Перайсьці да зьместу

Юзары

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Uzari»)
Юзары
Юры Наўроцкі
Дата нараджэньня 11 траўня 1991(1991-05-11) (33 гады)
Месца нараджэньня
Грамадзянства Беларусь
Занятак сьпявак, кампазытар, прадусар
Гады дзейнасьці з 2011-га
Жанры поп-музыка
Інструмэнты голас[d]
Псэўданімы Юзары
Супрацоўніцтва Лайма Вайкуле, Айя Андрэева, Ціна Караль
Узнагароды ляўрэат «Новая хвалі» (2011, Латвія), «Песьні году Беларусі-2016»

Юзары (лац. Uzari, сапраўднае імя Юры Віктаравіч Наўроцкі, нар. 11 траўня 1991, Менск, цяпер Беларусь) — беларускі артыст, кампазытар, прадусар.

Прадстаўляў Беларусь на конкурсе песьні «Эўрабачаньне-2015» зь песьняй «Time» у дуэце з Маймунай. У 2016 годзе яго беларускамоўная песьня «Мора» стала песьняй году Беларусі. У красавіку 2019 году выпусьціў беларускамоўны альбом «Падзяка сэрца».

Нарадзіўся ў сям’і музыкаў. Бацька — Віктар Наўроцкі — мае вышэйшую музычную адукацыю па клясе трубы. Маці — Галіна Грамовіч — салістка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестру Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга[1]. Сьпяваць пачаў з 5 гадоў. У Менску скончыў Рэспубліканскі музычны каледж (пл. Свабода, д. 7). Затым паступіў на эстрадна-джазавы факультэт Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў, у якім навучаўся ягоны дзед. Падчас навучаньня, якое скончыў у 2013 годзе, выконваў госпэл, джаз, поп, соўл і фанк[2]. На 1-м курсе сыграў ролю Кая ў пастаноўцы «Сьнежная каралева» мясцовага мюзік-холу[1].

Музычная кар’ера

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У красавіку 2011 году 19-гадовы Юры Наўроцкі прайшоў адбор у Маскве на 10-ы міжнародны конкурс маладых выканаўцаў папулярнай музыкі «Новая хваля», які меў пачацца 27 ліпеня ў Юрмале (Латвія). Юры выступаў пад мянушкай Юзары, каб падкрэсьліць паходжаньне па мячы[3]. У траўні 2011 году ўдзельнічаў у «Эўрабачаньні» на падпеве ў Анастасіі Віньнікавай[4]. Пасьля здачы сэсіі за 3-і курс Юзары адправіўся ў Юрмалу з маці, якая выкладала яму сьпевы. Яго прадусаркай была Іна Радаева. Песьні і аранжыроўкі Юзары стварыў сам[1]. Да пачатку конкурсу «Новая хваля» ён рэпэтаваў у Юрмале 10 дзён[5]. 28 ліпеня 2011 году на 2-і дзень «Новай хвалі» Юзары выканаў беларускую народную песьню «Лапці, мае лапці»[6]. 6 сьнежня 2011 году прайшоў на тэлеадбор «Эўрафэст», які Белтэлерадыёкампанія ладзіла для міжнароднага конкурсу песьні «Эўрабачаньне»[7]. 21 сьнежня 2011 году зь песьняй «The winner» прайшоў у фінал «Эўрафэсту», які паказалі ў наўпроставым этэры тэлеканала «Беларусь 1» 14 лютага 2012 году[8].

11 студзеня 2012 году Юзары выступіў у Менску на тэлеперадачы «Акадэмія талентаў». Спадарожна ён пачаў стварэньне 1-га сольнага альбому. Больш як 3 гады яго падрыхтоўкай займалася выкладніца эстрадна-джазавага сьпеву Вольга Сафронава з Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў, якая была хормайстаркай мясцовага тэатру «Мюзік-хол» і тэатру музычнай камэдыі[9]. 3 ліпеня 2012 году выступіў на гала-канцэрце «Беларусь у маім сэрцы», што прайшоў у менскім Парку перамогі[10]. 9 лістапада 2012 году прайшоў у фінал адбору на «Эўрабачаньне-2013», які прайшоў 7 сьнежня. У рамках адбору яго песьня «Secret» зьявілася на 5 радыёстанцыях Белтэлерадыёкампаніі — Першым нацыянальным канале Беларускага радыё, «Беларусь», «Культура», «Радыюс ФМ» і «Сталіца»[11]. 28 чэрвеня 2013 году Юзары выступіў на конкурсе «Міс Менск» у Палацы спорту[12].

