«Гісторыя майго жыцьця» — песьня беларускага гурту Naviband, які прадстаўляў Беларусь на конкурсе песьні Эўрабачаньне-2017. Аўтарам песьні ёсьць саліст гурту Арцём Лук’яненка. 30 лістапада 2016 року быў зьняты кліп на песьню, 7 сакавіка 2017 року гуказапісная студыя MediaCube Music выпусьціла сынґл для спампаваньня з Інтэрнэту. Гэтая песьня стала першаю песьняю, выкананаю на «Эўрабачаньні» беларускаю моваю[1][2].
Гурт Naviband падаў сваю заяву на ўдзел у беларускім нацыянальным адборы 26 лістапада 2016 року[3], і 30 лістапада гурт улучылі ў лік 13 фіналістаў нацыянальнага адбору зь песьняю «Гісторыя майго жыцьця»[4]. Фінал прайшоў 20 студзеня 2017 року, і гурт выйграў нацыянальны адбор: ён заняў 1-е месца па выніках галасаваньня журы і 5-е месца па выніках галасаваньня гледачоў, стаўшы ўдзельнікам «Эўрабачаньня» ад Беларусі[1]. Упершыню ў гісторыі «Эўрабачаньня» песьня была выкананая на беларускай мове — раней па-беларуску выступалі толькі ўдзельнікі «Дзіцячага Эўрабачаньня»[2]. Беларусь выступіла ў другім паўфінале конкурсу 11 траўня 2017 року[5][6]. З гэтаю песьняю Naviband трапілі ў фінал конкурсу, дзе затым занялі 17-е месца.