Граматыка эспэранта
Эспэранта — штучная аглютынатыўная мова, якая ня мае катэгорыі граматычнага роду. Назоўнікі і прыметнікі зьмяняюцца па двух склонах: назоўны і вінавальны, і двух ліках: адзіночны і множны; прыметнікі і назоўнікі павінны дапасоўвацца адзін да аднаго ў ліку і склоне. Скланеньне дзеясловаў — рэгулярнае, не залежыць ад асобы, ліку, роду дзейніка. Вінавальны склон можа ўжывацца для указаньня мэты ці кірунку дзеяньня, руху. Эспэранта мае вольны парадак словаў у сказе, як у славянскіх мовах, у лацінскай ці грэцкай.
Большасьць каранёў у эспэранцкім слоўніку запазычаны з моваў індаэўрапейскай сям’і (у асноўным з ангельскай, грэцкай, лацінскай, нямецкай, польскай, расейскай і францускай моваў).
Эспэранта мае адносна рэгулярную граматыку, фанэтычны альфабэт (усе словы прамаўляюцца як пішуцца і наадварот), і вельмі лягічную структуру (усе словы адной часьціны мовы маюць адзін і той жа канчатак). Альфабэт эспэранта пабудаваны на аснове лацінскіх літараў. Усё гэта робіць эспэранта больш лёгкай для вывучаньня і ўжываньня, чым іншыя мовы сьвету, нават для прадстаўнікоў неэўрапейскіх моваў.
Альфабэт, вымаўленьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эспэранта выкарыстоўвае лацінскі альфабэт за выключэньнем літараў q, w, x, y, затое ёсьць літары з дыякрытычнымі знакамі: ĉ, ĝ, ĥ, ĵ, ŝ, ŭ, агулам 28 літараў:
a — а | b — б | c — ц | ĉ — ч | d — д | e — э |
f — ф | g — ґ | ĝ — дж | h — г | ĥ — х | i — і |
j — й | ĵ — ж | k — к | l — л | m — м | n — н |
o — о | p — п | r — р | s — с | ŝ — ш | t — т |
u — у | ŭ — ў | v — в | z — з |
Эспэранцкія гукі вымаўляюцца гэтаксама як і ў беларускай мове. Словы чытаюцца, як і пішуцца: адна літара — адзін гук. Націск заўжды на перадапошнім складзе слова. Гукі [j] і [ŭ] лічацца зычнымі і складаў не ствараюць, а абразуюць дыфтонг з папярэдняй ці наступнай галоснай. Беларусам трэба пазьбягаць аканьня, яканьня, дзеканьня ды цеканьня, камбінацыі di і ti можна чытаць як ды і ты.
Назвы зычных літараў утвараюцца пры дапамозе канчатку -o (як назоўнікі, гл. ніжэй), галосныя называюцца сваім гукам.
Для запісу і адлюстраваньня спэцыфічных эспэранцкіх літар з дыякрытыкамі выкарыстоўваюць юнікод (Unicode). Тыя, хто карыстаецца праграмамі, якія не падтрымліваюць юнікод, запісваюць эспэранцкія літары пры дапамозе дыграфаў. Найбольш пашыраныя:
- т.н. фундамэнтальны, рэкамэндаваны Замэнгофам: ch, gh, hh, jh, sh, u;
- x-мэтад (найбольш часты ў інтэрнэце і ў электронным ліставаньні): cx, gx, hx, jx, sx, ux;
- розныя іншыя: пры дапамозе апострафа ' , крышачкі ^ , ці шляхам ужываньня астатніх літар лацінскага альфабэту.
Існуе спроба стварыць кірылічную азбуку для эспэранта (Кирила есперанто-центро).
