Хведар Стравінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Хведар Стравінскі
Дата нараджэньня 20 чэрвеня 1843(1843-06-20)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 4 сьнежня 1902(1902-12-04) (59 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак опэрны сьпявак, актор
Жанры клясычная музыка
Вакал бас[d]
Дзеці Ігар Стравінскі і Юры Стравінскі[d]

Хведар Стравінскі (8 (20) чэрвеня 1843, маёнтак Новы Двор[1][2][a] Рэчыцкага павету — 21 лістапада (4 сьнежня) 1902, Санкт-Пецярбург) — опэрны бас, артыст Марыінскага тэатру ў Пецярбургу, бацька кампазытара Ігара Стравінскага.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Суліма роду Стравінскіх.
Запіс у кнігах Брагінскай Сьвята-Траецкай царквы аб шлюбе шляхціча Ігнацыя і былой сялянкі Аляксандры Стравінскіх. 1834 г.
Выпіс з мэтрычнай кнігі 1843 г. Алексіцкай царквы пра народзіны і хрост Хведара Стравінскага[b].
Маёнтак Новы Двор на тапаграфічнай мапе Менскай губэрні 1846 г. ген.-маёра А. К. Фіцінгофа.
Хведар Стравінскі з бацькам Ігнацыем. С.-Пецярбург. 1872 г.
Хведар Стравінскі з мамай Аляксандрай і братамі Канстанцінам (зьлева) і Аляксандрам. Віцебск. 1868 год.
Хведар і Ганна Стравінскія. Адэса. 1874 год.
Хв. Стравінскі ў ролі Галавы ў опэры «Травеньская ноч» М. Рымскага-Корсакава.
Хведар і Ганна Стравінскія каля сядзібы дзеда Івана Скарахода. Брагін. 1877 год.[5]
Млынар у опэры «Русалка» А. Даргамыскага.
Пануры есавул-рэаліст (задні плян). Фрагмэнт карціны «Запарожцы» (1880—1891) Ільлі Рэпіна.

Хведар Стравінскі зьявіўся на сьвет у радзіне шляхецкай, як да бацькоўскай галіны рыма-каталікоў Стравінскіх гербу Суліма[c], і сялянскай[d], як да праваслаўнай матчынай лініі брагінскіх Скараходаў. У сям’і было чацьвёра дзяцей. Усе яны — Аляксандар, Вольга, Канстанцін, Хведар — нарадзіліся ў розных фальварках, якія трымаў у пасэсіі іх бацька Ігнацы, сын Ігнацыя, Стравінскі ў Рэчыцкім павеце Менскай губэрні на працягу 1835 — 1843 гг. — у Лянтэрні, Караліне[e], Карнэліянаве, Новым Двары[f]. Згодна з тагачаснымі законамі Расейскай імпэрыі, дзеці былі прызнаныя ў дваранскай годнасьці, а ахрышчаныя паводле праваслаўнага абраду ў Мікуліцкай Багаяўленскай[12] і Алексіцкай Сьвята-Мікалаеўскай цэрквах[1].

