Валокі (Хвойнікі)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Валокі
трансьліт. Vałoki
Дата заснаваньня: перад 1683 годам
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°58′0″ пн. ш. 29°59′0″ у. д. / 51.96667° пн. ш. 29.98333° у. д. / 51.96667; 29.98333Каардынаты: 51°58′0″ пн. ш. 29°59′0″ у. д. / 51.96667° пн. ш. 29.98333° у. д. / 51.96667; 29.98333
Валокі на мапе Беларусі ±
Валокі
Валокі
Валокі
Валокі
Валокі
Валокі

Валокі — гістарычная мясцовасьць Хвойнікаў у паўднёвай частцы места. Сёньня — вуліцы Паўночная, Ю. Гагарына, Р. Катоўскага (былая вёска Валокі), Садовая, 60-ці Камсамольцаў-падпольшчыкаў, Калгасная.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тапонім Валокі ўтварыўся ад слова валока. Так у XVI-XIX стст. называлася адзінка вымярэньня плошчы зямельных участкаў роўная 21,36 га. Сяло Хвойнікі, калісьці самае паўночнае ў Брагінскай воласьці, было заснаванае на ўскрайку балота, дакуль пушча не даходзіла, таму і асесьці атрымалася лягчэй. Але ворыўнай зямлі зь цягам часу стала не хапаць. Зьявілася патрэба ў асваеньні суседняга больш высокага, парослага лесам вострава, дзе ўрэшце і былі намераныя валокі для хвойніцкіх аратых. Потым каля іх пачалі сяліцца людзі, у выніку чаго ўзьнікла аднайменная вёска.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карона Каралеўства Польскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Сьвяты Юры (Георгі Пераможац) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука[a].

Найбольш раньняя згадка пра вёску Валокі сустрэтая пакуль што ў люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага і Жытомірскага паветаў Кіеўскага ваяводзтва 1683 году. Належала да włości Choynickiej князя Канстанціна Яна Шуйскага. Зь яе 32 дымоў выплачваліся 3 злотыя, у другі пабор з 3 дымоў яшчэ 3 злотыя[1]. Наступная зьвестка датаваная 12-м днём лютага 1694 году, калі Сэбасціян Яроцкі зь іншай шляхетнай чэлядзьдзю прыехаў на стрэчанскі кірмаш у мястэчка Хвойнікі дзеля закупкі правіянту на ўтрыманьне сваёй харугвы, якая выправілася была пад Хвастаў супраць казакоў палкоўніка Сямёна Палія, ды спыніўся на ноч у доме ўдавы Казачыхі «na Wołokach»[b][2]. На 1698 год, паводле інвэнтара маёнтку Хвойнікі, перададзенага ў кіраваньне пана Зыгмунта Шукшты, у Валоках было 27 двароў; гаспадары васьмі зь іх, старэйшыя ўзростам, памерлі, яшчэ трое ўцеклі. Паводле рэвізыі 1716 году, тут налічвалася 28 гаспадарак, адна зь іх вызваленая ад павіннасьцяў (słoboda). Згодна з інвэнтаром 1721 году, калі абцяжараны даўгамі маёнтак ад пасэсара Юзафата Парышэвіча, біскупа валоскага, перайшоў дзедзічнаму ўладальніку князю Мікалаю Шуйскаму, харунжычу берасьцейскаму, у вёсцы Валокі было 28 двароў, адзін зь якіх належаў баярыну «na wsłudze», з астатніх жа выбіралася 114 злотых чыншу, даніны мядовай 62 бельцы, а таксама іншае дзякла. Супольна жыхары адпрацоўвалі паншчыну ад Вялікадня (Wielkiej Nocy) да сьв. Міхайлы па тры дні, ад Міхайлы да Вялікадня па два дні, гвалты адбывалі, грэблі масьцілі, з падводамі езьдзілі або грашыма адкупаліся, «быдла рагатага і нерагатага», птушку, як і збожжа ярыннага давалі. Прозьвішчы жыхароў — Жаўняк, Лобан, Чэкан, Карась, Лукашэнка, Дрозд, Піліпенка, Бондар, Ліцьвінка, Амелька, Кудака, Шмотка, Гусак, Колас, Кукальнік, Казак (Казачыха, Казачэнка), Цярэшчанка[3].

