Перайсьці да зьместу

Ігар Аляксандравіч Карпаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ігар Аляксандравіч Карпаў
Дата нараджэньня 4 чэрвеня 1957(1957-06-04) (67 гадоў)
Месца вучобы
Занятак лекар, інфэкцыяніст, выкладчык, вынаходнік, навуковец, дасьледнік
Навуковая сфэра мэдыцына
Месца працы
Вядомы як галоўны інфэкцыяніст Беларусі
Сябра ў Эўрапейскае таварыства клінічнай мікрабіёлягіі і інфэкцыйных хваробаў[d][2]
Навуковая ступень доктар навук (2000)
Навуковы кіраўнік Пётар Лявонавіч Новікаў
Вучні Мікіта Салавей[4], Людміла Анісько[5]
Узнагароды

І́гар Алякса́ндравіч Ка́рпаў (нар. 1957) — беларускі лекар-інфэкцыяніст.

Галоўны пазаштатны інфэкцыяніст Міністэрства аховы здароўя Беларусі[6][7]. Загаднік катэдры інфэкцыйных захворваньняў Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту (з 2000 году)[8]. Доктар мэдычных навук (2000) і прафэсар (2003)[9]. Народны лекар Беларусі (2020)[10]. Сябар-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2021)[11]. Навуковец году Беларусі (2023). Выдатнік аховы здароўя Беларусі (1998, 2009). Ляўрэат ганаровых граматаў Савету міністраў Беларусі, Міністэрства аховы здароўя Беларусі (2000, 2006, 2012), Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2013) і Нацыянальнага сходу Беларусі, а таксама ўзнагароды імя Ўсевалада Ігнатоўскага[12].

У 1974 годзе з залатым мэдалём скончыў сярэднюю школу № 13 у Першамайскім раёне Менску (вул. Сядых, д. 66). У 1980 годзе скончыў Менскі дзяржаўны мэдычны інстытут (МДМІ), дзе навучаўся на лекавым факультэце. У 1980—1982 гадох працаваў у 4-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску (вул. Розы Люксэмбург, д. 110). У 1982—1985 гадох быў асьпірантам катэдры інфэкцыйных хваробаў МДМІ, дзе з 1985 году стаў асыстэнтам катэдры. У 1986 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю паводле спэцыяльнасьці інфэкцыйныя хваробы пад навуковым кіраўніцтвам прафэсара Пятра Лявонавіча Новікава. У 1996 годзе атрымаў навуковую годнасьць дацэнта[13]. У 2000 годзе атрымаў навуковую ступеню доктара мэдычных навук і заняў пасаду загадніка катэдры інфэкцыйных хваробаў БДМУ. У 2003 году займеў навуковую годнасьць прафэсара. У 2013 годзе быў узнагароджаны мэдалём «За працоўныя заслугі»[12].

28 ліпеня 2017 году паведаміў, што ў Беларусі каля 33 000 чалавек мелі хранічны гепатыт С. Ігар Карпаў адзначыў, што для яго лячэньня «Рэб-фарма» вырабляла гепасофт цаной 404 рублі на аснове эгіпецкага сафасбувіра[14]. 18 сьнежня 2017 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 451 «Аб узнагароджаньні», паводле якога Ігара Карпава ўганаравалі годнасьцю «Заслужаны лекар Рэспублікі Беларусь»[15][16]. 30 ліпеня 2019 году Ігар Карпаў заўважыў наконт абсьледаваньня на вірус гепатыту С: «Мы накіроўваем на аналіз пэўныя групы, у прыватнасьці, мэдычных працаўнікоў, якія кантактуюць з крывёй, вайскоўцаў, супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, цяжарных жанчынаў, людзей, якія хварэюць на ВІЧ-інфэкцыю і тубэркулёз, знаходзяцца на гемадыялізе. Здаць аналіз сёньня можна ў любой амбуляторыі». Карпаў таксама дадаў: «Дзякуючы прышчэпкам, захваральнасьць на гепатыт В зьнізілася больш чым у 20 разоў у параўнаньні з пачаткам 2000-х. З гэтага пэрыяду, дарэчы, прынцыпова зьнізілася і захваральнасць на гепатыт А»[17].

