Алексічы (Гомельская вобласьць)
Алексічы | |
трансьліт. Alieksičy | |
Дата заснаваньня: | перад 1552 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Алексіцкі |
Насельніцтва: |
|
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
Паштовы індэкс: | 247607 |
СААТА: | 3254804001 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°56′17″ пн. ш. 29°42′8″ у. д. / 51.93806° пн. ш. 29.70222° у. д.Каардынаты: 51°56′17″ пн. ш. 29°42′8″ у. д. / 51.93806° пн. ш. 29.70222° у. д. |
± Алексічы |
Але́ксічы[1][a] — вёска ў Беларусі, у міжрэччы Тур'і і прытока Віці Рабца, пакуль апошні не ператварыўся ў балота. Уваходзяць у склад Алексіцкага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Знаходзяцца за 18 км на паўночны захад ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Хвойнікі — Юравічы.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паселішча ці не ўпершыню згаданае ў апісаньні Мазырскага замка 1552 году. У ім засьведчана, што «села Олексичи а Оводовичи» належалі да Загальскай нядзелі[b] Мазырскай воласьці, выконвалі плацёжныя павіннасьці ды розныя работы на карысьць замку. Жыхарамі гэтых сёлаў былі Тацко Батурыч, Іван Гапонавіч, Несын Зеляновіч, Іван Рэвяка, Карп Дзьмітрыевіч, Сянько Хількевіч, Сірош, брат яго, Яско, брат яго, Хрол Прыхожы, Іван Ліцьвін, Грын Курыловіч, Мішко Багданавіч, Антон Мацоўчыч, Лукаш Прыхожы, Юрко Цімонавіч, Кандрат Хамяновіч, Ігнат, брат яго, Сянько, брат яго.
Дани з них 4 кади и ведро, тивунщины великое и малое 3 ведра, за тивунщиною 2 гроши, приставка а кузня ведро меду, за вощила 7 грошей, за 7 хлебов 3 гроши, за 2 кур грош сокольничого 2 гроши, бобровничого 15 грошей, выкоту 12 гроши, серебра 2 коп гроши, за 7 бобров 5 коп грошей, за 2 куницы 12 грошей, за пол куницы 3 гроша, воловництва пол 7 гроша, намерных 2 гроши, овса 2 ведра; а в слободе до двух лет 75 грошей, а меду пол 3 ведра, а в пустее 2 ведра меду и 40 грошей; всего: 4 кади, 7 ведер, камени 1, 9 коп и 8 грошей и пол гроша…
Акрамя таго сказана, што «село Олексичское» разам з востравам Чорнаўшчына знаходзілася ў трыманьні зямяніна Андрэя Абуха (продка паноў Абуховічаў у Мазырскім павеце)[6].
10 ліпеня 1568 году «…тые села Оводовичи и Олекшичи, в которых ест служоб[c] деветнадцат и пол…» падараваныя каралём Жыгімонтам Аўгустам у якасьці лену[d] зямянам Філону, Паўлу, Кандрату, Сямёну, Іосіфу, Філіпу Круневічам, замест страчаных на карысьць пана Філона Кміты маёнткаў у ваколіцах Чарнобылю[7][e].
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі, згодна з указам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году, Кіеўскае ваяводзтва стала часткаю Кароны Польскай[9]. Алексічы ў складзе Мазырскага павету, пад уплывам віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ і мазырскага старосты Мікалая Радзівіла Рудога ды падтрымаўшай яго павятовай шляхты, былі выведзены з Кіеўскага і далучаны да Менскага ваяводзтва.
Пазьней прывілеем караля Стэфана Баторыя ад 25 лютага 1585 году дзьве часткі Вадовічаў і Алексічаў, што засталіся ад памерлых без нашчадкаў «мужсъкого рожаю»[f] Кандрата і Іосіфа Круневічаў, аддадзеныя пану Давыду Есьману[10].
30 жніўня 1658 году права на ленныя маёнткі Алексічы і Глінішча (па-лацінску: bona Olexicze et Hliniszcze) было пацьверджана мазырскаму харунжаму Рыгору Круневічу лістом караля Яна Казімера[11]. Леннае права на Алексічы 18 сакавіка 1637 году ў Кіеўскім і 18 чэрвеня 1671 году ў Лідзкім гродзкім судзе пацьвярджаў пан Казімір Аляксандр Круневіч. 4 сьнежня 1721 году запіс на права валоданьня Алексічамі і Вадовічамі ўнесены ў кнігі гродзкія Кіеўскія з падачы ксяндза Войцеха Янкоўскага, міністра Оўруцкай рэзыдэнцыі езуітаў[12]. С. Рыбчонак, на падставе дакумэнтаў, сабраных у справе аб дваранстве роду Аскеркаў засьведчыў, што спадчыньнікам маёнткаў Алекшыцы, Вадовічы і Гарбавічы ў Мазырскім павеце стаў пан Багуслаў Аскерка. Прычым Гарбавічы ў 1738 годзе ён саступіў брату Рафалу Алаізу[13]. Паводле зьвестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Алексічы былі сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (зь ліку шляхты і яе службы) належала да Юравіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[14].
