Бардакі (Лаханія)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Бардакі́ (пры заснаваньні Лаха́нь, Лаха́нія) — даўні хутар, пазьней засьценак або аколіца. Дагэтуль існавала некаторая праблема лякалізацыі паселішча. На схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г. Бардакі зьмешчаныя блізка да памежжа сёньняшніх Брагінскага і Хвойніцкага раёнаў, нібыта паміж Губарэвічамі і Зьвяняцкім[a]. На вайсковых тапаграфічных мапах XIX ст. Ф. Шубэрта і П. Тучкова, А. Фіцінгофа, І. Стрэльбіцкага Бардакі пазначаныя каля вёскі Вялікі Лес, што яшчэ нядаўна існавала на Брагіншчыне. Але там, згодна з мапамі РККА 1920 — 1930-х гг., знаходзілася вёска пад назвай Байдакі[b][c]. У кожным выпадку, паселішча Бардакі (Лаханія) месьцілася ў межах Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці Беларусі, аднак, за савецкімі часамі ўжо анідзе так не называлася.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карона Каралеўства Польскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб «Бонча» роду Харлінскіх.

Пра востраў Лаханскі, прыналежны да Астраглядавіцкага маёнтку, ці не ўпершыню згадана 8 кастрычніка 1581 году ў «wieczysto darownym» запісе пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага, Леську Федаровічу. 4-м і 5-м траўня 1592 году пазначаныя дакумэнты, перададзеныя ў земскі суд Кіеўскага ваяводзтва, што да справы абвінавачваньня ў хлопстве (нешляхецтве) вознага кіеўскага Леська (Лецка) Лаханскага[d]. 12-м кастрычніка 1592 году датаваны дэкрэт Кіеўскага земскага суда адносна спрэчак паміж Шчасным Харлінскім і ўладальніцай часткі Брагінскіх добраў княгіняй-удавой Аляксандрай з Капустаў Вішнявецкай за востраў Лахань. Надалей справа накіроўвалася да Кароннага Трыбуналу[4][e].

Герб Ястрабец зьменены паноў Абрамовічаў.

У судовым дэкрэце ад 7 чэрвеня 1623 году удава Гальшка Харлінская абвінавачвала паноў Станіслава, Юрыя і астатніх Харлінскіх, родных братоў і сваякоў мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Вялікі Бор, Гарошкаў, Рашаў, Карчовае, Лаханію, Стралічаў, Паселічы, Малішаў[f][6]. У 1627 годзе пані Гальшка (Гэлена) Харлінская склала тэстамэнт, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча (Абрамовіча)[7], жанатага зь яе дачкой Евай. У 1628 годзе з двух дымоў Лахані пана М. Абрагамовіча выплачвалася па 3 злотых[8]

8 ліпеня 1631 году запісам у актах Кіеўскага земскага суда[g] Шчасны, сын Станіслава, Харлінскі нарэшце саступіў права на частку Астраглядаўскіх добраў пану Лукашу Мадлішэўскаму[h], мужу ўдавы Гальшкі Харлінскай, за суму ў 60 000 польскіх злотых. У пераліку вёсак названая і Лахань[9].

Герб «Сьвяты Юрый» (Георгій Перамаганосец) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука[i].

Наступная зьвестка пра wieś Łuchanie з 2 дымамі, прыналежную да włości Choynickiej князя Канстанціна Яна Шуйскага, харунжага берасьцейскага, сустрэтая ў люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва Кароны Польскай 1683 года. Якая сума зь яе выплачвалася ня ўказана[10].

Згодна з інвэнтаром Астраглядаўскага маёнтку 1698 году, калі добры перадаваліся князем Дамінікам Шуйскім у кіраваньне пану Зыгмунту Шукшце, адзін двор у вёсцы Лаханія быў «w pustce», а з другога Іван Бардак мусіў выплачваць 4 злотыя і 15 грошаў чыншу, 2 бельцы даніны мядовай; іншыя павіннасьці выконваў «iako w Wielkim Boru», г. зн. – па 3 дні на розных працах што да паншчыны і яшчэ падводы. Паводле рэвізіі Хвойніцкага маёнтку, завершанай 2 красавіка 1716 года, у Лаханіі з двароў урочнікаў Івана Бардака і Васіля Мажэйкі выбіралася па 4 зл. і 15 гр. чыншу, па 2 бельцы мёду. У інвэнтары маёнтку Хвойнікі cum attinentiis (з прылегласьцямі) ад 20 сакавіка 1721 года, пададзеным былым пасэсарам біскупам валоскім Юзафатам Парышэвічам, плябанам астраглядавіцкім, князю Мікалаю, сыну Дамініка, Шуйскаму, запісана, што урочнік Хвеська Бардак з хутара Лаханія выплачваў 10 зл. чыншу і аддаваў 2 бельцы мёду[11].

