Перайсьці да зьместу

Тунеўшчына

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тунеўшчына
трансьліт. Tunieŭščyna
Першыя згадкі: 1795
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Алексіцкі
Насельніцтва:
  • 70 чал. (2009)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°54′51″ пн. ш. 29°38′57″ у. д. / 51.91417° пн. ш. 29.64917° у. д. / 51.91417; 29.64917Каардынаты: 51°54′51″ пн. ш. 29°38′57″ у. д. / 51.91417° пн. ш. 29.64917° у. д. / 51.91417; 29.64917
Тунеўшчына на мапе Беларусі ±
Тунеўшчына
Тунеўшчына
Тунеўшчына
Тунеўшчына
Тунеўшчына
Тунеўшчына

Туне́ўшчына[1] — вёска ў Беларусі, каля ракі Тур’і. Уваходзіць у склад Алексіцкага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2004 год — 105 чалавек. Знаходзіцца за 26 км на захад ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Хвойнікі — Мазыр.

Фальварак і вёска Тунеўшчызна на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

Вёска Тунеўшчына (Тунеўшчызна, Туноўшчызна) вядомая з крыніцы, заснаванай на зьвестках рэвізіі 1795 году, як паселішча ў Речыцкай акрузе (павеце) Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), с 1797 году — Менскай губэрні. Належала мазырскаму земскаму судзьдзі Фларыяну Аскерку, уладальніку маёнтку Алексічы альбо Новы Двор, на 1796 год знаходзілася ў заставе ў пана Садкоўскага[2]. У 1834 годзе ў Тунеўшчыне ўладальнікаў Антонія, сына Фларэнцыя, і Брыгіды (з дому Шышкаў) Аскеркаў у 7 дварах пражывалі 21 мужчына и 14 жанчын. Прозьвішчы і мянушкі сялян – Шкода, Шамянок, Бандарэнка, Засінец, Кушнер, Украйнец, Кандрусік.[3] Каля 1850 году Тунеўшчына ў складзе маёнтку Новы Двор перайшла ва ўладаньне паноў Вінчаў.

У парэформавы пэрыяд Тунеўшчына — у Юравіцкай воласьці Рэчыцкага павету. У сьпісах землеўладальнікаў Менскай губэрні 1876, 1889 гадоў уласьніцай добраў больш як у 1700 дзесяцін угодзьдзяў названая пані Генрыэта, дачка Калікста Вінча, Сушчынская. Паводле перапісу 1897 году, у вёсцы Тунеўшчына 15 двароў, 96 жыхароў. На 1909 год у вёсцы налічвалася 17 двароў, 135 жыхароў, у аднаіменным фальварку — 1 двор з 8 жыхарамі[4]. Паводле сьпісу 1911 году часткі Новага Двора дзялілі між сабой Зянон, Генрык і Мечыслаў, сыны Гераніма, Сушчынскія.

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісання Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тунеўшчына ў складзе Юравіцкай воласьці, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[5].

1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Юравіцкая воласьць Рэчыцкага павету ўвайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР.

8 сьнежня 1926 году Тунеўшчына вернута БССР. У складзе Алексіцкага сельсавету Юравіцкага, з 8 ліпеня 1931 году Хвойніцкага раёну. У тым жа годзе жыхары ўступіліў калгас. З 20 лютага 1938 году — у складзе Палескай вобласьці.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Тунеўшчыне налічваўся 101 двор з 330 жыхарамі. У жніўні 1942 году акупанты расстралялі 21 вяскоўца, яшчэ 2-х угналі ў Нямеччыну. У 1943 годзе разбурылі 43 двары і загубілі 7 жыхароў[6]. 54 вяскоўцы загінулі на франтах.

З 8 студзеня 1954 году Тунеўшчына — у Гомельскай вобласьці. Згодна зь перапісам 1959 году, у вёсцы налічвалася 446 жыхароў. У складзе калгасу «Ленінскі шлях» (цэнтар — вёска Глінішча).

Плян Тунеўшчыны складаецца зь зьлёгку выгнутай вуліцы, блізкай да шыротнай арыентацыі, да цэнтра якой далучаецца кароткая простая вуліца з завулкам. Забудова драўляная, сядзібнага тыпу[7].

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ Петреченко І. Є. “Камеральное описание… Речицкой округи” 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). – Минск: Четыре четверти, 2018. С. 73
  3. ^ НГАБ у Менску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 347. А. 1408, 1428 – 1432
  4. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 203
  5. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  6. ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 288, 503
  7. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005.