку князя К. Шуйскага, пісара літоўскага, пан Ян Зьдзітавецкі, сустрэўшы яго на вуліцы, замест нейкіх вінаватых загадаў збіць, потым узяў пад варту і «як таго злачынцу і здрадніка» трымаў у замкавай турме ў жалезных аковах і ў лютым холадзе ледзьве ня тры месяцы, ажно пакуль не вярнулася харугва і пацярпелы ня быў апраўданы[25]. 16 красавіка 1697 году сотнік Чэпарняка і казакі палку Ярэмы з мушкетамі, пісталетамі, дзідамі і «innym orężem, do wojny należącym» гвалтоўна сталі на кватэры ў мястэчку Хвойнікі князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасьцейскага. Калі ж пан Фрыдэрык Левэнфатэр, эканом маёнтку, спрабаваў не дапусьціць іх, дык казакі сілай уламваліся да людзей, зьбівалі, стралялі нібы ў ворагаў, а Стафана Пятроўскага, баярына хвойніцкага, з мушкету два разы ў грудзі стрэлілі, ад чаго той і памёр[26].

Герб Сьвяты Юры (Георгі Пераможац) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука. Выява з надмагільля Віталіса Шуйскага (†1. VI. 1849) у в. Чыжэўшчына (былыя Крупчыцы) Жабінкаўскага р-ну Берасьцейшчыны.

У 1698 году маёнтак Хвойнікі і Загальле (староства) перададзены ад князя Д. Шуйскага ў кіраваньне пану Зыгмунту Шукшце, што засьведчана адпаведным інвэнтаром[27]. Паводле рэвізыі 1716 году, у мястэчку Хвойнікі на пэрыяд пасэсіі князя Станіслава Шуйскага, скарбніка берасьцейскага, налічвалася 44 двары і двор сьвятара, 7 сялян, якія перасяліліся зь Небытава, Валокаў, Брагіна. Адзін зь іх меў паўкаморы, другі 2, астатнія па каморы. Два двары часова вызваленыя былі ад уплатаў (słoboda), гаспадары яшчэ двух адпрацавалі чынш у замку, а з астатніх выбрана падымнага 225 злотых, г. зн. прыкладна на паўсотні злотых болей, чым належала (пасэсар, часовы ўладальнік, ня мог сабе ў тым адмовіць). Яшчэ ў мястэчку жылі 17 габрэяў-гаспадароў, адзін зь якіх poszedł przecz, ды 9 габрэяў, што ня мелі пляцаў, а толькі каморы. Яны мусілі плаціць чыншу больш як 345 злотых[28]. 12 чэрвеня 1716 году віленскі кашталян, вялікі гетман ВКЛ Людзьвік Канстанцін Пацей даслаў ардынанс паручніку Дамброўскаму, абы той выдаў квітанцыю на ўсё, што выбрана з Загальскага староства ад берасьцейскага харунжага Дамініка Шуйскага, а Хвойніцкіх добраў таго харунжага «tykać nie śmiał»[29]. Згодна зь інвэнтаром маёнтку Хвойнікі cum attinentiis (з прылегласьцямі) ад 20 сакавіка 1721 году, пададзенага былым пасэсарам ксяндзом Юзафатам Парышэвічам, біскупам валоскім, князю Мікалаю Шуйскаму, сыну Дамініка, у мястэчку было 43 гаспадаркі, 7 «komor chłopskich», 5 габрэяў-гаспадароў, 9 габрэяў без дамоў; чыншу плацілі 175 злотых і тры з паловай грошы. Акрамя таго, местачкоўцы, што мелі коней з падводамі, мусілі быць напагатоў, абы грузы перавозіць за 12 міль, а не, дык пешшу за 3 мілі зь лістамі хадзіць. Па дзьве капы жыта замкавага і ярыны нажаць павінныя. У гвалты пераправы і грэблі вялікаборскую млыновую і іншыя масьціць і рамантаваць усе агулам. Габрэі, як будуць мяса прадаваць, дык на замак абавязкова мусілі даваць зь лепшага. Мястэчка загадана абнесьці парканам таксама сіламі насельнікаў, каб паміж дзьвюма брамамі не засталося ніводнага праходу. Кожны двор павінны адпраўляць работніка на праполку замкавых агародаў ды нарыхтоўку агародніны на зіму. Найбольш распаўсюджаныя прозьвішчы жыхароў-беларусаў — Грышчанка, Стасенка, Шымук, Козік, Навуменка, Коваль, сустракаліся таксама прозьвішчы Каролік, Гапонік, Леўчанка, Мельнік, Кандраценка. Прозьвішчы жыхароў-габрэяў часта ўказвалі, адкуль іх носьбіты прыбылі ў Хвойнікі: Лейба Стралічаўскі, Хаім Вялікаборскі, Шмуль зь Юркавічаў, Бенямін зь Юравічаў, Лейба з Алексічаў, Іцка Гальміч зь Лісцвінавічаў, Ёсь Настольскі. Мелі патранімічнае паходжаньне: Гірш Баруховіч, Моўша Гіршовіч, Якаў Лейбавіч, Мендэль Абрамовіч, Іцка і Ёсь Гіршовічы, Невах Нохімавіч, Яшка Пярцовіч, Абрам Хаімавіч, Іцка Моўшавіч. Або ад назвы прафэсыі — Нохім Цырулік, Рафель Кравец. Маглі звацца зусім проста: Шайка[g], Гдаль, Шмуйла, ці яшчэ дадаючы да імя ўласнага род заняткаў — Айзік арандатар, Іцка кравец. У гэтым жа інвэнтары зьмешчана апісаньне Хвойніцкага замку[30][h].

