Сыбірская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Сыбірская мова (Сиби́рской го́вор) — праект штучнай мовы, якая ствараецца на грунце ўсходнеславянскіх дыялектаў Сыбіры, у асноўным старажыльскіх гаворак 19-га стагодзьдзя, з удзелам цюрцкіх і арабскіх запазычаньняў. Распрацоўка і кадыфікацыя мовы пачалася ў 2005 годзе. Яшчэ ў 1873 годзе ў Расеі ў выданьні «Известия Сибирского отделения Российского газетного общества (РГО)» былі надрукаваныя дасьледаваньні П.А. Равінскага пад назвай «Зацемкі і слоўнік сыбірскай гаворкі» («Замечания и словарь сибирского наречия»). Пра сыбірскую старажыльскую гаворку зазначаецца наступнае: «Сыбірская гаворка паходзіць з паўночна-расейскай, але два стагодзьдзі адлучанасьці, зусім іншыя натуральныя ўмовы жыцьця і іншыя гістарычныя акалічнасьці далі ёй арыгінальны кірунак. Гаворка Ўсходняй Сыбіры мае асаблівую фанэтыку, шмат своеасаблівых граматычных формаў. Слоўнік налічвае больш як 3000 чыста мясцовых словаў, якія невядомыя ў агульнай расейскай мове».

Фанэтыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка мовы будуецца па нормах паўночнай усходнеславянскай гаворкі: г выбухное, оканьне, еканьне, шыпячыя заўсёды цьвёрдыя. У адрозьненьне ад расейскай мовы, з-за нязьменнай цьвёрдасьці шыпячых у сыбірскім альфабэце адсутнічае літара Щ (як у беларускай). Адпаведны гук чытаецца як падвойнае ш (як у беларускім слове "узвышша" (бел. яшчэ → сыб. ишшо).

"О", якой папярэднічае памякчэньне, страціла сувязь зь "Е", таму ў альфабэце няма літары "Ё", заместа якой пішуцца спалучэньні "йо", "ьо".

Адсутнічае і літара "Э" з-за абавязковага даданьня "ёта" перад "е" (бел. Эвэрэст — сыб. Еверес).

Распаўсюджаныя пратэтычныя зычныя (бел. акно — сыб. вокно), і выкідваньне зычных у месцах іх скапленьня (бел. бязгучнасьць — сыб. беззычнось)

Граматыка і лексыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Граматыка сыбірскай мовы падобная на расейскую і беларускую, але са значнымі асаблівасьцямі ў скланеньні і спражэньні, у асноўным выкліканымі т.зв. сьцяжэньнямі, г.зн. выпадзеньнем "ёта" ў канчатках (рас. знает — сыб. знат, рас. красная — сыб. красна, і г.д.).

Граматыка ўтрымлівае таксама некаторыя архаічныя формы, напрыклад, клічны склон (які ёсьць і ў беларускай мове), а таксама наватворы, напрыклад, постпазытыўны артыкль.

Лексыка сыбірскай мовы збольшага ўсходнеславянская, большасьць расейскіх лацінізмаў, грэцызмаў і падобных эўрапейскіх запазычаньняў замененыя на калькі ці араба-цюрцкія словы.

Сучаснасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасны збор правілаў і папулярызацыя гэтай мовы ў Інтэрнэце прыпісваецца чалавеку, які вядомы пад мянушкай samir74 у ЖЖ. Асноўным Інтэрнэт-рэсурсам па распрацоўцы, вывучэньні і каардынацыі дзеяньняў аматараў гэтай гаворкі зьяўляецца пляцоўка «Вольгота».

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]