Галава сям’і, ня дужа пасьпяховы ў справах, мусіў часта пераязджаць з аднаго маёнтку ў другі, таму Хведар выхоўваўся спачатку ў Брагіне, у родным доме мамы Аляксандры ў дзеда Івана Скарахода, а пазьней у больш заможнага бацькавага брата Станіслава Стравінскага[g]. Недзе каля 1850 году і пачалося яго навучаньне ў Мазыры ў тамтэйшай дваранскай вучэльні. 22 верасьня 1855 году Хведар быў прыняты ў першы кляс Нежынскай гімназіі пры Юрыдычным ліцэі, дзе, жывучы ў пансіёне, вучыўся амаль пяць з паловай гадоў, але так, што заставаўся ўсё яшчэ ў чацьвёртым клясе[13]. Калі ў 1861 годзе ў Мазыры мясцовая грамадзкасьць дамаглася адкрыцьця гімназіі, чацьвераклясьнік Хведар з дапамогаю брата Аляксандра ізноў вярнуўся ў Беларусь. Вучыўся, з захапленьнем сьпяваў у царкоўным хоры і браў удзел у пастановах гімназічнага тэатральнага гуртка[i]. Пасьля заканчэньня ўсяго курсу навучаньня ў 1865 годзе паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй князя Безбародзька (Безбородька (укр.)), але ўжо 28 верасьня таго ж году быў у ліку студэнтаў юрыдычнага факультэту Наварасейскага ўнівэрсытэту (Адэса)[16][j]. Усяго праз адзін сэмэстр перавёўся ва Ўнівэрсытэт Сьвятога Ўладзімера ў Кіеве. Вучыўся там з студзеня 1866 да кастрычніка 1868 году, аднак, з-за таго, што ня вытрымаў паўкурсавыя іспыты, вымушаны быў вярнуцца ў Нежынскі ліцэй[18], які скончыў у 1869 годзе. У 1869 — 1873 гадох вучыўся ў Пецярбурскай кансэрваторыі ў лепшых майстроў эўрапейскай вакальнай школы Люізы Эрыт-Віардо, П’етра Рэпэта, Генрыеты Нісэн-Саламан, Каміля Эвэрардзі. Пасьля заканчэньня кансэрваторыі Хведар Стравінскі дэбютаваў у Кіеве на сцэне опэрнага тэатру. У 1876 годзе вярнуўся ў Санкт-Пецярбург, дзе стаў артыстам Марыінскага тэатру і працаваў да астатніх дзён свайго жыцьця[19].

У траўні 1874 году Хведар Стравінскі ажаніўся зь піяністкай і сьпявачкай Ганнай Халадоўскай[k], якая была яго сталым канцэртмейстарам. У пары нарадзіўся старэйшы сын Раман[l], потым у 1878 годзе нарадзіўся Юры, будучы архітэктар. 17 чэрвеня 1882 году ў Араніенбаўме сям’я Стравінскіх ізноў цешылася з нагоды нараджэньня сына Ігара, у будучыні знакамітага кампазытара і дырыгента. Праз два гады на сьвет зьявіўся малодшы сын Гурый, будучы, як і бацька Хведар, артыст Марыінскага тэатру, бас-барытон, які загінуў у Першую сусьветную вайну[22]. У доме Стравінскіх у Пецярбургу гасьцінна прыймалі музыкантаў, артыстаў, пісьменьнікаў, у ліку якіх быў і Хведар Дастаеўскі. Яшчэ ўважаецца, што вобраз панурага, хударлявага, высокага росту, даўгавусага казака для карціны «Запарожцы» Ільля Рэпін пісаў менавіта з аблічча Хв. Стравінскага[23]. Недзе з 1884 году артыст пачаў зьбіраць бібліятэку мастацкай, гістарычнай і філялягічнай літаратуры, а таксама краявідаў гарадоў, жанравых гравюраў і партрэтаў. Набываў і аўтографы вядомых людзей. Сёньня яго багатая калекцыя захоўваецца ў рукапісным аддзеле Пушкінскага дому, а частка яе — больш як 1400 партрэтаў кампазытараў, музычных выканаўцаў і актораў XIX стагодзьдзя — у Аддзеле эстампаў Расейскай Нацыянальнай бібліятэкі[24].

У 1901 годзе ўрачыста сьвяткаваліся 25-я ўгодкі творчай дзейнасьці Хведара Стравінскага, калі яму было нададзена званьне заслужанага артыста імпэратарскіх тэатраў. Праз год сьпявак-актор спачыў ва ўзросьце 59 гадоў. Пахаваны ў Пецярбургу на Новадзявочых могілках, а ў 1930-я гг. перазахаваны на Ціхвінскіх могілках у Нэкропалі майстроў мастацтваў Аляксандра-Неўскай лаўры.

У 1915 годзе ў Марыінскім тэатры быў усталяваны бюст артыста.

Ганна Стравінская ў 1922 годзе выехала за мяжу, жыла ў доме сына ў Парыжы. Пакінула сьвет жывых у 1939 годзе, пахаваная на cimetière russe de Sainte-Geneviève-des-Bois. Сын Ігар прысьвяціў нябожчыцы песьню «Незабудачка кветачка» з «Двух вершаў К. Бальмонта для голаса і фартэпіяна».