Часьціны мовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Усе назоўнікі маюць канчатак -o. Множны лік фармуецца пры дапамозе канчатку -j, які пішацца пасьля канчатку назоўніка. Акрамя назоўнага склону існуе толькі вінавальны (akuzativo), які ўтвараецца пры дапамозе канчатку: -n (пішацца пасьля канчатку "-o" або "-oj"). Вінавальны (або прадметны) склон абазначае прамое дапаўненьне ці мэту, напрамак руху. Прыклад:
Адзіночны лік | Множны лік | |
Назоўны склон | amiko — сябар | amikoj — сябры |
Вінавальны склон | amikon — сябра | amikojn — сяброў |
Іншыя склоны перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў (гл. ніжэй).
Уласныя назоўнікі (што абазначаюць назвы, асобаў, імёны і т.п.) пішуцца зь вялікай літары. Найбольш вядомыя і пашыраныя імёны маюць свае адпаведнікі на эспэранта (Petro, Ŝekspiro, Varsovio, Dnepro). Астатнія альбо запісваюць пры дапамозе эспэранцкага альфабэту (эспэрантызуюць) з магчымым даданьнем канчатку назоўніка, альбо пакідаюць у арыгінальнай форме і пазначаюць прыкладнае вымаўленьне пры дапамозе эспэранцкіх літар:
Henrу Becque (Anri' Bek), mi vizitis Mazyr-on (я наведаў Мазыр).
Жаночыя імёны дапушчальна пісаць з канчаткам -a: Alona, Janka, Maria.
Канчатак -o можа быць заменены на апостраф ' . Пры гэтым колькасьць складоў скарачаецца, але націск у слове застаецца на той самай літары (то бок ужо не на перадапошнім, а на апошнім складзе). Гэта часта выкарыстоўваецца ў паэзіі, дзеля захаваньня рытму, рыфмы. Ho mia kor', ne batu maltrankvile (О, маё сэрца, ня біся трывожна)
Прыметнікі маюць канчатак -a. Яны зьмяняюцца па ліках (множны лік — канчатак -j), і склонах (вінавальны склон — канчатак -n). Прыметнік заўжды дапасуецца да адпаведнага назоўніка ў ліку і склоне, што робіць магчымым вольны парадак словаў у сказе (прыметнік можа быць перад назоўнікам, пасьля яго, ці нават на некаторай адлегласьці). Прыклад:
Адзіночны лік | Множны лік | |
Назоўны склон | infana doktoro — дзіцячы доктар | infanaj doktoroj — дзіцячыя дактары |
Вінавальны склон | infanan doktoron — дзіцячага доктара | infanajn doktorojn — дзіцячых дактароў |
Ступені параўнаньня прыметнікаў утвараюцца пры дапамозе службовых словаў.
Вышэйшaя cтупeнь: pli ... ol ... — больш ... чым ..., ці malpli ... ol ... — менш ... чым ...
Найвышэйшая ступень: la plej ... el ... — найбольш ... з ..., la malplej ... el ... — найменш ... з ...
Артыкль
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У эспэранта існуе адзін артыкль — азначальны артыкль la. Ён ужываецца перад назоўнікам (назоўным прыметнікам, займеньнікам), каб абазначыць, што гаворка ідзе пра ўжо вядомыя аб'екты ці пэрсоны. Літара a артыкля (як і канчатак назоўніка) можа быць заменена на апостраф ' — для мілагучнасьці або ў паэтычных творах.
Вытворныя прыслоўі маюць канчатак -e. Некаторыя зь іх, што абазначаюць месца, могуць прымаць канчатак вінавальнага склону -n і абазначаць напрамак. Прыслоўі могуць утварацца ад назоўнікаў, прыметнікаў, займеньнікаў, лічэбнікаў і інш. Прыклады:
bona — добры, bone — добра
vendredo — пятніца, vendrede — у пятніцу
unu — адзін, unue — па-першае
mi — я, mie — па-мойму
hejmo — дом, hejme — дома, hejmen — дадому, дахаты.