Каронавірусная пандэмія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

24 студзеня 2020 году на прэс-нарадзе ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі наконт уханьскага каронавірусу паведаміў: «Каронавірусная інфэкцыя знаходзіцца ў чалавечай папуляцыі даўно. Калі яна трапіла да людзей, можна высьветліць дзякуючы сучасным тэхналёгіям у вірусалёгіі. Сам вірус быў выяўлены ў 60-х гадах мінулага стагодзьдзя. Да пачатку 2000-х былі апісаны тры каронавірусы, якія трапілі ад жывёлаў да чалавека і маглі выклікаць захворваньні. У структуры рэсьпіраторных вірусных інфэкцыяў яны займалі 8—10%». Пра выяўленьне інфэкцыі ўханьскага каронавіруса Карпаў дадаў: «Першы выпадак заражэньня зафіксаваны 31 сьнежня мінулага году. А ўжо сёмага студзеня быў расшыфраваны геном гэтага віруса, 12 студзеня з яго генатыпам магло азнаёміцца ўсё мэдычнае асяродзьдзе ў сьвеце». Ігар Карпаў таксама патлумачыў: «Хворыя павінныя атрымліваць дэзынтаксыцыйную тэрапію, рэсьпіраторную падтрымку, прымаць гарачкапаніжальныя і абязбольвальныя сродкі. Акрамя таго, неабходна лячэньне магчымых ускладненьняў». Сярод іншага, Карпаў адзначыў катаральныя сымптомы і пад’ём тэмпэратуры: «Назіраюцца насмарк, кашаль, магчымы кан'юнктывіт (запаленьне сьлізьніцы вока), дыярэйныя ўскладненьні». Пры гэтым ён заклікаў: «Калі вы прыехалі з-за мяжы, у тым ліку зь Кітаю, і ў вас зьявіліся рэсьпіраторныя сымптомы, вы павінныя зьвярнуцца па мэдычную дапамогу і паведаміць лекару, зь якой краіны прыехалі. Да такіх хворых павышаная ўвага, да атрыманьня вынікаў лябараторных аналізаў яны падлягаюць ізаляцыі». Таксама ён падкрэсьліў: «Першыя 17 чалавек, якія пайшлі з жыцьця ад каронавіруснай інфэкцыі ў Кітаі, былі старэйшыя за 60 гадоў і мелі шэраг цяжкіх спадарожных хваробаў». Урэшце, інфэкцыяніст зьвярнуў увагу: «Можа здарыцца вірусная пнэўманія. Яна ў большай ступені магчымая ў людзей з аслабленым імунітэтам»[18]. Пры гэтым дадаў, што сталыя людзі зь некалькімі хранічнымі хваробамі мелі найбольшую схільнасьць да ўскладненьняў[19].

6 лютага 2020 году ў перадачы «Нічога асабістага» на «Агульнанацыянальным тэлебачаньні» заявіў са спасылкай на зьвесткі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (Швайцарыя), што каронавірус разбураецца за час шматдзённай дастаўкі пасылкі з-за мяжы[20]. 2 сакавіка на брыфінгу Мінаховы здароўя з нагоды каронавіруснай пандэміі адзначыў: «Каронавірус мае найдаўжэйшы РНК, генэтычная структура яго надзвычай шырокая ў параўнаньні зь іншымі вірусамі, і ў яго шмат падставаў для мутацыяў. А мутацыя — гэта магчымасьць пэўнай адаптацыі да іншых жывых арганізмаў. Каронавірусы знайшлі ня толькі ў сысуноў, але і ў птушак. Пішуць, што знойдзены каронавірус у рэптыліяў». Ён падкрэсьліў: «Усяго апісана 37 відаў каронавірусаў. 8 зь іх могуць выклікаць захворваньні рознай ступені цяжкасьці. І ня толькі рэсьпіраторныя захворваньні. Ёсьць вірус, які выклікае кішачныя інфэкцыі. Іх добра ведалі яшчэ да ХХІ стагодзьдзя. Гэта дастаткова старыя вірусы, адсачылі іх гісторыю — калі яны ўвайшлі ў папуляцыю сысуноў — выявілася, некалькі соцень гадоў таму». Сярод іншага, Карпаў згадаў тры чыньнікі хады каронавіруснай інфэкцыі: асяродзьдзе, тэмпэратуру і вільготнасьць. Ён заўважыў, што пры каронавірусе акцэнт робіцца перш за ўсё на сымптаматыку кашлю, бо пры ім хворы больш заразны. Таксама Карпаў распавёў, што проба на каронавірус, вырабленая ў Беларусі пад наглядам СААЗ, «займае ня больш за содні»[21]. 19 сакавіка паведаміў пра лячэньне каронавіруснай інфэкцыі ў Беларусі: «11 чалавек з тых, хто знаходзіцца ў стацыянары цяпер, маюць першае адмоўнае абсьледаваньне на каронавірус. Гэта значыць, што ў хуткім часе яны будуць выпісаныя і пераведзеныя на амбуляторны рэжым»[22].