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хведар Стравінскі ў 1887 г.
Магіла Хведара Стравінскага на Ціхвінскіх могілках Аляксандра-Неўскай лаўры ў Пецярбургу.

Хведар Стравінскі працягнуў традыцыі знакамітага опэрнага артыста Восіпа Пятрова. Дзейнасьць яго як выканаўцы — значны этап у гісторыі рэалістычнага мастацтва. Шматгранны сьпявак-актор, ён валодаў мастацтвам пераўвасабленьня, аднолькава па-майстэрску выконваў драматычныя і камічныя партыі. На ўсім працягу свайго творчага шляху Хв. Стравінскі змагаўся з опэрнай руцінай і фальшам. Сцэнічныя вобразы яго вылучаліся высокай жыцьцёвай праўдай, псыхалягічнай глыбінёй, завершанасьцю музычна-сцэнічнага ўвасабленьня. Голас Стравінскага вялікага дыяпазону (больш за дзьве актавы), ня ўтрымліваў, аднак, у сабе прыроднай прыгажосьці тэмбру. Мяккая пявучасьць, выраўненасьць рэгістраў, разнастайнасьць вакальна-дэклямацыйных фарбаў дасягнутыя сьпеваком дзякуючы ўдумлівым, упартым у штодзённай працы намаганьням.

У рэпэртуары Хведара Стравінскага было 59 опэр пераважна расейскіх кампазытараў. Сьпявак па-майстэрску выконваў характэрныя эпізадычныя ролі, быў адным з найвыбітных папярэднікаў Івана Шаляпіна.