Пасэсія ксяндза-біскупа Ю. Парышэвіча (ён жа тады і пробашч астраглядаўскі) была вельмі няўдалай. Маёнтак усё ніяк ня мог управіцца з выплатай даўгоў, што мусіла абмяркоўвацца нават на паседжаньнях Радамскага і Люблінскага трыбуналаў[31]. 2 траўня 1722 году князь Мікалай Шуйскі, харунжы берасьцейскі, атрымаў ліст, у якім паведамлялася, што маніфэсту камісарскага абмежаваньня Оўруцкага павету з Мазырскім у Оўручы няма, кнігі бо двойчы згарэлі, дык ці не зьвярнуўся б у Мазырскі гродзкі суд, мо там што здабудзе[32]. Пасьля князя Мікалая, ад канца 1720-х і да пачатку 1750-х гадоў Хвойнікі сталі ўласнасьцю яго брата Ігнацыя. У тарыфе падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1734 году, складзеным паводле зьвестак папярэдняй люстрацыі, засьведчана, што ў 17 паселішчах (акрамя вёскі Багушы, прыналежнай астраглядаўскай плябаніі) Хвойніцкай воласьці пана І. Шуйскага налічвалася 255 двароў[33] (прыкладна 1530 жыхароў). Прычым для Хвойнікаў улічаныя і габрэйскія домагаспадаркі. 24 сьнежня 1744 году настаяцель Астраглядаўскага касьцёлу кс. Антоні Лукаш Пянькоўскі, дэкан оўруцкі, ахрысьціў in aula Choynicensi (у двары Хвойніцкім) Адама, сына вяльможных Ігнацыя і Людзьвікі (з дому Збароўскіх) князёў Шуйскіх, пра што быў зроблены запіс у мэтрычнай кнізе Хвойніцкай царквы (Ecclesiae Ritus Greci Unici Choynicensis), пазьней занесены ў кнігі парафіяльнага касьцёлу[34][i]. У 1750—1770 гадох адбываліся шматлікія непаразуменьні і канфлікты паміж уладальнікамі добраў Хвойнікі і Астраглядавічы (князямі Шуйскімі, дзедзічамі і рознымі апякунамі) і ўладальнікамі суседняга Брагінскага маёнтку панамі Замойскімі/Мнішкамі, кароткачасовымі спадчыньнікамі па князю Міхалу Сэрвацыю Вішнявецкаму і яго жонцы Тэклі (з Радзівілаў), а асабліва — з панамі Ракіцкімі.

У 1748 году мястэчка Хвойнікі названае ў ліку паселішчаў, частка жыхароў якіх належала да рыма-каталіцкай Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[35]. У чэрвені 1750 году ў Хвойніках быў схоплены гайдамак Астап Луцкі, які ажно на працягу «шасці гадоў у гультайскіх эксцэсах жыцьцё праводзіў». Тутэйшая грамада асудзіла яго «на горла», але адміністратар Оўруцкага староства пан Станіслаў Быстрыцкі адмовіўся прыняць палоннага ў турму і выканаць над ім смяротны прысуд, дзеля чаго ў Оўруцкім гродзе і быў заяўлены пратэст[36]. 14 жніўня т. г. возны гэнэрал Кіеўскага ваяводзтва пан Андрэй Святкоўскі арыштаваў у Хвойніках падданых князёў Шуйскіх з Краснасельля і іх атамана Кулешыка, падданага пана Загароўскага, абвінавачваных у гайдамацтве. Кіраўнік ключа пан Мікалай Страчынскі абяцаў затрымаць рабаўнікоў да суда ў турме Хвойніцкага замку[37]. На 1754 год у мястэчку Хвойнікі, напэўна, разам зь вёскай Валокі, адсутнай у тарыфе, налічвалася 109 двароў (каля 654 жыхароў), зь якіх «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачвалася 16 злотых, 29 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводства) 67 злотых і 28 грошаў[38].

Герб уласны роду Прозараў.

Габрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 гадоў засьведчылі, што ў Хвойніках налічвалася адпаведна 30 дамоў, 101 жыхар, 24 дамы, 58 жыхароў і 25 дамоў з 67 жыхарамі; яшчэ 25 чалавек схаваныя ад апошняга перапісу ў суседняй вёсцы Настольле, г. зн. разам было 92 чалавекі. Мястэчка — цэнтр аднаіменнага кагалу, да якога ў названыя гады належалі насельнікі 14, 16 і 17 вёсак, а ў іх разам зь мястэчкам пражывала 198, 105 і 145 głow; некаторыя зь іх у 1784 годзе запісаныя хрысьціянамі, таму пагалоўшчыне не падлягалі (у Малым Карчовым, Рашаўцах, Рудным і Шчарбінах)[39]. Убываньне колькасьці габрэяў магло быць выклікана выбухам гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны 1768 г., адгалоскі якой дасягалі і гэтых мясьцінаў. У «Archiwum Prozorów i Jelskich» ёсьць дакумэнт, датаваны 3 студзеня 1771 году (23 сьнежня 1770 году veteris styli), паводле якога хвойніцкі уніяцкі парох Ян Чачотка, з дазволу захварэлага ксяндза Мацея Шамяткоўскага, пробашча астраглядаўскага, ахрысьціў «z wody tylko» без далейшых касьцельных цэрымоніяў нованароджаную Людвіку Канстанцыю, дачку нядаўна памерлага старосты загальскага князя Адама і Марыяны (з дому Халецкіх) Шуйскіх[j].

Сядзібны дом Прозараў у Хвойніках. Ігнацы Врублеўскі, 1891 г.

