Перайсьці да зьместу

Тодар Вернікоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тодар Вернікоўскі
Міністар фінансаў БНР
травень 1918 — ліпень 1918
Папярэднік: Пётра Крачэўскі
Наступнік: Васіль Захарка
Міністар гаспадаркі БНР
ліпень 1918 — верасень 1918
Папярэднік: Ян Серада
Наступнік: ---
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1861
в.Дудзічы Ігуменскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр: 14 ліпеня 1938
Вільня, Польская Рэспубліка
Партыя:
Адукацыя:

То́дар (Фё́дар) Верніко́ўскі (1861, в. Дудзічы Ігуменскі павет, Расейская імпэрыя — 14 ліпеня 1938, Вільня) — беларускі палітычны й грамадзка-культурны дзяяч.

Паходзіў зь сям’і псаломшчыка. Вучыўся ў менскіх духоўным вучылішчы й сэмінарыі, у тэхналягічным інстытуце й на курсах гаспадаркі, садоўніцтва й гародніцтва ў Пецярбургу. Працаваў у Сялянскім пазямельным банку, Заходняй экспэдыцыі па асушцы палескіх балот і арашэньні паўднёвых зямель, Міністэрстве земляробства й дзяржаўных маёмасьцяў Расейскай імпэрыі. У 1906 камандзіраваны ў 1-ю Дзяржаўную Думу ў якасьці кансультанта камісіі па зямельным паляпшэньні гаспадаркі ў Расеі.

Пасьля выхаду ў адстаўку жыў у Менску, працаваў у менскіх банках, быў абраны ў гарадзкую думу. У сьнежні 1917 — красавіку 1918 скарбнік Менскага беларускага прадстаўніцтва, у красавіку 1918 кааптаваны ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Па прапанове старшыні Народнага сакратарыята БНР Язэпа Варонкі меціўся на пасаду народнага сакратара па справах бежанцаў. Ва ўрадзе БНР на чале з Раманам Скірмунтам быў дзяржаўным скарбнікам (з чэрвеня 1918), ва ўрадзе БНР на чале зь Янкам Серадой — народны сакратар гандлю й прамысловасьці, гаспадаркі, дзяржаўны кантралёр. Рэвізаваў беларускія арганізацыі ва Ўкраіне.

Ва Ўрад БНР, які ўзначаліў Антон Луцкевіч, не ўвайшоў, бо не падзяляў сацыялістычных поглядаў апошняга. Уваходзіў у склад эканамічнай, фінансавай і кантрольнай камісіі Рады БНР. У сьнежні 1918 разам зь сябрамі Рады БНР і ўрадам Луцкевіча пераехаў у Вільню, потым — у Горадню. Быў сябрам Беларускага нацыянальнага камітэта ў Горадні, уваходзіў у склад Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны й Гарадзеншчыны. У 19191920 старшыня бежанскага камітэту і таварыства «Беларуская хата», распарадчык і намесьнік старшыні беларускага культурна-асьветнага таварыства «Бацькаўшчына» ў Горадні, старшыня грамадзкага сходу «Беларуская хата» й бежанскага камітэту, скарбнік культурна-асьветнага таварыства «Заранка» й гарадзенскага беларускага дзіцячага прытулку.

З жніўня 1919 — у Часовым беларускім нацыянальным камітэце ў Менску, адміністратар Беларускага тэатра ў Менску. Выконваў таксама абавязкі дарадчыка й адказнага за ўзаемакантакты з Царкоўнай радай Менскай праваслаўнай эпархіі.

Пасьля 1921 жыў у Вільні. З 1926 па 1928 рэдактар газэты «Беларускае слова». У 19281929 рэдактар газэты «Грамадзянін». Браў актыўны ўдзел у грамадзкім руху па беларусізацыі Праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі. У 1930 у Вільні на канфэрэнцыі прадстаўнікоў беларускіх праваслаўных арганізацыяў, на якой быў створаны Беларускі праваслаўны камітэт па беларусізацыі царквы, Вернікоўскі быў абраны яго старшынём. Адзін з арганізатараў Беларускага культурна-асьветнага таварыства «Прасьвета».

Памёр 14 ліпеня 1938 году ў Вільні. Пахаваны на Сьвята-Эўфрасінеўскіх могілках[1].

Крыніцы й заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Знойдзена магіла Тодара Вярнікоўскага. ЗБС «Бацькаўшчына» (20.05.2011). Праверана 20 лістапада 2013 г.