Яскравыя сцэнічныя вобразы Стравінскі стварыў у опэрах «Варожая сіла», «Юдзіф» А. Сярова (Ярэмка, Алафэрн), «Барыс Гадуноў» М. Мусарскага (Варлаам), «Русалка» А. Даргамыскага (Млынар), «Руслан і Людзьміла» Ф. Глінка (Фарлаф), «Князь Ігар» А. Барадзіна (Скула), «Купец Калашнікаў» А. Рубінштэйн (Іван Грозны), «Травеньская ноч» М. Рымскага-Корсакава (Галава), «Мазепа» П. Чайкоўскага (Орлік), «Чарадзейка» П. Чайкоўскага (Мамыраў), «Севільскі цырульнік» Дж. Расіні (Дон Базыліа, Бартала), «Фауст» Ш. Гуно (Мэфістофэль), «Мэфістофэль» А. Бойта (Мэфістофэль) ды інш.[25].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ У дысэртацыі Г. С. Вінаградавай[3] сказана, што будучы артыст нарадзіўся «в небольшой деревне Новый Двор Минской губернии, которая в названном году состояла всего из 22 дворов» (спасылка: Сведения об удобствах квартирного размещения всех родов войск в пределах Российской Империи и Квартирные карты губерний и областей. Минская губерния. Составлено при 1-м отделении Департамента Генерального Штаба. Издание второе. [СПб] 1843. С. 8). На самой справе пададзена колькасьць двароў сяла Алексічы, якое разам з Багуслаўцам і Тунеўшчынай належала да маёнтку Новы Двор[4].
  2. ^ Зьвестка з матэрыялаў што да прашэньня на імя імпэратара Мікалая І, датаванага верасьнем 1854 году, калі Ігнацы Стравінскі жыў у мястэчку Холмеч Рэчыцкага павету.
  3. ^ Ці ёсьць падставы сьцьвярджаць, нібы Хведар Стравінскі «походив з українського козацького роду Сулими-Стравинські», што «герб Стравинських успадкував елементи герба гетьмана Івана Сулими», як запісана ў украінскай Вікіпэдыі? Па-першае, Сулімы і Стравінскія – розныя прозьвішчы, а гербам Суліма, акрамя іх, карысталіся яшчэ дзесяткі шляхецкіх радзінаў. Стравінскія пісаліся Сулімамі ў якасьці прыдомку. Па-другое, род Стравінскіх вядомы ў ВКЛ з пачатку XVI ст., зь яго выйшлі ваяводы, кашталяны, вайскоўцы, урадоўцы розных рангаў[6]. А ў 1759 – 1768 гг. прапрадзед Хведара Станіслаў з жонкай Францішкай жылі ў Лісьцьвіне[7] (сучасны Хвойніцкі р-н), у 1795 г. прадзед Адам з жонкай Уршуляй, сынам Ігнацыем і дачкой Марыянай – у Кустаўніцы[8] (Мазырскі р-н), дзед Ігнацы прысутнічаў пры хросьце Хведара ў Алексіцкай царкве, а памёр у 1849 г., быўшы парафіянінам касьцёла ў Астраглядах (Брагінскі р-н), у Карнэліянаве[9], дзе раней (1839) нарадзіўся ўнук нябожчыка Канстанцін[10].
  4. ^ У нядаўнім пецярбургскім выданьні «Игорь Стравинский: мэтр из Ораниенбаума» сказана, нібыта брагінская сялянка Аляксандра Скараход «происходила из семьи дворян Саратовской губернии»[11]. Гэта ня можа не выглядаць спробай суседзяў прывязаць маму і бабулю знакамітых Стравінскіх да Расеі, не зважаючы на крыніцы.
  5. ^ Названы фальварак Каралін, хутчэй за ўсё, — той жа Карнэліянаў, што пацьвярджаецца хростам Вольгі ў Мікуліцкай царкве. Непадалёку, у савецкія часы бо існаваў пасёлак Каралін. Бліжэйшы адсюль фальварак Каралін, прысутны ў дакумэнтах і на мапах, месьціўся ажно ў сучасным Калінкавіцкім раёне, а там былі іншыя цэрквы.
  6. ^ Сёньня ўсе ў межах Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці Беларусі.
  7. ^ Ці ня ў Кустаўніцы альбо ў Масанах?..
  8. ^ Ад сябе А. С. Сьпівачэнка заўважыла: «Федір же був православним, ніколи не позиціонував себе поляком, радше демонстрував свою українську приналежність (у творчості, літературно-мистецьких вподобаннях тощо)». Тут дарэчы задацца пытаньнем: чалавекам якой нацыянальнасьці і культурнай прыналежнасьці пазыцыянаваў сябе артыст, калі ствараў вакальна-сцэнічныя вобразы Алафэрна, Спарафучыле («Рыгалета» Дж. Вэрдзі), Мэфістофэля, Івана Грознага?
  9. ^ В. Кушнер выказаў думку, нібыта на фармаваньне сьветапогляду Хв. Стравінскага пэўны адбітак наклалі падзеі 1863 г., калі ў хваляваньнях супраць расейскай улады бралі ўдзел і навучэнцы Мазырскай гімназіі[14]. Тады з установы на працягу года быў выключаны 51 вучань[3]. Гэта ўражвае, але праваслаўны і адпаведна выхаваны Хведар, наадварот, заўсёды пазьбягаў удзелу ў таемных згуртаваньнях і іхных акцыях. Нездарма яго стрыечны брат-каталік Мікалай, сын Якуба, Стравінскі рабіў яму закіды за індыфэрэнтную грамадзянскую пазыцыю, найперш за адсутнасьць пачуцьця патрыятызму да Рэчы Паспалітай[15][h].