16 студзеня 1783 году сын ваяводы віцебскага Юзафа Прозара Караль ажаніўся з князёўнай Людвікай Шуйскай[40]. Хвойніцкі маёнтак з ключом Астраглядаўскім знаходзіўся на той час у пасэсіі апякуноў дзяўчыны старосты ніжынскага князя Войцеха Шуйскага і яго жонкі Анелі, сястры князя Адама. Дзеля таго, каб Людвіка, адзіная спадчыньніца па бацьку, магла ўвайсьці ў валоданьне добрамі, Каралю Прозару давялося сіламі свайго ўпаўнаважанага шляхціча Гадзяеўскага зьдзейсьніць наезд. Да вялікай вайны справа не дайшла, але судовыя спрэчкі з старостамі ніжынскімі скончыліся капрамісам толькі ў 1785 г.[41]

13 ліпеня 1791 г. варшаўская «Gazeta narodowa i obca» зьмясьціла паведамленьне пра тое, як 11 чэрвеня гаспадары рэзыдэнцыі ў Хвойніках (новы сядзібны дом збудаваны якраз у часы Чатырохгадовага сейму) Караль і Людвіка Прозары сустракалі гасьцей з суседніх Мазырскага, Рэчыцкага і свайго Оўруцкага паветаў. Нагода — сьвяткаваньне прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня, пакліканай умацаваць і выратаваць Рэч Паспалітую. З раніцы наступнага дня — гарматны салют, сьвятая імша ў Астраглядавіцкім касьцёле, урачыстая казань ксяндза-пробашча Францішка Глінскага, Тe Deum laudamus вуснамі патрыётаў, сьвяточны абед і музыка з танцамі да самай раніцы.[42]

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сядзібны дом на фота пярэдадня Першай сусьветнай вайны. Месьціўся ў раёне вуліцы У. В. Жыляка.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Хвойнікі апынуліся ў межах Чарнігаўскага намесьніцтва, з 1796 г. у складзе адноўленага Рэчыцкага павету спачатку Чарнігаўскай, потым Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[43]. У пачатку жніўня 1793 году сядзіба ў Хвойніках прымала гасьцей — удзельнікаў кансьпірацыйнай нарады, мэтай якой была падрыхтоўка ўзброенага выступленьня супраць падзелаў Рэчы Паспалітай і за аднаўленьне Канстытуцыі 3 траўня. Сярод іх М. Дубецкім і К. Барташэвічам названыя адзін з галоўных арганізатараў Ігнацы Дзялынскі з Траянова, оўруцкі падкаморы і ўладальнік Олеўскага ключа Тадэвуш Нямірыч, сеймавы пасол Каятан Праскура, стражнік літоўскі з суседняга Барбарова Ян Мікалай Аскерка, абат оўруцкіх базылян Юзафат Ахоцкі з Шэпелічаў, яго пляменьнік, аўтар успамінаў пра падзею Ян Дуклян Ахоцкі, прэзыдэнт тагачаснага цэнтру Кіеўскага ваяводзтва г. Жытоміра Левандоўскі, судзьдзя Дуброўскі, староста Богуш, рэгент Асташэўскі, канонік Кулікоўскі, ксёндз Саламановіч, Станіслаў Трацяк і інш. — агулам два дзесяткі асобаў. Усіх удзельнікаў, як слушна заўважыў М. Дубецкі, назваць немагчыма, бо іх імёны засталіся невядомыя нават расейскай сьледчай камісіі ў Смаленску. З Хвойнікаў шэф І. Дзялынскі, акрамя карысных рашэньняў, вывез дваццаць пяць тысяч дукатаў, сабраных патрыётамі. У другой палове жніўня Я. Ахоцкі, наведаўшы маёнтак К. Прозара, атрымаў яшчэ восем тысяч, а ў канцы сьнежня — шаснаццаць тысяч чырвоных злотых; акрамя таго, М. Паўша паказаў на сьледзтве, што Прозар даваў дзьве тысячы дукатаў на ўтрыманне Пінскай паўстанчай брыгады[44]. Тадэвуш Касьцюшка прызначыў К. Прозара намесьнікам радцы Найвышэйшай нацыянальнай рады і сваім паўнамоцным прадстаўніком пры ўсіх дывізіях войска ВКЛ. Разгарнуць паўстаньне ў нашым рэгіёне не хапіла часу. Давялося ратавацца. К. Прозар і капітан Гамількар Касінскі 20 красавіка 1794 году выехалі з Хвойнікаў да Юравічаў. Але Ян Мікалай Аскерка, стражнік польны літоўскі, праз свайго пасланца папярэдзіў, што ў Бабічах (Барбарове) іх ужо чакаюць расейскія жаўнеры. Абознаму з Касінскім тады ўдалося, дзякуючы сялянам-праваднікам, застацца вольнымі[45]. У Хвойнікі расейскія адзьдзелы ўвайшлі ў аўторак 22 красавіка апоўдні. Рухаліся з двух бакоў, зьбліжаючыся да двара, як быццам засьцерагаліся засады. Камандзірамі іх былі «паляк на расейскай службе» Яворскі і падпалкоўнік Таўберт. Не засьпеўшы абознага ў Хвойніках, узялі нібы ў заложнікі дзесяцімесячнага сына Уладыся[k]. На маёнтак быў накладзены сэквэстар, а Людвіка Канстанцыя зь іншымі дзецьмі і маці Марыянай вымушана выехаць за аўстрыйскую мяжу ў Львоў[46].

Запіс аб пахаваньні абознага Караля Прозара.
Пэргамін з прысьвячэньнем Людвіцы Прозар яе мужа Караля. Знаходка 1965 г.
Праэкт мураванага касьцёлу ў Хвойніках 1858 г.
Курган Людвікі альбо фамільны склеп роду Прозараў. Час выкананьня фота невядомы. Атрыманае А. Ельскім пры канцы 1913 г.
Касьцёл у цэнтры мястэчка, пераўтвораны ў Пакроўскую царкву. Фота І. Сербава. 1912 г.
Бутля ўрэцкага шкла, дукат і 2 злотыя 1831 г. з пахаваньня Людвікі Прозар.
Хвойнікі на пляне 1864 г.
Капліца на могілках. Хвойнікі. Ісак Сербаў, 1912 г.
Хвойнікі на пляне 1886 г.
Хвойнікі і навакольле на мапе Ф. Ф. Шубэрта сярэдзіны XIX ст.
Плян фальваркаў Езапоў і Валокі. 1887 г.