Невытворныя прыслоўі ня маюць характэрных канчаткаў і не зьмяняюцца. Прыклады:
ankoraŭ — яшчэ | jen — вocь |
almenaŭ — прынамсі | ĵus — толькі што |
apenaŭ — ледзь, толькі | morgaŭ — заўтра |
baldaŭ — хутка, неўзабаве | nun — цяпер, зараз |
eĉ — нават | preskaŭ — амаль |
for — прэч | plu — далей |
hieraŭ — учора | tre — вельмі |
hodiaŭ — сёньня | tro — надта |
jam — ужо | tuj — адразу, зараз жа |
Ступені параўнаньня прыслоўяў утвараюцца гэтаксама, як і прыметнікаў: пры дапамозе словаў (mal)pli, (mal)plej:
bone — добра, pli bone — лепш, plej bone — найлепш.
- Займеньнікі першай асобы: mi — я; ni — мы.
- Займеньнікі другой асобы: vi — ты, вы, Вы; ci — ты
- Займеньнік ci ўжываецца вельмі рэдка, каб падкрэсьліць інтымнасьць, фамільярнасьць ці зьнявагу. Займеньнік vi ўжываецца ўнівэрсальна і для адзіночнага і для множнага лікаў.
- Займеньнікі трэцяй асобы: ĝi — яно; li — ён; ŝi — яна; ili — яны.
- Займеньнік ĝi ўжываецца для замены неадушаўлёных назоўнікаў, а таксама і для тых адушаўлёных, якія не адлюстроўваюць полу асобы ці істоты (дзеці, жывёлы).
- Безасабовы займеньнік: oni — выкарыстоўваецца, калі не пазначана дзеючая асоба: oni diras, ke ... — гавораць, што ...
- Зваротны займеньнік: si — ужываецца ва ўскосных склонах: вінавальны sin — сябе; давальны al si — сабе, і гд.
- Прыналежныя займеньнікі ўтвараюцца пры дапамозе канчатку прыметнікаў -a: mia — мой, мая, маё, ilia — іхні. Яны зьмяняюцца па склонах, ліках і дапасуюцца да адпаведных назоўнікаў, як і прыметнікі: via libro — твая кніга, vian libron — тваю кнігу, viaj libroj — твае кнігі, viajn librojn — (бачу) твае кнігі.
- Прыналежны займеньнік sia выкарыстоўваецца толькі ў трэцяй асобе.
- Mi donas al vi mian libron — Я даю вам сваю (маю) кнігу
- Vi donas al mi vian libron — Вы даяце мне сваю (Вашу) кнігу
- Ni donas al vi nian libron — Мы даём вам сваю (нашу) кнігу
- Але:
- Li donas al mi sian libron — Ён дае мне сваю кнігу
- Li donas al mi lian libron — Ён дае мне яго (кагосьці іншага) кнігу
- Ili donas al mi sian libron — Яны даюць мне сваю кнігу
Усе згаданыя займеньнікі скланяюцца як назоўнікі, у вінавальным склоне пры дапамозе канчатку -n, іншыя склоны пры дапамозе прыназоўнікаў: min — мяне, al ŝi — ёй, per si — сабою.
