Перайсьці да зьместу

Linux

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «GNU/Linux»)
Linux
Сымбалі Linux і GNU
Працоўны стол KDE Plasma 5
Працоўны стол KDE
Распрацоўнік
Шматлікія распрацоўнікі па ўсім сьвеце
Выпускі
Сямейства АС UNIX-падобныя (POSIX-сумяшчальныя)
Першы выпуск 1991
Апошні стабільны рэліз [+/−]
Тэставая вэрсія linux-next: next-20160215 / 15 лютага 2016 г.; 8 гадоў таму[1]
Мовы праграмаваньня C, мова асэмблера, Rust
Тып ядра маналітнае ядро з падтрымкай падгружальных модуляў ядра
Ліцэнзія У асноўным GNU GPL version 2
Бягучы стан
Актуальна
Афіцыйны сымбаль Linux — Tux, вясёлы пінгвін

Linux (GNU/Linux, бел. ГНУ/Лі́накс або ГНУ/Лі́нукс) — вольная UNIX-падобная апэрацыйная сыстэма, заснаваная на сыстэмных праграмах, распрацаваных у рамках праекту GNU, і на ядры Linux. Усе крынічныя коды апэрацыйнай сыстэмы цалкам адкрытыя для выкарыстаньня, мадыфікацыяў і распаўсюджаньня.

Першапачаткова Linux распрацоўваўся і выкарыстоўваўся асобнымі аматарамі на сваіх пэрсанальных кампутарах. Але цяпер Linux падтрымліваюць такія вялікія карпарацыі, як IBM, Hewlett-Packard і Novell, а таксама гэтую АС эфэктыўна выкарыстоўваюць у сэрвэрнай сфэры і, апошнім часам, як настольную апэрацыйную сыстэму. Linux выкарыстоўваюць і ў супэркампутарах, і ў мабільных тэлефонах. Аналітыкі лічаць асноўнымі прычынамі посьпеху гэтай апэрацыйнай сыстэмы яе бясьпеку, нізкі кошт, свабоду выкарыстаньня і распаўсюджваньня.

Да апэрацыйнай сыстэмы GNU/Linux таксама часта адносяць праграмы, якія дапаўняюць гэтую апэрацыйную сыстэму, і дастасоўныя праграмы, што робіць яе паўнавартасным шматфункцыянальным апэрацыйным асяродзьдзем.

У адрозьненьне ад большасьці іншых апэрацыйных сыстэмаў, Linux ня мае адзінае «афіцыйнае» камплектацыі. Замест гэтага Linux пастаўляецца ў вялікай колькасьці так званых дыстрыбутываў, у якіх праграмы GNU аб’ядноўваюцца зь ядром Linux і іншымі праграмамі. Найбольш вядомымі дыстрыбутывамі Linux зьяўляюцца адзін з самых старых дыстрыбутываў Slackware, амэрыканская Red Hat Linux і яе нашчадак Fedora, нямецкая SuSE, міжнародны дыстрыбутыў Debian, параўнальна малады Gentoo, які актыўна разьвіваецца, дыстрыбутыў Ubuntu і яе вэрсія Kubuntu, які выкарыстоўвае абалонку KDE замест GNOME. Паводле некаторых крыніц, папулярныя таксама дыстрыбутывы Arch Linux, CentOS, mageia, Linux Mint ды PCLinuxOS[2].

У 1983 годзе Рычард Столман заснаваў Праект GNU, мэтай якога было стварэньне паўнавартаснай UNIX-падобнай апэрацыйнай сыстэмы, якая б зьяўлялася да таго ж свабоднай. У пачатку 1990-х гадоў праект GNU ўжо меў амаль усе неабходныя складнікі гэтай сыстэмы — бібліятэкі, кампілятары, тэкставыя рэдактары, UNIX-падобную абалонку каманднага радка — акрамя галоўнага, ядра. Праект GNU пачаў распрацоўку ядра Hurd у 1990, заснаванага на мікраядры Mach, але распрацоўка гэтай канцэпцыі цягнулася вельмі марудна.

