Перайсьці да зьместу

Лянтарня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лянтарня
лац. Lantarnia
Населены пункт
Краіна Беларусь
Вобласьць Гомельская
Раён Хвойніцкі
Дата заснаваньня перад 1794 годам
Часавы пас
Каардынаты 51°53′51″ пн. ш. 29°59′33″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +375 2346
Паштовы індэкс 247621
Нумарны знак 3
Лянтарня на мапе Беларусі ±
Лянтарня
Лянтарня
Лянтарня
Лянтарня
Лянтарня
Лянтарня

Лянтарня, Лянтэрня — гістарычная мясцовасьць Хвойнікаў.

Расейская імпэрыя

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Герб уласны роду Прозараў

Юзаф Антоні (Апалінары) Рольле, знаёмы з уласнаручнымі запісамі Караля Прозара, паведаміў, што ў ліпені 1794 году абозны хаваўся ад перасьледу расейцаў на ўскрайку пушчы ў лесьнічоўцы, называнай мясцовымі жыхарамі latarnią. А як гэта зусім блізка ад Хвойнікаў, дык хутка месца яго сховішча наведаў паліцэйскі камісар (або «жаўнеры» М. Дубецкага са спасылкай на Зофію Аскерчанку) і сыну сэнатара Рэчы Паспалітай, заросламу, апранутаму па-сялянску ў сярмягу ды лапці, але са стрэльбай за плячом, як пасьля ў больш людных месцах зь пісталетамі пад сярмягай, давялося тэрмінова ратавацца[1].

Згадка пра Лінтэрню ў мэтрычным запісе аб нараджэньні-хросьце А. Стравінскага.
Аляксандар Стравінскі (крайні справа) з мамай Аляксандрай і братамі Канстанцінам (зьлева ад мамы) і Хведарам. Віцебск. 1868 год.
Плян мястэчка Хвойнікі. 1864 г.
Аляксандар Мардасэвіч з ф. Лянтэрня (†1875).
Разалія Мардасэвічава з ф. Лянтэрня (†1876).
Зьвестка пра фальварак Лянтэрня ў 1887 г.

З шляхецкай рэвізіі 1811 году вынікае, што на той час гэта ўжо не лесьнічоўка, а фальварак Linterny, арандаваны ў абозных Прозараў ротмістрам Берасьцейскага павету Ваўжынцом Балашэвічам[a]. Да яго належала хвойніцкая вёска Забалаць, што налічвала 61 душу прыгонных сялянаў[3]. 15 сакавіка 1835 году, паводле мэтрычнага запісу ў кнігах Мікуліцкай Багаяўленскай царквы, у «жителя деревни Линтерни», шляхціча-арандатара каталіка Ігнацыя Стравінскага і яго праваслаўнай жонкі, былой прыгоннай сялянкі графа Ракіцкага, Аляксандры (у дакумэнце Елізаветы), нарадзіўся сын Аляксандар[4], будучы ўдзельнік расейска-турэцкай вайны 1877 – 1878 гадоў, пазьней гэнэрал-маёр, старэйшы брат Хведара, будучага знакамітага артыста Марыінскага тэатру ў расейскім Пецярбургу, дзядзька Ігара Стравінскага, сусьветнавядомага кампазытара[5]. Згодна з аднадворскімі рэвізіямі 1845 і 1858 гадоў, у фальварку Лянтэрнях паноў Прозараў жыў Вікенці, сын Марціна, Стэфановіч[6].

У мэтрычных кнігах Астраглядаўскага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі за 1862 і 1863 гады ёсьць запісы пра хрост адпаведна 16 сакавіка і 29 жніўня Юзафа і Фларыяна Людвіка, сыноў Фелікса і Гэлены Мачульскіх, народжаных у Лянтэрні. У першым выпадку бацькі названыя сялянамі, у другім — дваранамі[b]. Выканаў дзею вікары Хвойніцкай філіі Астраглядаўскай парафіі ксёндз Лукаш Пюро[7] з закону братоў-прапаведнікаў (дамініканаў).

