Перайсьці да зьместу

Слушна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Здаровыя людзі»)

Каардынаты: 53°54′57″ пн. ш. 27°26′26″ у. д. / 53.91583° пн. ш. 27.44056° у. д. / 53.91583; 27.44056

«Слушна»

Галоўная старонка (16 сьнежня 2022 г.)
Слоган Пра Беларусь і беларусаў
Тып інтэрнэт-партал
Даступныя мовы беларуская, расейская
Уладальнік «Мэдыцынскі весьнік»
Аўтар Васіль Жарко
Пачатак працы 17 траўня 2017 (7 гадоў таму)
Камэрцыйны? не
Рэгістрацыя бясплатная, неабавязковая
Прадукцыя даведка, агляд
Прыбытак няма
Супрацоўнікаў Вольга Сьвятліцкая (кіраўніца), Вікторыя Аскера-Дубовік (рэдактарка)
Актуальны стан дзейны
Ліцэнзія Усе правы абароненыя
slushna.by

«Слушна» — нацыянальны інтэрнэт-партал Беларусі пра здаровы лад жыцьця, заснаваны ў траўні 2017 года пад назвай «Здаровыя людзі», быў беларускай версіяй інфармацыйнага партала «Здоровые люди». Пасля чэрвеня 2021 года сайт «Здаровыя людзі» змяніў назву на «Слушна»[1].

«Слушна» пра Беларуь і беларусаў – гэта ўнікальны праект, які аб’ядноўвае экспертаў, высокакваліфікаваных урачоў і ўсіх зацікаўленых людзей, што імкнуцца захаваць ідэнтычнасць і здароўе беларусаў. На сайце вы знойдзеце інфармацыю пра адметнасці беларускай душы і побыту.


На 2022 год з журналістамі парталу супрацоўнічалі лекары, якія давалі парады наконт захаваньня здароўя і падтрымкі захварэлых. Дзейнічала 5 рубрык: «Сям’я» і «Здароўе», «Харчаваньне» і «Падарожжы», а таксама «Беларускі код» пра побыт[2]. Парталам ад заснаваньня загадвала кандыдатка мэдычных навук Вольга Сьвятліцкая, якая працавала дацэнткай катэдры анэстэзіялёгіі і раэніматалёгіі Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі. Рэдактаркай беларускай вэрсіі парталу была Вікторыя Аскера-Дубовік. Заснавальнікам інтэрнэт-выданьня было Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Сайт вяла рэдакцыя газеты «Мэдыцынскі веснік» (Менск, Фрунзэнскі раён, вул. Матусевіча, д. 77)[3].