Паводле тарыфу падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1734 году, Валокі ў складзе Хвойніцкай воласьці належалі князю Ігнацыю Шуйскаму, харунжычу берасьцейскаму[4]. У тарыфе 1754 году вёска не згаданая. Відавочна, яе двары і падаткі зь іх былі аб'яднаныя люстратарамі ці паборцамі зь мястэчкавымі.

Згодна зь перапісам габрэйскага насельніцтва 1765 году, у Валоках жылі 2 плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хвойніцкага кагалу. Перапісы 1778 і 1784 гадоў не засьведчылі ніводнага[5].

Расейская імпэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фальварак і вёска Валокі на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.
Герб уласны роду Прозараў

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Валокі апынуліся ў межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[6]. Згодна з кантрактам, падпісаным 4 красавіка 1794 году, добры Валокі і Хвойнікі дзедзічнай уладальніцы пані Людвікі з Шуйскіх Прозаравай, аддадзеныя ў «арэндную пасэсію» да 2 красавіка 1796 году за суму ў 7 947 польскіх злотых і 29 грошаў ксяндзу Юзафу, сыну Марціна, Корсаку, каноніку інфлянцкаму. Адміністратарам быў яго пляменьнік Юзаф, сын Станіслава, Віткоўскі. Вёска Валокі на той час мела 69 двароў з 219 душамі мужчынскага і 202 жаночага полу прыгонных сялянаў[7]. У «Камеральном описании... Речицкой округи», датаваным 29 студзеня 1796 году, фальварак і вёска Валокі названыя сярод паселішчаў у складзе Хвойніцкіх добраў Людвіка Прозара[c], якія раней былі перайшлі «в казну», але «по высочайшему повелению» вернутыя Луізе Прозаравай[8]

З шляхецкай рэвізіі 1811 года вынікае, што фальварак Валокі трымаў у пасэсіі пан Трацяк, эканомам быў 26-гадовы Касьпер Канаржэўскі, на ўслугах — 12-гадовы Ануфрый Крушэўскі[9].

Плян фальваркаў Езапоў і Валокі. 1887 г.

Паводле інвэнтару Хвойніцкага маёнтка 1844 году, прыналежнага рэчыцкаму падкамораму Ўладыславу, сыну Караля, Прозару, адным зь сямі яго фальваркаў быў Валоцкі. У складзе апошняга — вёскі Валокі, Людвінопаль, Гарошкаў, мястэчка Хвойнікі[10]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 236 жыхароў абодвух полаў зь вёскі Валокі былі прыхаджанамі Хвойніцкай Сьвята-Пакроўскай царквы, 78 валоцкіх мужчын і 80 жанчын, якія жылі ў фальварку і ў вёсцы, зьяўляліся парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[11].

У парэформавы пэрыяд Валокі адміністрацыйна належалі да Хвойніцкай воласьці. У пачатку 1870 году ў вёсцы было 218 сялян-уласьнікаў, прыпісаных да Валоцкага сельскага таварыства[12], да якога належаў яшчэ і Людвінопаль са сваімі 58 уласьнікамі. Згодна зь ведамасьцю Пакроўскай царквы ў Хвойніках на 1875 год, яе прыхаджанамі былі 223 асобы мужчынскага і 226 жаночага полу з 25 двароў вёскі Валокі[13].