У 1734 годзе futor Bardak(і) Хвойніцкага маёнтку[j] належаў князю Ігнацыю Шуйскаму, харунжычу берасьцейскаму[12].

Гаспадары хутару Бардакі і іх павіннасьці на 1768 год.

У 1754 годзе з 4 двароў (×6 — каля 24 жыхароў) хутару Лахані альбо Бардакоў[k] «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачвалася 18 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 2 злотых і 8 грошаў[13].

У 1768 годзе, згодна з адпаведным інвэнтаром, складзены рэестар пабору Астраглядаўскага ключа. З гаспадароў хутару Бардакі Яські, Івана, Архіпа і Якіма Бардакоў зьбіралася па 10 злотых чыншу ды ў якасьці падводнай павіннасьці яшчэ 113 злотых і 25 грошаў. Той жа чынш у 1770 годзе[14].

Расейская імпэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб уласны роду Прозараў.
Бардакі на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.
Вёска Бардакі ў арэндзе ад Людвікі з князёў Шуйскіх Прозар у шамбэляна Яна Ястржэмбскага. 1795 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бардакі ў складзе Рэчыцкай акругі апынуліся ў межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[15].

Паводле расейскай рэвізіі 15 лістапада 1795 году, тады ў вёсцы Бардакі налічвалася 8 двароў з 25 душамі мужчынскага і 18 жаночага полу падданых. Усе жыхары зваліся Бардакамі. Самую вёску трымаў у трохгадовай (02.04.1794-02.04.1797) арэндзе ад дзедзічнай уладальніцы пані Людвікі з князёў Шуйскіх абознага Караля Прозара жонкі за плату ў 1833 чырвоных і 6 польскіх злотых шамбэлян двара польскага Ян, сын Уладыслава, Ястржэмбскі[16]. Мэтрычныя запісы 1795 і 1797 гадоў Сьвята-Траецкай царквы ў Астраглядавічах засьведчылі прыналежнасьць жыхароў вёскі Бардакі да яе прыходу. Прычым, сярод прозьвішчаў бардакоўцаў зьявіліся новыя — Ігнаценка, Кардаш (Кардашэнак) і Гуц[l][17].

Прозараўскія фальварак Тэрмапілы і вёска Бардакі ў арэндзе ў Яна Казлоўскага. 1811 г.

У ведамасьці Астраглядавіцкай царквы 1804 году сказана, што Бардакі, «владения господина Прозора», месьціліся за 10 вёрст ад яе[18]. Згодна з шляхецкай рэвізіяй, датаванай 3 сьнежня 1811 году, фальварак Тэрмапілы[m] з 17 рэвізскімі душамі ў прыналежнай да яго вёсцы Бардакі трымаў у арэндзе ад паноў Прозараў Ян Казлоўскі (50 г.); разам зь ім жылі сыны Антоні (3 г.) і Францішак (1 г.)[n][20]. У хуткім часе, аднак, пасэсар зьмяніўся. Дакумэнце, пазначаны 2 днём красавіка 1812 году, засьведчыў, што той фальварак Тэрмапілы з прылегласьцямі, які належаў пані Людвіцы з князёў Шуйскіх, жонцы абознага Караля, Прозаравай, аддадзены ў арэнду пану Ігнацыю Любанскаму за штогадовую выплату 1306 польскіх злотых[21]. Пасьля ў царкоўных мэтрыках за 1819, 1829, за 1830-я гады вёска Бардакі, яе жыхары неаднаразова згадваныя, але чым далей, болей людзі з прозьвішчам Бардак сустракаюцца сярод жыхароў Рашаўцаў. На 1834 год жыхарамі ў Бардаках — 10 мужчын і 15 жанчын[22].