У 1796 годзе настаяцель Пакроўскай царквы ў Хвойніках, павернутай да расейскага праваслаўя годам раней[47], Якаў Чачот склаў яе вопіс[48]. У крыніцы таксама 1796 г. сказана, што колішнія добра Людвіка Прозара[l], у пераліку якіх і м. Хвойнікі, перайшлі былі «в казну», але «по высочайшему повелению» вернутыя пані Луізе[m] Прозаравай[49]. У 1812 годзе К. Прозар падтрымаў імпэратара французаў Напалеона Банапарта, марна спадзеючыся, што той дапаможа ўзьняць з каленаў гаротную Айчыну, заняў пасаду старшыні Скарбовага камітэту ў Часовым урадзе ВКЛ[n]. Усё абярнулася чарговай эміграцыяй ды сэквэстрам Хвойнікаў, Астраглядавічаў і вёсак да іх прыналежных. Пані Людвіка і ў гэты раз дамаглася вяртаньня да канца 1814 году маёнткаў з 2524 рэвізскімі душамі, давёўшы расейскім уладам, што яны належаць ёй, і што ня мусіць адказваць за ўчынкі мужа[50].

У пачатку 1831 г. оўруцкі маршалак Ануфры Галецкі прапаноўваў больш як ужо 70-гадоваму К. Прозару ўзначаліць агульны для Рэчыцкага, Мазырскага і Оўруцкага паветаў паўстанцкі ўрад. Меркавалася стварыць вайсковы кантынгэнт колькасьцю да 1000 чалавек пад яго камандай і пра гэта стала вядома расейскім уладам. Былы абозны ВКЛ адмовіўся, спаслаўшыся на фізычную слабасьць і нэгатыўнае стаўленьне да гэтай прапановы сыноў Уладыслава і Юзафа. Мяркуецца, нейкія нарады патрыётаў у Хвойніках усё ж адбываліся[51][o]. Знаходзіўся тут пэўны час і прысланы з Рэчыцы падпаручык Міцінскі з паўтара дзясяткам салдат-інвалідаў, які адмовіўся выправіцца да каленкавіцкіх Вадовічаў, бо там на 12 чэрвеня т. г., маўляў, ужо сканцэнтравалася зашмат паўстанцаў. 19 чэрвеня ад брагінскіх Шкуратоў і Мікулічаў праз Хвойнікі ў накірунку Вадовічаў, потым Нароўлі і Мухаедаўскіх лясоў, дзе хаваліся інсургэнты з Оўруцкага і Радамышльскага паветаў, праходзіў невялікі конны адзьдзел Міхала Лігэнзы, спрабуючы ўзьняць тутэйшую чыншавую і дворскую шляхту на паўстаньне[52].

Паводле зьвестак на 1834 год, у Хвойніках праводзіліся два штогадовыя кірмашы: 1-3 лютага і 1-4 кастрычніка; тавараў прывозілася адпаведна на 4 000 і 3000 рублёў, прадавалася на 2 000 і 1 600 р., наведвалі кірмашы каля 500 і 400 чалавек[53].

Запіс у мэтрычных кнігах Астраглядаўскага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі засьведчыў, што 20 кастрычніка (1 лістапада н. ст.) 1841 г. у м. Хвойнікі, хутчэй ад старасьці, чым ад якой хваробы, ва ўзросьце васьмідзесяці аднаго года памёр яснавяльможны Караль Прозар, вялікі абозны ВКЛ, кавалер розных ордэнаў. 24 кастрычніка ксёндз Франьцішак Пазьняк, пробашч астраглядаўскі, дэкан Мазырскі і Рэчыцкі, пры асыстэнцыі шматлікага духавенства і ў прысутнасьці мноства людзей пахаваў нябожчыка ў фамільным склепе[54]. У інвэнтарах 1844 г. уладальнікамі Хвойніцкага і Юзафаўскага маёнткаў названыя адпаведна Ўладыслаў і Юзаф Прозары, сыны абознага[55]. Пасьля сьмерці Юзафа ў 1845 г.[56] ягоная частка тутэйшай спадчыны перайшла да пана Ўладыслава.

На 1849 год у Хвойніках — 74 двары, 580 жыхароў; дзейнічалі царква, каталіцкая капліца, 3 сынагогі; паштовая станцыя на тракце Мазыр — Брагін — Любеч, 26 крамаў, 2 піцейныя дамы, конны млын. Побач, у сядзібе Валокі, былі бровар і вятрак. У 1859 – 1862 гг. намаганьнямі і на сродкі Ўладыслава Прозара ў Хвойніках былі вымураваныя нэагатычныя касьцёл і капліца, вядомыя і на сёньня са здымкаў 1912 г. І. Сербава. 17-18 верасьня 1860 г. мястэчка наведаў праваслаўны архіяпіскап менскі Міхал Галубовіч. У. Прозар, падкаморы рэчыцкі, прасіў дазволу ўзьнесьці алтар для жалобнага набажэнства ў капліцы. Архіяпіскап згадзіўся пры ўмове, калі абшарнік збудуе на працягу 15-ці гадоў мураваную царкву[57]. У пачатку студзеня 1862 г. пан Уладыслаў спачыў. На пахаваньні ў Хвойніках, менш як за паўтары гады да свайго арышту, прысутнічаў і выступіў з прамоваю Аляксандар Аскерка[58], сястра якога Зофія была замужам за Мечыславам, сынам нябожчыка. У 1864 г. Мечыслаў Прозар (маршалак Рэчыцкага павету 1859 – 1863 гг.) памёр у зьняволеньні, а на маёнтак Хвойнікі, у якім на думку сьледзтва "жылі людзі, гатовыя да рэвалюцыйных беспарадкаў" ды знайшлі нарыхтаваную зброю, быў накладзены ўзмоцнены 10-ці адсоткавы збор. Памёр і арыштаваны па справе паўстаньня Гэнрык Пяткевіч, бацька Часлава[59]. У тым жа 1864 г. дзеля выхаваньня тутэйшых дзяцей, а разам і іхных бацькоў у духу вернасьці расейскай манархіі, у Хвойніках адкрыта двухклясная народная вучэльня. 20 чэрвеня 1865 года, "по местным представлениям" праваслаўнага духавенства, як зь непрыхаваным задавальненьнем пісаў у сваім рапарце брагінскі благачынны Максім Ярэміч, невялікі стары драўляны і "превосходной структуры" мураваны касцёлы ў цэнтры Хвойнікаў ды мураваную капліцу на могілках улады адабралі ў католікаў і перадалі ў праваслаўнае ведамства[60]. Удава Мечыслава Прозара пані Зофія рабіла захады, абы вярнуць забранае ці хоць забясьпечыць недатыкальнасць фамільнага склепу. 2 лістапада 1887 г. яе сын і спадчыньнік Канстанцін вымушаны быў прадаць абцяжараны даўгамі маёнтак расейскім купцам з Арлоўскай губэрні, карачаўскаму Міхаілу Пятровічу Аўраамаву і трубчэўскаму Гаўрылу Сямёнавічу Курындзіну за 580 000 рублёў серабром[61]. У сьпісе землеўладальнікаў Менскай губэрні сказана, што ў маёнтку Хвойнікі Канстанціна Прозара налічвалася 44 466 дзесяцін зямлі[62]. Пасьля таго продажу і здарылася непапраўнае. "Dziennik Kujawski" у верасьнёўскім нумары за 1895 г. паведамляў: яшчэ ў канцы сакавіка злачынцы, нібыта з кола новых уладальнікаў маёнтку, нанялі каваля, выламалі краты ад уваходу ў лёх, выкінулі з трунаў рэшткі пахаваных Прозараў, пазрывалі зь іх медзь і наступна прадавалі ў розных месцах. Празь некалькі дзён выламаныя краты і парэшткі заўважыў праваслаўны сьвятар, які і паведаміў аб здарэньні ў паліцыю. Гэтак Прозары пазбавіліся апошняга, што ім яшчэ ў Хвойніках належала, – уласных пахаваньняў[63].