На «Военно-топографической карте Российской империи 1846 – 1863 гг.», складзенай пад кіраўніцтвам Ф. Ф. Шубэрта і П. А. Тучкова, назва паселішча па-расейску пададзена са слоў тутэйшых інфарматараў як Лянтарня. Згаданы фальварак Лянтэрня на пляне мястэчка Хвойнікі 1864 году.

У мэтрычных кнігах Астраглядаўскага касьцёлу за 1876 год ёсьць зьвестка пра нараджэньне 25 лютага і хрост 13 чэрвеня немаўляці Яна, сына сельскага доктара, двараніна Антонія і жонкі яго Людвікі Мардасэвічаў з фальварку Лянтэрня[8]. А на хвойніцкіх могілках і сёньня стаіць крыж з надпісамі ў памяць пра 2-х гадовага Аляксандра Мардасэвіча, памерлага 7 сакавіка 1875 г., і 76-гадовую Разалію Мардасэвічаву, якая спачыла 31 сьнежня 1876 г.

У датаваным 2 лістапада 1887 году дакумэнце аб продажы Канстанцінам Прозарам абцяжаранага даўгамі маёнтку Хвойнікі расейскім купцам з Арлоўскай губэрні, карачаўскаму Міхаілу Пятровічу Аўраамаву і трубчэўскаму Гаўрылу Сямёнавічу Курындзіну сярод іншых добраў названы і фальварак Лянтэрня[9].

На 1909 год маецца зьвестка пра аднадворны хутар Лянтэрня з 28 жыхарамі, разьмешчаны ў Хвойніцкай воласьці за 1 вярсту ад яе цэнтру[10].

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Лянтарня і Хвойнікі, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала "варта Украінскай Дзяржавы"[11].

1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Хвойнікі ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква адабрала іх разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 8 сьнежня 1926 году Лянтарню з Хвойнікамі вярнулі БССР.

Лянтарня (Чырвоная Ніва) на супрацьлеглым ад мястэчка Хвойнікі краю балота (сучасны выгляд). Фрагмэнт.
Сучасная Лянтарня ўвосень (фрагмэнт).

Пры канцы 1920-х гадоў савецкія ўлады перайменавалі пасёлак Лянтарню ў Чырвоную Ніву. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, згаданая і Чырвоная Ніва, у якой налічвалася 12 каталіцкіх альбо «польскіх» сем'яў[12]. Паводле Яўгена Рапановіча, да 1930 году паселішча (сядзіба) мела назву Ліхтэрня[13], пра што няма сьведчаньняў ні ў адной крыніцы[d].

У 1989 годзе, пасьля далучэньня былой Лянтарні да места Хвойнікі, афіцыйную савецкую назву пераняла вуліца – Чырвонаніўская.