1 верасьня 2014 году на дзіцячы конкурс «Эўрабачаньне-2014» прайшла Надзея Місякова зь беларускамоўнай песьняй «Сокал», аранжыроўку для якой зрабіў Юзары[13]. 5 сьнежня 2014 году Юзары ў пары са скрыпачкай Маймунай прайшоў у фінал адбору на «Эўрабачаньне-2015»[14]. 26 сьнежня 2014 году дуэт Юзары і Маймуны перамог у фінале адбору на «Эўрабачаньне» зь песьняй «Time» [15]. Падчас наступнай он-лайн-канфэрэнцыі Юзары патлумачыў сэнс свайго псэўданіма спалучэньнем імя прадзеда Юзэф з уласным імем Юры[16].

Юзары і Маймуна на «Эўрабачаньні» ў Вене (Аўстрыя, 19 траўня 2015 г.)

Да 22 студзеня 2015 году Юзары і Маймуна запісалі 5 вэрсіяў песьні «Time», у тым ліку акустычную і ў стылях кантры ды электра-поп. Замежныя прыхільнікі песьні пераклалі яе на гішпанскую, нямецкую і францускую мовы[17]. 27 лютага 2015 году рэжысэр Зьміцер Сямёнаў зьняў кліп на песьню «Time» у Менскім кінапавільёне. У кліпе Юзары паўстаў у вобразе эльфа, які праходзіць праз стыхіі. Пагатоў пры здымках скарысталі 11 тонаў пяску[18]. Здымкі кліпа каштавалі 15 000 эўра[19]. Аранжыроўку да песьні падрыхтаваў Віталь Судзін. Касьцюмы да выступу ў Вене зрабіла мадэльерка Вольга Бухал[20]. 12 сакавіка 2015 году на тэлеканале «Беларусь 1» паказалі кліп на песьню «Time». У той жа дзень Юзары вызначыў склад свайго падпеву, у які ўвайшлі 3 сьпевакі: Арцём Ахпаш, Дзяніс Ліс і Юры Селязьнёў. Адначасна пачаліся рэпэтыцыі пад кіраўніцтвам кіпрыёцкага сьпевака Алекса Панаі, які выступаў на «Эўрабачаньні» ў 1995 і 2010 гадах[21]. 16 сакавіка кліп пачалі паказваць на нацыянальных тэлеканалах 40 краінаў-удзельніцаў «Эўрабачаньня»[18]. 31 сакавіка рэжысэрка выступу Ніна Драко павялічыла ў песьні мэлёдыю прыпеву і сола скрыпкі[22]. 19 траўня 2015 году Юзары і Маймуна выступілі ў паўфінале «Эўрабачаньня» ў Вене (Аўстрыя), дзе занялі 12-е месца[23]. 12 верасьня 2015 году Юзары выступіў на канцэрце да Дня гораду ў Менску[24].

Юзары на фэсьце «Лайма Рандэву» ў Юрмале (Латвія, 20 ліпеня 2017 г.)

