Перайсьці да зьместу

Эльфійскія мовы (Міжзем’е)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Эльфі́йскія мовы ў Міжзе́м'і — мовы, створаныя Дж. Р. Р. Толкінам як мовы, на якіх размаўляюць эльфы ў выдуманым сусьвеце твораў Толкіна. Толкін быў філёлягам паводле прафэсіі і праз гэта правёў шмат часу над іх распрацоўкай. Эльфійскія мовы былі першымі мовамі, якія Толкін распрацаваў для сусьвету сваіх твораў; паводле словаў пісьменьніка, гэтыя мовы сталі адным з падмуркам для будучых твораў.

Разам з гэтымі мовамі Толкінам былі створаныя пісьмовасьці для гэтых моваў: сараці, тэнгвар і кірт.

Гісторыя стварэньня

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Стварэньне першае эльфійскае мовы Толкін распачаў у пэрыяд 19101911 гадоў падчас свайго навучаньня ў школе караля Эдўарда, Бірмінггэм. Пазьней праект гэтае мовы атрымаў назву Qenya. Ужо ў гэты пэрыяд пісьменьнік быў знаёмы з лацінай, грэцкай і гішпанскай мовамі, а таксама зь некалькімі сярэднявечнымі германскімі мовамі — гоцкай, старажытнаскандынаўскай і стараангельскай мовамі. У прыватнасьці, у гэты час Толкін распрацаваў адзін крыптаграфічны код і дзьве штучныя мовы. Аднак пазьней Толкін сутыкнуўся зь фінскай мовай, што надало яму вызначанае натхненьне. Паводле словаў Толкіна, ён «быццам бы знайшоў поўны вінны склеп, напоўнены бутэлькамі дзіўнага віна і смак якога ня быў мне вядомы раней. Гэта прывяло мяне нібы ў стан ап’яненьня»[1]. Толкін пачаў вывучаць фінскую мову з мэтай прачытаньня фінска-карэльскага эпасу Калевала. Паводле пісьменьніка, пры стварэньні мовы квэнья Толкін кіраваўся менавіта сваім досьведам вывучэньня фінскае мовы: напрыклад, у квэнья трапілі такія фанэтычныя рысы фінскай мовы як адсутнасьць клястэраў зычных у пачатку слова, адсутнасьць выбухных b, d, g (за выняткам спалучэньняў mb, nd, ng, ld, rd). Зь фінскае граматыкі ў квэнья патрапілі частае ўжываньне фіналяў -inen, -ainen, -oinen, канчаткі -sse, -nna, -llo; выражэньне прыналежнасьці шляхам суфіксаў і адсутнасьць роду[2].

Стварэньне мовы Толкінам перасьледавала ня толькі эстэтычныя цікаўнасьці, але й імкненьне стварэньня адпаведнай міталёгіі для легендарыюму ягоных твораў. На думку пісьменьніка, апрача стварэньня мовы было патрэбным яшчэ і апісаньне гісторыі яе носьбітаў, што стварыла б адпаведны фон для гісторыі эльфаў і іхных моваў[3].

Між тым, эльфійскія мовы зазналі шмат зьменаў у галінах спражэньня ды займеньнікаў. Эльфійская лексыка не падвергнулася значным зьменам, акрамя пэрыяду з 1910 па 1920 гады. Толкін захапляўся, у прыватнасьці, распрацоўкай этымалёгіі для сваіх штучных моваў.

У якасьці асноўных шляхоў для стварэньня штучных моваў Толкін з самога пачатку выкарыстоўваў параўнальна-гістарычную лінгвістыку і г.зв. дрэвавую мадэль. Так, напрыклад, спачатку пісьменьнік распрацоўваў фанэтычную сыстэму мовы, потым пачынаў працаваць над законамі яе гістарычнага зьмяненьня.

На пачатку 30-х гадоў ХХ ст. Толкін вырашыў, што паводле задумы легендарыюму твораў Толкіна протамовай (мовай-продкам) эльфаў мусіць стаць валарын — мова багоў Валару: паводле словаў пісьменьніка, эльфы атрымалі гэтую мову з Валару і паступова, цягам гісторыі, зьмянялі яе і ўзбагачалі ўласнымі інавацыямі[4]. На сваіх параўнальных табліцах Толкін здолеў апісаць фанэтычныя зьмены наступных моваў[5]: квэнья, ліндарын (дыялект квэнья), тэлерыну, старой нолдарын, нолдарын, ілкарын, данійскай, усходнеданійскай, таліска, заходняй лембэрын, паўночнай лембэрын і ўсходняй лембэрын.

