Азёры Беларусі
У Беларусі налічваецца каля 10 800[1] вялікіх і малых азёраў. Месцамі (Браслаўскі, Ушацкі раёны) яны займаюць да 10 %[1] тэрыторыі краіны.
У паўночнай частцы краіны, у басэйнах Дзьвіны і Нёмана месьцяцца найбольш глыбокія, разнастайныя па абрысах і маляўнічасьці азёры (да 4 тысячаў). Гэты рэгіён нездарма завецца Беларускім Паазер'ем. У паўднёвай жа частцы краіны, у Беларускім Палесьсі, у басэйнах Дняпра і Буга пераважаюць шматлікія дробныя, даволі аднастайнага выгляду старычныя азёры (каля 6 тысячаў).
Сумарная плошча ўсіх азёраў Беларусі амаль 2000 км², агульны аб’ём вады ў іх 6—7 км³.
Паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Большасьць азёраў Беларусі маюць ледавіковае паходжаньне. Прыкладна 18—20 тыс. гадоў назад паўночная частка сучаснай тэрыторыі Беларусі было схавана пад ледавіком, які марудна рухаўся з боку Скандынаўскай і Кольскай паўвыспаў. У выніку пацяпленьня клімату (прыкладна 12 тыс. гадоў назад) дзейнасьць ледавіка па паўднёвай яго мяжы аслаблялася, частка талай вады спускалася рэкамі, а частка ўтварала азёры.
Менавіта таму асноўны аб’ём азёрных водаў Беларусі знаходзіцца ў паўночнай яе частцы, у Віцебскай вобласьці (каля 85 %)[2]. Сярод раёнаў, якія ўтрымліваюць найбольш азёрнай вады (па аб’ёму): Браслаўскі, Чашніцкі, Лепельскі і Расонскі (усе ў Віцебскай вобласьці), а таксама Мядзельскі (Менская вобласьць).
У цэнтральнай частцы краіны азёраў мала, бо пасьля раставаньня ледавіка яны сьцяклі па глыбокаўрэзаных рэках, а катлавіны іх запоўніліся торфам. Менш за ўсё азёраў у Магілёўскай вобласьці.
Кліматычныя асаблівасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найбольш высокі ўзровень вады ў азёрах у канцы сакавіка — пачатку красавіка, пасьля веснавога раставаньня сьнегу. На вялікіх азёрах вада падымаецца на 0,4—0,5 м, на меншых — на 0,8—1 м.
Летам водная маса расслойваецца на тэмпэратурныя слаі (летняя стратыфікацыя): верхні зь іх (эмпілімніён) добра награецца і перамешваецца; у сярэднім (мэталімніён, альбо слой тэмпэратурнага скачка) тэмпэратура паніжаецца на 3—5 °С на кожны мэтар глыбіні; ніжні (гіпалімніён) халодны і шчыльны, з тэмпэратурай 5—7 °С. Зімой назіраецца адваротная стратыфікацыя, якая характарызуецца павышэньне тэмпэратуры ад 0 °С каля паверхні да 2,5—3 °С, радзей на 4 °С каля дна. У мелкаводных азёрах уся тоўшча воднай масы ў выніку перамешваньня аднародная да дна.
Улетку азёры праграваюцца (у глыбокіх толькі верхні слой) ў сярэднім да 18—20 °С, зрэдку, у сьпякотнае надвор’е, да 22—24 °С. Узімку ледзяное покрыва трымаецца ў сярэднім зь лістапада да красавіка, таўшчыня лёду 50—70 см, у суровыя зімы на асобных азёрах да 1 м.
Памеры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Каля 75 % усіх азёраў Беларусі маюць плошчу меншую за 0,1 км². Хаця існуюць і даволі буйныя азёры, найбольшыя зь якіх: Нарач (79,6 км²), Асьвейскае (52,6 км²), Князь-возера (40,3 км²), Лукомальскае (37,7 км²), Дрывяты (36,1 км²).