28 сакавіка 2016 году Юзары ўдзельнічаў ва ўкраінскім тэлеконкурсе «Голас краіны» ў камандзе Ціны Караль і ў тэлепаказе «Голас»[25]. У 2016 годзе песьня «Мора» ў выкананьні Юзары стала «Песьняй году Беларусі»[26]. 26 верасьня 2016 году ў аўдыёчарце «Тузіна гітоў» прадставіў сваю 1-ю песьню па-беларуску «Мора»[27]. 30 лістапада 2016 году песьня «Мора» перамагла ў 3-м туры аўдыёчарту. Спадарожна Юзары заснаваў музычна-танцавальную школу «Арт-плятформа»[28]. 11 лютага 2017 году Юзары запісаў беларускі кавэр песьні Івана Дорна «Стыцамэн» у перакладзе паэткі Дар’і Бялькевіч[29]. 1 сакавіка 2017 году Юзары выступіў у менскім клюбе «Лофт» (вул. П.Броўкі, д. 22) зь беларускамоўнай праграмай[26]. 2 сакавіка сьпявак прадставіў песьню «Супрацьлеглыя» на «Тузіне гітоў»[30]. 26 красавіка 2017 году выпусьціў песьню «Я выдумляю»[31]. 13 траўня 2017 году выступіў на тэлеканале «Белсат» з 4-ма песьнямі: «Супрацьлеглыя», «Стыцамэн», «Я выдумляю» і «Новае кіно»[32]. Папярэдне ўдзень Юзары сьпяваў на вэлякарнавале «Віва ровар» у менскім Парку перамогі[33]. 25 траўня выступіў на канцэрце ў «Менск-Арэне» да дня абароны дзяцей[34]. 23 чэрвеня 2017 году засьпяваў у Летнім амфітэатры Маладэчна на фэстывалі «Песьня году Беларусі»[35]. 15 ліпеня 2017 году песьня «Мора» трапіла ў Мэгатур «Тузіна гітоў»[36]. 20 ліпеня 2017 году тэлеканал «Беларусь 3» паказаў сьпеў Юзары на гала-канцэрце «Я люблю Фэстываль» у рамках «Славянскага базару-2017» у Віцебску[37]. У той жа дзень Юзары і гурт «Наві» выканалі свае песьні па-беларуску на адкрыцьці фэстывалю «Лайма Рандэву» ў Юрмале[38]. 17 верасьня 2017 году Юзары быў асноўным сьпеваком на сьвяце гораду ў Горадні[39]. 1 сьнежня 2017 году выступіў па-беларуску на «Алімпійскім» стадыёне ў Маскве, дзе праходзіў Глябальны форум сынэргіі[40]. 15 сьнежня 2017 году прадставіў песьню «Новае кіно» у зімовым туры аўдыёчарту «Тузіна гітоў»[41].

1 студзеня 2018 году песьня «Я выдумляю» трапіла ў навагодняе выданьне музычнай тэлеперадачы Сяргея Будкіна на «Белсаце»[42]. 11 студзеня 2018 году Юзары выступіў прадусарам 3-х выканаўцаў на адборы да «Эўрабачаньня», які праходзіў у студыі «600 мэтраў» Белтэлерадыёкампаніі. Яго выканаўцы сьпявалі па-ангельску, па-беларуску і па-расейску[43]. 18 чэрвеня 2018 году яго песьня «Новае кіно» трапіла ў мэгатур «Тузіна гітоў»[44]. 25 верасьня 2018 году Лера Яскевіч прадставіла кліп на беларускамоўную песьню «Рух», музыку да якой напісаў Юзары[45]. 4 лютага 2019 году Юзары выпусьціў песьню «Падзяка сэрца», словы і музыку да якой напісаў сам[46]. 21 лютага 2019 году выступіў на Дні роднай мовы ў менскім клюбе «Грай»[47]. 6 красавіка 2019 году выканаў песьню «Падзяка сэрца» на тэлеканале «Беларусь 1» у перадачы «Макаёнка, 9»[48]. 10 красавіка 2019 году прадставіў альбом «Падзяка сэрца» з 7 беларускамоўных песьняў. Некалькі песьняў альбому выкарыстоўваліся ў суправаджэньні ўкраінскага тэлесэрыялу «Кіеў удзень і ўначы»[49]. Адначасна прадставілі кліп на песьню «Падзяка сэрца», рэжысэркай якой выступіла Ганна Герт, а апэратарам-пастаноўнікам — Аляксандар Вавілаў[50]. 13 ліпеня 2019 году на 28-м «Славянскім базары ў Віцебску» выступіў Ваня Зданюк зь песьняй «Кучаравая», якую напісаў Юзары ў стылі рытм-блюзу. Пагатоў Юзары быў настаўнікам Зданюка папярэднія 4 гады[51]. 19 ліпеня 2019 году на фэсьце «Лайма Рандэву» у Юрмале латвійская сьпявачка Аіша Андрэева і Юзары выканалі песьню «Новае кіно»[52]. 8-9 жніўня 2019 году ў Адэсе (Украіна) Юзары выступіў на фэстывалі «Лайма Рандэву»[53].