Лінус Торвальдс, стваральнік ядра Linux

Тым часам, у 1991 годзе, студэнт Хэльсынскага унівэрсытэту Лінус Торвальдс пачаў напісаньне іншага ядра. Спачатку гэта быў аматарскі праект. Торвальдс на той час карыстаўся АС Minix, спрошчанай UNIX-падобнай сыстэмай, напісанай Эндру Танэнбаўмам у навуковых мэтах. Аднак Танэнбаўм не дазваляў іншым людзям зьмяняць сваю апэрацыйную сыстэму, і менавіта гэты факт прымусіў Торвальдса пачаць напісаньне свайго ядра.

Спачатку Лінус назваў сваё ядро «Freax». Назву ж «Linux» прыдумаў Ары Лемке (анг. Ari Lemmke, адміністратар сэрвэра FTP, на якім разьмяшчаліся першыя вэрсіі ядра; ён даў гэты назоў тэчцы, зь якой упершыню можна было сьцягнуць файлы гэтага ядра.

Першапачаткова для настаўленьня і ўстанаўленьня Linux быў неабходны кампутар, які працаваў бы на Minix. Да таго ж, першыя вэрсіі Linux не маглі загружацца з цьвёрдага дыску самастойна, без дапамогі іншай АС, аднак пазьней былі напісаныя адмысловыя праграмы стартаваньня Linux. Сыстэма Linux хутка пераўзышла Minix па функцыянальнасьці; Торвальдс і іншыя першыя распрацоўнікі ядра Linux адаптавалі яго для працы з кампанэнтамі GNU, каб стварыць закончаную поўнафункцыянальную свабодную апэрацыйную сыстэму.

У наш час Торвальдс працягвае кіраваць распрацоўкай ядра Linux, у той жа час іншыя складнікі апэрацыйнай сыстэмы — кампанэнты GNU — зьяўляюцца асобнымі праектамі і распрацоўваюцца іншымі людзьмі (распрацоўка ядра Linux не зьяўляецца часткай Праекту GNU). Адмысловыя групы карыстальнікаў і камэрцыйныя кампаніі аб’ядноўваюць усе неабходныя складнікі апэрацыйнай сыстэмы Linux і дастасоўныя праграмы ў дыстрыбутывы.

Апаратныя плятформы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ядро Linux першапачаткова працавала толькі на мікрапрацэсарах Intel 80386, але цяпер яно падтрымлівае шэраг апаратных архітэктур. Linux — адна з самых пераносных апэрацыйных сыстэмаў, якая можа выконвацца і на кішэнных кампутарах на базе ARM-працэсараў, iPAQ, і на мэйнфрэймах IBM System z9. Адмысловыя дыстрыбутывы існуюць нават для рэдкіх апаратных плятформаў.

Правы капіяваньня, ліцэнзія, гандлёвая марка Linux

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ядро Linux і большасьць праграмаў GNU распаўсюджваюцца на ўмовах ліцэнзіі GPL. Ліцэнзія GPL дазваляе зьмяняць праграму як заўгодна з той толькі ўмовай, што атрыманы зьменены прадукт будзе таксама распаўсюджвацца на ўмовах гэтай ліцэнзіі. У 1997 годзе, Лінус Торвальдс сказаў, што «тое, што я пачаў распаўсюджваць Linux пад ліцэнзіяй GPL, стала адной зь лепшых рэчаў, якія я калі-небудзь рабіў». Аднак некаторыя важныя складнікі апэрацыйнай сыстэмы Linux ужываюць іншыя ліцэнзіі; шматлікія бібліятэкі карыстаюцца ліцэнзіяй LGPL, менш патрабавальнай вэрсіяй GPL, а сыстэма вокнаў X ужывае ліцэнзію MIT.

У ЗША назва Linux зьяўляецца гандлёвай маркай, зарэгістраванай на імя Лінуса Торвальдса.

У 1992 годзе Л. Торвальдс патлумачыў, як вымаўляецца слова Linux. З улікам беларускай фанэтыкі яго трэба вымаўляць як «лі́нукс»[3].

