Перайсьці да зьместу

Юры Казіятка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Юры Казіятка
Кіраўнік агенцтва «Менск-Навіны»
28 жніўня 2018 — цяперашні час
Папярэднік: Кацярына Дубінская
3-і кіраўнік «Сталічнага тэлебачаньня»
сьнежань 2005 — 6 лютага 2018
Папярэднік: Аляксандар Зімоўскі
Наступнік: Ігар Луцкі
Сябра Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі
19 кастрычніка 2012 — 12 кастрычніка 2016
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар: Міхаіл Мясьніковіч, Андрэй Кабякоў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 24 красавіка 1964 (60 гадоў таму)
Берасьце, Беларуская ССР, СССР
Бацька: Васіль Казіятка
Адукацыя: Курганская вышэйшая вайскова-палітычная авіяцыйная вучэльня, Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь
Узнагароды:
Дзяржаўная прэмія Беларусі, галоўная ўзнагарода конкурсу «Тэлевяршыня» (2005)
Ордэн Пашаны (Беларусь)
Ордэн Пашаны (Беларусь)

Ю́ры Васі́льевіч Казія́тка[1] (нар. 1964, Берасьце, цяпер Беларусь) — беларускі журналіст, тэлевядучы, дзяржаўны дзеяч, прапагандыст рэжыму Лукашэнкі.

Трэці[2] кіраўнік «Сталічнага тэлебачаньня» (2005—2018), сябра Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі (2012—2016), кіраўнік агенцтва «Менск-Навіны» (з 28 жніўня 2018 году). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і галоўнай узнагароды конкурсу «Тэлевяршыня» (2005), кавалер ордэна Пашаны (2016).

Скончыў з адзнакай Курганскую вышэйшую вайскова-палітычную авіяцыйную вучэльню. Працаваў сакратаром камітэту камсамолу, памочнікам начальніка палітаддзелу па камсамольскай рабоце, ваенным журналістам: карэспандэнтам шматтыражкі, начальнікам аддзелу навінаў газэты Ціхаакіянскага флёту Расеі, начальнікам аддзела інфармацыі вайсковай тэлерадыёстудыі ў Беларусі. Працаваў тэлевядоўцам інфармацыйнае праграмы на тэлеканале «Ўсход-ТБ» (г. Уладзівасток, Расея). У пачатку 1990-х гадоў звольніўся з Узброеных сілаў Расеі.

Прайшоў перападрыхтоўку ў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь з адзнакай па спэцыяльнасьці «Міжнародныя адносіны».

Рыхтаваў праграму «Арсэнал» на ВаенТБ. Быў палітычным аглядальнікам, аўтарам і вядучым грамадзка-палітычнае праграм «Тэма дня», «Панарама» па суботах у Белтэлерадыёкампаніі, вядучым праграмы «Масква-Менск» на тэлеканале «Расея», галоўным рэдактарам службы навінаў тэлеканалу «АНТ» (аўтарам і вядоўцам дакумэнтальнага цыклу «Найноўшая гісторыя Беларусі», гран-пры першага ў Беларусі тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня»), генэральным дырэктарам закрытага акцыянэрнага таварыства «Другі нацыянальны тэлеканал».

Прызначаны прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь сябрам Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га скліканьня. Быў сябрам Пастаяннае камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнае бясьпецы.

Са сьнежня 2005 да 6 лютага 2018 гг. — генэральны дырэктар ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне». Вёў аўтарскую праграму «Палітыка». У чэрвені 2018 году прызначаны намесьнікам дырэктара па разьвіцьці агенцыі «Менск-Навіны». 28 жніўня 2018 году заняў пасаду кіраўніка агенцтва «Менск-Навіны»[3]. 13 лістапада 2018 году ў Віскулях (Пружанскі раён, Берасьцейская вобласьць) стаў сузаснавальнікам Клюбу кіраўнікоў СМІ Беларусі і Расеі[4].

Юры Казіятка станавіўся суб’ектам забароны на паездкі й замарожваньня актываў Эўрапейскім Зьвязам як частка сьпісу беларускіх чыноўнікаў, адказных за палітычныя рэпрэсіі, падтасоўку вынікаў галасаваньня й прапаганду пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году як кіраўнік тэлеканалу «СТБ»[5]. Згодна з рашэньнем Рады Эўрапейскага зьвязу(be) ад 15 кастрычніка 2012 году, перадача «Карціна сьвету», аўтарам і вядоўцам якой быў Казіятка, «зьяўляецца інструмэнтам дзяржаўнае прапаганды, якая падтрымлівае й апраўдвае рэпрэсіі супраць дэмакратычнае апазыцыі і грамадзянскае супольнасьці. Дэмакратычная апазыцыя й грамадзянская супольнасьць сыстэматычна асьвятляюцца нэгатыўна й зьневажальна, выкарыстоўваючы падробленую інфармацыю. Казіятка быў асабліва актыўны ў гэтых адносінах пасьля разгону мірных дэманстрацыяў 19 сьнежня 2010 году й наступных акцыяў пратэсту»[6][7].

28 верасьня 2016 году А. Лукашэнка падпісаў Указ аб узнагароджаньні Казіяткі ордэнам Пашаны «за значны ўклад у рэалізацыю сацыяльнай і эканамічнай палітыкі краіны, заслугі ў разьвіцьці заканадаўства і парлямэнтарызму»[8]. 7 кастрычніка 2016 году адбылося ўручэньне ўзнагароды ў авальнай зале Дома ўраду ў Менску[9].

  1. ^ Анатоль Рубінаў. Кансалідацыя грамадзтва — аснова пасьпяховага разьвіцьця краіны // Зьвязда : газэта. — 3 кастрычніка 2013. — № 186 (27551). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Алена Драпко. «Ёсьць чалавек — будуць навіна, сюжэт і шоў» // Зьвязда. — 8 кастрычніка 2016. — № 12 (28122). — С. 5.
  3. ^ Юры Казіятка ўзначаліць агенцтва «Менск-Навіны» // БелТА, 27 жніўня 2018 г. Праверана 28 чэрвеня 2021 г.
  4. ^ Заснаваны Клюб рэдактараў Беларусі і Расеі // БелТА, 13 лістапада 2018 г. Праверана 28 чэрвеня 2021 г.
  5. ^ Поўны спіс 208 беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЕС (бел.). Наша Ніва (2011-10-11). Архіўная копія ад 2017-10-22 г.
  6. ^ COUNCIL DECISION 2012/642/CFSP of 15 October 2012 concerning restrictive measures against Belarus
  7. ^ EUR-Lex - 32012D0642 - EN - EUR-Lex (анг.). EUR-Lex(en)Праверана 2020-12-25 г.
  8. ^ Лукашэнка ўдастоіў дзяржузнагародаў членаў Савета Рэспублікі і прадстаўнікоў розных сфэраў дзейнасьці // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 28 верасьня 2016 г. Праверана 28 чэрвеня 2021 г.
  9. ^ Узнагароды дэпутатам // Зьвязда. — 8 кастрычніка 2016. — № 195 (28305). — С. 4.
  • Хто ёсць хто ў Беларусі = Кто есть кто в Беларуси = Who’s who in Belarus / Уклад.: Л. А. Андросік і інш.; прадм. В. Трыгубовіч]. — Вільня: [б. в.], 2007. — 254, [1] с. — С. 90.