Таблічныя займеньнікі і прыслоўі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У гэтай табэлі зьмешчаны займеньнікі і займеньнікавыя прыслоўі, якія ўжываюцца, каб задаваць і адказваць на пытаньні: "хто", "як", "дзе". Для лягчэйшага запамінаньня яны зьмешчаны ў табліцу:
Неазначальныя | Пытальныя | Указальныя | Зьбіральныя | Адмоўныя | |
---|---|---|---|---|---|
Асоба | iu нехта |
kiu хто |
tiu той |
ĉiu кожны |
neniu ніхто |
Рэч | io нешта |
kio што |
tio тое |
ĉio усё |
nenio нішто |
Якасьць | ia нейкі |
kia які |
tia такі |
ĉia усякі |
nenia ніякі |
Месца | ie недзе |
kie дзе |
tie там |
ĉie усюды |
nenie нідзе |
Напрамак | ien кудысьці |
kien куды |
tien туды |
ĉien паўсюль |
nenien нікуды |
Час | iam калісьці |
kiam калі |
tiam тады |
ĉiam заўсёды |
neniam ніколі |
Колькасьць | iom колькі-небудзь |
kiom колькі |
tiom столькі |
ĉiom колькі хочаш |
neniom нісколькі |
Чын | iel як-небудзь |
kiel як |
tiel так |
ĉiel усяк |
neniel ніяк |
Прычына | ial чамусьці |
kial чаму |
tial таму |
ĉial паўсяму |
nenial нічаму |
Прыналежнасьць | ies чыйсьці |
kies чый |
ties таго |
ĉies усіхны |
nenies нічый |
З гэтымі займеньнікамі ўжываюцца словы ajn для прыданьня большай неакрэсьленасьці, і :ĉi для абазначэньня большай блізасьці:
- ie ajn — дзе бы ні, kiu ajn — хто б ні
- tiu — той, tiu ĉi = ĉi tiu — гэты; tie — там, tie ĉi = ĉi tie — тут.
Займеньнікі з пытальнага слупка ужываюцца і як пытальныя і як адносныя:
- Kiu tie iras? = Хто там ідзе?
- Mi ne konas la homon, kiu tie iras. = Я ня ведаю чалавека, каторы там ідзе.
Пытальныя займеньнікі могуць граць ролю злучнікаў (conjunction):
- Kio estos tie? = Што там будзе?
- Mi ne scias, kio estos tie (, sed certas ke estos fajne). = Я ня ведаю, што там будзе (, але ўпэўнены, што будзе файна).
Займеньнікі і займеньнікавыя прыслоўі могуць спалучацца з прыназоўнікамі:
- de ĉie — адусюль, de tiam — з таго часу, al kiu — каму.
Таблічныя займеньнікі і прыслоўя, якія маюць канчаткі -u, -o, -a скланяюцца як назоўнікі і прыметнікі: у множны лік пазначаецца пры дапамозе -j, вінавальны склон -n.
Прыназоўнік — часьціна мовы, якая ставіцца перад часткаю сказа, каб паказваць яе ролю ў сказе. Частка сказу з прыназоўнікам можа граць ролю дапаўненьня дзеяслова або апісаньня іншай часткі сказу, у беларускай мове гэтыя функцыі акрамя прыназоўнікаў выконваюць яшчэ і склоны.
Пералік прыназоўнікаў эспэранта з тлумачэньнем іх значэньня і прыкладамі ўжываньня зьмешчаны ў артыкуле прыназоўнікі эспэранта.
Колькасныя лічэбнікі:
- 0 — nul
- 1 — unu
- 2 — du
- 3 — tri
- 4 — kvar
- 5 — kvin
- 6 — ses
- 7 — sep
- 8 — ok
- 9 — naŭ
- 10 — dek
- 100 — cent
- 1000 — mil
Астатнія ўтвараюцца пры дапамозе словаскладаньня:
- 11 — dek unu
- 12 — dek du
- 20 — dudek
- 32 — tridek du
- 512 — kvincent dek du
- 1024 — mil dudek kvar
- 65536 — sesdek kvin mil kvincent tridek ses
Колькасьць дзясяткаў і сотняў пішацца перад словамі dek і cent, і разам зь імі, націск у такой камбінацыі стаіць як і заўжды на перадапошнім складзе. Усё астатняе (тысячы, мільёны ігд) пішацца асобна.