Аўтарам усёй музыкі зьяўляецца Юзары.

«Падзяка сэрца»[54][55]
НазваСловы Працягласьць
1. «Супрацьлеглыя»  Мікіта Найдзёнаў 3:00
2. «Падзяка сэрца»  Юзары 4:35
3. «Я выдумляю»  Мікіта Найдзёнаў 4:10
4. «Падман»    2:52
5. «Мора»  Мікіта Найдзёнаў 3:50
6. «Новае кіно»  Мікіта Найдзёнаў 4:11
7. «Размовы»    4:48
27 хв.

2 сьнежня 2016 году назіральнік «Тузіна гітоў» Алесь Круглякоў ацаніў запіс песьні «Мора», як «найлепшы ў тузіне з пункту гледжаньня студыйнага запісу». Ён заўважыў, што песьні «дадае калярыту» тое, што «аўтараў крыху занесла ў нейкія ўсходнія матывы»[56]. 16 студзеня 2017 году выдавец Алесь Квіткевіч адзначыў у той песьні «выкшталцоны тэкст ад Мікіты Найдзёнава»[57]. 12 красавіка 2019 году ў менскай студыі «Эўрарадыё» Юзары прызнаў, што яго «ставяць разам зь Лені Кравіцам»[49]. 14 чэрвеня 2019 году праграмны кіраўнік радыё «Юністар» Аляксандар Найдзёнаў улучыў песьню «Падзяка сэрца» ў мэгатур на «Тузіне гітоў». Ён адзначыў, што Юзары «неверагодна якасна працуе»[58].