17 траўня 2017 году запрацаваў нацыянальны інтэрнэт-партал Беларусі «Здаровыя людзі» пра здаровы лад жыцьця. Яго стварыла Міністэрства аховы здароўя Беларусі на аснове газэты «Мэдыцынскі весьнік». Разам з журналістамі над парталам працавалі лекары і пісьменьнікі. Пры заснаваньні інтэрнэт-выданьня міністар аховы здароўя Беларусі Валеры Малашка заўважыў: «Хутчэй за ўсё, нашыя мэтады прапаганды здаровага ладу жыцьця не заўсёды дасягаюць мэты. Адна з прычынаў — зьмена структуры інфармацыйнай прасторы на карысць інтэрнэт-рэсурсаў. Гаджэты ёсьць практычна ў кожнага дзіцяці і дарослага. Мы трохі мяняем палітыку прасоўваньня здаровага ладу жыцьця і, вядома, улічылі, што ў Беларусі больш за 5 мільёнаў чалавек ад 15 да 74 гадоў рэгулярна карыстаюцца інтэрнэт-рэсурсамі». Валеры Малашка дадаў, што важна, каб у краіне працаваў нацыянальны праект, накіраваны на прапаганду здаровага ладу жыцьця, бо 9 зь 10 беларусаў маюць ад адной да 5 шкодных звычак, а кожны другі беларус мае залішнюю вагу. Кіраўніцай парталу «Здаровыя людзі» стала кандыдатка мэдычных навук Вольга Сьвятліцкая, якая працавала дацэнткай катэдры анэстэзіялёгіі і раэніматалёгіі БелМАПА. Сьвятліцкая заўважыла: «Гэта ўнікальны праект, ён рыхтаваўся даўно. Ідэя прыйшла Васілю Іванавічу Жарко (які стаў віцэ-прэм'ерам пасьля заняцьця пасады міністра аховы здароўя) год таму. Мы падышлі вельмі сур'ёзна, некалькі месяцаў зьбіралася каманда, мы аналізавалі паводніцкія рэакцыі людзей у інтэрнэце, замежныя і айчынныя сайты з такой інфармацыяй і прыйшлі да нейкага бачаньня гэтага праекту». Сярод іншага, Вольга Сьвятліцкая абвясьціла пра стварэньне ютуб-канала «Здаровыя людзі». На партале стварылі 7 разьдзелаў: «Будзь шчасьлівым», «Харчуйся правільна», «Жыві актыўна», «Расьці дзяцей», «Кантралюй здароўе», «Заставайся маладым», «Будзь незалежны». Сьвятліцкая падкрэсьліла: «Мы будзем гаварыць пра ўсё: як будаваць адносіны з партнэрамі, дзецьмі, калегамі, начальствам, пра сэкс, пра людзей, якім патрэбна дапамога. Велізарная колькасьць людзей не знаходзіць, куды ім зьвярнуцца. Адна з топавых пазыцыяў — як дапамагчы чалавеку перажыць гора. Мала хто працуе з гэтымі людзьмі. Мы возьмем іх пад сваю апеку, раскажам, як і куды зьвярнуцца, справіцца з горам». Партал адразу займеў вэрсіі на беларускай і расейскай мовах. Пры гэтым кіраўніца парталу адзначыла: «Я атрымліваю задавальненне, чытаючы на беларускай мове, і нам хочацца, каб гэты партал чыталі на сваёй роднай мове». Пагатоў, партал «Здаровыя людзі» меў старонкі ў 2-х амэрыканскіх і 2-х расейскіх сацыяльных сетках — «Твітэры» і «Фэйсбуку», а таксама ў «Аднаклясьніках» і «Ў кантакце» адпаведна. На сайце было магчыма пакінуць заяўку ў форме для зваротаў, каб журналісты напісалі артыкул паводле дарэчнай тэмы[4].

Эмблема парталу «Здаровыя людзі» ў 2017—2021 гадох

Урэшце, партал «Здаровыя людзі» даваў магчымасьць павелічэньня шрыфта для людзей са слабым зрокам і меў мабільную вэрсію. Дзейнічаў і форум, дзе было магчыма пакінуць пытаньне для атрыманьня кампэтэнтнага адказу. У асабістым анлайн-кабінэце пры рэгістрацыі была магчымасьць рабіць асабістыя закладкі[5]. У далейшым на партале працавала «Мапа здароўя», на якой было магчыма знайсьці 13 відаў установаў з разьбіўкай па 6 абласьцях: спартовыя залі і радзільні, басэйны і паліклінікі, стаматалёгіі і дыспансэры, лякарні і навукова-практычныя цэнтры Міністэрства аховы здароўя, фітнэс-цэнтры і здраўніцы, дзіцячыя паліклінікі і гурткі для пажылых, а таксама лякарні сястрынскага догляду. Пазьней узьнікла суполка ў мэсэнджэры «Вайбер»[6]. У 2018 годзе рэдактаркай беларускай вэрсіі парталу «Здаровыя людзі» стала Сьвятлана Адамовіч, якая дагэтуль працавала загадчыцай аддзелу лістоў у ігуменскай газэце «Раённы весьнік», а таксама карэспандэнткай газэтаў «Мінская праўда» і «Звязда»[7].

  1. ^ Падарожжы // Партал «Слушна», 2023 г. Праверана 2023 г.
  2. ^ Аб праекце «Слушна» // Партал «Слушна», 2022 г. Праверана 16 сьнежня 2022 г.
  3. ^ Кантакты // Партал «Слушна», 2022 г. Праверана 16 сьнежня 2022 г.
  4. ^ Tut.by. У Беларусі зьявіўся нацыянальны партал пра здаровы лад жыцьця // Газэта «Наша ніва», 17 траўня 2017 г. Праверана 16 сьнежня 2022 г.
  5. ^ Сьвятлана Барысенка. Людзі без хваробаў // Зьвязда : газэта. — 19 траўня 2017. — № 93 (28457). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Асобы і лёсы // Партал «Слушна», 2021 г.
  7. ^ Адметнасць беларусаў // Партал «Слушна», 2021 г.