Перайсьці да зьместу

Ігар Стравінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ігар Стравінскі
Игорь Фёдорович Стравинский
Дата нараджэньня 17 чэрвеня 1882
Месца нараджэньня Араніенбаўм, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 6 красавіка 1971
Месца сьмерці Нью-Ёрк, ЗША
Прычына сьмерці сэрцавая няздатнасьць
Месца пахаваньня
Грамадзянства Расейская імпэрыя
Францыя
ЗША
Месца вучобы
Прафэсія кампазытар, піяніст
Навуковая сфэра музыка[1]
Сябра ў Амэрыканская акадэмія мастацтваў і літаратуры[d], Амэрыканская акадэмія мастацтваў і навук[d], Баварская акадэмія прыгожых мастацтваў[d] і Швэдзкая каралеўская музычная акадэмія[d]
Жанры опэра, сымфонія, камэрная музыка[d] і клясычная музыка XX стагодзьдзя[d]
Інструмэнты піяніна
Лэйблы RCA Victor[d], Columbia Records[d] і CBS[d]
Бацька Фёдар Стравінскі[2]
Дзеці Суліма Стравінскі[d][2] і Théodore Strawinsky[d][2]
Узнагароды
камандор вайсковага ордэна сьвятога Якуба зь мечам
прэмія Грэмі за жыцьцёвы ўнёсак музычная прэмія Леані Сонінг[d] (1959) прэмія Грэмі за найлепшы сучасны клясычны твор[d] (1962) прэмія Грэмі за лепшае аркестравае выкананьне[d] (1962) прэмія Грэмі за найлепшы сучасны клясычны твор[d] (1961) прэмія Грэмі за найлепшы клясычны альбом[d] (1961) прэмія Грэмі за лепшае аркестравае выкананьне[d] (1967) Заля славы прэміі Грэмі[d] (1999) прэмія Грэмі за жыцьцёвы ўнёсак прэмія Грэмі за жыцьцёвы ўнёсак залаты мэдаль Каралеўскага філярманічнага таварыства[d] (1954) Прэмія Віх’юры—Сыбэліюса[d] (1963) зорка на галівудзкай «Алеі славы»[d] Honorary Member of the International Society for Contemporary Music[d]
Подпіс Выява аўтографу

І́гар Фё́даравіч Страві́нскі (па-расейску: Игорь Фёдорович Стравинский; 17 чэрвеня [ст. ст. 5 чэрвеня] 1882 — 6 красавіка 1971) — расейскі кампазытар, дырыгент і піяніст, адзін са славутых і ўплывовых прадстаўнікоў сусьветнай музычнай культуры XX стагодзьдзя. Перазахаваны ў Вэнэцыі на могілках Сан-Мікеле.

Творчасьць Стравінскага адрозьнівалася стылістычнай разнастайнасьцю. Сусьветную вядомасьць Стравінскі займеў, напісаўшы тры балеты на прапанову антрэпрэнэра Сяргея Дзягілева для пастаноўкі ягонай трупай «Рускі балет С. П. Дзягілева» (Ballets russes): «Жар-птушка» (1910), «Пятрушка» (1911) і «Вясна сьвятая» (1912). Дзякуючы апошняму зь іх, Стравінскага нараклі рэвалюцыянэрам у музыцы за пашырэньне рамак складаньня музыкі і за іншы погляд на рытмічную структуру музычнага твору. У 1920-х гадох, пасьля «расейскага пэрыяду» творчасьці, Стравінскі зьвярнуўся да нэаклясыкі — творы гэтага пэрыяду часьцей выконваліся ў традыцыйных формах (канчэрта гроса, сымфоніі і фугі) і ўзгадвалі ранейшых вялікіх кампазытараў, як то Баха і Чайкоўскага.

Стравінскі нарадзіўся ў 1882 годзе ў Араніенбаўме каля Пецярбургу. Ягоны бацька, Фёдар Стравінскі быў опэрным сьпеваком, салістам Марыінскага тэатру. Ягоная маці Ганна Халадоўская зьяўлялася піяністкай і сьпявачкай, сталым канцэртмайстарам на канцэртах мужа. У доме Стравінскіх у Пецярбургу прымалі музыкаў, артыстаў, пісьменьнікаў, у ліку якіх быў і Фёдар Дастаеўскі.

Зь дзевяці гадоў Стравінскі браў прыватныя ўрокі фартэпіяна, а ў 19 гадоў пасьля заканчэньня гімназіі Гурэвіча[3], паводле патрабаваньня бацькоў, паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту, адначасова прыступіўшы да самастойнага вывучэньня музычна-тэарэтычных дысцыплінаў. З 1904 па 1906 гады Стравінскі браў прыватныя ўрокі ў Мікалая Рымскага-Корсакава, які прапанаваў Стравінскаму заняткі два разы на тыдзень, паралельна зь ягонымі ўрокамі ў Васіля Калафаці.