6 красавіка патлумачыў наконт зьбіваньня тэмпэратуры: «Раю ўжываць перш за ўсё парацэтамол і лекавыя прэпараты на яго аснове. У дачыненьні выкарыстаньня ў якасьці гарачкапаніжальнага сродку пры каронавіруснай інфэкцыі ібупрафэна замежныя экспэрты адклікаюцца даволі стрымана»[23]. 22 красавіка на стрыме Мінаховы здароўя паведаміў: «Калі размова ідзе пра вірусную пнэўманію, у тым ліку і каронавірусную, парушаецца судзінная праніклівасьць, працэс ідзе дыфузна (расьсеянна), а не лякальна. На кампутарнай тамаграфіі ўзьнікае карціна з дыфузным паражэньнем лёгкіх». Сярод іншага, Карпаў згадаў айчынны супрацьвірусны лек «Флюстоп», які быў дзейным пры грыпозным зьмяненьні ў лёгкіх. Таксама ён зьвярнуў увагу на ўскладненьні ад каронавірусу: «Па-першае, разьвіваюцца больш цяжкія формы хваробы, асабліва ў сталых людзей — з пнэўманіяй, дыхальнай недастатковасьцю. Пазалёгачныя ўскладненьні ўзьнікаюць значна радзей. Гэта сэрцавыя ўскладненьні, калі пацыенту патрабуецца падтрымка артэрыяльнага ціску інфузійнай тэрапіяй. Нячаста, але ўзьнікае ныркавая недастатковасць. Ну і тое, што асабліва хвалюе спэцыялістаў, якія займаюцца рэанімацыяй хворых, гэта так званы сындром поліарганнай недастатковасьці, калі функцыянальныя парушэньні ёсьць з боку розных органаў і сыстэмаў». Карпаў дадаў, што паводле парады СААЗ для лекаваньня каронавіруснай інфэкцыі найбольш часта прымянялі хлёрахін у спалучэньні з азітраміцынам. Ён таксама патлумачыў укладваньне хворых на жывот у стацыянары: «Гэта эфэктыўная мэтодыка, якая дазваляе пацыенту дыхаць і, што называецца, расправіць лёгкія. Наш галоўны рэаніматоляг выкладваў хворага на жывот, даваў больш інтэнсіўны паток тлену, і на вачах павялічвалася насычэньне (крыві тленам)»[24][25].

15 траўня 2020 году Ігар Карпаў паведаміў пра свой удзел у экспэртнай групе нагляду за пандэміяй каронавірусу: «Былі ва ўсіх рэгіёнах, літаральна аб’яжджаючы ўсе раёны, усе значныя лякарні»[26]. 5 чэрвеня Мінаховы здароўя Беларусі паведаміла пра адкліканьне ў 2-х брытанскіх мэдычных часопісах дасьледаваньня пра выкарыстаньне хлёрахіну і гідраксілхлёрахіну для лячэньня ад каронавірусу. Пры гэтым Карпаў заявіў, што адкліканьне паслужыла «сыгналам для ўзмацненьня кантролю пры лячэньні пацыентаў хлёрахінам і гідраксіхлёрахінам»[27]. 7 жніўня 2020 году А. Лукашэнка прысвоіў Ігару Карпаву ганаровую годнасьць «Народны лекар Беларусі»[28][29]. Дагэтуль гэтую годнасьць мелі акадэмік Ігнат Антонаў (1992) і Аляксандар Скачко (1994), які ўзначальваў 9-ю гарадзкую клінічную лякарню ў Менску[30].