Капліца. Час стварэньня здымку невядомы. Дасланы А. Ельскаму ў канцы 1913 г.

У парэформавы час Хвойнікі сталі цэнтрам воласьці ў Рэчыцкім павеце. У мястэчку здаўна праводзіліся кірмашы — Стрэчанскі (у лютым) і Пакроўскі (у кастрычніку). У 1863 і 1864 г. на іх адпаведна было прывезена тавару на 3850 і 4000 рублёў, 4500 і 4500 рублёў, а прададзена — на 1700 і 2000 рублёў, 2315 і 2500 рублёў[64]. На 1885 г. воласьць налічвала 24 паселішчы з 859 дварамі. У 1890 годзе у мястэчку — валасная ўправа, мяшчанская ўправа, пошта, лекарскі ўчастак, у воласьці — 36 паселішчаў з 1567 дварамі. Згодна з вынікамі перапісу 1897 году тут было 335 двароў, 2596 жыхароў, 5 юдэйскіх малітоўных школаў, паштова-тэлеграфная кантора, хлебазапасны магазын, 48 крамаў, заезны двор, карчма. У выніку пажару 25 ліпеня 1901 году згарэла вінакурня.

У пачатку XX ст. у Хвойніках дзейнічала царква, капліца, працавалі 2 школы, лякарня, аптэка, жалезаробчы завод, 2 вадзяныя млыны. На 1903/4 год сярод зямельных уласьнікаў Менскай губэрні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, названыя ўладальнікі маёнткаў Хвойнікі і Рашаў спадчынныя ганаровыя грамадзяне (купцы) Міхаіл Пятровіч Аўраамаў і Гаўрыла Сямёнавіч Курындзін[65]. У 1909 годзе ў мястэчку было 338 двароў, 2891 жыхар[66]. У 1911 г. Хвойніцкі маёнтак дзялілі між сабой браты Андрэй Міхайлавіч (12 645 дзесяцін), Сямён Міхайлавіч (11 651), Васіль Міхайлавіч (9 591), Мітрафан Міхайлавіч (8 406), Іван Міхайлавіч (1 582) Аўраамавы[67]. З уводам у эксплюатацыю лініі Васілевічы — Хвойнікі (23 верасьня 1911 году) пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя. У 1912 г. А. М. Аўраамаў завершыў узьвядзеньне мураванага палацыка "u wjazdu do Chojnik", як вызначыў яго месцазнаходжаньне Анджэй Раствароўскі, унук Аляксандра Аскеркі, якому з-за дажджу ўвосень 1915 г., не даехаўшы да Рудакова, давялося тут заначаваць[68]. Сапраўды, паўстаў будынак на месцы адпаведнага драўлянага ў колішнім фальварку Валокі, г. зн. тады яшчэ ня ў Хвойніках.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 лютага 1918 г., яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Хвойнікі, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Прычым, старастай (губэрнатарам) гэтман Украінскай Дзяржавы Павал Скарападзкі прызначыў былога ўладальніка маёнтку Гарадзішча (на Брагіншчыне), галаву Рэчыцкай павятовай управы П. А. Патона. Ад 18 траўня тут дзейнічала "варта Украінскай Дзяржавы"[69]. У сьнежні 1918 г. германскія войскі пакінулі мястэчка і чыгуначную станцыю. 1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Хвойнікі ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква адабрала іх разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. Ад сакавіка да пачатку ліпеня 1920 году Хвойнікі занятыя польскімі войскамі. Пагром, учынены ў лістападзе 1920 г. жаўнерамі Ст. Булак-Балаховіча, абярнуўся пагібельлю 48 жыхароў-габрэяў.

Местачковы дом, 1929 г.