Для перадачы больш вялікіх лікаў ужываюцца словы:
- 1.000.000 — miliono (6 нулёў)
- 1.000.000.000 — miliardo (9 нулёў)
- 1.000.000.000.000 — biliono (12 нулёў)
- 1.000.000.000.000.000.000 — triliono (18 нулёў)
Парадкавыя лічэбнікі фармуюцца з колькасных пры дапамозе канчатку прыметнікаў: -a, і зьмяняюцца па ліках і склонах, як прыметнікі:
La sepan tagon de la semajno Dio elektis, ke ĝi estu pli sankta, ol la ses unuaj tagoj. —
Сёмы дзень тыдня Гасподзь выбраў, каб той быў больш сьвяты за шэсьць першых дзён.
Складаныя парадкавыя лічэбнікі пішуцца праз дэфіс, разам або асобна:
dudek naŭa = dudeknaŭa = dudek-naŭa = 29-a.
Калі ў сказе побач ідуць парадкавы і колькасны лічэбнік, парадкавы трэба ставіць наперад, каб не было блытаніцы:
unuaj dek jaroj — першыя дзесяць гадоў.
dek unuaj jaroj — магчыма зразумець як: адзінаццатыя гады.
Дробавыя лічэбнікі ўтвараюцца пры дапамозе суфікса -on-:
duono — палова, tri kvaronoj — тры чвэрці, centono — адна сотая, адсотак.
У запісе дзесятковых дробаў цэлая частка аддзяляецца ад дробнай коскай (а кропкай часам падзяляюць вялікія лікі на часткі па 3 лічбы):
0,5 — nul komo kvin, 1,5 — unu komo kvin = unu kaj duono (паўтара).
Кратныя лічэбнікі ўтвараюцца пры дапамозе суфікса -obl-:
duobla — двайны, trioble — тройчы.
Зборныя лічэбнікі ўтвараюцца пры дапамозе суфікса -op-:
duope — удваіх, triopo — тройня.
Колькасныя лічэбнікі, якія ня ёсьць назоўнікамі, не зьмяняюцца па склонах і ліках, акрамя лічэбніка unu. Ён можа прымаць множны лік unuj — у значэньні «адны, некаторыя», і далей, у вінавальным склоне канчатак -n:
unuj estis kun la Judoj, kaj aliaj kun la apostoloj — адны былі на баку Юдэяў, а другія на баку апосталаў;
Kaj unujn, kiuj ŝanceliĝas, indulgu; — і да адных, якія вагаюцца, будзьце літасьцівыя.
Але форма *unun* зьяўляецца няправільнай, магчыма толькі unu:
Unu mi renkontis en Londono, alian en Parizo — Аднаго я сустрэў у Лёндане, другога ў Парыжы.
Назоўнікі і прыметнікі, зьвязаныя зь лічэбнікамі (акрамя unu), ставяцца ў множным ліку (з канчаткам -j):
unu domo — адзін дом, du domoj — два дамы, kvin domoj — пяць дамоў, dudek unu domoj — дваццаць адзін дом,
nul arboj (neniu arbo, neniuj arboj) — нуль дрэваў(ніводнае дрэва, ніводныя дрэвы).
Дзеясловы ў эспэранта не зьмяняюцца па ліках і па асобах.
- Інфінітыў, ці неазначальная форма дзеяслова мае канчатак -i: labori — працаваць.
- Умоўны лад мае канчатак -us: li laborus — ён працаваў бы.
- Загадны лад мае канчатак -u: laboru — працуй, працуйце; ŝi laboru — хай яна працуе; ni voĉdonu por ... — галасуйма за ...
- Мінулы час абвеснага ладу мае канчатак -is: ni laboris — мы працавалі.
- Цяперашні час абвеснага ладу мае канчатак -as: mi laboras — я працую.
- Будучы час абвеснага ладу мае канчатак -os: ĝi laboros — яно будзе працаваць.
Загадны лад ужываецца:
- у лозунгах: Vivu Bjelarusujo! — (Хай) Жыве Беларусь!