У 1906 годзе Стравінскі абраўся шлюбам з Кацярынай Насенка, сваёй стрыечнай сястрой[4]. У 1907 годзе нарадзіўся іхны першы сын, мастак Фёдар Стравінскі, у 1910 годзе другі сын, кампазытар і піяніст Сьвятаслаў Суліма-Стравінскі. У 1900—1910-я сям’я жыла падоўгу у сваім маёнтку ў Валынскай губэрні.

Пад кіраўніцтвам Рымскага-Корсакава былі напісаныя першыя творы Ігара, то бок скерца і саната для фартэпіяна, сюіта для голасу з аркестрам «Фаўн і пастушка». На прэм’еры апошняга твору прысутнічаў Сяргей Дзягілеў, які высока ацаніў талент маладога кампазытара. Празь некаторы час Дзягілеў прапанаваў яму напісаць балет для пастаноўкі ў «Расейскіх сэзонах» у Парыжы. На працягу трох гадоў супрацоўніцтва з трупай Дзягілева Стравінскі напісаў тры балеты, якія прынесьлі яму сусьветную вядомасьць — «Жар-птушка» (1910), «Пятрушка» (1911) і «Вясна сьвятая» (1913). У гэтыя гады Стравінскі неаднаразова наведваў Парыж.

У чэрвені 1911 году, неўзабаве пасьля парыскай прэм’еры «Пятрушкі» ў Дзягілева, Стравінскі пазнаёміўся з кампазытарам Эрыкам Саці[5], якога вызначаў як «самага дзіўнага чалавека, якога калі-небудзь ведаў», але пры тым называў яго «самым выдатным» і «нязьменна дасьціпным». Увосень таго ж году адбылася гістарычная сустрэча і фатаграфаваньне ў доме Клёда Дэбюсі[5]. Блізкія, але ніколі не даверлівыя адносіны і перапіска Стравінскага і Саці, якая налічвае дзясяткі лістоў, пачалася з 1913 году[6]. Як лічыць дасьледчык творчасьці Саці Юры Ханон, некаторыя творы Саці, асабліва балет «Парад» (1917) і сымфанічная драма «Сакрат» (1918), значна паўплывалі на творчасьць Стравінскага[6].

У пачатку 1914 году, напярэдадні Першай сусьветнай вайны, Стравінскі выехаў зь сям’ёй у Швайцарыю, але праз ваенныя дзеяньні больш у Расею не вярнуўся. Зь вясны 1915 году кампазытар жыў зь сям’ёй у Маржэ каля Лязаны, а з 1920 году — пераважна ў Парыжы. Сярод твораў гэтага часу вылучаецца опэра «Салавей» паводле аднайменнай казцы Ганса Крыстыяна Андэрсэна і «Гісторыя жаўнера» (1918). Гэтым жа часам датуецца збліжэньне Стравінскага з францускай «шасьцёркай». Пасьля заканчэньня вайны Стравінскі прыняў рашэньне не вяртацца ў Расею і празь некаторы час пераехаў у Францыю. У 1919 годзе кампазытар па замове Дзягілева напісаў балет «Пульчынэльля», які ладзіўся ўжо праз год.

У 1922 годзе маці кампазытара, Ганна Халадоўская, выехала з Расеі і жыла ў доме сына ў Парыжы. У 1924 годзе адбыўся дэбют Стравінскага ў якасьці піяніста: ён выканаў уласны канцэрт для фартэпіяна і духавога аркестру пад кіраўніцтвам Сяргея Кусявіцкага. Як дырыгент Стравінскі выступаў з 1915 году. А 1926 год адзначаны першым зваротам кампазытара да духоўнай музыцы — «Ойча наш» для хору a capella. У 1928 годзе зьяўляюцца новыя балеты — «Апалён Мусагет» і «Пацалунак чараўніцы», а праз два гады — «Сымфонія псалмоў» на лацінскія тэксты Псалтыры.