У дакумэнце пад назвай «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», пазначаным часовым адрэзкам 8 сьнежня 1920 — 15 красавіка 1921 году, засьведчана існаваньне Хвойніцкай школы II ступені (175 вучняў), а таксама школ І ступені — 1-й Хойніцкай (58 вуч.), 2-й Хвойніцкай (204 вуч.), Хвойніцкай габрэйскай (50 вуч.), Хвойніцкай польскай (69 вуч.) і Хвойніцкай чыгуначнай (70 вуч.)[70]. У чэрвені 1921 г. непадалёк ад Хвойнікаў на станцыі Аўраамаўская банда атамана Івана Галака затрымала цягнік, абрабавала і забіла 55 пасажыраў[71].

8 сьнежня 1926 году Хвойнікі вярнулі БССР, адначасова надаўшы статус раённага цэнтру спачатку ў Рэчыцкай, потым у Гомельскай акрузе. На 1930 год тут было 560 двароў. У міжваенны час у мястэчку дзейнічалі пачатковая і 7-гадовая школы, хата-чытальня, філія спажывецкай каапэрацыі; працавалі лесапільня (з 1912 году), маслазавод (з 1930 году), шпаларэзны завод (з 1932 году), кравецкая і шавецкая майстэрні (з 1928 году), паравы млын, маслабойня, хлебапякарня (з 1929 году), смалакурня, машынна-трактарная станцыя (з 1932 году). З 1938 году ў Палескай вобласьці (цэнтр — Мазыр). 29 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 25 жніўня 1941 да 23 лістапада 1943 году Хвойнікі знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. Ад вызваленьня і да 15 студзеня 1944 году тут месьціліся органы кіраваньня Палескай вобласьці. З 1954 у Гомельскай вобласьці.