Найбольш даўгім зьяўляецца возера Сялява (Крупскі раён), якое цягнецца на 15 км, трохі саступае яму возера Сьвір (Мядзельскі раён) — 14,1 км. Возера Нарач — самае шырокае, ушыркі яно сягае 9,8 км.
Глыбіня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ня шмат і глыбокіх азёраў. Глыбінёй больш за 30 мэтраў налічваецца ўсяго 24 азёраў, найбольш глыбокія зь якіх:
Самае мелкае возера — Судабле (Смалявіцкі раён), якое мае максымальную глыбіню ўсяго 0,6 м пры сярэдняй глыбіні 0,43 м.
Празрыстасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найбольш празрыстым зьяўляецца возера Глыбокае (Полацкі раён).
Групы азёраў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Азёры на Беларусі ўтвараюць некалькі групаў азёраў. Сярод іх можна вылучыць наступныя:
- Абстэрнаўскія азёры
- Берасьцейскія азёры
- Блакітныя азёры (Балдуцкая група)
- Браслаўскія азёры (Дрывяцкая група)
- Мядзельскія азёры
- Нарачанскія азёры
- Пастаўскія азёры
- Рычана-Дрысьвяцкія азёры (Багінскія)
- Сарачанскія азёры
- Сьвірскія азёры
- Ушацкія азёры
Разьмеркаваньне азёраў па басэйнах буйных рэк
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Колькасьць азёраў Беларусі перавышае 10 тысячаў, але яны разьмеркаваныя па тэрыторыі краіны не раўнамерна:[3]
Плошча возера, км² |
У басэйне Дзьвіны |
У басэйне Нёмана |
У басэйне Буга |
У басэйне Дняпра |
Агулам |
---|---|---|---|---|---|
0.00—0.10 | 1 875 | 984 | 318 | 6 252 | 9 290 |
0.11—0.25 | 360 | – | 1 | 184 | 545 |
0,26—0,50 | 229 | 24 | 11 | 66 | 330 |
0,51—1,00 | 154 | 23 | 2 | 18 | 197 |
1,01—5,00 | 168 | 15 | 15 | 19 | 217 |
5,01—10,00 | 23 | 4 | 3 | 4 | 34 |
10,01—15,00 | 6 | 2 | 1 | 1 | 10 |
15,01—20,00 | 4 | – | 1 | – | 5 |
20,01—25,00 | 2 | 1 | 1 | 1 | 5 |
25,01—30,00 | 1 | – | – | 1 | 2 |
30,01—40,00 | 2 | – | – | – | 2 |
40,01—60,00 | 2 | – | – | – | 3 |
60,01—79,60 | – | 1 | – | – | 1 |
Агулам | 2 826 | 1 054 | 353 | 6 547 | 10 780 |
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Возера Нарач
-
Возера Выганашчанскае
-
Возера Мядзел
-
Возера Сялява
-
Возера Мястра
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1. С. 13.
- ^ Все озера Беларуси (журнал «Самиздат») (рас.)
- ^ Статыстыка разьмеркаваньня памераў азёр згодна https://web.archive.org/web/20070315014202/http://ozera.iatp.by/
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Акімава О. Д., Гусева С. А. Да гісторыі досьледаў азёр БССР. // Вучоныя запіскі хімічнага і біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта : часопіс. — 1936. — № 28. — С. 127, 128.
- Акімава О. Д. Да флоры азёр Беларусі. (Лабалаторыя Кафедры батанікі БДУ). // Вучоныя запіскі хімічнага і біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта : часопіс. — 1936. — № 28. — С. 129—175.
- Гусева С. А. Да пазнання зоопланктона і зообентаса азёр БССР. (Лабалаторыя Кафедры заалогіі БДУ). // Вучоныя запіскі хімічнага і біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта : часопіс. — 1936. — № 28. — С. 177—261.
- Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1. С. 13—17.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|