Мэтай Праекту GNU ёсьць напісаньне UNIX-падобнай апэрацыйнай сыстэмы, якая б цалкам складалася са свабодных праграмаў. Большасьць дыстрыбутываў Linux засноўваецца на свабодных праграмах, напісаных у межах праекту GNU. Фонд Свабодных Праграм разглядае гэтыя дыстрыбутывы як «варыянты» сыстэмы GNU і патрабуе называць такія апэрацыйныя сыстэмы GNU/Linux ці сыстэма GNU на аснове Linux. Хаця некаторыя дыстрыбутывы пагадзіліся з такой назвай, але большасьць дыстрыбутываў не зьмяшчаюць літары «GNU» ў сваіх назвах. Лінус Торвальдс назваў патрабаваньне называць Linux-сыстэмы словаспалучэньнем-абрэвіятурай GNU/Linux «бязглузьдзіцай».

У сакавіку 2003 году, SCO Group пачала судовую справу супраць IBM, абвінаваціўшы карпарацыю IBM у выдачы абароненага аўтарскім правам праграмнага коду SCO праекту распрацоўкі ядра Linux, што забаронена ліцэнзіяй на выкарыстаньне UNIX, якую дала SCO Group карпарацыі IBM. Прадстаўнікі SCO Group адправілі лісты ў шматлікія кампаніі, пагражаючы ім судовымі справамі за далейшае (незаконнае, на іх думку) выкарыстаньне ядра Linux. Аднак гэтыя карпарацыі аб’ядналі свае высілкі і, са свайго боку, таксама распачалі судовыя справы супраць SCO Group. Гэта былі такія карпарацыі як DaimlerChrysler (справа закрытая ў 2004), AutoZone, Red Hat і іншыя. Больш таго, пад пытаньнем цяпер і правы SCO Group: карпарацыя Novell распачала судовую справу, аспрэчваючы правы SCO Group на гандлёвую марку UNIX.

Дагэтуль (2006) Група SCO не перадала ў судовыя інстанцыі ніводнага доказу парушэньня заканадаўства з боку IBM і іншых абвінавачаных карпарацыяў.

Апэрацыйная сыстэма Linux вельмі хутка распрацоўваецца энтузіястамі з усяго сьвету. У 2001 годзе было праведзенае дасьледаваньне праграмнага коду апэрацыйнай сыстэмы Red Hat Linux 7.1. Яно паказала, што каля 71% праграмнага коду гэтай апэрацыйнай сыстэмы напісана на C, але таксама выкарыстоўваліся іншыя мовы: C++, Lisp, Perl, Python, Ruby і г. д.

У адрозьненьне ад Microsoft Windows, Mac OS (OS X) ды камэрцыйных UNIX-падобных сыстэмаў, Linux ня мае геаграфічнага цэнтру распрацоўкі. Няма і арганізацыі, якая валодала бы гэтай сыстэмай; няма нават адзінага каардынацыйнага цэнтру. Праграмы для Linux — вынік працы тысячаў праектаў. Некаторыя з гэтых праектаў цэнтралізаваныя, некаторыя каардынуюцца фірмамі, але большасьць аб’ядноўваюць праграмістаў па ўсім сьвеце, знаёмых толькі па перапісцы. Стварыць свой праект або далучыцца да праекту, які ўжо існуе, можа любы і, у выпадку посьпеху, вынікі працы стануць вядомыя мільёнам карыстальнікаў. Карыстальнікі прымаюць удзел у тэставаньні вольных праграмаў, маюць зносіны з распрацоўнікамі напроста, што дазваляе хутка знаходзіць і выпраўляць памылкі і рэалізоўваць новыя магчымасьці.

Менавіта такая гнуткая і дынамічная сыстэма распрацоўкі, немагчымая для праектаў з зачыненым кодам, вызначае выключную эканамічную эфэктыўнасьць Linux. Нізкі кошт вольных распрацовак, адладжаныя мэханізмы тэставаньня і распаўсюджваньня, прыцягненьне людзей з розных краінаў, якія валодаюць розным бачаньнем праблемаў, абарона кода ліцэнзіяй GPL — усё гэта паспрыяла посьпеху вольных праграмаў[4].