Фальварак Лянтарня на мапе Шубэрта-Тучкова з праўкамі 1860-х гг.
Пасёлак Лянтэрня на мапе РККА 1926 г.
  1. Цікава, у справе аб сэквэстры 1813 г. сказана, што з 19 сакавіка 1812 году Ваўжынец Балашэвіч трымаў у трохгадовай арэндзе за плату ў 900 рублёў серабром штогод фальварак Рудню (Руднае), тады як Лінтэрны наогул не згаданыя сярод арандаваных у Прозараў фальваркаў[2].
  2. 1863 — паўстанцкі год і год спадзяваньняў на лепшую будучыню. Хоць абярнулася ўсё...
  3. Дасьледніца названая сярод аўтараў-укладальнікаў нарматыўнага даведніка па Гомельскай вобласьці (Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006).
  4. Уражаньне такое, нібы шаноўны мовазнавец пераклаў для простых беларусаў «панскую» назву, бо самі яны гэткімі рэчамі ніколі не займаліся (як у выпадку з карыяндрам, напрыклад, проста прынялі ва ўжытак каляндру). Але ж тая «Ліхтэрня», утвораная зь нямецкай асновы (як «Лянтарня» з лацінскай), была для тутэйшага людзтва невядомай, мабыць, да часоў беларусізацыі, а і надалей засталася неўспрынятай, – бальшавіцкія перайменаваньні бо перашкодзілі. Гэтае, не адзінае, як высьвятляецца, моўнае практыкаваньне Я. Н. Рапановіча, займела працяг. Ужо ў бягучым стагодзьдзі дацэнт ГДУ імя Ф. Скарыны[c] двойчы, у тым ліку і ў навуковым часопісе, падала па тэме літаральна наступнае: «У мяжы г. Хойнікі знаходзіцца в. Чырвоная Ніва, якая мела першапачатковую назву Ліхтэрна. Ёсць звесткі, што ў вёсцы раней жылі продкі немцаў-арандатараў, якія, відаць, наладзілі вытворчасць ліхтэрняў – ліхтароў (ад ням. Licht ′святло, асвятленне′). Па іншай версіі, асновай магло быць галандскае слова lichter ′невялікае судна, прызначанае для пагрузкі, разгрузкі, перавозкі грузаў па рэках′»[14], «… в. Ліхтэрня, дзе жылі продкі немцаў-арандатараў (ад ням. das Licht 'святло, агонь, асвятленне' > ліхтэр ‘невялікае судна, прызначанае для пагрузкі і разгрузкі вялікіх суднаў ці для мясцовых перавозак’, ‘пласкадоннае судна, якое аблягчае вялікае судна’, фармант -ня можа сведчыць аб вытворчасці такіх суднаў) стала Чырвоная Ніва (мясц. Красная Ніва, цяпер злілася з г. Хойнікі)»[15]. Адкуль узялося гэтае ўсё? Хто і калі сустракаў сьведчаньні пра немцаў-арандатараў ды нібыта наладжаную імі вытворчасьць ліхтароў (ня кажучы пра галяндзкія судны!) на ўскрайку нашага балота?.. Разам з тым, не абавязкова мець схільнасьць да фантазыяў, каб ўявіць сабе, як добра бачылася ў цёмны час сутак сьвятло даўняй лесьнічоўкі і пазьнейшага фальварку з боку мястэчка Хвойнікі, тым болей, што побач тады не існавала ніякага іншага жытла.
  1. Dr. Antoni J. Opowiadania historyczne. Serya trzecia. T. 1. Karol Prozor, ostatni oboźny litewski. Warszawa, 1882. S. 33 – 34; гл. таксама: Dubiecki M. Karol Prozor, oboźny W. W. Ks. Litewskiego. Przyczynek do dzieów powstania Kościuszkowskiego. Monografia / M. Dubiecki. — Kraków, 1897. S. 227; Pamiętniki Franciszka Karpińskiego. / Z przedmową Piotra Chmielowskiego. – Warszawa: Drukarnia Granowskiego i Sikorskiego, 1898. S. 134 – 135
  2. Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 14. S. 7 – 9
  3. НГАБ у Менску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 3
  4. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 537. А. 404
  5. Віктар Гілеўскі. Стравінскія. Ад беларускіх каранёў. // Маладосць. 11/2019. С. 77 – 84; Віктар Гілеўскі. Брагінскія карані музычных геніяў Стравінскіх. // Маяк Палесся. 15. 01. 2021.
  6. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 587. А. 69 адв.
  7. НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 4. А. 25, 44адв.
  8. НГАБ. Ф. 1115. Воп. 1. Спр. 3. А. 150адв.-151
  9. Выпись из крепостной Минского Нотариального Архива. Книга по Речицкому уезду за 1887 год. № 18. С. 87 – 98. № 15; Виноградов Д. Л. Живые прошлого страницы. / Дмитрий Леонидович Виноградов. – Минск: А. Н. Вараксин, 2018. С. 99 – 102
  10. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 105
  11. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 – 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. – 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны)
  12. Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 213
  13. Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці. — Мінск, 1986. С. 100, 181
  14. Багамольнікава Н. А. Пра што гавораць нам тапонімы. // Хойнікшчыны спеўная душа. Народная духоўная культура Хойніцкага краю. Фальклорна-этнаграфічны зборнік. – Мінск, 2010. С. 290
  15. Багамольнікава Н. А. Структурныя змены і працэс перайменаванняў у айканіміі Гомельшчыны. // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. 2010. № 4 (61). С. 12