У 1782 годзе, паводле завяшчаньня Багуслава Леапольда сынам, ленны маёнтак зь вёскамі Новы Двор, Тунеўшчызна, сялом Алексічы і мястэчкам Багуславец дастаўся Фларэнціну, а пасьля яго сыну Антонію[15].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Алексічы — у межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе адміністрацыйна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[16]. У 1796 годзе ў валоданьні мазырскага земскага суддзі Фларыяна Аскеркі былі «сельцо Алексичи и двор, местечко Богуслав, село Борисовщина, деревня Туновщизна»[17].
У 1811 годзе маёнтак Новы Двор — уласнасьць Юзафа і Антонія, сыноў Фларыяна, Аскеркаў[18]. Блізка да чэрвеня 1831 году мясцовыя праваслаўныя сьвятары даносілі расейскім уладам, што паны Эмілій і Антоній Аскеркі ў сваіх маёнтках Вадовічы і Алексічы выконвалі паўстанцкія прыгатаваньні: рыхтавалі зброю і правіянт, арганізоўвалі адзьдзел, які мусіў складацца з 50 чалавек. Аднак, двухразовая рэвізія, праведзеная ў Вадовічах ротмістрам фон Крузэ, нічога падазронага ня выкрыла; такія самыя вынікі мела сьледзтва, праведзенае на месцы афіцэрам жандармэрыі Аляксандравым[19]. На 1834 год уладальнікамі названыя Антоні і Брыгіда з Шышкаў Аскеркі. У Алексічах тады было 22 двары са 154 жыхарамі[20]. У 1840-я гады маёнткам Новы Двор завалодалі паны Вінчы. 8 чэрвеня стст. 1843 году тут у сям'і шляхціча-пасэсара Ігнацыя, сына Ігнацыя, Стравінскага, католіка, і яго законнай жонкі Аляксандры Іванавай, праваслаўнай, нарадзіўся сын Хведар[21][g].
На 1850 год у сяле 25 двароў[8]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» сказана, што 156 жыхароў Алексічаў абодвух полаў былі прыхаджанамі Мікалаеўскай царквы, яшчэ 6 жыхароў сяла і 10 жыхароў Новага Двара зьяўляліся парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[22].
У парэформавы пэрыяд сяло Алексічы належала да Юравіцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні. У сьпісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павету) Менскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Мікалаеўскай царквы, новы драўляны будынак якой узьведзены ў 1871 годзе, названыя настаяцель а. Канстанцін Сулкоўскі, в. а. штатнага псаломшчыка Ануфрый Мігай і звышштатны Васіль Мігай. Да прыходу, акрамя Алексічаў, належалі Агароднікі, частка Багуслаўца, Вадовічы, Глінішча, Каранёўка, Слабада Княжыца, Маклішча, Тунеўшчына, Ужынец, Хвойнае[23]. На 1879 год у прыход складалі 884 душы мужчынскага і 944 жаночага полу верных[24]. У 1886 годзе ў Алексічах налічваўся 31 двор з 211 жыхарамі, дзейнічалі царква і капліца[25]. Паводле сьпісаў землеўладальнікаў Менскай губэрні 1876, 1889 гадоў уласьніцай маёнтку Новы Двор больш як у 1700 дзесяцінамі угодзьдзяў названая пані Генрыэта, дачка Калікста Вінча, Сушчынская.
Згодна зь перапісам 1897 году, ў Алексічах дзейнічалі царква, царкоўна-прыходзкая школа, хлебазапасны магазын, тры ветракі[8]. На 1909 год у сяле было 76 двароў, 587 жыхароў, у фальварку Новы Двор 15 жыхароў[26]. У 1911 годзе часткі Новага Двора дзялілі між сабой Зянон (555 дзесяцін), Генрык (555) і Мечыслаў (556), сыны Гераніма, Сушчынскія.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Алексічы ў складзе Юравіцкай воласьці, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[27].
1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Юравіцкая воласьць Рэчыцкага павету ўвайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР.
8 сьнежня 1926 году Алексічы, вернутыя БССР, сталі цэнтрам сельсавету Юравіцкага, з 8 ліпеня 1931 году Хвойніцкага раёну. З 20 лютага 1938 году — у складзе Палескай.
У 1920-я гады пры землеўпарадкаваньні, паводле сьведчаньня Паўла Фёдаравіча Мележа ў лісьце да сына, зь сяла Алексічы былі ўтвораныя тры пасёлкі: Алексічы, Дуброва і Рабец[28]. У 1931 годзе арганізаваны калгасы «Коммунар» і «Пролетарий», дзейнічалі 3 кузьні і 2 ветракі[8].