Вядома, такая высокая эфэктыўнасьць распрацоўкі не магла не зацікавіць буйныя фірмы, якія сталі адчыняць свае праекты. Так зьявіліся Mozilla кампаніі (Netscape, AOL), OpenOffice.org кампаніі (Sun Microsystems), вольны клён Interbase кампаніі (Borland) — Firebird, SAP DB. IBM спрыяла пераносу Linux на свае мэйнфрэймы.

Зь іншага боку, адчынены код значна зьніжае сабекошт распрацоўкі зачыненых сыстэмаў для Linux і дазваляе зьнізіць кошт рашэньня для карыстальніка. Вось чаму Linux стала плятформаю, якую часта рэкамэндуюць для такіх прадуктаў, як Oracle Database, DB2, Informix, SyBase, SAP R3, Domino.

Супольнасьць Linux падтрымлівае сувязь пасродкам групаў карыстальнікаў Linux.

Праграмнае асяродзьдзе

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Gentoo Linux, KDE

Гістарычна Linux выкарыстоўваўся як сэрвэрная апэрацыйная сыстэма, але яе нізкі кошт, пераноснасьць і магутнасьць UNIX дапамаглі пашырыцца гэтай АС і на іншыя, раней неўласьцівыя ёй задачы. Linux зьяўляецца адным з галоўных складнікаў канцэпцыі папулярнай сэрвэрнай плятформы «LAMP» (Linux, Apache, MySQL, Perl/PHP/Python).

Дзякуючы нізкаму кошту і высокаму ўзроўню пераноснасьці Linux часта выкарыстоўваюць у якасьці базавай плятформы для ўбудаваных сыстэмаў, напрыклад, тэлебачаньня, мабільных тэлефонаў, кішэнных кампутараў. Linux зьяўляецца галоўным канкурэнтам Symbian OS у сфэры мабільнай тэлефаніі, а таксама спрабуе заняць сваё пачэснае месца на рынку апэрацыйных сыстэмаў для кішэнных кампутараў, ствараючы альтэрнатыву Windows CE і Palm OS.

Linux таксама шырока выкарыстоўваецца для стварэньня прадуктаў абслугоўваньня сетак (брандмаўэр, роўтар) з-за яе нізкага кошту і стабільнасьці працы.

Linux зьяўляецца самай распаўсюджанай апэрацыйнай сыстэмай для супэркампутараў. У лістападзе 2005 году ў сьпісе наймагутнейшых супэркампутараў сьвету TOP500 два найхутчэйшыя супэркампутары сьвету працавалі на базе Linux. З 500 сыстэмаў гэтага сьпісу, 371 (74,2%) выкарыстоўвалі розныя вэрсіі Linux, у тым ліку сем зь дзесяці найлепшых супэркампутараў.

«Соні» ўжо пастаўляла праграмны збор Linux, які кожны ўладальнік Sony Playstation 2 мог устанавіць на сваю кансоль. Распрацоўнікі гульняў, напрыклад, Atari і id Software, апошнім часам пачалі выпускаць вэрсіі сваіх вядомых гульняў пад АС Linux.

Linux выкарыстоўваецца ў якасьці аднаго са складнікаў дыстрыбутываў Linux. Дыстрыбутывы Linux ствараюцца кампутарнымі аматарамі, закрытымі супольнасьцямі, камэрцыйнымі і грамадзкімі арганізацыямі па ўсім сьвеце. У склад дыстрыбутыву акрамя ядра Linux дадаюць сыстэмныя і дастасоўныя праграмы, сыстэму ўстаноўкі, інтэграваную сыстэму кіраваньня ўстаноўленымі праграмамі і іншае. Дыстрыбутывы ствараюць з абсалютна рознымі мэтамі: падтрымка адмысловай кампутарнай архітэктуры, лякалізацыя праграм, падтрымка праграмаў рэальнага часу выкананьня, для ўбудаваных сыстэмаў і іншага. Шмат дыстрыбутываў ня ўтрымліваюць несвабодных кампанэнтаў, якія могуць замінаць свабоднаму распаўсюджваньню і выкарыстаньню праграмаў.