За сваё жыцьцё Толкін не спыняў экспэрымэнты над сваімі штучнымі мовамі, яны цярпелі шмат зьменаў і некаторыя з моваў мелі розныя граматычныя лады ў розных пэрыядах іх стварэньня. Аднак пасьля выхаду Ўладару Пярсьцёнкаў у 19541955 гадох граматычны лад найгалоўных эльфійскіх моваў (сындарын, тэлерын, квэнья) зьмяніўся невялікім чынам.

Публікацыя ў лінгвістычных выданьнях

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Два часопісы, Vinyar Tengwar (ад выпуску 39 ў ліпені 1998 року) і Parma Eldalamberon (ад нумару 11, 1995 год) прысьвячалі свае нумары рэдакцыі й публікацыі неапублікаваных лінгвістычных працаў Дж. Р. Р. Толкіна — амаль штогод публікуюцца новыя словы з эльфійскіх моваў і граматычныя правілы. Між тым, доступ да неапублікаваных працаў абмежаваны і рэдактары яшчэ не публікуюць працы, над якімі яны яшчэ працягваюць сваю працу.

Гісторыя ў легендарыюме

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Паводле легендарыюму твораў Дж. Р. Р. Толкіна, эльфійскія мовы ўтвараюць зь сябе моўную сям’ю, якая складаецца зь некалькіх роднасных моваў, а таксама іх дыялектаў. Паводле Толкіна ўсе яны маюць наступнае храналягічнае паходжаньне:

  • Квэндэрын — протамова эльфаў, якая пачала разьвівацца ў Куівіенэне. Усе мовы эльфійскае моўнае сям’і лічацца нашчадкамі гэтае мовы (протамова звычайна дае пачатак некалькім роднасным мовам). Разам з гэтым, Толкін падзяліў эльфійскія мовы на дзьве галіны[6], кожная зь якой запачаткаваная дзьвюма эльфійскімі мовамі:
    • Аварын — мова другога й трэцяга клянаў эльфаў, якія адмовіліся сысьці ў Валінар.
      • Разьвіліся ў ня менш як шэсьць роднасных моваў.
    • Агульны элдарын — мова эпохі трох клянаў Элдару падчас вялікае выправы на Валінар. Эвалюцыянавала ў:
      • Квэнья — мова эльфаў Аману. Мае два дыялекты:
        • Ваньярынскі — мова першага кляну эльфаў.
        • Нолдарынскі — мова эльфаў другога кляну.
      • Тэлерын — мова эльфаў трэцяга кляну.
      • Нандарын — мова Нандару, часткі трэцяга кляну эльфаў.
        • Разьвілася ў некалькі нандарынскіх моваў.
      • Сындарын — мова Сындару, адной з частак трэцяга кляну эльфаў, якая жыла ў Бэлерыяндзе. Мае наступныя дыялекты:
        • Дарыятрын
        • Фалатрын
        • Паўночны
        • Нолдарынскі дыялекты.

Датычна эльфійскіх моваў выкарыстоўваецца шэраг дыякрытычных знакаў. Сярод іх адзначаюцца акут (á, é, í, ó, ú) і цыркумфлекс (â, ê, î, ô, û, ŷ), якімі пазначаецца даўжыня галоснага гуку. Таксама адзначаецца й знак макрон (гарызантальная рыса над літарай), якую Толкін выкарыстоўваў для пазначэньня доўгіх галосных у агульным элдарыне. Знак умляўту (ä, ë, ö) пазначае асобнае вымаўленьне кароткага галоснага гуку і адсутнасьць дыфтонгу (напрыклад, словы Ainulindalë і Eärendil, дзе літары з умляўтам пазначаюць асобны гук).

Ніжэй прыведзены прыклад храналягічнага зьмяненьня эльфійскае моўнае сям’і на прыкладзе слова kwendī («народ», пазьнейшае значэньне — «эльфы») у мовах розных пэрыядаў[7]:

Пэрыяд Мовы
Абуджэньне Квэндэрын
Мова ўсіх эльфаў у Куйвіенэне
kwendī
Заходняя выправа Квэнья
Ваньяр і нолдар
Quendi
Агульны элдарын
Мова эльфаў у пэрыяд г.зв. выправы
Kwendī
Аварын
Мова эльфаў, якія засталіся ля Куйвіенэну, потым расьсяліўшыся па ўсім Міжзем’і (праз што мова распалася на некалькі новых)

Kindi, Cuind, Hwenti, Windan, Kinn-lai

Першая эпоха Сонца Тэлерын
Мова кляну тэлеры Pendi
Сындарын
Эльфы трэцяга кляну ў Бэлерыяндзе не выкарыстоўвалі гэты панятак навогул[8]. Гэты панятак выкарыстоўваўся толькі ў дыялекце нолдар і гучаў на ім як
Penedh, мн. лік. Penidh[9]
Нандарын
Мова эльфаў Асырыянду: адз. лік: Cwenda[9]
   
Мова лясных эльфаў[10]
Penni
 

Вымаўленьне ў сындарын і квэнья

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Сындарын і квэнья маюць вельмі блізкія фанэтычныя лады. Ніжэй прыведзеныя прыклады галосных гукаў, якія пазначаюцца літарамі або іх спалучэньнямі (паводле IPA). С — сындарын, К — квэнья.

