Княжыца (Гомельская вобласьць)
Княжыца | |
трансьліт. Kniažyca[a] | |
Першыя згадкі: | другая палова XVIII ст. |
Былая назва: | Княжыца, Слабада Княжыца |
Мясцовая назва: | Слабада |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Алексіцкі |
Насельніцтва: |
|
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
Паштовы індэкс: | 247612 |
СААТА: | 3254804046 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°54′58″ пн. ш. 29°44′13″ у. д. / 51.91611° пн. ш. 29.73694° у. д.Каардынаты: 51°54′58″ пн. ш. 29°44′13″ у. д. / 51.91611° пн. ш. 29.73694° у. д. |
± Княжыца |
Княжыца (з 30 ліпеня 1964 году — Слабажанка[1][b]) — вёска ў Беларусі, у міжрэччы Тур'і і Віці. Уваходзіць у склад Алексіцкага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2004 год — 432 чалавекі. Знаходзіцца за 20 км на паўночны захад ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Хвойнікі — Мазыр.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Магчыма, найранейшая пісьмовая зьвестка пра вёску Княжыца з 8 дварамі ў добрах староства Загальскага сустрэтая ў матэрыяле Генэральнай візытацыі Загальскай Сьвята-Траецкай уніяцкай царквы Мазырскага дэканату, праведзенай а. Эліяшам (Ільлёй) Бародзічам, протанатарыем апостальскім дыяцэзіі Пінскай і Тураўскай, датаванай 9-м днём лютага 1778 году. У візытацыі, выкананай 10 студзеня 1787 году каад'ютарам пінскім і тураўскім Язафатам Булгакам, сказана, што ў Княжыцы было ўжо 10 двароў[2]. Названая вёска і ў інвэнтары Мазырскага павету 1789 году[3]. 27 верасьня 1789 году датаваны люстрацыйны інвэнтар, у якім Загальскае староства разьмяжоўвалася з Хвойніцкімі добрамі паноў Прозараў ды з Барысаўшчынай і Старчам паноў Аскеркаў. Тут сказана пра грунты «wioski Zagalskiey Kniażyce zwaney»[4].
Расейская імпэрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Княжыца апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году — у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[5]. На 1795 год вёска разам з цэлым Загальскім староствам належала «малолетнему Станиславу Бужинскому по жизни его», але была ў арэндзе ў судзьдзі Вінцэнція Жука[6]. Тады ў Слабадзе Княжыцы налічвалася 8 двароў, 13 жыхароў мужчын і 15 жанчын. У 1797 годзе дапісаныя яшчэ 10 асобаў мужчынскага і 7 жаночага полу, у тым ліку і дзеці[7].
Як вынікае з матэрыялаў шляхецкай рэвізіі 1811 году, дыспанэнтам Загальскага казённага маёнтку на той час выступаў абшарнік Тадэвуш Солтан[8]. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах названага маёнтку, да якога належала і Княжыца, была ўтворана воласьць[c] з управай, згаданая ў 1848 годзе.[9]. На 1850 год у вёсцы 12 двароў, 96 жыхароў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» сказана, што 99 жыхароў Слабодкі Княжычы абодвух полаў зь ліку казённых сялянаў і 71 жыхар зь ліку вайсковых былі прыхаджанамі Алексіцкай Сьвята-Мікалаеўскай царквы, яшчэ 3 жыхары Княжыцы зьяўляліся парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[10].
У парэформавы пэрыяд вёска Княжыца адміністрацыйна належала да Юравіцкай воласьці. На пачатак 1870 году ў вёсцы налічвалася 56 гаспадароў зь ліку былых казённых сялянаў, прыпісаных да Княжыцка-Слабодзкага сельскага таварыства.[11]. Паводле зьвестак на 1876 і 1879 год жыхары Слабады Княжыцы заставаліся ў прыходзе Алексіцкай Мікалаеўскай царквы[12].
Згодна зь перапісам 1897 году ў Слабадзе Княжыцы было 27 двароў, 285 жыхароў, хлебазапасны магазын, працавалі вятрак і конны млын. На 1909 год у вёсцы Княжыца налічваўся 61 двор з 345 жыхарамі[13].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Княжыца ў складзе Юравіцкай воласьці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[14].
1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Юравіцкая воласьць Рэчыцкага павету ўвайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР.
8 сьнежня 1926 году Княжыца вернутая БССР і стала цэнтрам сельсавету Юравіцкага раёну Рэчыцкай акругі. З 9 чэрвеня 1927 году — у складзе Мазырскай акругі. 10 лістапада 1927 году сельсавет быў скасаваны, а тэрыторыя далучана да Алексіцкага сельсавету. На 1930 год у вёсцы Княжыцкая Слабада налічвалася 98 двароў з 497 жыхарамі. У 1931 годзе арганізаваны калгас. З 8 ліпеня 1931 году — у Хвойніцкім раёне. З 20 лютага 1938 году ў складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
У гады Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскай барацьбе загінуў 71 чалавек, 7 вяскоўцаў расстраляныя акупантамі.[15].
З 8 студзеня 1954 году ў Гомельскай вобласьці. На 1954/55 навучальны год маюцца зьвесткі пра існаваньне ў Княжыцы сямігадовай школы[16]. Паводле перапісу 1959 году ў вёсцы было 568 жыхароў. Цэнтральная сядзіба калгасу «Бальшавіцкая перамога». Працавалі механічная майстэрня, Дом культуры, фельчарска-акушэрскі пункт, бібліятэка, адзьдзяленьне сувязі.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плян Княжыцы складаецца з простай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да якой з поўдня далучаюцца 2 простыя вуліцы. Забудова двухбаковая драўляная сядзібнага тыпу[17].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ^ НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41240. А. 106адв., 108, 172, 173адв.
- ^ Сьпіс паселішчаў Мазырскага павету на 1789 год. Inwentarz pow. mozyrskiego 1789
- ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 132. S. 5
- ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурноевзаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 516 — 519адв.
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 129-130, 161-162
- ^ Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. С. 5, 7
- ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379адв., 725
- ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
- ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 456; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 13
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 85
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922 // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
- ^ Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна. — Мінск: БЭ, 1993. С. 146 — 147, 213 — 215
- ^ Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 10. А. 2
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.