Тыповы дыстрыбутыў агульнага прызначэньня ўключае:

  1. ядро Linux;
  2. бібліятэкі і службовыя праграмы праекта GNU;
  3. абалонкі каманднага радка;
  4. сыстэму вокнаў X;
  5. адзін ці некалькі кіраўнікоў вокнаў (KDE, GNOME, Xfce і інш.);
  6. тысячы іншых праграмных прадуктаў: офісныя праграмы, кампілятары, тэкставыя рэдактары, навуковыя праграмы і інш.

Большасьць карыстальнікаў для ўсталёўкі Linux выкарыстоўваюць дыстрыбутываў. Дыстрыбутыў — гэта ня проста набор праграмаў, а шэраг рашэньняў для розных задачаў карыстальнікаў, аб’яднаных адзінымі сыстэмамі ўсталёўкі, кіраваньня і абнаўленьня пакетаў, а таксама наладаў і падтрымкі.

Апроч пералічаных, існуе мноства іншых дыстрыбутываў, частка зь якіх базуецца на пералічаных, частка створаных з нуля і часьцяком прызначаных для выкананьня абмежаванай колькасьці задачаў (напрыклад, Scientific Linux). Кожны дыстрыбутыў мае сваю канцэпцыю, свой набор пакетаў, свае перавагі і недахопы. Ні адзін дыстыбутыў ня можа задаволіць усіх карыстальнікаў, а таму побач зь лідэрамі пасьпяхова існуюць іншыя фірмы і суполкі праграмістаў, якія прапануюць свае рашэньні, свае дыстрыбутывы, свае паслугі. Раней была вядомая француская Mandriva (ранейшая назва Mandrake). Існуе мноства LiveCD, якія дазваляюць запускаць Linux непасрэдна з кампакт-дыска, без усталёўкі на цьвёрды дыск. Адным з найбольш папулярных LiveCD зьяўляецца Knoppix.

Для тых, хто жадае дасканала разабрацца з Linux, падыдзе любы з дыстрыбутываў, аднак даволі часта для гэтае мэты выкарыстоўваюцца так званыя source-based дыстрыбутывы, якія прадугледжваюць самастойную зборку ўсіх (або часткі) кампанэнтаў з зыходных кодаў, такія як LFS, Gentoo Linux або CRUX.

На пэрсанальным кампутары

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ubuntu, GNOME

Высокі ўзровень доступу да ўнутраных мэханізмаў працы Linux паспрыяў стварэньню міту пра тэхнічную арыентацыю Linux у параўнаньні зь яго канкурэнтамі на пэрсанальных кампутарах. Linux і іншыя свабодныя праграмы часта крытыкуюць за цяжкасьці выкарыстаньня гэтых праграмаў.

Аднак у апошнія гады сытуацыя карэнна зьмянілася. Цяпер Linux можна лёгка карыстацца, ня ведаючы спэцыфіку ўнутраных працэсаў гэтай апэрацыйнай сыстэмы, дзякуючы графічнаму інтэрфэйсу карыстальніка, падобнаму на інтэрфэйсы іншых апэрацыйных сыстэмаў. Хаця ў некаторых сфэрах для Linux яшчэ ня створаныя паўнавартасныя аналягі спэцыялізаваных праграмаў зь іншых апэрацыйных сыстэмаў (гульні, мадэляваньне), аднак большасьць неабходных кожнаму карыстальніку праграм ужо напісана і эфэктыўна выкарыстоўваецца. Да таго ж, шмат карпарацыяў абвесьцілі пра падтрымку Linux у наступных вэрсіях сваіх праграмных прадуктаў (Opera пачынаючы з вэрсіі 26, Autodesk, MathWorks, Wolfram Research, Waterloo Maple). Усё гэта дазваляе зрабіць выснову, што Linux ужо амаль гатовы для паўсюднага выкарыстаньня і на пэрсанальных кампутарах.

Хаця для Linux існуе шмат праграмаў для наладкі сыстэмы, панэляў кіраваньня і іншага (напрыклад, CompizConfig, sugar-settings-manager, Xfce settings), але дагэтуль вельмі актыўна падтрымліваюцца магчымасьці наладкі сыстэмы шляхам рэдагаваньня адпаведных тэкставых файлаў настаўленьня.

