Перайсьці да зьместу

Морэснэт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Неафіцыйны сьцяг Морэснэту (1883)

Морэснэт (Морнэ) або Нэўтральны Морэснэт (Нэўтральнае Морнэ) — маленькая эўрапейская дзяржава плошчай каля 3,5 км², якая існавала ў 1816—1919 гадах. Была разьмешчаная за 7 км на паўднёвы-захад ад Аахэну, паўднёвей Ваалзэрбэргу, дзе цяпер перасякаюцца межы Нямеччыны, Бэльгіі і Нідэрляндаў.

Назва мае розныя вымаўленьні, паколькі сама па сабе яна — францускага паходжаньня, аднак насельніцтва дзяржавы прамаўляла яе ў адпаведнасьці зь нямецкімі або нідэрляндзкімі нормамі.

Па заканчэньні францускай акупацыі ў 1816 годзе Галяндыя і Прусія вырашылі не спрачацца з-за гэтага жмутка зямлі і зрабіць тут нэўтральную зону, якая спачатку кіравалася сумесна гэтымі дзяржавамі, а потым атрымала самакіраваньне. Сюды імкнуліся ўцекачы з розных краін, у Морэснэце не было паліцыі, насельніцтва лічылася асобамі без грамадзянства, затое ў тэрыторыі быў свой сьцяг і герб. І толькі пасьля Першай сусьветнай вайны, у 1919 годзе па Вэрсальскай дамове Нэўтральны Морэснэт адышоў да Бэльгіі.

Месцазнаходжаньне і навакольлі Нэўтральнага Морэснэту

Падчас Венскага кангрэсу 1815 году мапа Эўропы была значна перакроеная з тым, каб адказваць новай расстаноўцы палітычных сіл. Адной з новых межаў стала мяжа толькі што ўзьніклага Злучанага Каралеўства Нідэрляндаў і Прусіі. У большай частцы, два бакі пагадзіліся зь мяжой, паколькі яна амаль цалкам вынікала старым лініям, аднак каля Морэснэту лінія мяжы была спрэчнай. Паміж вёскамі Морэснэт і Новы Морэснэт была заснаваная каштоўная шахта па здабычы цынку: Віла Мантанье (фр.) / Альтэнбэрг (ням.). Абедзьве краіны жадалі ўлучыць гэты рэсурс у сваю тэрыторыю, і ў выніку ў 1816 годзе дайшлі да кампрамісу: уласна вёска Морэснэт стала галяндзкай тэрыторыяй; Новы Морэснэт стаў часткай Прусіі; а шахта і навакольная яе вёска Кэльміс (Ля Калямін) на некаторы час стануць нэўтральнай тэрыторыяй, якая адміністравалася абедзьвюма нацыямі.

Такім чынам, новая тэрыторыя мела прыкладна трохкутную форму мяжы. У падставе трыкутніка — галоўная дарога з Аахену ў Льеж (шахта разьмяшчалася як раз на поўнач ад гэтай дарогі). Ззаду яе дзьве прамыя лініі ішлі на поўнач, набліжаючыся адна да адной, пакуль не сустракаліся ў Ваалзэрбэргу. Калі Бэльгія ў 1830 годзе стала незалежнай ад Нідэрляндаў, галяндзкая частка перайшла пад бэльгійскі кантроль, і такім чынам Бэльгія атрымала статус суправіцеля Морэснэту (паміж іншым, Галяндыя ніколі не надавала належнай увагі кіраваньню Морэснэтам). Спачатку тэрыторыяй кіравалі два каралеўскія камісіянэры, па адным ад кожнага суседа, але пазьней Морэснэту быў падараваны сувэрэнітэт: два камісіянэры прызначалі мэра (кіраўнікі дзяржавы), і таксама існавала рада зь дзесяці чальцоў.

Уклад жыцьця ў Нэўтральным Морэснэце вызначаўся цынкавай шахтай як галоўным працадаўцам, які прыцягваў шматлікіх працоўных з суседніх краін, якія папаўнялі першапачатковае «нэўтральнае» насельніцтва, хоць агульнае насельніцтва Морэснэта ніколі не перавышала 3000. Быўшы нэўтральнай, тэрыторыя мела некалькі пераваг. У іх ліку былі нізкія падаткі, адсутнасьць падаткаў на імпарт з абедзьвюх суседніх краін і нізкія кошты параўнальна з замежнымі. Большасьць службаў, такіх як пошта, былі падзеленыя паміж Бэльгіяй і Прусіяй (на манер Андоры). Карэннае насельніцтва таксама мела магчымасьць выбіраць, да ўзброеных сіл і юрысдыкцыі якой з краін яны жадаюць прыналежаць.

Тым ня менш, фактычна Морэснэт ня меў статусу паўнавартаснай дзяржавы і ня меў уласных узброеных сіл.

Калі ў 1885 годзе шахта была вычарпаная, паўсталі сумневы ў працягу існаваньня Нэўтральнага Морэснэту. Былі прапанаваныя некалькі ідэяў па ўмацаваньні незалежнасьці Морэснэту, як то: казыно, незалежная паштовая служба з уласнымі маркамі, хоць гэтая апошняя ідэя была адпрэчаная мясцовым урадам. Найболей выдатная ініцыятыва зыходзіла ад д-ра Вільгельма Мольлі, які прапанаваў зрабіць Морэснэт першай у сьвеце эспэрантамоўнай дзяржавай пад назвай Amikejo («месца сяброўства»). Быў прапанаваны дзяржаўны гімн — аднайменны марш на эспэранта. Тым ня менш, час сканчаўся для малюсенькай тэрыторыі. Ні Бэльгія, ні Прусія ніколі не адмаўляліся ад першапачатковых прэтэнзіяў на тэрыторыю, і каля 1900 году Прусія ў прыватнасьці заняла больш агрэсіўнае становішча па стаўленьні да тэрыторыі і была абвінавачаная ў сабатажы і абструкцыі працэсу кіраваньня з тым, каб паскорыць прыняцьце рашэньня. У 1914 годзе падчас Першай сусьветнай вайны Нямеччына захапіла Бэльгію і ў 1915 годзе анэксавала Морэснэт. Нэўтральны Морэснэт перастаў быць нэўтральным.

Пасьляваенная Вэрсальская дамова 1919 году канчаткова вырашыла пытаньне «часавай нэўтральнасьці» Морэснэту, існавалы на працягу ста гадоў, і было вырашанае перадаць Нэўтральны Морэснэт Бэльгіі. Нямеччына на кароткі тэрмін рэанэксавала Морэснэт падчас Другой сусьветнай вайны, але ў 1944 годзе Морэснэт быў зноў вернуты Бэльгіі. Тэрыторыя дагэтуль існуе, у некаторым родзе, знаходзячыся пад кантролем муніцыпалітэта Кэльміса/Ля Калямін у Бэльгійскіх Усходніх Кантонах.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Морэснэтсховішча мультымэдыйных матэрыялаў