Хвойніцкі замак
Помнік абарончай архітэктуры | |
Хвойніцкі замак
| |
Макет-рэканструкцыя замку ў экспазіцыі Хвойніцкага краязнаўчага музэя. Выканаў Дз. Вінаградаў. 2007 г.
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Хвойнікі |
Дата заснаваньня | пер. палова XVII ст. |
Хвойніцкі замак — помнік гісторыі і абарончай архітэктуры ў Хвойніках. Знаходзіўся ў абалоне ракі Квесі. Існаваў у XVII—XVIII стагодзьдзях.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Драўляны замак у Хвойніках, напэўна, збудаваў напярэдадні «хмяльніччыны» ў 40-я гады XVII ст. Максыміліян Бжазоўскі[2]. Пазьней належаў князям Шуйскім. Захавалася апісаньне замку за 1721 год.
Спыніў існаваньне ў другой палове XVIII ст.
У 2001 годзе афіцыйна зацьверджаны герб Хвойнікаў з гіпатэтычнай[a] выявай замка.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Займаў невялікую пясковую дзюну ў забалочанай абалоне ракі Квесі. Выцягнутая з поўначы на поўдзень авальная пляцоўка замка (35 × 25 м) атачалася запоўненым вадой ровам, які з боку мястэчка меў шырыню 28—30 мэтраў, зь іншых бакоў — 10—18 мэтраў. Апроч таго, абараняўся вялікай абалонай. На земляным вале стаялі драўляныя абарончыя сьцены-гародні, была ўязная вежа з варотамі. Зьвязваўся зь мястэчкам дамбай і драўляным мостам. Паводле інвэнтару за 1721 год, атачаўся парканам, меў 2-павярховую ўязную вежу, зрубленую з брусоў і накрытую дранкай. Першы паверх вежы займалі ўязны праезд з варотамі і два памяшканьні, адведзеныя пад вязьніцу, на другім паверсе была заля з шклянымі вокнамі ў драўляных рамах. На ўзроўні другога паверху кругам ішоў балькон. На замкавым двары разьмяшчаліся гаспадарчыя пабудовы[3][b].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Хутчэй непраўдападобнай. На гербе – сымбаль мураванага замку з трыма акруглымі ў пляне вежамі і ўязной брамай з характэрным зубчастым верхам. У Хвойніках жа існаваў хіба сьціплы драўляны замак.
- ^ Мае сэнс задацца пытаньнем: ці маглі ўсе тыя пабудовы ў замкавых гароднях і на падворку, што пералічаныя ў інвэнтары 1721 г., зьмясьціцца на пляцоўцы 35×25 м?..
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 121
- ^ Бельскі С. Замак у Хойніках
- ^ Ткачоў М. А. Замкі і людзі. — Мінск: Навука і тэхніка, 1991. С. 161; Ткачоў М. Хойніцкі замак. // Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі, 1993. С. 635
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2