Літара (або дыграф) Вымаўленьне
a [ɑ]
á [ɑˑ]
â [ɑː]
ae [ɑɛ̯]
ai [ɑɪ̯]
au [ɑʊ̯]
aw [ɑʊ̯]
e [ɛ]
é С: [ɛˑ], К: [eˑ]
ê [ɛː]
ei [ɛɪ̯]
eu [ɛʊ̯]
i [i]
í [iˑ]
î [iː]
iu [iʊ̯]
o [ɔ]
ó С: [ɔˑ], К: [oˑ]
ô [ɔː]
oi [ɔɪ̯]
oe [ɔɛ̯]
œ [œ]
u [u]
ú [uˑ]
û [uː]
y [y]
ý [yˑ]
ŷ [yː]
  • Зычныя:
    • У адрозьненьне ад моваў Заходняй Эўропы і, у прыватнасьці, ангельскай (мова арыгіналу твораў Толкіна) літара c пазначае гук [k] нават у пазыцыі перад літарамі i, e;
    • Літара ɡ заўсёды пазначае гук [ɡ];
    • r заўсёды пазначае альвэалярны дрыжачы [r] (а не ангельскае [ɾ]), які аналягічны беларускаму р;
    • Дыграф dh пазначае гук [ð] (як «th» у ангельскім this);
    • Дыграф ch пазначае не ангельскае [*t͡ʃ], а гук [x] (як «ch» у нямецкім ach);
    • Дыграфам lh пазначаецца асаблівы гук [ɬ], які можна спаткаць у валійскай мове.

Большасьць узораў эльфійскіх моваў для зручнасьці запісваліся лацінскім альфабэтам (гл. вышэй), аднак у легендарыюме твораў Толкіна эльфійскія мовы запісваліся разнастайнымі ўласнымі пісьмовасьцямі. Найвядомай з такіх пісьмовасьцяў зьяўляецца тэнгвар Фэанору, аднак першай з гэтых пісьмовасьцяў зьяўляецца тэнгвар Румілу, створаны Толкінам у 1919 годзе.

Сьпіс вядомых пісьмовасьцяў, распрацаваных Толкінам (у храналягічным парадку):

  • Тэнгвар Румілу (таксама вядомая як сараці)
  • Руны Гондаліну
  • пісьмовасьць Валмару
  • Андыёквэнья
  • Квэньінская
  • Тэнгвар Фэанору
  • Кірт.

Паводле легендарыюму Толкіна, першай пісьмовасьцю, выкарыстанай эльфамі для запісу Квэнья, сталася г.зв. сараці. Сындарын упершыню стаў запісвацца пісьмовасьцю кірт. У прыватнасьці, рунічныя надпісы выгравіраваныя на мячы Арагорна.

Глядзіце таксама

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. Ліст №214 лістоў Толкіна.
  2. Зь ліста Ў. Мэт’юсу, які датуецца сярэдзінай чэрвеня 1964 году. Апублікаваны ў Parma Eldalamberon 17, ст. 135.
  3. Tolkien, J. R. R. The Lord of the Rings „Foreword to the Second Edition”.
  4. J.R.R. Tolkien. Lambion Ontale: Descent of Tongues. — Tengwesta Qenderinwa 1. — Parma Eldalamberon 18. — С. 23.
  5. Parma Eldalamberon, 19, ст. 18-28
  6. J.R.R. Tolkien, «Tengwesta Qenderinwa», Parma Eldalamberon 18, p. 72.
  7. J.R.R. Tolkien, «Quendi and Eldar», The War of the Jewels, pp. 372—377.
  8. J.R.R. Tolkien, «Quendi and Eldar», The War of the Jewels, p. 376
  9. 1 2 J.R.R. Tolkien, «The Etymologies», The Lost Road, p. 366.
  10. Паходжаньне гэтае мовы зьяўляецца невядомым. Сьцьвярджаецца, што мова лясных эльфаў мела аварынскае або нандарынскае паходжаньне. Між тым, самі лясныя эльфы культурна спалучалі рысы як авары, так і нандару й сындару.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]