Сядзібны дом А. Аўраамава на месцы фальварку Валокі. Сучасная вуліца Карла Маркса, 19

Паводле пляну 1886 году, у мястэчку Хвойніках існавала Валоцкая вуліца, якая вяла да фальварку і вёскі Валокі[14]. 2 лістапада 1887 году праўнук абознага Канстанцін, сын Мечыслава, Прозар прадаў абцяжараны даўгамі маёнтак Хвойнікі расейскім купцам з Арлоўскай губэрні, карачаўскаму Міхаілу Пятровічу Аўраамаву і трубчэўскаму Гаўрылу Сямёнавічу Курындзіну за 580 000 рублёў серабром[15].

На 1909 год у вёсцы Валокі 136 двароў, 749 жыхароў, у дзьвюх аднайменных сядзібах адпаведна 1 двор, 35 жыхароў і 1 двор, 14 жыхароў[16]. У 1912 годзе Андрэй Міхайлавіч Аўраамаў завершыў узьвядзеньне мураванага палацыка «u wjazdu do Chojnik», як вызначыў яго месцазнаходжаньне Анджэй Раствароўскі, унук Аляксандра Аскеркі, якому з-за дажджу ўвосень 1915 г., не даехаўшы да Рудакова, давялося тут заначаваць[17]. А гэта — якраз на месцы першай з названых сядзібаў альбо уласна былога фальварку Валокі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Валокі і Хвойнікі, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[18].

Вёска Валокі на мапе, складзенай у 1924-26 гг.

1 студзеня 1919 году, паводле пастановы І зьезду КП(б) Беларусі, Хвойнікі ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква адабрала іх разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР.

8 сьнежня 1926 году Валокі з Хвойнікамі вярнулі БССР. Тады ж вёска стала цэнтрам сельсавету ў складзе Хвойніцкага раёну Рэчыцкай акругі. З 9 чэрвеня 1927 году Валокі ў складзе Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 году сельсавет узбуйнены, у яго склад увайшла тэрыторыя скасаванага Малішаўскага сельсавету. 26 ліпеня 1930 году акруговы падзел быў скасаваны. З 20 лютага 1938 году Валокі з Хвойніцкім раёнам апынуліся ў межах Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры, з 8 студзеня 1954 году — у Гомельскай вобласьці.

16 красавіка 1959 году Валоцкі сельсавет скасаваны, тэрыторыя перададзена ў адміністрацыйнае падпарадкаваньне Хвойніцкага пасялковага савету[19].

У 1972 годзе вёска Валокі далучаная да места Хвойнікі і названая вуліцай імя Катоўскага.

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Віктар Дашук (нар. 1938) — беларускі кінарэжысэр-дакумэнталіст.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Выява з надмагільля Віталіса Шуйскага (†1. VI. 1849) у в. Чыжэўшчына (былыя Крупчыцы) Жабінкаўскага р-ну Берасьцейшчыны.
  2. ^ Удава Казачыха з сынамі згаданая сярод жыхароў Валокаў у інвэнтары 1698 году. У 1716 і 1721 гадох названы Назар Казачэнка.
  3. ^ Тут, напэўна, дапушчана памылка прачытаньня тэксту рэвізіі, бо ў ёй згаданая Людвіка з князёў Шуйскіх Прозарава, жонка абознага Караля.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. VII. T. I. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 488, 506
  2. ^ Архив ЮЗР. Ч. III. Т. II. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 286
  3. ^ НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 119, 120, 122адв.-123, 130, 140
  4. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 285
  5. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  6. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182.
  7. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 171-189адв.
  8. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
  9. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 104
  10. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475. А. 33адв. etc.
  11. ^ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382, 666
  12. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 68адв.
  13. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40937. А. 234, 239адв.; гл. таксама: Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 140
  14. ^ Плян Хвойнікаў 1886 году
  15. ^ Виноградов Д. Л. Живые прошлого страницы. / Дмитрий Леонидович Виноградов. — Минск: А. Н. Вараксин, 2018. С. 99 — 102
  16. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 30
  17. ^ Rostworowski A. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. — Warszawa, 2001. S. 110.
  18. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 – 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. – 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918 – 1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  19. ^ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 16 красавіка 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 5.