16 жніўня 2020 году абнародаваў зварот наконт зьбіцьця ўдзельнікаў пасьлявыбарчых пратэстаў у ізалятары часовага ўтрыманьня на 1-м завулку Акрэсьціна ў Менску. У сваім звароце Карпаў адзначыў: «Неабходныя апэратыўныя сьледчыя дзеяньні і жорсткія судовыя рашэньні па кожным выпадку гэтай брыдоты». Сярод іншага, ён заявіў: «Нам (лекарам) ня дадзена палярызаваць пацыентаў. Яны для нас усё адзіныя — нашыя і замежныя грамадзяне, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Незалежна ад палітычнага лягера, да якога яны належаць. І яны павінныя атрымаць гэтую дапамогу — нягледзячы на ​​ўсю палярызацыю меркаваньняў». Урэшце, ён падкрэсьліў: «Садысты павінныя быць выяўленыя і ізаляваныя, у гэтым зацікаўленыя, па-мойму, усе». Зварот таксама падпісалі лекарка найвышэйшай катэгорыі Мая Казачэнка, загаднік катэдры інфэкцыйных хваробаў БелМАПА Юры Горбіч, прафэсар Зьміцер Данілаў, дацэнт Мікіта Салавей і асыстэнт Зьміцер Літвінчук[31].

3 лістапада 2020 году адзначыў, што найбольш выніковым захадам супраць каронавіруса застаецца аддаленасьць, бо вірус існуе ў выглядзе дыспэрсных часьцінак і кропель, таму пэўны час захоўвае жыцьцяздольнасьць на паверхнях. Другім захадам назваў праветрываньне памяшканьня, бо дыспэрсныя часьцінкі ў паветры выдаляюцца яго патокам. Урэшце, заўважыў, што маскі значна зьнізяць вірусную масу, якая цыркулюе ў паветры, можа выдзяляцца і ператварыцца ў дыспэрсныя часьцінкі, таму іх нашэньне вельмі важна ў памяшканьні[32]. 5 лістапада паўторна ўзначаліў групу экспэртаў для кансультаваньня інфэкцыяністаў наконт каронавірусу па ўсёй Беларусі[33]. 11 лістапада паведаміў, што вырашана пашырыць працу групаў нагляду за каронавіруснай пандэміяй за кошт адмыслоўцаў з вобласьцяў[34]. 13 лістапада ў сумесным камэнтары зь Юрыем Горбічам прызнаў наконт захваральнасьці на каронавірусную інфэкцыю ў Беларусі: «Сапраўды, прыкладна ў 20% пацыентаў захворваньне можа працякаць цяжка (з разьвіцьцём дыхальнай недастатковасьці), каля 5% такіх пацыентаў стануць яшчэ і рэанімацыйнымі»[4].

26 лістапада паведаміў, што падчас выпрабаваньня расейскай прышчэпкі ад каронавірусу ў Расеі імунітэт разьвіўся ў больш як 80% добраахвотнікаў. Пры гэтым прызнаў, што больш устойлівы імунітэт на каронавірус утвараўся ў тых, хто перанёс хваробу больш цяжка. Чыньнікамі паўторнай інфэкцыі назваў павышаны індэкс масы цела, цукровы дыябэт, гіпэртанію, ішэмічную хваробу сэрца, хранічную абструктыўную хваробу лёгкіх і рак. Сярод іншага, заявіў: «Калі ў маі зьявіліся першыя вынікі дасьледаваньня СААЗ, я напісаў дакладную запіску аб прыпыненьні выкарыстання гідроксіхлёрахіну. Аднак, што ня часта бывае, ня быў падтрыманы сваімі калегамі. Бо эфэкт у некаторых выпадках бачылі, выбраўшы адпаведныя кантынгенты, пры строгім маніторынгу сэрцавай праводнасьці». Ігар Карпаў заўважыў, што тацылізумаб эфэктыўны супраць каронавірусу падчас звышзапаленьня, а рэмдэсівір — у першыя 10 дзён захворваньня пры адсутнасьці патрэбы ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Ён таксама згадаў, што ў Беларусі «пераважае лёгкае цячэньне хваробы, якую цалкам можна лячыць дома і якая заканчваецца акрыяннем на другім тыдні нават пры наяўнасьці няцяжкай двухбаковай пнэўманіі». Разам з тым, інфэкцыяніст папярэдзіў, што часьцей за ўсё пагаршэньне надыходзіць напрыканцы першага тыдня хваробы. Урэшце, ён паведаміў, што ў краіне арганізаваныя кол-цэнтры, куды можна зьвяртацца з пытаньнямі наконт каронавірусу[35].

