Tygodnik Petersburski

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Tygodnik petersburski»)
Tygodnik Petersburski
Тып штотыднёвік
Галоўны рэдактар Францішак Геранім Малеўскі (1830—1835)
Юзаф Эмануэль Працлаўскі
Рэдактар Францішак Геранім Малеўскі і Юзаф Эмануэль Працлаўскі
Заснаваная 1830
Закрытая 1858
Мова польская
Штаб-кватэра Санкт-Пецярбург

«Tygodnik Petersburski» (па-беларуску: Штотыднёвік Пецярбурскі) — палітычна-літаратурнае выданьне, якое выходзіла ў Санкт-Пецярбургу ў 1830—1858 роках пад рэдакцыяй Юзафа Працлаўскага і Францішка Малеўскага.

Дазвол на выданьне газэты атрымаў Мікалай Маліноўскі, аднак сам выдаваць газэту ня здолеў і перадаў справу Юзафу Працлаўскаму. На старонках газэты асуджалася Лістападаўскае паўстаньне, і ў выніку ўжо ў 1832 «Tygodnik Petersburski» стаў афіцыйнай урадавай газэтай Царства Польскага і пачаў выходзіць двойчы на тыдзень (у серады і пятніцы)[1].

Ад 1841 — орган г. зв. «пецярбурскай катэрыі»(pl) — прымірэнчай, праца́рскай, кансэрватыўнай і артадаксальна каталіцкай групы пісьменьнікаў (Казімер Буйніцкі, Ігнацы Галавінскі, Міхал Грабоўскі, Генрык Жавускі, Аляксандар Пшазьдзецкі, Юзаф Працлаўскі, Станіслаў Халанеўскі, Людвік Штырмер). Пэўны час супрацоўнікам «Тыднёвіка Пецярбурскага» зьяўляўся і Юзаф Крашэўскі. Уплыў катэрыі быў такі аўтарытэтны, што іншы погляд на літаратуру і грамадзкае жыцьцё выказваўся толькі ў непадцэнзурных выданьнях. Аднак пасьля выхаду двухтомніка «Mieszaniny obyczajowe» Генрыка Жавускага ўзьнялася вялікая хваля крытыкі, якую падтрымаў нават Юзаф Крашэўскі. Неўзабаве, аднак, і ён трапіў пад агонь крытыкі маладых літаратараў, якія заснавалі ў Кіеве альманах «Gwiazda», і гэта вярнула яго ў стан «Тыднёвіка Пецярбурскага».

Выданьне змагалася з прагрэсіўнымі плынямі філязофскай думкі, выступала супраць дэмакратычных рамантычных тэндэнцыяў у сучаснай польскай літаратуры. Яго мэтаю была прапаганда польскай нацыянальнай літаратуры, асабліва гістарычных раманаў ўолтэрскотаўскага тыпу[2], апалягетных адносна шляхецкага мінулага. Згадкі пра культуру, мову мясцовага люду калі і траплялі ў артыкулы, дык толькі ў кантэксьце выкарыстаньня на карысьць польскай літаратуры ці культуры[1]. Пасьля падзеяў 1848 року «Tygodnik» страціў папулярнасьць.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Мікола Хаўстовіч. Беларуская літаратура 30-40-х гг. XIX ст.. Катэдра гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржунівэрсытэта. Праверана 3 сакавіка 2012 г.
  2. ^ «Tygodnik Petersburski» (пол.). Interia.PL Sp. z o.o.. Праверана 27 лютага 2012 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]