Іда (мова)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
І́да
Сьцяг І́да
Арыгінальная назва: Ido
Створаны: Люі дэ Бюфрон
Агульная колькасьць носьбітаў: бегла — каля 100—200
Тып пісьма: лацінскага
Моўныя коды
ISO 639-1: io
ISO 639-2: ido
ISO/DIS 639-3:
Гл. таксама:
Штучныя мовы

І́да (па-ангельску: Ido) — міжнародная, штучная (пабудаваная) мова. Яе ў 1907 стварыў Люі дэ Бюфрон як рэфармаваную вэрсію мовы эспэранта. Іда была выбрана «Дэлегацыяй для прыняцьця міжнароднай дапаможнай мовы» (Délégation pour l’adoption d’une langue auxiliare internationale) ў лістападзе 1907. Назва ўтворана ад эспэранцкага суфікса -id-, што азначае: нашчадак, дзіцё. Згодна міжнароднаму стандарту ISO 639 мова іда мае коды: 639-1 "io", 639-2 "ido".

Граматыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя зьмены ў параўнаньні з эспэранта:

  • Альфабэт іда — 26 лацінскіх літар, адсутнічаюць эспэранціскія літары з дыякрытычнымі знакамі ĉ, ĝ, ĥ, ĵ, ŝ, ŭ, але прысутнічаюць q, w, y, x. Пры гэтым у іда ўжываюцца дыграфы: ch = [ч], sh = [ш], qu = [кв]. Іншыя літары вымаўляюцца гэтаксама як у эспэранта, за выключэньнем: j = [ж/дж], w = [у/ў], x = [кс/гз], y = [й].
  • Націск у іда падае на галосную, якая стаіць перад апошняй зычнай у слове: гэта дае больш звыклае вымаўленьне некаторых словаў, у інфінітывах дзеясловаў націск — на апошні склад (konstruktAr).
[io] rAdio, famIlio, histOrio, revolUcio
[eo] radIo, familIo, historIo, revolucIo
  • Множны лік назоўнікаў утвараецца зьменай канчатка -o на -i (у эспэранта: напрыканцы дадаецца канчатак -j). Прыметнікі ў іда не зьмяняюцца па ліках:
[io] mea quaresma libera dii
[eo] miaj kvaraj liberaj tagoj
(усе мае чацьвертыя вольныя дні)
  • Ужываньне вінавальнага склону — не абавязковае. Канчатак -n ставіцца толькі пры зваротным парадку словаў:
[io] Kato manjas muso. Muson manjas kato.
[eo] Kato manĝas muson. Muson manĝas kato.
(кот ясі мыш)
  • Інфінітыў дзеясловаў мае тры формы: -ir, -ar, -or, адпаведна для мінулага, цяперашняга і будучага часу. У эспэранта — толькі адзін: -i.
  • Зьмены ў лексіцы. Некаторыя апрыёрныя, штучныя, або скажаныя словы заменены, каб даць больш натуралістычны, інтэрнацыянальны выгляд (= як у раманскіх мовах), зрабіць слова лягчэйшым для вымаўленьня, ці павялічыць розьніцу паміж падобнымі словамі пры вымаўленьні, або каб пазьбегнуць калізіі (калі корань з суфіксам супадае зь іншым корнем).
[eo] kio, tio, io, io ajn, nenio, ĉio — [io] quo, to, ulo, irgo, nulo, omno
[eo] mi, ni, vi — [io] me, ni, vu.
[eo] funkcio — [io] funciono, [eo] punkto — [io] punto.
  • У іда дадаліся шмат новых словаў: каб паменшыць ужываньне прыстаўкі mal- (якая ўтварае антонім) і каб паменшыць шматзначнасьць:
[eo] malvarma — [io] kolda, [eo] mallonga — [io] kurta
[eo] atendi — [io] vartar (чакаць) і expektar (спадзявацца)
[eo] mi povas fari tion — [io] me povas facar to (я магу зрабіць гэта, маю магчымаць, здольнасьць), me darfas facar to (я маю дазвол).
[eo] de — [io] da (творны склон, выканаўца дзеяньня), di (родны склон, прыналежнасьць), de (з, паходжаньне)
[eo] de Petro mi ricevis portreton de Paŭlo (faritan) de Rafaelo
[io] de Petro me recevis portreto di Paulo da Rafaelo
ад Пятра я атрымаў партрэт Паўла, створаны Рафаэлям
  • Памяньшэньне «сэксізму». У эспэранта назвы жывёлаў і людзей жаночага роду ўтвараюцца ад адпаведнай назвы мужчынскага роду пры дапамозе суфікса -in-. А ў іда такія словы абазначаюць чалавека ці жывёлу без удакладненьня пола, калі трэба пазначыць мужчынскі ці жаночы пол, ужываюцца асобныя суфіксы: -ul- і -in-, адпаведна.
  • Прыназоўнікі таксама маюць формы: мужчынскую, жаночую, сярэдную і агульную як для адзіночнага так і для множнага лікаў:
[io] il(u), el(u), ol(u), lu — ён, яна, яно, ён/яна/яно
[io] ili, eli, oli, li — яны (м.р.), яны (ж.р.), яны (с.р.), яны (неазначана)
  • У іда пашыраны набор суфіксаў і прыставак, пры гэтым кожны афікс больш дакладны, памяншаецца шматзначнасьць. Словаўтварэньне ў іда больш лягічнае, рэгулярнае, дазваляе дакладней выражаць розныя нюансы, але адначасова і больш строгае і абмежаванае — ня ўсе элемэнты магчыма вольна камбінаваць.

Гісторыя і сучасны стан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адразу пасьля зьяўленьня мовы іда шмат прыхільнікаў эспэранта перайшлі да іда. У асноўным гэта былі навукоўцы, лінгвісты. Было шмат тэарэтызаваньня, канчатковая форма мовы доўга не магла ўстаяцца. Пазьней значная колькасьць ідыстаў пачалі ствараць свае собскія моўныя праекты ці далучыліся да іншых. Іда-рух паступова згасаў і зараз амаль зьнік. Апошнім часам арганізуюцца міжнародныя іда-кангрэсы, якія зьбіраюць па некалькі дзясяткаў чалавек (для параўнаньня: на асноўны эспэранціскі кангрэс зьбіраюцца штогод па некалькі тысячаў чалавек).

Зьяўленьне мовы іда зрабіла значную шкоду на эспэранта рух, бо выклікала раскол і перацягнула да сябе пэўную частку эспэрантыстаў. Але былі і станоўчыя вынікі: як дзейны канкурэнт да эспэранта, іда дае прыклад іншых падыходаў да выбару словаў, словастварэньня, што спрыяла да разьвіцьця мовазнаўства, у асаблівасьці інтэрлінгвістыкі.

Былі і практычныя вынікі: некаторыя словы, суфіксы з іда былі запазычаны ў эспэранта. Суфікс -end- (= які павінны быць) нават прыняты як афіцыйны. Таксама складаныя формы дзеясловаў, як mi dormantis = mi estis dormanta, сталі ўжывацца па аналёгіі з падобнымі ў іда.

Прыклад тэксту на іда[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Patro nia (Ойча наш)

Patro nia, qua esas en la cielo,
tua nomo santigesez;
tua regno advenez;
tua volo facesez quale en la cielo
tale anke sur la tero.
Donez a ni cadie l'omnidiala pano,
e pardonez a ni nia ofensi,
quale anke ni pardonas a nia ofensanti,
e ne duktez ni aden la tento,
ma liberigez ni del malajo.
Amen.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]