  10. ^ Гэта быў бясспрэчны разьлік, бо перавесьціся з даволі прэстыжнага ліцэю ва ўнівэрсытэт без іспытаў — зусім ня тое, як бы проста спрабаваць туды паступіць[17]
  11. ^ Родзічы Ганны Халадоўскай валодалі маёнткам у Горвалі Рэчыцкага павету, куды, як і ў Брагін, сямейная пара наведвалася. Пра тое Хв. Стравінскі згадваў у сваіх «расходных кнігах»[20]. У Расейскім дзяржаўным гістарычным архіве захоўваюцца дакумэнты аб фінансавых прэтэнзіях Халадоўскіх да імпэрскага скарбу за страты, панесеныя пры складаньні выкупных актаў, аб спрэчках паміж Халадоўскімі і горвальскімі сялянамі што да разьдзелу зямлі, датаваныя яшчэ і 1882—1890 гадамі[21].
  12. ^ У 1874 альбо 1875 годзе, у літаратуры ёсьць разыходжаньні, як і з годам спачыну — 1895 альбо 1897.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 25844. А. 2адв.-3
  2. ^ Маёнтак Новы Двор на мапе.
  3. ^ а б Виноградова А. С. Ф. И. Стравинский и русский музыкальный театр последней трети XIX века: репертуар, исполнительское искусство. Диссертация на соискание ученой степени кандидата искусствоведения. — Москва, 2019. С. 29, 32
  4. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 347. А. 1408 (агульныя зьвесткі), 1412—1415 (Новы Двор), 1416—1423 (Алексічы), 1424—1427 (Багуславец), 1428—1432 (Тунеўшчына)
  5. ^ Гілеўскі Віктар. Брагінскія карані музычных геніяў Стравінскіх. // Маяк Палесся. 15. 01. 2021.
  6. ^ Korona Polska Przy Złotey Wolnosci Starożytnemi Rycerstwa Polskiego y Wielkiego Xięstwa Litewskiego Kleynotami, Naywyższemi Honorami, Heroicznym Męstwem [...] Ozdobiona: Potomnym zaś wiekom na zaszczyt y nieśmiertelną sławę pamiętnych w tey Oyczyznie Synow Podana. T. 4 [Sab-Zyz, Suplement] / Przez x. Kaspra Niesieckiego SJ. – W drukarni collegium Lwowskiego SJ, 1743. S. 216
  7. ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 155, 157, 158
  8. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп.9. Спр.181. А. 631адв.-632
  9. ^ НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 3. А. 82адв.
  10. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 551. А. 765адв.
  11. ^ Рожнова, О. В. Игорь Стравинский: мэтр из Ораниенбаума: монография / О. В. Рожнова. — Санкт-Петербург: Планета музыки, 2022. С. 13; 1
  12. ^ Гілеўскі Віктар. Стравінскія. Ад беларускіх каранёў. // Маладосць. 11/2019. С. 77—84
  13. ^ Гілеўскі Віктар. Стравінскія. Ад беларускіх каранёў. С. 81—82; пар.: Виноградова А. Первая глава из жизни Федора Стравинского: новые находки. // Opera Musicologica. – 2016. № 3 (29). С. 72—75
  14. ^ Кушнер Васіль. Фёдар Стравінскі (1843—1902). // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Выпуск другі. — Мінск: Беларускі фонд культуры, 2003. С. 348
  15. ^ Співаченко О. С. Просопографічний портрет Ф. Г. Стравінського в українському ракурсі (досвід реконструкції) / О. С. Співаченко // Актуальні проблеми історії, теорії та практики художньої культури. - 2018. Вип. 40. С. 428—429 (спасылка на кнігу Стывена Ўолша)
  16. ^ Список студентов и посторонних слушателей Новороссийского университета за 1865/66 академический год.
  17. ^ Співаченко О. С. Федір Стравінський: роки навчання (за матеріалами українських архівів) / О. С. Співаченко // Культура і сучасність. 2017. № 2. С. 167
  18. ^ Самойленко Г. В. Випускники Ніжинської вищої школи – відомі діячі культури. // Література та культура Полісся. Вип. 98. Серія "Філологічні науки". № 14 / відп. ред. і упоряд. Г. В. Самойленко. Ніжин: НДУ ім. М. Гоголя, 2020. С. 269—273
  19. ^ Кушнер Васіль. Фёдар Стравінскі (1843—1902). С. 348—350
  20. ^ Клара Бирюкович. Стравинский на Гомельщине. // Гомельская праўда. – 2003. 7 чэрвеня
  21. ^ РДГА. Ф. 1344. Воп. 2. Спр. 1820. Воп. 4. Спр. 84. Воп. 13. Спр. 1989. Воп. 18. Спр. 217
  22. ^ Стравинский Гурий Фёдорович // Отечественные певцы. 1750—1917: Словарь / Пружанский А. М. — Изд. 2-е испр. и доп. — Москва, 2008
  23. ^ История создания картины «Запорожцы пишут письмо турецкому султану» «Запарожцы»
  24. ^ Нікалаеў Мікола. Беларускі Пецярбург. – Санкт-Пецярбург: Агентство «ВиТ-принт», 2009. С. 224
  25. ^ Стравинский Федор Игнатьевич на сайце «История в лицах».

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]