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Алексічах быў 141 двор з 580 жыхарамі. 8 жніўня 1942 году (за адзін толькі гэты дзень) карнікі з атрадаў СС расстралялі і спалілі тут разам з хатамі і гаспадарчымі пабудовамі 294-х жыхароў, 12 чалавек угналі на прымусовыя работы ў Нямеччыну. У траўні-чэрвені 1943 года група Шымана знішчыла 168 вяскоўцаў[29]. На фронце загінулі 58 жыхароў Алексічаў.
З 8 студзеня 1954 году Алексічы — у Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 года ў сяле было 390 жыхароў, у складзе калгасу «Ленінскі шлях» з цэнтрам у вёсцы Глінішча. На той час існавалі пачатковая школа, клюб, бібліятэка, бальніца, аптэка, адзьдзяленьне сувязі, крама[8].
15 жніўня 1974 году цэнтр сельсавета з Алексічаў перанесены ў вёску Глінішча[30].
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 2021 год — 16 гаспадарак, 29 жыхароў[31].
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плян Алексічаў складаецца зь зьлёгку выгнутай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Жылыя дамы драўляныя, сядзібнага тыпу[32].
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Хведар Стравінскі (1843—1902) — опэрны бас, артыст Марыінскага тэатру ў Пецярбургу, бацька кампазытара Ігара Стравінскага..
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ У творах І. П. Мележа ўжытая назва Але́шнікі, сэмантычна чужая гістарычнай назве Алексічы, але пададзеная ў нарматыўным даведніку ў якасьці яе варыянту. Больш за тое, Н. Багамольнікава штучна прылічыла Алешнікі да мясцовых назваў[2], хоць у побыце сяло ніхто і ніколі так не называў.
- ^ Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Мазырская воласьць, як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці[3].
- ^ 1 службу складалі 2 двары і болей.
- ^ Быць леньнікам азначала за маёнтак «службу земскую военную служити и заступовати.., яко и иные рыцерство, земяне, шляхта…» каралю і Айчыне.
- ^ С. В. Марцэлеў чамусьці ўважаў Алексічы 1568 году ўладаньнем Ф. Кміты[8]
- ^ Неабходная ўмова валоданьня ленам.
- ^ Сярод іншых добраў пад назвай Новы Двор у выданьні «Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich» (Warszawa, 1886. T. VII. S. 293—300) для Рэчыцкага павету згаданы толькі гэты маёнтак паноў Сушчынскіх, угодзьдзі якога складалі каля 86 валок (S. 296) альбо ≈1720 дзесяцін. Таму даволі дзіўна, што дасьледчыкі працяглы час не адважваліся лякалізаваць месца нараджэньня знакамітага ў будучыні чалавека хоць бы і гіпатэтычна, пакуль ня быў знойдзены адпаведны дакумэнт.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ^ Багамольнікава Н. А. Пра што гавораць нам тапонімы. // Хойнікшчыны спеўная душа. Народная духоўная культура Хойніцкага краю. Фальклорна-этнаграфічны зборнік. – Мінск, 2010. С. 290
- ^ Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П.Г. Клепатский – Т. 1: Литовский период. – Одесса, 1912. С. 185, 189 – 190
- ^ Herbarz Polski. Cz. 1, Wiadomości historyczno-genealogiczne o rodach szlacheckich. / Ułożył i wydał Adam Boniecki (надалей: Boniecki). – Warszawa, 1902. T. XII. S. 342
- ^ Boniecki. – Warszawa, 1906. T. IX. S. 27 – 29 (28)
- ^ Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. VII. T. I. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 636—637, 644
- ^ Литовская метрика. Книга записей 51 (1566—1574). — Вильнюс, 2000. С. 177—179
- ^ а б в г д Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 429—430
- ^ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009).
- ^ Метрыка ВКЛ. Кніга запісаў 70. (1582—1585). Падрыхт. А. А. Мяцельскі. — Мінск, 2008. С. 246—247
- ^ Metryka Litewska. Księga wpisów. Nr. 131. Opracował Andrzej Rachuba. — Warszawa, 2001. S. 157—158, 234
- ^ АрхивЮЗР. С. 222—225
- ^ Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 1. А. / Т. Капіца, А. Леўчык, С.Рыбчонак і інш. – Мінск, 2002. С. 329
- ^ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
- ^ НГАБ у Мінску. Ф. 319. Воп. 2. Спр. 2386. А. 71адв.
- ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
- ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 73
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 171
- ^ Dangel St. Rok 1831 w Mińszczyźnie. – Warszawa, 1925. Tom II. S. 54 – 55, 143 – 144
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 347. А. 1408, 1416—1423
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 25844. А. 2адв.-3
- ^ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379адв., 725
- ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 456
- ^ Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 13
- ^ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 3, 50
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
- ^ Сем лістоў з глыбіні Палесся
- ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост. : А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 36 — 37, 287 — 288, 498
- ^ Рашэнне выканаўчага камітэта Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 15 жніўня 1974 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1974, № 25 (1435).
- ^ Колькасьць насельніцтва ў вёсках Алексіцкага сельскага савету на 01.01.2021 г.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.