23 лютага 2021 году зрабіў расейскую прышчэпку ад каронавірусу «Спадарожнік V»[36]. 6 красавіка ў інтэрвію газэце «Беларусь сёньня» заявіў: «Трэба прышчапіць каля 60% насельніцтва і больш, тады праблема каронавіруса будзе стаяць ня так востра». Ён таксама паведаміў, што каронавірус амаль выцесьніў грып. Сярод іншага, Карпаў адзначыў, што добра дапамагаюць імунаглабуліны, антыкавідная плязма, рэчывы, якія здымаюць цытакінавы шторм, а таксама лекі, якія пры правільным выкарыстаньні ўзьдзейнічаюць на сам вірус[37]. 23 чэрвеня распавёў, што інкубацыйны пэрыяд індыйскага штама ўханьскага каронавіруса складаў ад 2-х да 10 дзён, што было менш чым у ранейшых штамаў[38]. 23 верасьня на анлайн-сустрэчы ў Горадні заўважыў: «Большасьць людзей, якія захварэлі, заразіліся ад асобаў, што ня мелі сымптомаў захворваньня». Пры гэтым адзначыў, што пацыенты з бранхіяльнай астмай і хранічнай абструктыўнай хваробай лёгкіх мусяць абавязкова прышчапіцца ад каронавіруса. Наконт паўторнай прышчэпкі заявіў: «Ёсьць тыя, у каго не выпрацоўваецца імунітэт, іх 7—8%. Гэта людзі з імунадэпрэсіяй, у тым ліку ўзроставай, асобы, у якіх ёсьць верагоднасьць цяжкага цячэньня хваробы. У такіх выпадках трэцяя вакцынацыя, або бустэрная, паказана». Пра непрызнаньне расейскай прышчэпкі ў Эўразьвязе прызнаў, што камісію ацэнкі вытворчасьці не задаволіў завод для яе выпуску. Разам з тым, заўважыў: «Спадарожнік V» выкарыстоўваюць 70 краінаў, сярод іх немаленькія нябедныя азіяцкія краіны". Урэшце, згадаў, што прышчапляцца варта цягам 2—10 тыдняў пасьля поўнага акрыяньня[39].

20 кастрычніка 2021 году заявіў: «Большасць выпадкаў у цяперашні час — гэта вірус дэльта» зь Індыі. Пры гэтым Карпаў заўважыў: «Яго колькасьць у верхніх дыхальных шляхах больш значная, што і абумоўлівае больш лёгкую перадачу». На гэтай падставе сустракаецца больш 40—50-гадовых пацыентаў. Ён адзначыў, што звычайна інкубацыйны пэрыяд індыйскага дэльта-штама доўжыцца 4—6 содняў, і дадаў: «Калі раней пагаршэньні наступалі на 8—9-ы дзень, то цяпер — на 6—7-ы». У якасьці асаблівасьці назваў пачатак з насмарка і магчымае ўзьнікненьн млосьці, рвоты і паносу. Урэшце, падкрэсьліў: «У Індыі трагедыя дасягнула такіх маштабаў ня толькі таму, што зьявіўся новы штам, але і таму, што людзям надакучыла эпідэмія і абмежаваньні ў побытавай і прафэсійнай дзейнасьці. Сталі грэбаваць дыстанцыяваньнем, рэсьпіраторным этыкетам, што і спрыяла распаўсюджваньню віруса»[40]. 17 сьнежня 2021 году 2021 году Агульны сход Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з удзелам каля 300 прадстаўнікоў абраў 16 сябраў-карэспандэнтаў, сярод якіх быў Ігар Карпаў[41]. 13 студзеня 2023 году Нацыянальная акадэмія навук Беларусі надала Карпаву годнасьць «Навукоўцы году Беларусі» за ўкараненьне інавацыйных спосабаў дыягностыкі і лячэньня інфэкцыяў[12].

Навуковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2023 год напісаў звыш 500 навуковых працаў, у тым ліку 30 аўтарскіх пасьведчаньняў на вынаходзтвы, звыш 20 інструкцыяў прымяненьня, 9 супольных выданьняў і 4 манаграфіі. Асноўныя працы прысьвяціў укараненьню лячэньня ВІЧ-інфэкцыі і хранічнага віруснага гепатыту, грыпу, уханьскага каронавірусу, бактэрыяльнага і віруснага сэпсісу, нэўраінфэкцыяў і нозакаміяльных ускладненьняў. Упершыню ў Беларусі стварыў сетку лекаваньня хворых на вірус імунадэфіцыту чалавека ў інфэкцыйных стацыянарах. Распрацаваў парадак лячэньня ў Беларусі бактэрыяльных хваробаў. Зь 2020 году займаў пасаду намесьніка кіраўніка Рэспубліканскай міжведамаснай працоўнай групы пераадоленьня ўханьскага каронавірусу. Быў сябрам Эўрапейскага таварыства клінічнай мікрабіёлягіі і інфэкцыйных хваробаў (ЭТКМІХ; Швайцарыя), Міжнароднай арганізацыі рацыянальнага прымяненьня антыбіётыкаў, Усходнеэўрапейскай акадэміі ВІЧ і СНІД, а таксама кіроўнага камітэту ВІЧ і СНІД Эўрапейскага аб’яднаньня вывучэньня інфэкцыйных хваробаў[12].

Падрыхтаваў 9 кандыдатаў і 3-х дактароў навук. Старшыня Рады абароны дысэртацыяў паводле спэцыяльнасьці 03.18.04 пры Беларускім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце. Сябра рэдакцыйных радаў 6 навуковых часопісаў[42].