  1. ^ а б в Марыя Малевіч. Юзары нацэлены на спэцпрыз «Новай хвалі» // Народная воля : газэта. — 19 ліпеня 2011. — № 107-108 (3444-3445). — С. 7. — ISSN 2071-9647.
  2. ^ Маша Калесьнікава. Юзары і Маймуна: Для нас «Эўрабачаньне» — ня стомэтроўка // Эўрарадыё, 23 студзеня 2015 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  3. ^ Надзея Бунцэвіч. Хваляваньні перад «Хваляй» // Культура : газэта. — 16 красавіка 2011. — № 16 (987).
  4. ^ Валерыя Есіна, «Беларускія навіны». Фіналісты «Еўрафэсту»: гэта будзе не барацьба, а гульня // Газэта «Наша ніва», 23 сьнежня 2011 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  5. ^ 10 дзён для сьпевака // Культура. — 23 ліпеня 2011. — № 30 (1001).
  6. ^ Беларус Юзары на другі дзень «Новай хвалі-2011» прасьпявае «Лапці, мае лапці» // Газэта «Наша ніва», 28 ліпеня 2011 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  7. ^ Зьміцер Панкавец. Дарафееву пракінулі міма «Эўрабачаньня» // Наша ніва : газэта. — 7 сьнежня 2011. — № 45 (738). — С. 7. — ISSN 1819-1614.
  8. ^ Тацяна Пастушэнка. Гледачы і журы назвалі пяцёрку фіналістаў «Эўрафэсту» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 22 сьнежня 2011 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  9. ^ Тацяна Пастушэнка. Юзары ўдасканальвае вакал да фіналу «Эўрафэсту» // БелТА, 11 студзеня 2012 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  10. ^ Канцэрт у сэрцы Беларусі // Культура. — 30 чэрвеня 2012. — № 26 (1049).
  11. ^ Тацяна Пастушэнка. Белтэлерадыёкампанія будзе рэклямаваць фіналістаў нацыянальнага адбору «Эўрабачаньня-2013» // БелТА, 9 лістапада 2012 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  12. ^ Вольга Кляшчук. Конкурс дэфіле фіналістак «Міс Менск 2013» адбыўся пры ўдзеле беларускага выканаўцы Юзары // БелаПАН, 28 чэрвеня 2013 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  13. ^ Мянчанка Надзея Місякова з песьняй «Сокал» прадставіць Беларусь на міжнародным дзіцячым конкурсе песьні «Эўрабачаньне-2014» // Радыё «Беларусь», 1 верасьня 2014 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  14. ^ Вызначаны фіналісты нацыянальнага адборачнага тура міжнароднага конкурсу песьні «Эўрабачаньне-2015» // Газэта «Зьвязда», 6 сьнежня 2014 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  15. ^ Юзары і Маймуна прадставяць Беларусь на Эўрабачаньні-2015, якое пройдзе 23 траўня ў Аўстрыі // Газэта «Зьвязда», 27 сьнежня 2014 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  16. ^ Вікторыя Целяшук. Юзары і Маймуна: спадарожнікі «Часу» // Зьвязда : газэта. — 3 студзеня 2015. — № 1 (27859). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  17. ^ Іна Пілевіч. Навіна для ўсіх прыхільнікаў «Эўрабачаньня» // Белтэлерадыёкампанія, 22 студзеня 2015 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  18. ^ а б Яўген Перлін, тэлеканал «Беларусь 1». У Менску прайшлі здымкі кліпа на песьню «Time» // Белтэлерадыёкампанія, 1 сакавіка 2015 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  19. ^ Натальля Крывец, газэта «Камсамольская праўда ў Беларусі». Юзары і Маймуна рыхтуюцца да «Эўравізіі» ў рэжыме жорсткай эканоміі // Партал «Хартыя’97», 6 траўня 2015 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  20. ^ Беларускі дуэт Юзары і Маймуна зьняў кліп для «Эўрабачаньня-2015» на песьню «Time» // БелТА, 2 сакавіка 2015 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  21. ^ Яўген Перлін, тэлеканал «Беларусь 1». Юзары і Маймуна сёньня ўпершыню паказалі свой кліп на песьню «Time» // Белтэлерадыёкампанія, 12 сакавіка 2015 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  22. ^ Новая вэрсія песьні «Time» беларускага дуэта Юзары і Маймуна адаптавана для «Эўрабачаньня» // БелТА, 31 сакавіка 2015 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  23. ^ Песьня беларускага дуэта Юзары і Маймуна «Time» стала 12-й у паўфінале «Эўрабачаньня-2015» // БелТА, 25 траўня 2015 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  24. ^ Канцэрт да Дня горада дорыць мянчанам тэлеканал «Беларусь 1» // Белтэлерадыёкампанія, 9 верасьня 2015 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  25. ^ Гёхан Тас. Беларуская зорка «Эўрабачаньня-2015» Юзары далучыўся да дружыны Ціны Кароль на «Голасе Ўкраіны» (анг.) // Вівіблёгі, 29 сакавіка 2016 г. Праверана 4 кастрычніка 2019 г.