- у даданых сказах пасьля злучніка ke (каб), калі ў галоўным сказе выказваецца загад, пажаньне ці просьба: mi volas, ke vi matenmanĝu kun mi — я хачу, каб ты пасьнедаў з мною. (Але: li diris, ke vi matenmanĝis kun li — ён сказаў, што ты сьнедаў зь ім)
- пасьля злучніка por ke (каб, для таго каб): mi ŝlosis domon, por ke oni ne rabu nin — я замкнуў дом, каб нас не абрабавалі.
Ветлівая просьба утвараецца пры дапамозе слова bonvolu (калі ласка) і інфінітыву: bonvolu helpi min — калі ласка, дапаможы мне.
У беларускай мове дзеепрыметнікі бываюць незалежнага і залежнага стану. У эспэранта яны падзяляюцца на актыўныя (незалежны стан) і пасіўныя (залежны). Яны ўтвараюцца ад корня дзеяслова пры дапамозе суфіксаў (гл. табэлю) і канчатку прыметнікаў -a (таму скланяюцца як прыметнікі).
Актыўны | Пасіўны | |
---|---|---|
Мінулы | -int- | -it- |
Цяперашні | -ant- | -at- |
Будучы | -ont- | -ot- |
Прыклады:
- leganta — чытаючы, які зараз чытае
- leginta — чытаўшы, той хто чытаў
- legita — прачытаны, які ўжо прачыталі
- legota — які будуць чытаць (пазьней).
Дзеепрыслоўе ўтвараецца заменай канчатку прыметніка -a на канчатак прыслоўя -e:
- legante — чытаючы, падчас чытаньня
- leginte — прачытаўшы, пасьля таго як прачытаў
- dirite, farite — сказана, зроблена
Складаныя формы дзеясловаў складаюцца з службовага дзеяслова esti у адпаведным ладзе і часе плюс дзеепрыметнік. Яны ўжываюцца каб падкрэсьліць зьмену стану: заканчэньне ці пачатак.
- Mi estis leganta, kiam li venis — Я чытаў, у той час калі ён прыйшоў.
- Mi estis leginta, kiam li venis — Я (ужо) прачытаў, калі ён прыйшоў.
- Mi estis legonta, kiam li venis — Я зьбіраўся пачаць чытаць, калі ён прыйшоў.
- Mi estas leganta = mi legas — Я чытаю.
- Mi estas leginta — Я прачытаў (дакладней: я раней чытаў, а зараз — не).
- Mi estas legonta — Я зьбіраюся пачаць чытаць.
- Mi estos leganta, kiam li venos — Я буду чытаць, калі ён прыйдзе.
- Mi estos leginta, kiam li venos — Я ўжо закончу чытаць, калі ён прыйдзе.
- Mi estos legonta, kiam li venos — Я буду зьбірацца чытаць, калі ён прыйдзе.
Такія складаныя формы можна запісваць адным словам: mi estos leginta = mi legintos.
Часам ужываюцца неафіцыйныя суфіксы -unt- і -ut-: legunta homo — чалавек які б чытаў, leguta libro — кніга, якую б чыталі.
Словаўтварэньне — важная частка граматыкі любой мовы. У эспэранта словаўтварэньне грае надзвычай важную ролю. Каб зрабіць вывучэньне і ўжываньне мовы больш лёгкім, сьпіс базавых слоў у эспэранта — вельмі невялікі (у першай апублікаванай вэрсіі было ўсяго каля 900 слоў). Але просты і багаты мэханізм словаўтварэньня дае амаль неабмежаваныя магчымасьці стварэньня новых слоў. Словаўтварэньне ў эспэранта адбываецца шляхам пераходу слова ў іншыя часьціны мовы, словаскладаньнем, і пры дапамозе прыставак і суфіксаў.
Сынтакс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пры ўжываньні ў сказе адмоўнага займеньніка вara прыслоўя часьціца ne нe ўжывaeццa: Neniu volis morti — Ніхто не хацеў паміраць.