У кліравой ведамасьці за 1839 год царквы ў Астраглядах сказана, што ў Бардаках было ўсяго 2 і 1/4 двара, а ў іх – 11 душ верных мужчын і 18 жанчын[o][23]. Мэтрычныя запісы, датаваныя 6 жніўня 1838 г. і 26 сакавіка 1839 г., засьведчылі, што кумамі ў параў сужэнцаў Якава і Ульяны Бардакоў, Савы і Марыны Бардакоў выступілі добрыя суседзі, жыхары вёскі Вялікі Лес[24]. У лістападзе і сьнежні 1839 году ад ліхаманкі (горячки) памерлі Тацяна (21 г.) і Алена (15 г.), дочкі ўжо нябожчыка Емяльяна Бардака[25]. 29 сакавіка 1840 году быў пахаваны Рыгор Васілеў Бардак (91 г.), памерлы ад старасьці[p][26]. І гэта астатняя згадка, што да прыгонных жыхароў паселішча Бардакі.

Фальварак і вёска Бардакі, засьценак Байдакі на мапе А. Фіцінгофа. 1846 г.
Вёска Бардакі на мапе Ф. Шубэрта і П. Тучкова 1850 г.
Бардакі на мапе І. Стрэльбіцкага 1871 г.

5 чэрвеня 1840 году ў Астраглядавіцкай царкве зьдзейсьненая таямніца хросту немаўляці Іосіфа, бацькамі якога былі «деревни Бордаков арендовный владелец» рыма-каталік Антоні і праваслаўная Марыя Ляшчынскія[27]. У інвэнтары Хвойніцкага маёнтку 1844 году Бардакі, зразумела, ужо не згаданыя. Але на тапаграфічнай мапе Менскай губэрні 1846 году генэрал-маёра А. Фіцінгофа яшчэ пазначаныя фальварак і вёска Бардакі. Напэўна, гэта і быў фальварак Тэрмапілы, слаўная назва якога не «прыжылася» ў мясцовым, пераважна непісьменным людзкім асяродзьдзі[q]. Тамсама, паблізу вёскі Вялікі Лес, Бардакі паказаныя і на мапе Ф. Шубэрта 1850 году з пазьнейшымі праўкамі. Аднак, на 1850 год у кліравой ведамасьці Астраглядаўскай царквы Бардакоў няма.

У парэформавы пэрыяд паселішча адміністрацыйна належала да Мікуліцкай воласьці. Але на той час гэта ўжо ня хутар і ня вёска. У мэтрычным запісе Мікуліцкай Богаяўленскай царквы 1864 году пры хросьце сына бацькоў зь вёскі Вялікі Лес сярод успрыймальнікаў згаданы аднадворац Вікенці Галяк з Бардакоў[28]. На пачатак 1870 году ў засьценку Бардакі на землях Астраглядавіцкага маёнтку паноў Прозараў жылі 22 аднадворцы, парафіяне касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, прыпісаныя да воласьці[29]. На «Специальной карте Европейской России» І. Стрэльбіцкага 1871 году[r] Бардакі зьмешчаныя побач зь вёскай Вялікі Лес. У мэтрычных кнігах Астраглядаўскага касьцёлу 1876 г. засьведчана, што ў засьценку Бардакі жылі сяляне[s] Галякі[30].

Засьценак Бардакі ў 1900 г.
Бардакі на аўстрыйскай мапе часоў Першай сусьветнай вайны.

У выданьні «Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich» паведамляецца, што засьценак Bordaki Мікуліцкай воласьці на 1900 год складаўся з 4 сядзібаў[31][t]. А на 1909 год у даведніку «Список населённых мест Минской губернии» сказана пра аколіцу Бардакоўскае ажно з 54 дварамі і 227 жыхарамі[32][u].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Бардакі ў складзе Мікуліцкай воласьці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[33].

1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Байдакі на месцы Бардакоў. Мапа 1924-26 гг.
Байдакі на мапе РККА Беларусі і Літвы 1935 г.

На даваенных мапах савецкіх часоў паселішча каля вёскі Вялікі Лес займела назву Байдакі. Тут, як засьведчана матэрыяламі Усесаюзнага перапісу 1926 году, у 31 двары жылі нашчадкі «разабранай» каталіцкай шляхты Галякі (прозьвішча-лідар), Цішкевічы, Каржанеўскія, Навіцкія, Парукевічы, Чарнецкія, Крывіцкія. Усяго — 63 асобы мужчынскага і 60 жаночага полу[34]. Прынамсі, некаторыя зь іх раней альбо жылі ў засьценку Байдакі, які паўстаў на месцы аднайменнай вёскі, альбо мелі зь яго жыхарамі сваяцкія стасункі. Засьценак той меў усяго 6 жыхароў на 1857 г. і ў хуткім часе спыніў існаваньне. Магчыма, гэтыя людзі выступілі ініцыятарамі перайменаваньня паселішча ў Байдакі, што ахвотна падтрымалі і новыя ўлады, хоць бы дзеля большай «мілагучнасьці» назвы.