Згодна з дасьледаваньнямі рынку, якія правяла кампанія IDC, 25% сэрвэраў і 2,8% настольных кампутараў працуюць пад кіраваньнем Linux (2004). Рынак Linux хутка павялічваецца, а таму прагназуецца, што ў 2008 годзе рынак напісаньня і абслугоўваньня праграмных прадуктаў для Linux дасягне $35,7 млрд[5].

Самы распаўсюджаны мэтад устаноўкі Linux на пэрсанальны кампутар — устаноўка з кампакт-дыску. Звычайна вобразы такіх дыскаў можна свабодна сьцягнуць зь сеціва і запісаць на свой носьбіт.

Некаторыя вытворцы кампутарнай тэхнікі пастаўляюць на рынак кампутары з ужо ўстаноўленай і наладжанай АС Linux. Сярод такіх вытворцаў можна выдзяліць Hewlett-Packard, Dell, Asus і Acer Inc.

Альтэрнатывай устаноўкі стандартнай настольнай апэрацыйнай сысэтмы зьяўляецца магчымасьць устаноўкі на кампутары тонкага кліента. Гэты мэтад дазваляе загрузку апэрацыйнай сыстэмы з аднаго зь сеткавых кампутараў. Такая загрузка зьмяншае каштарыс аднаго кампутарызаванага працоўнага месца.

Таксама даволі распаўсюджаная практыка загрузкі паўнавартаснай і гатовай для выкарыстаньня апэрацыйнай сыстэмы Linux з аптычнага дыску (LiveCD). Такую загрузку падтрымліваюць шматлікія дыстрыбутывы (Knoppix, Ubuntu і іншыя).

Інтэграванае асяродзьдзе распрацоўкі KDevelop

Збор кампілятараў GNU (GCC) зьяўляецца стандартным для АС Linux. GCC падтрымлівае мовы праграмаваньня C, C++, Java, Фартран і інш. Большасьць дыстрыбутываў таксама падтрымліваюць інтэрпрэтатары Perl, Python. Апошнім часам распрацоўнікі дыстрыбутываў пачалі пастаўляць і кампілятар C# ад праекту Mono.

Для Linux існуе шэраг інтэграваных асяродзьдзяў распрацоўкі, у тым ліку KDevelop, Anjuta, NetBeans, Eclipse, але ўсё роўна тэкставыя рэдактары Emacs і Vim застаюцца вельмі папулярнымі ў праграмісцкай супольнасьці. Дзьве асноўныя графічныя бібліятэкі стварэньня інтэрфэйсу для Linux: Qt і GTK+.

Акрамя свабодных кампілятараў і іншых праграмаў распрацоўкі існуюць і закрытыя, якія выпускаюць такія карпарацыі: Intel, PathScale і Група Portland.

Тэхнічная падтрымка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэхнічную падтрымку карыстальнікаў Linux забясьпечваюць камэрцыйныя кампаніі і зацікаўленыя групы карыстальнікаў Linux.

Бізнэс-мадэль камэрцыйных кампаніяў звычайна заключаецца ў атрыманьні грошай за абслугоўваньне сваіх дыстрыбутываў, якія распаўсюджваюцца бясплатна. Некаторыя дыстрыбутары таксама бяруць грошы за выкарыстаньне сваіх дыстрыбутываў, а ня толькі падтрымку. Яны дадаюць у дыстрыбутыў закрытыя праграмы і такім чынам абмяжоўваюць правы карыстальнікаў на распаўсюд.

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Kernel.org — ядро Linux (анг.) Праверана 18 лютага 2016 г. Архіўная копія ад 16 лютага 2016 г.
  2. ^ Top Ten Distributions (анг.) DistroWatch Праверана 18 кастрычніка 2014 г.
  3. ^ Гукавы файл з запісам вымаўленьня гэтага слова самім Торвальдсам можна знайсьці тут
  4. ^ Алексей Новодворский, Александр Прокудин. Глава 5. Быстрый старт (рас.) Праверана 18 кастрычніка 2014 г.
  5. ^ Linux To Ring Up $35 Billion By 2008

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейскамоўныя рэсурсы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • ALT Linux Праверана 18 кастрычніка 2014 г.
  • Etersoft Праверана 18 кастрычніка 2014 г.