У пачатку 1930-х гадох Стравінскі зьвярнуўся да жанру канцэрту — ён стварае канцэрт для скрыпкі з аркестрам і канцэрт для двух фартэпіяна. У 1933—1934 гадох па замове Іды Рубінштэйн сумесна з Андрэ Жыдам Стравінскі піша мэлядраму «Пэрсэфона». Тады ж ён канчаткова вырашае прыняць францускае грамадзянства, якое атрымаў у 1934 годзе, і піша аўтабіяграфічную кнігу «Хроніка майго жыцьця». Апошнія парыскія гады сталі для Стравінскага самымі нешчасьлівымі. У 1938 годзе памерла ягоная старэйшая дачка Людміла, у 1939 годзе — ягонай жонка і маці. 9 сакавіка 1940 году Стравінскі ажаніўся зноўку зь Верай Судзейкінай, якую ведаў з 1922 году.

З 1936 году Стравінскі пэрыядычна неведваў ЗША з гастролямі, у ходзе якіх ўмацаваліся ягоныя творчыя сувязі з гэтай краінай. У 1937 годзе ў нью-ёркскім тэатры Мэтраполітэн-опэра быў зладжаны балет «Гульня ў карты», а праз год быў выкананы канцэрт «Дамбартон-Оакс». У сувязі з распачатай вайной Стравінскі прыняў рашэньне пераехаць у ЗША. Спачатку ён пасяліўся ў Сан-Францыска, а затым у Лос-Анджэлесе. У 1945 годзе ён атрымаў амэрыканскае грамадзянства. Творы гэтага пэрыяду ўключаюць у сябе опэру «Прыгоды валацугі» (1951), якая стала апафэозам нэаклясычнага пэрыяду, балеты «Арфэй» (1948), «Сымфонія да мажор» (1940) і «Сымфонія ў трох частках» (1945), Эбані-канцэрт для клярнэту і джаз-аркестру (1946).

У студзені 1944 году, у сувязі з выкананьнем незвычайнай аранжыроўкі гімна ЗША ў Бостане, мясцовая паліцыя арыштавала Стравінскага і папярэдзіла, што існуе адказнасьць у выглядзе штрафу за скажэньне гімну[7]. Захавалася нейкі фатаздымак, датаваны 1940 годам, які быў зроблена ў паліцэйскім вучастку. Намаляваны на ёй чалавек падобны на Стравінскага, але сам кампазытар абвяргаў гэтую гісторыю[8].

На працягу дзесяцігодзьдзяў Стравінскі актыўна гастраляваў як дырыгент пераважна ўласных твораў у Эўропе і ЗША. Адзначаўся надзвычайнай патрабавальнасьцю да захаваньня прадпісаных ім выканальніцкіх нюансаў, як то тэмп, дынаміка і акцэнты. Стравінскі надаваў вялікае значэньне аўдыёзапісам. У 1950-х і пачатку 1960-х гадох пад кіраваньнем аўтара на лэйбле «Columbia Records» была запісаная пераважная большасьць ягоных твораў. Восеньню 1962 году ўпершыню пасьля доўгага перапынку ён прыязджаў на гастролі ў СССР, дзе выступаў з сваімі творамі ў Маскве і Ленінградзе.

Памёр 6 красавіка 1971 году праз сардэчную недастатковасьць. Пахаваны на могілках Сан-Мікеле ў Вэнэцыі, дзе пазьней была пахавана ягоная другая жонка.

  • 1959 — Прэмія Леоні Сонінг
  • Прэмія Грэмі
    • 1962 — найлепшы сучасны клясычны твор («Патоп»)
    • 1962 — найлепшы клясычны выступ, аркестар («Жар-птушка», Columbia Symphony Orchestra, дырыгент — Ігар Стравінскі)
    • 1962 — найлепшы клясычны выступ, сола (з аркестрам) (Канцэрт для скрыпкі ў рэ-мажор; Ісак Стэрн, Columbia Symphony Orchestra, дырыгент — Ігар Стравінскі)
    • 1987 — за жыцьцёвыя дасягненьні (пасьмяротна)
  1. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ а б в Каталёг Нямецкай нацыянальнай бібліятэкі (ням.)
  3. ^ Из расходной книги Ф. И. Стравинского. Всё о музыке.
  4. ^ «Стравинская (урожд. Носенко) Екатерина Гавриловна». Искусство и архитектура русского зарубежья.
  5. ^ а б Erik Satie. «Correspondance presque complete». — Paris: Fayard/Imec, 2000. — С. 1131.
  6. ^ а б Эрик Сати, Юрий Ханон. «Воспоминания задним числом». — СПб.: Центр Средней Музыки & Лики России, 2010. — С. 321. — 682 с — ISBN 978-5-87417-338-8.
  7. ^ «Stravinsky Liable to Fine». New York Times.
  8. ^ Stephen Walsh. «Stravinsky: The Second Exile: France and America, 1934—1971». — University of California Press, 2008. — С. 152. — ISBN 9780520256156.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]