Байдакі на нямецкай мапе 1941 г.

Ад 8 сьнежня 1926 году новыя Байдакі — у складзе Мікуліцкага сельсавету Брагінскага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі БССР. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, паведамляецца, што ў названай аколіцы налічваўся ўсё той жа 31 двор, але ўжо 135 жыхароў, 100 % зь якіх складалі каталіцкія альбо «польскія» сем’і. Згодна з «Арыентыровачным плянам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Байдаках меркавалася арганізаваць калгас, машыннае і малочнае таварыствы[35]. З 20 лютага 1938 году Байдакі — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў 31 двары вёскі жылі 124 чалавекі. У верасьні 1942 і ліпені 1943 году паселішча цалкам зьнішчанае акупантамі[36]. Хутар Байдакі запусьцеў яшчэ да 1968 году, калі быў зьняты з уліку[37][v].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Паводле гісторыка Вячаслава Насевіча, генэральнае межаваньне ў Менскай губэрні не праводзілася; падобныя пляны складзеныя ў выніку візуальнай здымкі, а часам простых апытаньняў, таму некаторыя паселішчы маглі быць зрушаныя на некалькі кілямэтраў. На гэтым пляне каля Вялікага Лесу пазначаныя Бандары, якія, што дакладна вядома, знаходзіліся зусім у іншым месцы, каля вёскі Кавалі.
  2. ^ Згодна зь ведамасьцямі сяла Мікулічаў Богаяўленскай царквы 1801 і 1822 гадоў, вёска Байдакі месьцілася за 2 вярсты ад Мікулічаў, г. зн. надта далёка ад Вялікага Лесу[1]. На мапе А. Фіцінгофа 1846 г. пазначаны і засьценак Байдакі, таксама далёкі ад Вялікага Лесу.
  3. ^ Можна меркаваць, што Бардакі ў раньнія савецкія часы былі перайменаваныя праз замену аднае літары. Тым болей, што людзей Бардакоў у паселішчы даўно ўжо не было.
  4. ^ Бясспрэчна, гэта – уладальнік вострава Лахань (Лаханія). Цікава, што ў акце Оўруцкага гродзкага суда, датаваным 26-м сакавіка 1632 г., прысутны, таксама возны Кіеўскага ваяводзтва, але шляхетны Ян Лаханскі[2]. А надалей у інвэнтарах 1698 і 1721 г., рэвізіі 1716 г. Хвойніцкага маёнтку князёў Шуйскіх, рэестрах 1768 і 1770 гадоў Астраглядаўскага ключа тых жа ўладальнікаў згаданыя зямяне, потым баяры Лаханскія, якія спачатку былі «na wsłudze dwornej», а пазьней «na czynszu»[3]. Здаралася, калі дробныя землеўладальнікі страчвалі бацькоўскія загоны ды наймаліся на службу да новага прышлага пана, а той пасяляў на іх зямлі сваіх прыгонных. Так і зьявіліся ў Лахані(і) людзі з прозьвішчам Бардакі. Зь цягам часу і паселішча займела адпаведную назву.
  5. ^ Відавочна, з прычыны гэтага вельмі працяглага канфлікту, побач з Лаханю празь нейкі час і было заснаванае сяло Вялікі Лес, вядомае з тэксту «darowizny Brahinia» ўнучкі княгіні Аляксандры пані Крысьціны з князёў Вішнявецкіх Даніловічавай 1641 г.[5]. Мяжа паміж іхнымі ўгодзьдзямі адначасова стала мяжой паміж Астраглядавіцкім/Хвойніцкім і Брагінскім маёнткамі.
  6. ^ Яшчэ названыя 13 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў».
  7. ^ 22 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродзкім судзе.
  8. ^ А значыць і М. Абрамовічу.
  9. ^ Выява з надмагільля Віталіса Шуйскага (†1. VI. 1849) у в. Чыжэўшчына (былыя Крупчыцы) Жабінкаўскага р-ну Берасьцейшчыны.
  10. ^ Аўтары-укладальнікі, у сьлед за расейскімі вайсковымі тапографамі XIX ст., зьмясьцілі яго каля Вялікага Лесу.
  11. ^ Так і запісана: futor Łochań alias Bardaki. Цікава, што наступны за ім у сьпісе названы брагінскі futor Wielki Las.
  12. ^ Тут магчымая блытаніна з Байдакамі, сярод жыхароў якіх часта называныя Гуцы.
  13. ^ Пра наданьне гэтай назвы аднаму з фальваркаў пісаў Марыян Дубецкі[19].
  14. ^ Тут улічаныя толькі асобы мужчынскага полу.
  15. ^ Імаверна, больш працаздольных сялянаў паны Прозары паступова перамяшчалі да іншых сваіх вёсак, найперш, – да Рашаўцаў, а па іх разсяленьні, – да Карчовага, бо надалей менавіта там і ў савецкія часы жылі шматлікія Бардакі (Бордакі).
  16. ^ Як запісана ў мэтрыцы, – «натурально».
  17. ^ Толькі ў А. Фіцінгофа назва паселішча па-расейску пададзена як Бардаки (таксама і з. Байдаки); у Ф. Шубэрта і П. Тучкова, І. Стрэльбіцкага – Бордаки.
  18. ^ Перавыдавалася і ў 1915 г.