10 лістапада 1967 году паселішча атрымала статус места. У 1972 годзе да Хвойнікаў далучылі вёскі Валокі і Забалаць, у 1989 годзе — Настольле і Лянтарню (бальшав. Чырвоную Ніву), 1 сьнежня 2009 году — Малішаў[72].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Пра С. Палазовіча гл.: Черкас Б. Прикордонний намісник Семен Полозович. // Український історичний збірник : наук. пр. асп. та молодих вчених. — Київ, 2004. Вип. 7. С. 95 — 105
  2. ^ У сувязі зь зямельнымі спрэчкамі нельга абыйсьці ўвагаю яшчэ і такі сюжэт: член-карэспандэнт НАН Беларусі С. В. Марцэлеў удзел у зямельным канфлікце 1528 г. паміж рудабельцамі (Рудыя Белкі – сучасны раённы цэнтар Акцябрскі) і хвайнічанамі (Хвойня – вёска ў Лучыцкім сельсавеце сумежнага Петрыкаўскага раёну) чамусьці прыпісаў жыхарам Хвойнікаў (Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2. Кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 2005. С. 426). Што і казаць — «блізкі сьвет»!
  3. ^ Больш як за 100 гадоў зьявілася хіба пара-тройка частковых выключэньняў. У. А. Малішэўскі і П. М. Пабока ў кнізе «Нашы гарады» паведамілі, што ў 1568 годзе князёўна Любецкая запісала Хвойнікі (у грамаце Хойнікі) Шчаснаму Харлінскаму. Але далей ізноў жа – пра Хвойнікі як уладаньне князёў Вішнявецкіх. (Малішэўскі У. А., Пабока П. М. Нашы гарады. – Мінск, 1991. С. 226). Потым гэта паўтарылі заснавальнік Хвойніцкага краязнаўчага музэя А. М. Зелянкоўскі і архэоляг У. Ф. Ісаенка (Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна.– Мінск: БЭ, 1993. С. 26; Па залах Хойніцкага гісторыка-краязнаўчага музея. Хойнікі, 1995. С. 5).
  4. ^ Насуперак таму, як, пачынаючы са слоўнікавага артыкула А. Ельскага (Chojniki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich.— Warszawa, 1880. Tom I. S. 620), сьцьвярджалася ледзьве не ўва ўсіх папяровых выданьнях Беларусі[c], у тым ліку энцыкляпэдыях і даведніках, князям Вішнявецкім Хвойнікі ніколі не належалі. Увогуле цікава, як у тыя часы ўяўлялі сабе тэму дасьледчыкі, не аматары-энтузыясты? Напрыклад, прафэсар гісторыі Кіеўскага унівэрсытэту У. Б. Антановіч і студэнт М. Запольскі таксама ўважалі першымі ўладальнікамі Хвойнікаў ды Астраглядаў князёў Вішнявецкіх; чытай: усё, што калісьці належала да Брагінскай воласьці, ад канца (?!..) XVI ст. і да канца XVII ст. было іхным (Запольский М. Брагинская волость (исторический очерк) / М. Запольский // Календарь «Северо-Западного края» на 1889 год. – Москва, 1889. С. 116 – 117; пазьней літаральна тое ж сустракаем у выданьні: Россия. Полное географическое описание нашего Отечества / Под ред. В. П. Семёнова. – Т. 9: Верхнее Поднепровье и Белоруссия: [Смоленская, Могилевская, Витебская и Минская губ.] / Сост. В. П. Семенов, М. В. Довнар-Запольский, Д. З. Шендрик [и др.]. – С.-Петербург: Издание А. Ф. Девриена, 1905. С. 568). Калі аўтарам нарысу "Брагінская воласьць" сапраўды быў У. Антановіч[5], а М. Запольскі яго толькі выдаў, дык пазыцыя прафэсара тым болей зьдзіўляе. Трыма гадамі раней ён выступіў укладальнікам тому дакумэнтаў, у адным зь якіх, пазначаным 1631 годам, гаспадаром Астраглядавічаў і Хвойнікаў названы ваяводзіч смаленскі пан Мікалай Абрагамовіч (Архив Юго-Западной России. – Киев, 1886. Ч. VII. Т. I. C. 396 – 397). Іншая справа як бы гэта пісаў учорашні навучэнец гімназіі, а на той час студэнт унівэрсытэту...
  5. ^ Ці ня першы вядомы выпадак выкарыстаньня ў пісьмовай крыніцы палянізаванай формы замест арыгінальнай назвы Хвойнікі.
  6. ^ У касьцельнай кнізе памылкова запісана — гродзкі.
  7. ^ Родныя браты Міхаль і Шайка ад красавіка 1715 г. трымалі арэнду хвойніцкую, на якую мелі гадавы кантракт за суму ў 4300 злотых, даволі спраўна яе выплачвалі (НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 144). А нашмат пазьней, у пачатку 1830-х гг. экспарцёрамі гарэлкі з бровараў Уладыслава Прозара, падкаморага рэчыцкага, у Хвойніках, Гарадзішчы і Ёлчы былі бацька і сын Лейба і Абрам Шайковічы [НГАБ. Ф. 694. Воп.7. Спр. 831. А. 9]. Тады яны ўважаліся першымі ў гэткага кшталту камэрцыі на ўвесь Рэчыцкі павет Менскай губэрні.
  8. ^ Пра Хвойніцкі замак гл.: Ткачоў М. А. Замкі і людзі. — Мінск: Навука і тэхніка, 1991. С.160 — 161; пар.: С. Бельскі. Замак у Хойніках. // Хойнікшчына
  9. ^ 20 снежня 1747 г. прыдворны капэлян хвойніцкі кс. Юзаф Барановіч, з асабістай згоды а. Пянькоўскага, выканаў абрад хросту «з усімі цэрымоніямі», гл.: AGAD. APiJ. Sygn. 19. S. 15a. Ёсьць яшчэ і запіс у кнігах Юравіцкага касьцёлу аб хросьце 4 красавіка 1747 г. Адама Дзідака Езэхіля, сына тых жа бацькоў, айцом-езуітам Ігнацыем Барановічам: НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 10; AGAD. APiJ. Sygn. 19. S. 18
  10. ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 159адв.; AGAD. APiJ. Sygn. 19. S. 6, 8. Цэрымонія была давершана 29 лістапада 1772 году у царкве м. Дудзічы. S. 10
  11. ^ Да 17 жніўня знаходзіўся ў Хвойніках пад наглядам паручніка Давыдава. З-за сэквэстру нянькам даводзілася спрачацца з афіцэрамі нават за пялюшкі для немаўляці. Нарэшце швагер Францішак Букаты, былы сакратар пасольства Рэчы Паспалітай у Лондане, дамогся часовай апекі над хлопчыкам і вывез яго з Хвойнікаў: Dubiecki M. S. 235—236
  12. ^ Так падпісваўся Караль, бо маёнтак быў уласнасьцю яго жонкі Людвікі, а каб браць удзел у справах павету і ў Рэчы Паспалітай, і ў Расеі неабходна мець у яго межах зямельныя ўладаньні. І. В. Кандрацеў дарэмна зьдзіўляўся з таго, што Людвік Прозар ня ўдзельнічаў у выбарах у дваранскія інстытуцыі Рэчыцкага павету ў 1796 г., а потым распавёў пра яго "родзіча" Караля – вялікага патрыёта Рэчы Паспалітай (ужо больш як два гады ён быў у сваёй першай эміграцыі), спаслаўшыся на электронны плагіят, падпісаны прозьвішчам Баркоўскі (Ігор Кондратьєв. Участь шляхти Речицького повіту у виборах в дворянські інституції Чернігівського намісництва в 1796 р. // Рэчыцкі край: да 150-годдзя з дня нараджэння Мітрафана Доўнара-Запольскага: зб. навук. арт. – Мінск: Беларуская навука, 2019. С. 311 – 312).
  13. ^ Французская форма імя прысутнічае ў паперах імпэратрыцы Кацярыны ІІ, у лістах яе гэнэралаў і самой Людвікі Канстанцыі, гл.: AGAD. APiJ. Sygn. 13. S. 3, 4, 76, 78, 97, 154, 158, 160; таксама гл. дакумэнты наступнага сэквэстру: Sygn. 14
  14. ^ Паводле Браніслава Клечыньскага, у 1813 годзе Напалеон даслаў з Дрэздэна абознаму ордэн Ганаровага легіёну, а разам і патэнт на графскі тытул: AGAD. APiJ. Sygn. 34. S. 6
  15. ^ У кожным выпадку, вольналюбівых поглядаў сваіх абозны не зьмяніў і ў глыбокай старасьці. Знойдзеныя ў 1965 г. у Хвойніках паўстанцкія манеты 1831 г., пакладзеныя ў склеп перазахаванай у 1829 г. жонкі Людвікі Канстанцыі, пераканаўча сьведчаць аб тым. Цікава: пра "flaszką krzyształową, hermetycznie zamkniętą, w której znajduje się ducat, dwuzłotówka i pismo na pargaminie, ręką moją (К. Прозара) kreślone, z podpisem wielu przytomnych natenczas obywateli", як і пра пабудову склепа, Юзаф Рольле паведамляў яшчэ ў кнізе 1882 г.: Dr. Antoni J. Opowiadania historyczne. Serya trzecia. T. 1. Karol Prozor, ostatni oboźny litewski. – Warszawa, 1882. S. 46. Пра знаходку гл.: Рябцевич В. Н. Нумизматика Беларуси. – Минск: Полымя, 1995. С. 274 – 275