  1. ^ https://nasb.gov.by/bel/news/12799/
  2. ^ а б в https://blr.belta.by/society/view/vuchonym-goda-nan-belarusi-u-2022-godze-stau-doktar-medytsynskih-navuk-igar-karpau-123599-2023/
  3. ^ https://smartdoctor.by/karpov
  4. ^ а б Ігар Карпаў, Юры Горбіч. Каментарый Ігара Карпава і Юрыя Горбіча // Газэта «Зьвязда», 13 лістапада 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  5. ^ Вольга Паклонская. Як каронавірус заахвоціў узяцца за доктарскую дысэртацыю // Газэта «Зьвязда», 16 ліпеня 2022 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  6. ^ Хрысьціна Курловіч. Уздым захваральнасьці на грып у Беларусі чакаецца ў студзені-лютым // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 22 лістапада 2012 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  7. ^ Галоўныя пазаштатныя спэцыялісты // Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 2023 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  8. ^ Бескантрольны прыём антыбіётыкаў можа прывесьці да сур'ёзных ускладненьняў - мэдык // БелТА, 23 лістапада 2015 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  9. ^ Мінздароўя: дыягназ дзяўчыны, якая прыляцела з Кітая, — грып B // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 23 студзеня 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  10. ^ Ганаровае званьне «Народны ўрач Беларусі» прысвоена Ігару Карпаву // БелТА, 7 жніўня 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  11. ^ Надзея Нікалаева. Шэрагі акадэмікаў папоўніліся // Зьвязда : газэта. — 21 сьнежня 2021. — № 246 (29615). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  12. ^ а б в г Вучоным года НАН Беларусі ў 2022 годзе стаў доктар мэдыцынскіх навук Ігар Карпаў // БелТА, 13 студзеня 2023 г. Архіўная копія ад 13 студзеня 2023 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  13. ^ Карпаў Ігар Аляксандравіч (рас.) // «Соты Мэдыкал», 2023 г. Праверана 27 студзеня 2023 г.
  14. ^ Іна Студзінская. Сьмяротнасьць ад гепатыту перавышае сьмяротнасьць ад СНІДу // Беларуская служба Радыё «Свабода», 28 ліпеня 2017 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  15. ^ Сярод узнагароджаных прэзыдэнтам прадстаўнікі адукацыі // «Настаўніцкая газэта», 21 сьнежня 2017 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  16. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 сьнежня 2017 г. № 451 «Аб узнагароджаньні» // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 21 сьнежня 2017 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  17. ^ Алена Кравец. «Вылечым усіх» // Зьвязда : газэта. — 31 ліпеня 2019. — № 142 (29009). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  18. ^ Алена Кравец. Вірус з «Каронай» // Зьвязда : газэта. — 28 студзеня 2020. — № 142 (29009). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.
  19. ^ Вольга Стружынская. Міністэрства аховы здароўя: У Беларусі няма выпадкаў заражэньня каронавірусам // Партал «Здаровыя людзі», 29 студзеня 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  20. ^ Інфэкцыяніст: пакуль пасылка з Кітая дабярэцца да Беларусі, вірус памрэ // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 6 лютага 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  21. ^ Іна Студзінская. Галоўны інфэкцыяніст краіны: «Існуе 37 відаў каронавірусу» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 2 сакавіка 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  22. ^ Яшчэ 11 хворых на каронавірус беларусаў атрымалі першы адмоўны тэст // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 19 сакавіка 2020 г. Архіўная копія ад 19 сакавіка 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  23. ^ «Менск-Навіны». Галоўны пазаштатны інфэкцыяніст патлумачыў, калі трэба прымаць парацэтамол // Газэта «Зьвязда», 19 сакавіка 2020 г. Архіўная копія ад 6 красавіка 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  24. ^ Алена Кравец. «На вялікія выхадныя просім усіх заставацца дома» // Зьвязда. — 23 красавіка 2020. — № 79 (29193). — С. 1, 3.
  25. ^ Вольга Стружынская. Дэзынфэкцыя кватэры і лячэньне каронавіруснай інфэкцыі // Партал «Здаровыя людзі», 22 красавіка 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  26. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Экспэртныя групы правяраюць бальніцы Менска // Белтэлерадыёкампанія, 15 траўня 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  27. ^ Артыкулы, якія паўплывалі на лячэньне каронавіруснай інфэкцыі хлёрахінам, адкліканыя // «Эўрарадыё», 5 чэрвеня 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  28. ^ Варвара Марозава. «Мы змаглі яшчэ раз убачыць і ацаніць, якія незвычайныя людзі жывуць сярод нас» // Зьвязда. — 8 жніўня 2020. — № 153 (29267). — С. 1, 2.
  29. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Упершыню ў краіне прысвоена ганаровае званьне «Народны ўрач Беларусі» // Белтэлерадыёкампанія, 7 жніўня 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  30. ^ Ігару Карпаву прысвоена званьне «Народны доктар Беларусі» // Партал «Наша ніва», 7 жніўня 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  31. ^ Tut.by. Народны лекар Беларусі асудзіў гвалт у дачыненьні да людзей // Газэта «Новы час», 16 жніўня 2020 г. Архіўная копія ад 16 жніўня 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  32. ^ Мэдыкі спадзяюцца на зьніжэньне агрэсіўнасьці каронавіруса // БелТА, 3 лістапада 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  33. ^ Рэгіянальныя штабы па рэагаваньні на сытуацыю з каронавірусам // БелТА, 5 лістапада 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  34. ^ Карпаў: у экспэртнай групы назапашаны пэўны вопыт па процідзеяньні каронавірусу // БелТА, 11 лістапада 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  35. ^ Ганна Данілава. «Спадзявацца толькі на калектыўны імунітэт ня варта» // Партал «Здаровыя людзі», 26 лістапада 2020 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  36. ^ Прафэсар Ігар Карпаў зрабіў прышчэпку расейскай вакцынай // Партал «Наша ніва», 23 лютага 2021 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  37. ^ Карпаў: узьнік асцярожны аптымізм, калі пачуў аб рэгістрацыі вакцыны // БелТА, 6 красавіка 2021 г. Архіўная копія ад 6 красавіка 2021 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  38. ^ Алена Кравец. Ігар Карпаў: Пры заражэньні індыйскім штамам у клінічнай карціне ёсць пэўныя адрозьненьні // Газэта «Зьвязда», 23 чэрвеня 2021 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  39. ^ Алена Кравец. «На ШВЛ вакцынаваных няма» // Зьвязда. — 25 верасьня 2021. — № 185 (29554). — С. 1, 7.
  40. ^ Жанна Гаўрычэнкава. Індыйскі штам каронавіруса: хто ў групе рызыкі // Партал «Слушна», 20 кастрычніка 2021 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  41. ^ Надзея Нікалаева. НАН Беларусі падвяла вынікі выбараў новых акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў // Газэта «Зьвязда», 17 сьнежня 2021 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  42. ^ Званьне «Вучоны года НАН Беларусі – 2022» прысвоена члену-карэспандэнту Ігару Карпаву // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 13 студзеня 2023 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.