  26. ^ а б Павал Аксіновіч. «Юзары» адыграў канцэрт па-беларуску // Газэта «Новы час», 2 сакавіка 2017 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  27. ^ Юзары. Маё першае слова «Мора» (прэм’ера) // «Тузін гітоў», 26 верасьня 2016 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  28. ^ Юзары: «Я ведаю, што патрэбна беларускаму слухачу» // «Тузін гітоў», 30 лістапада 2016 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  29. ^ Гурт «Юзары» запісаў беларускамоўную кавэр-вэрсію песьні «Стыцамэн» Івана Дорна // Газэта «Новы час», 11 лютага 2017 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  30. ^ Новы беларускамоўны гіт ад Юзары (прэм’ера) // «Тузін гітоў», 2 сакавіка 2017 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  31. ^ Выбух эмоцый: Юзары прэзэнтаваў аўдыё на свой гіт «Я выдумляю» // Газэта «Новы час», 26 красавіка 2017 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  32. ^ Беларуская поп-музыка можа быць стылёвай! «Belsat Music Live № 19» з «Юзары» // Тэлеканал «Белсат», 13 траўня 2017 г. Архіўная копія ад 13 траўня 2017 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  33. ^ 13 траўня ў Менску пройдзе міжнародны вэлякарнавал «Віва ровар» // Газэта «Наша ніва», 11 траўня 2017 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  34. ^ Дабрачынны канцэрт да Міжнароднага дня абароны дзяцей пройдзе ў «Менск-Арэне» 25 траўня // БелТА, 22 траўня 2017 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  35. ^ Фэстываль «Песьня году Беларусі - 2017» пройдзе ў Маладэчне 23 чэрвеня // БелТА, 16 чэрвеня 2017 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  36. ^ Наста Шастак. «Гарманічны тузін» // «Тузін гітоў», 15 ліпеня 2017 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  37. ^ «Славянскі базар-2017» на «Беларусь 3» // Тэлеканал «Беларусь 3», 12 ліпеня 2017 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  38. ^ «Беларусь 1». «Наві Бэнд» і Юзары прынялі ўдзел у адкрыцьці фэстывалю «Лайма. Рандэву. Юрмала» // Белтэлерадыёкампанія, 21 ліпеня 2017 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  39. ^ Самы вялікі гандлёвы цэнтар Горадні ў гэтыя выхадныя сьвяткуе двухгодзьдзе разам з 889-годзьдзем любімай Горадні // Гарадзенскі аблвыканкам, 15 верасьня 2017 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  40. ^ Юзары: Беларуская мова прагучала ў самым сэрцы Масквы // Газэта «Новы час», 1 сьнежня 2017 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  41. ^ Разважлівасьць і запал. Новая песьня ад Юзары // «Тузін гітоў», 15 сьнежня 2017 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  42. ^ Навагодняе выданьне «Белсат музыка ўжывую». Аліўе-выпуск (поўнае відэа) // «Тузін гітоў», 30 сьнежня 2017 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  43. ^ Вікторыя Целяшук. Як праходзіў адбор на «Эўрабачаньне» // Газэта «Зьвязда», 12 студзеня 2018 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  44. ^ Андрэй Курэйчык. Топ-12 Андрэя Курэйчыка. «У нас велізарная колькасьць крутой музыкі» // «Тузін гітоў», 18 чэрвеня 2018 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  45. ^ Неймаверная вуліца Кастрычніцкая ў новым кліпе Леры Яскевіч на беларускамоўную песьню // «Наша ніва», 26 верасьня 2018 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  46. ^ Юзары ператварае беларускую мову. Прэм’ера сынгла «Падзяка сэрца» // Telegraf.by, 4 лютага 2019 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  47. ^ Раім схадзіць // Газэта «Зьвязда», 18 лютага 2019 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  48. ^ На «Макаёнка, 9» прыйдуць Кіркораў, Галыгін і Юзары // Белтэлерадыёкампанія, 2 красавіка 2019 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  49. ^ а б Міхась Ільлін. Як граць у Беларусі поп-музыку, за якую ня сорамна // «Эўрарадыё», 12 красавіка 2019 г. Архіўная копія ад 12 красавіка 2019 г. Праверана 4 кастрычніка 2019 г.
  50. ^ Юзары прадставіў новы альбом «Падзяка сэрца» // Эўарадыё, 10 красавіка 2019 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  51. ^ Надзея Кудрэйка. Ваня Зданюк: «Буду ламаць стэрэатыпы» // Культура. — 8 чэрвеня 2019. — № 23 (1410).
  52. ^ Латвійская артыстка сьпяе разам з Юзары па-беларуску // Газэта «Новы час», 19 ліпеня 2019 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  53. ^ Юзары: Мова гучыць за мяжой // Газэта «Новы час», 8 жніўня 2019 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  54. ^ Юзары. Падзяка сэрца // Яндэкс Музыка, 2019 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  55. ^ Юзары. Падзяка сэрца // Саўндклаўд, 10 красавіка 2019 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  56. ^ Алесь Круглякоў. «Нават у ромбакубаактаэдры можна знайсьці натхненьне» // «Тузін гітоў», 2 сьнежня 2016 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  57. ^ Алесь Квіткевіч. «Робім гуд» // «Тузін гітоў», 16 студзеня 2017 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.
  58. ^ Аляксандар Найдзёнаў. Сучасны тузін Аляксандра Найдзёнава // «Тузін гітоў», 14 чэрвеня 2019 г. Праверана 14 верасьня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]