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Kronika Marcina Bielskiego. T. II (Księga IV, V). /Wydanie Józefa Turowskiego. — Sanok, 1856. S. 950.
  2. ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 3, 4, 200. Sygn. 2. S. 78
  3. ^ НГАБ у Менску. Ф. 1728. Воп. 1. Спр. 19. А. 1049—1050 адв.
  4. ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12 — 18
  5. ^ Зінаїда Зайцева. М. В. Довнар-Запольський: від дебюту в науці до професора університєту. // Рэчыцкі край: да 150-годдзя з дня нараджэння Мітрафана Доўнара-Запольскага: зб. навук. арт. – Мінск: Беларуская навука, 2019. С. 16
  6. ^ Андрій Блануца. Земельні надання Сигізмунда І Старого на Українські землі Великого Князівства Литовського // Україна в Центрально-Східній Европі. — Київ: Інститут історії України НАНУ, 2008. № 8. С. 69 — 70
  7. ^ Документальна спадщина Свято-Михайлівського Золотоверхого монастиря у Києві ХVІ — ХVІІІ ст. З фондів Національної бібліотеки України імені В. І. Вернадського. Зб. док. [Текст] / Ю. А. Мицик, С. В. Сохань, Т. В. Міцан, І. Л. Синяк, Я. В. Затилюк — Київ, 2011. С. 363
  8. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 8. Т. 6. Акты о землевладении в Юго-Западной России XV—XVIII стст. — Киев, 1911. С. 224—227
  9. ^ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
  10. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 6
  11. ^ Constitucię seymu walnego Koronnego Warszawskiego, MDXCVIII. — W Krakowie, w Architypografiiey Króla Ieo M. y Kościelney, Lazarzowey, MDXCVIII. S. 20; Volumina Legum. S. 372
  12. ^ ŹD. T. XXI. S. 57
  13. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 46 — 47
  14. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 51; гл. таксама Прозараўскія мясьціны ў Астраглядах
  15. ^ ŹD. T. XX: Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX. — Warszawa, 1894. S. 96 — 97; Крикун Н. Г. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV—XVIII вв. — Киев, 1992. С. 142—145
  16. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 56
  17. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 397
  18. ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Мінск: Навука і тэхніка, 1995. С. 141
  19. ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 150адв. — 151
  20. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 67
  21. ^ Джерела з історії Національно-визвольної війни українського народу 1648—1658 рр. Т. 2 (1650—1651). — Київ, 2013. С. 109, 110, 129, 431
  22. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 69
  23. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 488. Далей яшчэ ўлічаныя 7 дымоў яўрэйскіх (С. 502). Другі пабор — 6 злотых з 6 дымоў (С. 505)
  24. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 553
  25. ^ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 285—287
  26. ^ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. С. 352
  27. ^ НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 119, 129—133адв.
  28. ^ НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 139—139адв., 143адв.
  29. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 205.
  30. ^ НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 120—122адв.
  31. ^ Архив ЮЗР. Ч. 2. Т. 3. Постановления провинциальных сеймиков в 1698—1726 гг. — Киев, 1910. С. 699—700
  32. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 36
  33. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 21, 39, 285 — 286
  34. ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 151адв.
  35. ^ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  36. ^ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 3: Акты о гайдамаках (1700—1768). — Киев, 1876. С. 464—466
  37. ^ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 3. С. 511—512
  38. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 192; гл. таксама: С. 13—15, 20—22
  39. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  40. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 19. S. 26, 28 — 30
  41. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 91 — 97; Dubiecki M. Karol Prozor, oboźny W. W. Ks. Litewskiego. Przyczynek do dzieów powstania Kościuszkowskiego. Monografia / M. Dubiecki. — Kraków, 1897. S. 34 — 35
  42. ^ Gazeta narodowa y obca. № LVI. 13 lipca 1791; гл.: Хойнікшчына
  43. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  44. ^ Wybór pism J. I. Kraszewskiego. Pamiętniki Jana Duklana Ochockiego. — Warszawa, 1882. Tom II. S. 215—216, 249; Dubiecki M. S. 180—183; Bartoszewicz K. Dzieje insurekcji kościuszkowskiej 1794. — Berlin: B. Harz, 1913. S. 129—130; Восстание и война в Литовской провинции (по документам Москвы и Минска). Сост. Е. К. Анищенко. — Минск, 2001. С. 26
  45. ^ Tygodnik literacki. — № 37. Poznań, dnia 13 września, 1841 (Ліст гэн. Касінскага да гэн. Пашкоўскага); Dubiecki M. S. 215—217
  46. ^ Dubiecki M. S. 229
  47. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 343
  48. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 39 — 39адв.
  49. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
  50. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 14
  51. ^ Dubiecki M. S. 321; Dangel St. Rok 1831 w Mińszczyźnie. – Warszawa, 1925. Tom II. S. 53, 173 (przypis 66)
  52. ^ Dangel St. S. 59
  53. ^ Список существующих в Российской империи ярманок. – С. Петербург, 1834. С. 190
  54. ^ НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 3. А. 10адв.
  55. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475, 1481
  56. ^ НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 3. А. 44 – 44 адв.
  57. ^ Язэп Янушкевіч. Дыярыюш з XIX стагоддзя: Дзённікі Міхала Галубовіча як гістарычная крыніца. – Мінск.: Выдавец В. Хурсік, 2003
  58. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 209
  59. ^ Паўстанне 1863 – 1864 гадоў у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях: Дакументы і матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі / уклад. Дз. Ч. Матвейчык; рэдкал.: У. І. Адамушка [і інш.]. – Мінск: А. М. Вараксін, 2014. С. 450 – 452
  60. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 31248. А. 15
  61. ^ Виноградов Д. Л. Живые прошлого страницы. / Дмитрий Леонидович Виноградов. – Минск: А. Н. Вараксин, 2018. С. 99 – 102
  62. ^ Список землевладельцев Минской губернии. 1889 г. – Минск, 1889. С. 373
  63. ^ Dziennik Kujawski. – Inowrocław, 20 września 1895 (Nr. 216. Rocznik III). S. 3
  64. ^ Труды Минского губернского статистического комитета. Вып. 1. Историко-статистическое описание девяти уездов Минской губернии. – Минск, 1870. С. 416
  65. ^ Памятная книжка Минской губернии на 1904 г. – Минск: Издание Минского губернского статистического комитета, 1903. Приложение. С. 54
  66. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 210.
  67. ^ Список землевладельцев Минской губернии. 1911 г. — Б. м. С. 1
  68. ^ Rostworowski A. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. – Warszawa, 2001. S. 110
  69. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 – 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. – 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918 – 1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 85
  70. ^ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласьці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  71. ^ Новиков Д. С. Борьба органов советской власти с бандой атамана Галака на белорусско-украинском пограничье в начале 1921 г. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 102
  72. ^ «Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290(рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]