  19. ^ Катэгорыя аднадворцаў да таго часу была канчаткова зьліквідаваная, таму апошнія мусілі запісацца ў мяшчане або ў сяляне.
  20. ^ Магчыма, зьвесткі на той час ужо састарэлі.
  21. ^ У гэтым выданьні нярэдкія недакладнасьці, што да колькасьці двароў, жыхароў, адлегласьцяў, назваў. Бардаковское, — чым не расейскае сяло, хоць вялося пра аколіцу?.. Але нечакана вялікая колькасьць двароў і жыхароў магла быць выклікана перасяленьнем у Бардакі жыхароў Унегаўкі, на 1870 г. найбуйнейшага ў рэгіёне засьценку, які перастаў існаваць. У 1909 г. пад такой назвай вядомы хіба аднадворны фальварак з 5 жыхарамі.
  22. ^ У брагінскай кнізе «Памяць» Г. І. Дулеба і Г. М. Новікава зьвесткі пра розныя вёскі Байдакі (зьніклую яшчэ ў XIXст.) і Бардакі падалі нібы пра адну, а хутар (тут: адзіная сядзіба) Байдакі, што паўстаў на месцы спаленых акупантамі Бардакоў (перайменаваных, як было сказана, у Байдакі), паказалі нейкім асобным паселішчам.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40420. А. 57. Спр. 40552. А. 66
  2. ^ НГАБ. Ф. 694. Воп. 5. Спр. 140. А. 116-117
  3. ^ НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 126, 132, 135адв., 137адв., 142
  4. ^ Аrchiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 5, 9; Руська (Волинська) метрика [Текст]: регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569-1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів ; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.] ; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 440
  5. ^ Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 8-13
  6. ^ Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 637
  7. ^ AGAD. ApiJ. Sygn. 1. S. 56
  8. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. – Киев, 1886. С. 396 – 397
  9. ^ AGAD. ApiJ. Sygn. 1. S. 59
  10. ^ Архив ЮЗР. – С. 489
  11. ^ НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 119, 120, 127, 132, 139, 142адв.
  12. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 287, 359, 405
  13. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. – Біла Церква, 2015. С. 191, 202, 248
  14. ^ НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 135, 138
  15. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. С. 181—182
  16. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 234—235; Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71
  17. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 492а. А. 66. Спр. 494. А. 56, 56адв., 58-59
  18. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40442. А. 58
  19. ^ Dubiecki M. Karol Prozor, oboźny W. W. Ks. Litewskiego. Przyczynek do dzieów powstania Kościuszkowskiego. Monografia / M. Dubiecki. — Kraków, 1897. S. 314
  20. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 106
  21. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 14. S. 9, 36
  22. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 339. А. 833адв.-835
  23. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40661. А. 31-33
  24. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 540. А. 762адв.-763. Спр. 551. А. 872адв.-873
  25. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 551. А. 890адв.-891, 891адв.-892
  26. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 552. А. 1033адв.-1034
  27. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 552. А. 1025адв.-1026
  28. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 14. Спр. 449. А. 55адв.
  29. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 77об.
  30. ^ НГАБ. Ф. 1115. Воп. 1. Спр. 42. А. 152адв.-153, 156адв.-157
  31. ^ Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1900. Т. XV. Dopełnienia. S. 200
  32. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 6
  33. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  34. ^ НАРБ. Ф. 30. Воп. 2. Спр. 6239
  35. ^ Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 214, 215
  36. ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 321
  37. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Брагінскага р-на. — Менск: Мастацкая літаратура, 2003. С. 725